сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла Мікалаеўна БУРВІН — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дырэктар Мілейкаўскай базавай школы Івацэвіцкага раёна. Роднае слова Люты 2001 г.

"Школьны баль, я прашу, не канчайся!"

Сцэнар літаратурна-музычнай кампазіцыі

На сцэне паўкругам стаяць крэслы для выпускнікоў. Зала прыгожа прыбраная кветкамі, плакатамі "Бывай, школа!", "Віншуем выпускнікоў з заканчэннем школы!", "Шчаслівай дарогі!" і інш., фотагазетамі, на якіх змешчаны разнастайныя фотаздымкі выпускнікоў: у малодшых класах, вандроўках і г. д.
Вядуць вечарыну юнак і дзяўчына.

Гучыць мелодыя песні Мікалая Сацуры "Школьны баль" (верш А. Бадака). Пад гэтую музыку на сцэну выходзяць выпускнікі.


Вядучы.
Туман ружавее світальны,
Нябёсы глядзяцца ў раку.
Станцуем жа вальс развітальны,
Дайце мне Вашу руку.
Станцуем жа тут, ля парома,
Пад музыку зор і вады,
Каб Вам захацелася дома
Зноўку вярнуцца сюды...
А. Грачанікаў. Развітальны вальс.

Вядучая.
Тут жаўранкі вяртальныя смяюцца.
Звініць званок над борам выпускны...
Настаўнікі —
са школай застаюцца
удумлівей ад кожнае вясны.
А вы ў адлёт.
Сустрэча будзе святам,
журботлівым здзіўленнем не ў пару:
сівее наш настаўнік Марцінята,
праменячы юнацкую іскру.
Пазвоньвае камель,
Ракі падкова...
Здаецца, бор ваш
Затрубіў у рог...
Ідзе урок.
Прасвечваецца школа
наперадзе усіх вашых дарог.
С. Панізнік. Школа.

Музыка сціхае.

Вядучы. Добры вечар, дарагія выпускнікі, паважаныя настаўнікі, бацькі, сябры! У жыцці кожнага чалавека ёсць падзеі, якія назаўсёды застаюцца ў памяці. Такой падзеяй, безумоўна, з'яўляецца свята развітання са школай.
Вядучая. Для многіх з вас школа стала месцам першых радасцяў, першых хваляванняў, першага сяброўства, першага кахання, першага натхнення, першага...

Гучыць другі слупок песні "Зноў у школе" (верш А. Вольскага, муз. I. Лучанка).

Вядучы. Шпарка, вельмі шпарка прабеглі адзінаццаць школьных гадоў.
11 год... Здаецца, мала,
А ўспамінаў многа
Пра школьныя дарогі
Памяць захавала.
А. Лысюк. Да юбілея школы.

Самымі маленькімі нашы выпускнікі засталіся ў памяці першай настаўніцы (імя і імя па бацьку), слова Вам... (Віншаванне першай настаўніцы.)

Вядучая.
Як чужая песня, вятроў падабенства,
як глобус на восі, крутая зямля...
Падзелены век чалавечы з маленства
на часткі: да школы,
у школе,
пасля...
Вядучы.
Да школы — нязнайка, у школе — пісьменны,
затым... Як няпроста казаць пра
"затым"!
Не кожны кірунак ад сонца праменны,
не кожны дарунак глядзіцца святым...
Е. Лось. Школы...

Вядучая. Для чытання загада аб заканчэнні адзінаццацікласнікамі сярэдняй школы і ўручэння атэстатаў на сцэну запрашаецца дырэктар школы.
Дырэктар школы віншуе выпускнікоў, уручае атэстаты, пахвальныя граматы, малодшыя школьнікі кожнаму выпускніку дораць кветкі.
Гучыць мелодыя песні Л. Захлеўнага "Вераснёвы вальс" (верш А. Кажэры).


