сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена МАСКЕВІЧ, кіраўнік драматычнага гуртка Дома дзіцячай і юнацкай творчасці г. Стоўбцы. Пралеска Люты 1997 г.

Сёння Масленка, прыляцела ластаўка

Старажытнае славянскае свята Масленіца святкавалася за 45 дзён да Вялікадня. Гэта першае веснавое свята, якое завяршае зіму і ўслаўляе прыход вясны, сонца і цяпла. Святкавалася Масленіца на працягу тыдня і насіла назву "шырокая". Гэта свята асаблівай весялосці, жартаў і забаў. I моладзь усюды паспявала: пагушкацца на арэлях, каб доўгі рос лён, абавязкова пакатацца на вазках, з жартам і смехам павазіць на санках чучала зімы ды без жалю развітацца з ім да наступных халадоў. Але асаблівы сімвал Масленіцы—гэта бліны, бо кругла спечаны блін увасабляў сабой само сонейка. Падаваліся бліны з тварагом, растопленым маслам, са смятанай. Запрасіць гасцей на масленічныя бліны—значыла пажадаць ім здароўя і прадаўжэння жыцця. Пасля заканчэння свята пачынаўся вялікі пост, які працягваўся да Вялікадня.


Сцэнарый свята

Першую частку свята можна правесці на вуліцы: гушканне на арэлях, катанне на вазках ці санках, спальванне чучала зімы. Другая частка свята праводзіцца у зале, прыбранай пад вясковую хату.

З’яўляюцца гаспадар з гаспадыняй.


Гаспадыня. Глянь, гаспадарок, у акно: да нас, мусіць, Масленіца ідзе, вясну-красну з сабой нясе.
Гаспадар. А мая ж ты Паўлінка, ці хопіць нам аладак, блінцоў, абаранкаў, каб сустрэць Масленіцу?
Гаспадыня (накрывае на стол). Хопіць, Васілька, хопіць, не турбуйся. Лепш да дзвярэй ідзі шпарчэй, каб сустрэць дарагіх гасцей.
1-ы госць.
Гаспадары, дзверы адчыняйце!
Масленіцу сустракайце!
Гаспадар.
Калі ласка, у хату.
2-і госць.
Ходзіць Масленіца з чародамі,
Не запросіш—
Падапрэ дзверы калодамі.
3-і госць (паказвае калоду, на якой намаляваны нос, вочы, рот).
Гляньце, людзі, наша калода рагоча:
Яна сыру, масла, блінцоў хоча.
4-ы госць.
Гаспадарочкі,
Ці вы ў вокны паглядалі,
Масленіцу ці чакалі?
Гаспадар.
Яшчэ як чакалі!
Гаспадыня.
Па вясне, па сонейку сумавалі.
5-ы госць.
Дык навошта сумаваць,
Трэба Масленку пазваць!
Гаспадары (разам).
Прыйдзі, Масленка, хутчэй
Ды парадуй ўсіх людзей!
Масленіца (за дзвярыма). Іду, іду. (Уваходзіць.)
Добры дзень, шаноўныя гаспадары! (Кланяецца ім.)
Добры дзень, шаноўныя госці! (Кланяецца.)
Доўга я гэтай сустрэчы чакала.
3 цёплага краю да вас завітала,
Там сонейка бачыла, з ім размаўляла.
Яно з ластаўкай першай прамень вам паслала.
Госці. Дзякуй!
Гаспадары. Сядайце, будзьце як дома. (Масленіца садзіцца.)
6-ы госць. 3 вясёлай Масленіцай усіх вітаем!
7-ы госць. Саху, барану шукаем!
8-ы госць (сее на ўсіх пшаніцай).
Сей пшаніцу на ўсю руку,
Калі Масленіца ў маладзіку.
9-ы госць (паказвае на калоду).
Ваша застолле—
Наша калодка,
Няхай будзе салодка.
10-ы госць.
Усім вам жадаем спрыяльных дзянёчкаў,
Каб раслі памідоры ды агурочкі.
11-ы госць.
Хай у вашай працы дапаможа Бог.
12-ы госць.
Каб урадзіла і жыта і гарох.
1-ы госць.
Каб і ў хаце, і ў полі ўсё ўдавалася.
I жыццё ваша, як рунь, красавалася.
2-і госць.
А яшчэ мы вам скажам, гаспадарочкі,
Што сёння каталіся на санках, вазочках,
3-і госць.
Каб хутчэй прыйшлі да нас цёплыя дзянёчкі.
4-ы госць.
Мы пракаціліся з канца ў канец,
Каб рос добры лён-даўгунец.
Гаспадар.
Дзякуй за шчырыя словы, за пажаданні,
Ў хатачцы нашай вам віншаванні. (Кланяецца.)
Гаспадыня.
Як слаўна, дзетачкі, вы ўсё зрабілі.
Нашых добрых звычаяў ды не забылі. (Кланяецца.)
Масленіца.
Пра мяне мо песню маеце,
Дзе Масленку ўслаўляеце?
Госці. Маем.
(Госці, гаспадары і Масленіца водзяць карагод, спяваюць.)

