сцэнарыі святаў на беларускай мове

Юрый МЯНЬКОЎ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравабудскага сада - сярэдняй школы Кармянскага раёна. Роднае слова Люты 2013 г.

Вечарына беларускай мовы і літаратуры

ІХ - ХІ класы

Мэты і задачы: паглыбіць веды вучняў па беларускай літаратуры; пашыраць кругагляд; вучыць працаваць з навуковай літаратурай, рэалізоўваць свае веды на практыцы; прывіваць любоў да роднай мовы, спадчыны продкаў.
Месца правядзення: актавая зала школы.
Абсталяванне і афармленне: дошка, карткі з вершамі; партрэты Ф. Скарыны, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча; малюнкі вучняў, сачыненні (апавяданні) пра беларускую мову; выстава кніг беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Падрыхтоўчая работа: за тыдзень да мерапрыемства прапанаваць вучням спіс неабходнай літаратуры для самастойнай падрыхтоўкі да віктарын; напісаць сачыненні на тэмы "Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?", "Як выратаваць родную мову?", паведамленні пра сучасны стан беларускай мовы; падрыхтаваць малюнкі пра Беларусь.
Умовы і правілы гульні: удзельнічаюць 3 каманды па 5 - 6 чалавек з трох класаў (IX, X, XI класы), якія павінны да гульні падабраць назвы каманд, дэвіз, сімволіку. У кожнай камандзе прысутнічае адзін паэт. Паэты выбіраюць сабе псеўданімы; да конкурсу "Найлепшы верш" яны складаюць уласны вершаваны твор; да конкурсу "Як выратаваць родную мову?" кожная каманда абараняе праект-сачыненне.

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Добры вечар, паважаныя сябры! У нашай школе праходзіць Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Таму сённяшні вечар прысвячаецца гэтай падзеі. Спадзяюся, сябры, што вы знойдзеце шмат цікавага і новага на гэтай вечарыне. Разам з тым вы можаце праверыць свае веды па літаратуры роднага краю.
1-ы чытальнік.
Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве,
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве...
А вакол травіцы роснай рай
 I бярозак белая сям'я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!
Уладзімір Караткевіч. Бацькаўшчына.

Выходзяць вядучыя ў нацыянальных строях.
1-ы вядучы. Беларусы не павінны забываць сваю мову, вытокі, Бацькаўшчыну. А цяпер сустракаем знаўцаў роднага слова, якія хочуць паказаць і даказаць, што яны не толькі ведаюць беларускую літаратуру, гісторыю, але і з'яўляюцца патрыётамі зямлі беларускай.
2-і вядучы. Прывітаем жа хлопцаў і дзяўчат каманды "Васількі"!
Каманда падымаецца пад апладысменты гледачоў.

1-ы вядучы. Прывітаем каманду "Беларусачкі"!
2-і вядучы. А трэцяя каманда падабрала вельмі арыгінальную назву. Папросім іх саміх расказаць пра свой выбар!
Капітан кожнай каманды абгрунтоўвае выбар назвы і сімволікі сваёй каманды.

1-ы вядучы. А цяпер надышоў самы час пазнаёміць вас з журы. Даведаўшыся пра нашу сустрэчу, да нас завіталі вашы настаўнікі літаратуры, гісторыі, матэматыкі... Дзякуем, што змаглі прыйсці, нягледзячы на вялікую занятасць.
2-і вядучы. Вось мы ўбачылі нашых удзельнікаў, а іх здольнасці праверым падчас конкурсаў.
Вядучыя запрашаюць удзельнікаў і журы заняць свае месцы.
1-ы вядучы. Кожная каманда атрымала дамашняе заданне - падрыхтаваць паведамленне пра сучасны стан беларускай мовы. Каманда, якая пераможа ў конкурсе, атрымае 20 балаў.
2-і вядучы. Права першым пачаць гульню даецца камандзе, якая адкажа на наступнае пытанне.
1-ы вядучы,
У добры час, на ўлонні вясковым,
Дзе вадзіца крынічная б'е,
Навучыўся я матчынай мове
I задуманых песняў яе.
2-і вядучы. Толькі што вы пачулі ўрывак з верша. Хто аўтар твора? (Ларыса Геніюш.)
Першымі выступаюць тыя, хто адказаў на пытанне, затым па прапанове журы адказвае наступная каманда.

Конкурс "Як выратаваць родную мову?",
1-ы вядучы.
Мы даведаліся шмат цікавага
пра тое, як выратаваць родную мову ад знікнення. А зараз, пакуль журы будзе падводзіць вынікі першага этапу, мы прапануем наступны конкурс.

Конкурс з балельшчыкамі.
Вы пачуеце радкі з вершаў і павінны будзеце адказаць, каму яны належаць.

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына.
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Янка Купала.

Веру братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На свет божы шырай глянем,
Век напіша нам закон.
Цётка.

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець
I не страціць святое штосьці.
Рыгор Барадулін.

О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў.
Якуб Колас.

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..
Францішак Багушэвіч.