Вядучая.
3 вуліцы, з перапынку
сонца прынеслі многа...
Вялікія вы, дзяўчынкі
з 11-га, выпускнога!
Вядучы.
11 гадоў за вамі,
нібы ў вясёлым абозе...
Цяпер, як вы кажаце самі,
Усё ў вас на поўным сур'ёзе.
Вядучая.
Урок — як адна мінута,
А што за урокам чакае?
Нялёгкія інстытуты,
Журба, невядома якая?
Вядучы.
I невядома, якія
Словы наклічуць горыч,
I невядома, якія
Хлопчыкі будуць поруч...
Вядучая.
Цяпер усё ў даляглядзе.
Значыць, далей глядзіце!
Е. Лось. Выпускніцы.

Мелодыя сціхае.

Вядучы.
За адзнакі,
(Асобна — за веды),
За наяўнасць на уроках, вядома,
За паводзіны ў школе і ў дома,
3 кім у дружбе і з кім пасварыўся,
Ці здароў, ці абуты-адзеты,
Ці, як кажуць, напіты-наеты,
Дзе да зглухлай апоўначы лазіць...
О настаўнік, не плач! Ганарыся,
Што аж так ты за вучня ў адказе.
Н. Мацяш. Адказнасць школьнага настаўніка.

Слова класнаму кіраўніку. (Віншаванне класнага кіраўніка.)

Вядучая.
Рэкі дзяцінства —
Самыя глыбокія,
Дрэвы дзяцінства —
Самыя высокія,
Нівы дзяцінства —
Самыя шырокія,
Вядучы.
Сцежкі дзяцінства —
Самыя далёкія,
Ночы дзяцінства —
Самыя кароткія,
Сны дзяцінства —
Самыя салодкія,
Вядучая.
Крыўды дзяцінства —
Самыя слязлівыя,
Забавы дзяцінства —
Самыя смяшлівыя...
В. Зуёнак. Рэкі дзяцінства.

Слова тым, хто нарадзіў вас, узгадаваў і сёння радуецца, гледзячы на вас, — вашым бацькам. (Віншаванне бацькоў.)

Вядучы. — Што такое школа? — спытала дзіця.
Маці дзіцяці, якому нядаўна споўнілася тры гады, пра нешта задумалася, і на яе твары з'явілася пяшчотная усмешка. Яна згадвала маленькі школьны дворык, дзяўчынку з двума вялізнымі бантамі, у белым фартушку. У руках — букет з ружаў. Гэта была яна... Маленькая дзяўчынка, якая ішла ў школу першы раз. Потым ёй успомнілася, як яна атрымала першую ў сваім жыцці пяцёрку, як пабілася з хлопчыкам у трэцім класе з-за таго, што ён забраў яе пенал. Успамінаўся клас, заліты святлом, настаўнік, які нешта тлумачыў ля дошкі, але ёй упершыню ў жыцці гэта было не цікава, яе погляд быў скіраваны на хлопчыка, які сядзеў за суседняй партай. А потым у памяці прамільгнула, як яна упершыню ў жыцці ўцякла з урока разам з гэтым хлопчыкам і гуляла па парку вакол школы.
Успомніліся экзамены, якія яна здала на "выдатна", развітальны баль, пасля якога яна разам са сваімі школьнымі сябрамі гуляла па вуліцах горада да раніцы.
Схамянуўшыся, маладая маці прамовіла:
— Школа — гэта будынак, дзе вучаць дзяцей, сынок.
Калі Саша пайшоў у школу, ён часта ўспамінаў тую пяшчотную усмешку маці і не разумеў, чаму ж яна ўсміхалася...
— Тата, што такое школа?
Аляксандр пра нешта задумаўся, усміхаючыся, адказаў:
— Школа, сынок, гэта будынак, дзе вучаць дзяцей, а можа быць, і больш, чым проста будынак.
Паводле С. Барышнікавай. Больш чым будынак.
Дык што ж такое школа? Вы можаце цяпер адказаць на гэтае пытанне? (Можна правесці апытанне выпускнікоў або зачытаць радкі з сачыненняў на гэтую тэму, якія яны пісалі ў концы навучальнага года.)