1. У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка.
Крыламі махнула, прамень цяпла спіхнула.
2. У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка,
Перайка кідала, вясну зазывала.
3. У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка,
Села на страсе, кідала масла па крысе.
4. У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка,
Ў вокны зазірала, моладзь выклікала.
5. У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка,
А мы ў полі бывалі, чучала зімы пахавалі.
6. У нас сёння Масленка, прыляцела ластаўка,
Мы блінцоў-аладачак навыпякалі
Ды к вам у госці завіталі..
(Можна спяваць першыя два радкі, апошнія два—гаварыць скорагаворкай.)

Гаспадар.
Дзякуй вам за песню карагодную.
Сядайце ды з дарогі адпачывайце.
Гаспадыня.
Каб вы ў нас не сумавалі,
Трэба каб загадкі адгадалі.
Пасярод двара стаіць гара,
спераду—вілы, ззаду—мятла.
5-ы госць. Цяжкая загадка, трэба падумаць.
6-ы госць. Гэта, здаецца, кароўка.
Гаспадар. I яшчэ адна загадка:
Свае дзіця не забыла і чужых накарміла.
7-ы госць. Гэта загадка таксама пра карміцельку-кароўку.
Масленіца.
А хто двума бадаецца, чатырма ходзіць, адным мух ганяе.
Гаспадар. I гэта кароўка.
(За дзвярыма чуецца мычанне каровы.)

Гаспадыня. Ой, здаецца, і сапраўды мычыць карова. Пайду адчыню дзверы.
(Адчыняюцца дзверы, уваходзіць "кароўка", яна мычыць, бадае гасцей, брыкаецца. Гучыць вясёлая мелодыя. "Кароўка " скача, усе пляскаюць у далоні.)
Гаспадыня (абдымае "кароўку"). Цябе ў Масленку будзем успамінаць, аб табе добрае казаць.
("Кароўка" садзіцца сярод гасцей.)

8-ы госць.
А цяпер, гаспадары, дазвольце пагуляць,
Цяжкую калодачку пацягаць.
9-ы госць.
Ой, цяжкую калодачку пацягаць,
Неслухаў і свавольнікаў у яе пазапрагаць.
Гаспадар. Калі ласка, гуляйце, калодачку пацягайце.
(Масленіца бярэ колодку і стараецца непрыкметна накінуць рэмень каму-небудзь на плечы, пры гэтым гаворыць: "Будзеш цягаць ці маеш выкуп даць?" Калі гуляюны ў "калодачку " дае "выкуп " у выглядзе чаго-небудзь смачнага, то Масленіца здымае рэмень з плячэй. Калі ж гуляючы кажа: "Лепш калодачку цягаць, чым гасцінца усім даць", тады Масленіца зашпільвае рэмень на плячах, і ўдзельнік гульні цягае калодку па падлозе. А усе астатнія спяваюць:
Ой, калодачка, калодка,
Стала жыццё несалодка.

Спяваюць да таго часу, пакуль гуляючы у "калодачку " не адкупіцца:
Затаміўся цягаць, магу выкуп даць.

Масленіца накідвае рэмень на другога, і гульня працягваецца.)

Гаспадар (пасля гульні). Дзякуй, дарагія, што да нас завіталі.
Гаспадыня. Мы вас так чакалі ды на стол збіралі.
Гаспадар.
Вы за стол сядайце,
Калодку для пачастунку падстаўляйце.
(Госці садзяцца за стол, частуюцца, частуюць і калодачку.)
10-ы госць.
Дзякуй за пачастунак, бывайце,
Ды праз год Масленку чакайце.
11-ы госць. Дарагія гаспадары, шаноўныя госці! Прабачце, калі што не так. (Кланяецца.)
Гаспадары. I вы нас прабачце.
Гаспадыня. Бывайце здаровы, з Богам жывіце.
Гаспадар. Масленку адгуляйце ды Вялікадня чакайце.

Спяваюць усе:
Тыдняў сем мы гуляць збіраліся
Ды праз 7 дзянькоў развіталіся,
Ды праз 7 дзянькоў развіталіся,
Бо дні посныя пачыналіся.


3 песняй госці выходзяць.


Яшчэ на гэту тэму:

Масленіца     Вясёлая Масленіца