сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. В. ТАМАШОЎ, настаўнік вышэйшай катэгорыі ДУА «Дараганаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа» Асіповіцкага раёна. Беларуская мова і літаратура 1/2017

Слова пра Беларусь

Гульня «Пяць зорак» для вучняў VII—XI класаў

Мэты: у гульнёвай форме пашыраць веды вучняў пра гісторыю, літаратуру і культуру Беларусі; выхоўваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы.

Умовы гульні

Удзельнічаюць 2—3 каманды. Гульня падобная на «Марскі бой»: дзесяць клетак па гарызанталі ад аднаго да дзесяці і дзесяць клетак па вертыкалі ад А да I, аднак пэўнымі знакамі запоўнены ўсе клеткі. Можна адразу выйграць «зорку», патрапіўшы на адпаведную клетку. Стрэлка паказвае на пераход ходу да суперніка, прычым супернік абавязаны ісці менавіта ў пазначаным кірунку. Лічбы ад адзінкі да пяці паказваюць, на колькі балаў ацэнена пытанне. Калі будзе дадзены правільны адказ, гэтыя балы пераходзяць у скарбонку ўдзельніка і ён выбірае новую клетку. Калі адказ няправільны, ход пераходзіць да суперніка. Набраўшы дзесяць балаў, можна набыць зорку. Калі ўдзельнік трапляе на «астэроід», усе набраныя ім балы (акрамя зорак) пераходзяць да суперніка. Калі выпала «воблака», усе балы (акрамя зорак) вяртаюцца ў банк вядучага. Каб не дапусціць блытаніны, і вядучы, і каманды закрэсліваюць названыя клеткі. Гульня працягваецца да пяці «зорак» у скарбонцы адной з каманд або да найбольшай колькасці набраных «зорак» і балаў.

Гульня Слова пра Беларусь


Заданні для гульні

1 бал
1. 3 валакна гэтай расліны робяць тканіну.
2. Прылада для скошвання травы і збожжавых культур.
3. Штодзённы абутак сялян у мінулым.
4. Птушка — сімвал Беларусі.
5. Другі хлеб беларусаў.
6. Цар пушчы.
7. Другая назва вуснай народнай творчасці.
8. Майстар, які займаецца апрацоўкай металу.
9. Псеўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча.
10. Псеўданім Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча.
11. Старадаўняе народнае свята, звязанае з заканчэннем жніва.
12. Каму належаць словы «Мой родны кут, як ты мне мілы!»?
13. Вясновае свята старажытных славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ.
14. Старадаўні хлебны кісла-салодкі напітак.
15. Свята ў гонар сонца, якое ў гэты час стаіць у небе найбольш высока.

2 балы
1. Мучныя вырабы, якія сімвалізуюць сонца.
2. Асобы, якія выконвалі абрады валачобнага свята, называліся...
3. Хто з’яўляецца аўтарам нарыса «Зямля пад белымі крыламі»?
4. Вязынка — радзіма паэта...
5. Вясновы дзень памінання памерлых.
6. Кветка-сімвал Беларусі.
7. Мікалаеўшчына — радзіма паэта...
8. Свецкае імя Ефрасінні Полацкай.
9. Як звалі майстра-ювеліра, які зрабіў крыж на замову Ефрасінні Полацкай?
10. Унучкай якога князя была Ефрасіння Полацкая?
11. Восеньскі дзень памінання продкаў.
12. Магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучае і дапамагалі даведацца пра былое.
13. Летні галаўны ўбор мужчын-сялян у мінулым.
14. Чалавек, ператвораны чараўніком у воўка, ці сам чараўнік у воўчым абліччы.

3 балы
1. Для жанчын — спадніцы, а для мужчын...
2. Якім зімовым святам завяршаюцца Каляды?
3. Узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
4. Радаслоўнае дрэва сям’і.
5. Ткацкі станок з навітай асновай для ткання ў хатніх умовах.
6. У якім горадзе знаходзяцца мошчы Ефрасінні Полацкай?
7. Сын Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра; у гонар яго названы невялікі гарадок, які знаходзіцца непадалёку ад Мінска.
8. Ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы.
9. Плецены або драўляны дзіцячы ложак, які падвешваўся да столі.
10. Гаспадарчая пабудова для захавання сена, саломы.
11. Як дзядзька Антось з паэмы Якуб Коласа «Новая зямля» ацаніў сваё «кухарскае вынаходніцтва» — клёцкі на бярозавым соку?
12. Звычай, калі восеньскімі ці зімовымі вечарамі дзяўчаты збіраліся папрацаваць у адной хаце.
13. Святочны гандаль, што адбываецца перыядычна ў пэўнай мясцовасці.