Выпускнікі.
1-ы. Прысвячаецца школе.

Вакол гімназій і ліцэяў
Панабудоўвалі у нас.
I першакласнікі хварэюць,
Куды ісці ім у першы клас.
У РАА ім скажуць з прахалодай:
— Усе дзівачкі вы і дзівакі,
А справа, бачыце, у тым:
Мы за Беларусь усю не скажам,
СНД не будзем успамінаць,
Толькі ведайце, у (назва горада ці раёна) нашым
Лепшай школы вам не адшукаць.

2-і. Прысвячаецца дырэктару школы.
Ледзяной гарой дырэктар
На парозе ўзнікае.
Нават сэрца замірае,
Стул трасецца пада мной.
Усе чакаем з нецярпеннем,
Ну, калі ж і Вы адтанеце?
Знаем, доўга ўжо не зможаце
Быць гарою ледзяной.
А мы пра ўсё на свеце
Забыць гатовы з Вамі,
Ў работу, быццам ў мора,
Ныраем з галавой.
А калі ж Вы пахваліце
Адным, ну, хоць бы словам,
То мы і горы звернем
Ад пахвалы такой.

3-і. Прысвячаецца завучу школы.
Не цвіце пад акном
Ні рабіна, ні вішня.
3-за хмаркі далёкай
Месяц у вокны глядзіць.
Педагогі даўно ўжо
Па дамах разышліся,
А ў настаўніцкай завуч
Над журналам сядзіць.
(Імя і імя па бацьку),
Вы здароўе свае беражыце,
Турбавацца не трэба пра нас.
I дадому ідзіце у час!..

4-ы. Прысвячаецца першай настаўніцы.
Дакошаны лугі, адшапацела жыта,
На сцежкі падаюць пажоўклыя лісты,
Пра што ж ты думаеш і марыш, раскажы ты,
Куды ідзеш, каго шукаеш ты?
Усе заснуць, а ты святла не гасіш,
У шыбу стукае асенні матылёк,
Ты доўга думаеш, якім у першым класе
Твой будзе першы у жыцці урок.
Якім святлом, якім гарачым словам
Дарогу к сэрцу кожнага знайсці,
Каб гэтым, хлапчукам белагаловым,
Патрэбнай быць заўсёды ў жыцці...
Былі і слёзы, тут было і шчасце
I — першыя маршчынкі на ілбе.
А ўжо і сёння называюць людзі
Народнаю настаўніцай цябе.
С. Грахоўскі. Народная настаўніца.

5-ы. Прысвячаецца настаўніцы замежнай мовы.
Боцікі гумовыя,
Не зусім зімовыя.
Вочы ў сэрца ломяцца,
Як шалёны бэз.
Шалік мамай звязаны,
I звініць ін'язаўка,
Зябкая, няўлоўная,
Як сінічка:
Yеs!
Ад Шэкспіра, дбайная,
Давядзе да Байрана.
Покуль не запрэжаны,
Будзем чуць адно.
Недзе ля Халопеніч
Потым расшалопаем,
Воз сямейны цягнучы,
Іншы выгук:
N0!
Р. Барадулін. Урок англійскай мовы.

6-ы. Прысвячаецца настаўнікам-філолагам.
Ад абцасікаў да макаўкі
Вы ў сюжэтах, параўнаннях,
Мройнавокія настаўніцы,
Рыфма глухне перад вамі.
Цяжка выбіцца прыметніку
У эпітэт адпаведны.
Палыном у зыркім кветніку
Вяне школьнік бедны.
Вы світаеце, як макаўкі
Летуценнага сабора,
Усміхніцеся, настаўніцы, —
У душы ўзыходзяць зоры.
Р. Барадулін. Дзяўчатам філфака.