Журы агучвае вынікі першага конкурсу.

Конкурс "Найлепшы верш".
2-і вядучы. А зараз паэты з кожнай каманды прачытаюць на памяць уласныя вершы. У нашых аўтараў вельмі цікавыя псеўданімы, спадзяёмся, яны раскажуць нам, чаму і як выбралі іх. А за найлепшы верш каманда атрымае 20 балаў.
1-ы вядучы. Якія цудоўныя радкі прагучалі! Колькі ў іх прыгажосці, мілагучнасці, але разам з тым суму. Суму за нашу сучаснасць, за страчаную самасвядомасць, за бездухоўнасць. Будзем спадзявацца, што нашы душы не стануць халоднымі і жорсткімі. I прыкладам могуць служыць вершы, прачытаныя нашымі паэтамі.

Конкурс "Сюрпрыз" .
2-і вядучы. А цяпер я запрашаю па адным прадстаўніку ад кожнай каманды, якія выцягнуць карткі з урыўкамі вядомых вершаў. За 5 хвілін каманды павінны падабраць мелодыю да верша і прызначыць выканаўцу песні на дадзены верш. За найлепшае выкананне - 10 балаў.
Пакуль каманды рыхтуюцца да конкурсу, праводзяцца конкурсы з балельшчыкамі.

Конкурс "Антонімы" (з балельшчыкамі).
[Да (прыназоўнік) - пасля; канец - пачатак;
горкі - салодкі; мала - многа; усход - захад; зімою - летам; надзея і адчай; хлусня - праўда; наватар - руцінёр; роўны - крывы.]

Конкурс "Хто з паэтаў сказаў?".
1-ы вядучы. Мы даведаліся шмат цікавага з папярэдніх конкурсаў. А зараз вы пачуеце добра вядомыя радкі з вершаў і павінны будзеце адгадаць, каму яны належаць. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае 5 балаў.

Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Максім Багдановіч.

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Уладзімір Караткевіч.

Я чула пяшчотнае,
шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое чароўнае.
Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае,
як Нёман, празрыстае...
вясновае сонца ад шчырага сэрца.
Данута Бічэль.

Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, -
Дай жа прыгарнуцца, дай!
Ніл Гілевіч.

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
I шуміць, і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім.
I глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.
Якуб Колас.

• Конкурс "Назавіце герояў твораў".
-ы вядучы. А цяпер мы даведаемся, наколькі вы добра ведаеце творы школьнай праграмы.
1. Назавіце галоўнага героя паэмы "Кепска будзе!" Ф. Багушэвіча. Як растлумачыць яго імя?
(Аліндарка. Перайначанае слова "каляндар".)
2. "I ён згарэў - адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве". Хто гэта быў? Назавіце твор і аўтара. (Пячнік. Апавяданне "Метепtо тоrі" Янкі Брыля.)
3.  Ля вогнішч начлежных і ля невадоў
Чуў гэту легенду я часта
Ад гатаўскіх сосен і ад рыбакоў
Пра Нарач, Баторына, Мястра.
Назавіце герояў твора, яго назву і аўтара. (Галіна і Васілёк. "Нарач", "Ля вогнішч начлежных". Максім Танк.)
4.  Назавіце імя хлопчыка з апавядання "Васількі" Міхася Лынькова. (Міколка.)
5.  "Назаўтра, як настаўнік гэта ўгледзеў, дык выдзер яго добра за нос, за вушы і за чупрыну, і ў дадатак паставіў голымі каленямі на жарству. Пасля такой строгай кары настаўнік выдаў яму новую кніжку і паперу, будучы пэўным, што хлопец болей гэткіх выкрутасаў рабіць не будзе. Праз пару дзён паўтарылася тое самае".
Назавіце імя хлопчыка, твор, аўтара. (Сцяпанка Пяцкун. "Велікодныя яйкі". Змітрок Бядуля.)
2-і вядучы. Сярод школьных прадметаў вялікай папулярнасцю ў нашай школе карыстаецца родная мова. А ці добра вы ведаеце яе законы і правілы? Запрашаю капітана кожнай каманды, каб пераканацца ў праўдзівасці сказанага.

• Конкурс капітанаў "Амонімы" (крыжаванка).
За кожны правільны адказ залічваецца 5 балаў. Калі капітан не адказаў, даецца магчымасць адказаць на гэтае пытанне капітану іншай каманды.

  1. Народнае паэтычнае паданне; тлумачальны тэкст, а таксама ўмоўныя знакі да карты, плана. (Легенда.)
  2. Доўгім карыстаннем прывесці ў непрыгоднасць; занесці што-небудзь у якое-небудзь месца. (Знасіць.)
  3. Знак узнагароды; манаскае таварыства каталіцкай царквы. (Ордэн.)
  4. Адзінка вымярэння колькасці электрычнасці; жаночае ўпрыгожанне. (Кулон.)
  5. Месца, дзе спяць; рад снапоў, пакладзеных для абмалоту. (Пасцель.)