4 балы
1. У Мінску ёсць помнік Максіму Багдановічу. Паэт трымае ў руцэ сімвал радзімы і роднага мастацтва. Што гэта?
2. Як раней называлі канікулы?
3. Дзе нарадзіўся Максім Багдановіч?
4. Беларускі часопіс для школьнікаў, які ў 1920-я гады выходзіў пад назвай «Зоркі».
5. Беларускі літаратурны часопіс, які вы- даецца з 1953 года.
6. Назва народнага свята ў гонар вяртання птушак з выраю.
7. Керамічны выраб для абліцоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў, комінаў, вядомы з часоў Вялікага Княства Літоўскага.
8. Раней кожнаму гаспадару была вядома прымаўка: «Хто ў ... гуляе, той зімой галадае». Пра які месяц ідзе гаворка?
9. У 1631 годзе беларускі кнігадрукар Спірыдон Собаль надрукаваў кнігу пад назвай «... сиречь начало учения детям начинающим чтению изыскати». У назве Собаль упершыню выкарыстаў слова, вельмі вядомае кожнаму, хто пачынае вучыцца чытаць. Назавіце першае слова з назвы гэтай кнігі.
10. Пагадовы запіс найбольш важных эканамічных, культурных і палітычных падзей у храналагічным парадку.
11. Ноч з моцнымі грымотамі, маланкамі, страшэнным ветрам і праліўным дажджом, якая беларусамі штогод чакалася ў канцы лета.
12. Жаночае ўпрыгожанне, тое, што і каралі.

5 балаў
1. Валока, прут, локаць, шнур, морг — гэта...
2. Што ў народным земляробчым календары пачынаецца 28 лістапада і заканчваецца 6 студзеня?
3. Невялікае паселішча на 1—5 двароў. У такім паселішчы нарадзіўся Янка Купала.
4. Рака-вуліца ў старажытным Мінску.
5. Першая вучоная ступень у сярэднявечных еўрапейскіх універсітэтах.
6. У старадаўнасці — свята ў гонар мядзведзя, якое спраўлялі ранняй вясной.
7. 3 якога твора наступныя словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»?
8. Які колер пераважаў у адзенні беларускіх сялян?
9. Гэты саламяны выраб адганяў злых духаў з хаты.
10. Якая вада была знойдзена каля палескай вёскі Гарывада?
11. Нячыстая сіла, увасабленне бяды, нягод, якія напалі на чалавека, яго сям’ю, гаспадарку.

Падвядзенне вынікаў гульні і ўзнагароджанне пераможцаў.

Адказы

1 б.: 1. Лён. 2. Каса. 3. Лапці. 4. Бусел. 5. Бульба. 6. Зубр. 7. Фальклор. 8. Каваль. 9. Янка Купала. 10. Якуб Колас. 11. Дажынкі. 12. Якуб Колас. 13. Вялікдзень. 14. Квас. 15. Купалле.
2 б.: 1. Бліны, кулічы. 2. Валачобнікі. 3. Уладзімір Караткевіч. 4. ...Янкі Купалы. 5. Радаўніца. 6. Васілёк, валошка. 7. ...Якуба Коласа. 8. Прадслава. 9. Лазар Богша. 10 Усяслаў Чарадзей. 11. Дзяды. 12. Варажба. 13. Саламяны капялюш, брыль. 14. Ваўкалак.
3 б.: 1. Нагавіцы. 2. Вадохрышча. 3. Арнамент. 4. Генеалагічнае дрэва. 5. Кросны. 6. Полацк. 7. Ізяслаў. 8. Выцінанка. 9. Зыбка, люлька. 10. Пуня, адрына. 11. «Паскудства, брат, і не пытайся». 12. Вячоркі. 13. Кірмаш.
4 б.: 1. Букет васількоў. 2. Вакацыі. 3. Мінск. 4. «Бярозка». 5. «Маладосць». 6. Саракі. 7. Кафля. 8. Жнівень. 9. Буквар. 10. Летапіс. 11. Рабінавая, вераб’іная ноч. 12. Пацеркі.
5 б.: 1. Назвы меры плошчы і пазямельных вымярэнняў у мінулым. 2. Піліпаўка. 3. Фальварак. 4. Няміга. 5. Бакалаўр. 6. Камаедзіца. 7. Францішку Багушэвічу. 8. Белы. 9. Павук. 10. Нафта. 11. Злыдні.

Яшчэ на гэту тэму:

Сем цудаў беларусі     Роднай краіны дзяржаўныя сімвалы