7-ы. Прысвячаецца настаўнікам любых прадметаў (па жаданні).
3 партфелямі,
3 ранцамі,
Вачапоры,
Баламуты,
Нахольнікі
Спяшаліся да (імя і імя па бацьку),
Каб ранішнім словам звацца —
Школьнікі.
Няўвагі баяліся, праглі пільнасці.
Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі.
Як мы, падшывальцы, са скуры лупіліся,
Каб быць
Любімчыкамі Вашымі!
Р. Барадулін. Таму, хто верасні дарыў.

8-ы. Прысвячаецца ўсім педагогам.
Настаўнік! Ты — як Бог —
сляпых відушчыш,
даючы ім вочы.
3 калень
падняцца многім дапамог,
хто да навукі змалку быў ахвочы.
Кароткі Твой засвоіў я урок,
ў даўгу я прад Табою неаплатным,
што Ты і мой
азорыў словам зрок,
даў зразумець у час — на што я здатны.
Я помню сёння цесны Твой пакой
(бо іншага — не заслужыў, бач, ва уладаў),
як там збіраўся шалапаяў рой
і кожны рады быў — Тваім парадам.
У невялікім нашым гарадку,
дзе ўсе і ўсё навідавоку,
Табе
з паклонам я падам руку
і ціха выслухаю,
быццам на уроку!
М. Курыла. Настаўнік! Ты — як Бог...

Гэты самы выпускнік звяртаецца са словамі ўдзячнасці да настаўнікаў, бацькоў. Выпускнікі дораць настаўнікам кветкі. (Замест прапанаваных вершаў выпускнікі могуць прачытаць уласныя творы, прысвечаныя настаўнікам, школе.)

Вядучы. Увага! Наказ выпускнікам!
"Не судзіде, каб вас не судзілі, бо, якім судом судзіце, такім і вас судзіцьмуць, якою меркаю мерыце, такою і вам адмерыцца. Не давайце святыні сабакам і не кідайце жэмчугу перад свіннямі, каб яны не растапталі яго нагамі сваімі і, абярнуўшыся, вас не разарвалі.
Прасіце, і вам дасца, шукайце, і знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам, бо кожны, хто просіць, атрымае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукае, таму адчыняюць. Ці ёсць паміж вамі такі чалавек, які, калі сын у яго папросіць хлеба, падаў бы яму камень?
I ва ўсім, як хочаце, каб людзі рабілі з вамі, так і вы рабіце з імі, бо ў гэтым закон і прарокі.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ходзяць імі, бо цесная брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх".
Евангелле ад Мацвея. 3 Нагорнай пропаведзі.
Тэкст наказу аддаецца выпускнікам.

Вядучая.
Званок адзвінеў, ваш апошні званок,
Што зваў на апошні ваш школьны урок.
Бывай, наша родная школа, бывай!
Заве вас у новыя далі наш край.
А. Русак. Бывай, школа.


Гучыць песня Мікалая Сацуры і Алеся Бадака "Школьны баль". Выпускнікі сыходзяць са сцэны. Урачыстая частка выпускнога балю закончана. Далей выпускнікі ідуць да помнікаў палеглым у гады Вялікай Айчыннай вайны, ускладаюць кветкі. Потым вяртаюцца ў школу на танцавальна-забаўляльную праграму з рознымі конкурсамі, віктарынамі. Можна выкарыстаць матэрыялы В. Мяжэвіча "Конкурс для выпускнікоў. 3 якога твора герой?" (Роднае слова. 2000. № 6. С. 68), зачытаць вытрымкі з сачыненняў выпускнікоў, накшталт змешчаных у часопісе "Роднае слова" (1997. № 5. С. 216; № 10. С. 211 - 213; 2000. № 6. С. 107 і інш.).



Яшчэ на гэту тэму:

Дзякуй мой чацвёрты клас.     Першая кніга буквар.