1-ы вядучы. Не толькі літаратура і мова натхняюць нас на творчасць, але і беларускі фальклор жывіць нас непаўторнымі вобразамі і ідэямі, Інакш і быць не можа, бо беларуская народная творчасць - падмурак, з якога пачынаецца беларуская культура. Без ведання нацыянальных традыцый і звычаяў немагчыма быць сапраўдным патрыётам Бацькаўшчыны. Любіць і берагчы свае карані не толькі абавязак, але і гонар кожнага свядомага беларуса. Запрашаю каманды ўзяць удзел у наступным конкурсе.

Конкурс "Беларускія прыказкі і прымаўкі: хто больш".
Назваць прыказкі і прымаўкі; камандзе, якая ўзгадае больш, дадаецца 5 балаў.
1-ы вядучы. За кароткі час мы ўбачылі, наколькі таленавітыя нашы ўдзельнікі. Яны складаюць вершы і прыгожа спяваюць. А зараз апошні, восьмы, конкурс пакажа знаходлівасць хлопцаў і дзяўчат. Пакажа, наколькі яны ведаюць беларускія загадкі.

Конкурс "Беларускія загадкі".

  1. Чоран, ды не воран, рагаты, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць - вые, сядзе - зямлю рые. (Жук.)
  2. Кругленькі, маленькі, а за хвост не паднімеш. (Клубок.)
  3. Сядзіць Пархом на кані вярхом; сам непісьменны, а чытаць дапамагае. (Акуляры.)
  4. Лажыцца вусаты, устае гарбаты. (Кот.)
  5. Цяпло прыйдзе - апранаецца, холад настане - распранаецца. (Дрэва.)
  6. Усе яго любяць, чакаюць, а глянуць, убачаць - адразу заплачуць. (Сонца.)
  7. Сястра да брата ў госці ідзе, а брат ад яе хаваецца. (Сонца і Месяц.)
  8. Ляціць без крыл, бяжыць без ног, плыве без ветразя. (Воблака.)
  9. 3 высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі. (Месяц.)
  10. Пакаціўся клубок, рассыпаўся гарох, пачало світаць - не было чаго збіраць. (Месяц і зоркі.)
  11. У вадзе нараджаецца, а вады баіцца. (Соль.)
  12. Паморы імчыцца, пад ветрам гуляе, да берага дойдзе - адразу знікае. (Хваля.)
  13. Стукае, грукае, а нідзе не відаць. (Гром.)
  14. Ляціць, а не птушка, вые, а не звярушка. (Вецер.)
  15. Ляцяць птушкі без крыл, садзяцца - без ног. (Снег.)
  16. На дварэ гарою, а ў хаце - вадою. (Снег.)
  17. Хоць побач ідзе, а рукамі не возьмеш. (Цень.)

Падвядзенне вынікаў спаборніцтва.

Вучні чытаюць на памяць вершы беларускіх паэтаў пра беларускую мову.

2-і чытальнік.

Гімн мове
О, мова родная мая!
Вяскова, проста, а святая -
Хацеў бы свету крыкнуць я,
Што сэрцам ўсёгды паўтараю:
Хвала табе! О, церпяліва,
За муку вечную тваю –
Дагэтуль ты ўсяму на дзіва
Схавала моц вялікую...
Не згінула... мерлі хаця
Прадзеды, дзеды і іх унукі -
Табой ж гаворыць іх дзіця,
I зноў ты, мова, церпіш мукі...
Хвала табе! Бо дні вякамі
Ішлі над гэтым светам ўсім,
А ты трывала ўсцяж і з намі...
Хвала табе - табе і ім,
Хто здрады ў жыццяйку не знаў,
Нягледзячы на хмары бед,
Хто ўсцяж табою стараваў,
Сцярпеўшы здзекаў пераслед.
Хвала табе! Прайшло ўжо тое...
Хоць не зусім, але мінецца:
Прачулі мы, што нам святое
I да чаго сардэнька б'ецца...
Хвала табе! О, дарагая!
О, беларуска проста мова!
Што сон магільны прарываеш,
Нясеш нам знак на жыцце нова!
Хвала табе! Вяліку справу
Спраўляеш ты між нас сярод,
Адвечнай кормячы нас стравай,
Даеш салодкі жыцця мёд...
Алесь Гарун.

3-і чытальнік.

Родная мова
3 калыскі я люблю цябе,
Жыла ты з намі ў нашай хаце.
У весялосці і ў жальбе
Са мной заўжды, як песня маці.
Дзе наш зарэчны лес і дол,
Там песнямі вясну гукалі;
На нашай мове навакол
Зязюлі у лясах кувалі.
Чаго ў нас толъкі ні было:
I Трасцянец, і Курапаты.
I нават мову заадно
Хацелі выжыць з роднай хаты.
Я сваёй мове прысягаў, -
I гэтага, лічу, замала, -
Любіць яе, як Колас зваў,
I шанаваць, як зваў Купала!
Аляксей Пыліла.


Яшчэ на гэту тэму:

Знаўцы мовы     "Дала мне маці гэту мову!"