сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. А. МЯЖЭВІЧ, настаўнік Смальянскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Беларуская мова і літаратура 6/2008

Гаспадыня стала — бульба

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Мэты: пазнаёміць з паэтычнымі творамі, прысвечанымі бульбе; развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, іх творчыя здольнасці; фарміраваць культуру маўленчых зносін, абуджаць цікавасць да беларускай паэзіі. выхоўваць павагу да сялянскай працы, традыцый беларускага народа.
Месца правядзення: актавая зала.
Абсталяванне: стол, засланы саматканым абрусам, на ім — нацыянальныя стравы - з бульбы.
Эпіграф:
Госці ў хату — беларусы
Рассцілаюць на сталах
Саматканыя абрусы,
Вараць бульбу ў саганах.
Уладзімір Скарынкін
Папярэдняя падрыхтоўка: вучням прапануецца адшукаць вершы беларускіх паэтаў пра бульбу, а таксама загадкі; скласці крыжаванку; падрыхтаваць стравы з бульбы: бабку, дранікі і інш., зрабіць малюнкі бульбы.

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. А ці ведаеце вы, адкуль пайшла назва «бульба»?
Яшчэ задоўга да з’яўлення бульбы ў Еўропе сярод батанікаў хадзілі чуткі аб існаванні ў цёплых краінах расліны, якая дае буйныя крухмальныя клубні, што маюць салодкі смак.
Другі вядучы. Лічыцца, што першыя клубні бульбы прывёз з амерыканскага вострава Раанак знакаміты англійскі адмірал (у мінулым не менш знакаміты пірат) Фрэнсіс Дрэйк.
Першы вядучы. Прывезеныя ім клубні былі падобныя на клубні батата, і таму іх і назвалі гэтым імем. На самай справе гэта была сапраўдная бульба, якая не мела да батата, клубняплоднай расліны з Цэнтральнай Амерыкі, ніякага дачынення. Але ў сілу традыцыі назва «батат» з Англіі прыжылася і захавалася (у некалькі змененым выглядзе) да нашых дзён.
Другі вядучы. Слова «бульба» пайшло ад італьянскага «труфель». Труфелі — ядомыя грыбы, чые пладовыя целы, што развіваюцца ў зямлі, агульнымі абрысамі нагадваюць клубень бульбы. Дарэчы, адзін час бульбу называлі нават «землянымі яблыкамі», ці проста «землянымі пладамі».
Першы вядучы. У Венскім батанічным садзе ў 1588 годзе вырасцілі куст бульбы як заморскую рэдкасць і змясцілі побач з ёй наступны надпіс: «Тартуфлі, ці перуанскі папас». Першая назва — гэта відазмененая італьянская, а другая — іспанская.
Другі вядучы. 3 XVIII стагоддзя слова «тартуфа» з’яўляецца ў нямецкай мове, змененае на сучаснае — бульба. Калі ж бульба прыжылася ў Расіі і Беларусі, то з’явілася мноства розных варыянтаў яе назваў: картофель, картошка, картоха, картопля, картофеля, бульба і г. д.
Першы вядучы. Але ў Еўропе не адразу зразумелі, што галоўнае ў бульбе — клубні. Адзін англійскі багач вырашыў пачаставаць сяброў заморскім дзівам са свайго саду. Садоўнік сабраў з кустоў зялёныя шарыкі, што павісаюць на сцяблінах пасля таго, як бульба адцвітае. Гэтыя горкія, непрыгодныя для ежы плады на сярэбраным блюдзе падалі гасцям. Нехта, пакаштаваўшы пачастунак, папярхнуўся, у некага перакасіла твар, нехта выбег з-за стала... Бо елі госці бульбу не з таго канца.
Другі вядучы. Не ўсюды прынялі навінку. Недзе ў Расіі нават пачаліся бульбяныя бунты. Рускія мужыкі паверылі чуткам, быццам бульба — «чортаў яблык», саджаць яе грэх, зямлю запаганіш, без хлеба застанешся. Па царскім загадзе бунтароў секлі розгамі, а самых упартых нават ссылалі ў Сібір. Але не жорсткія расправы пераканалі сялян, што выгадна саджаць бульбу. Пераканала сама бульба.
Першы вядучы. У Беларусь бульбу завезлі ў другой палове XVIII стагоддзя. 3 1840-х гадоў яна стала адной з найважнейшых сельскагаспадарчых культур. У 1913 годзе бульбай было занята 583,3 тысяч гектараў пры ўраджайнасці 6,4 тон з гектара, валавым зборы 4 мільёны тон.
Другі вядучы. У 1976 годзе бульбаводства давала 48,1 % ад кошту валавай прадукцыі земляробства Беларусі. На той час у краіне вырошчвалася 12—14 мільёнаў тон бульбы ў год. На долю БССР прыходзілася 1/6 частка валавых збораў бульбы ў СССР і прыкладна 4 % у свеце.
Першы вядучы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навуковай базай. Беларускімі вучонымі выведзена многа новых высокаэфектыўных гатункаў, у тым ліку Беларуская ранняя, Кандыдат, Разварыстая, Беларуская крухмальная, Паўлінка, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і іншых, раянаваных і за межамі Беларусі.
Другі вядучы. Бульба лічыцца нацыянальнай культурай Беларусі («другі хлеб»), з яе гатуюць каля 500 страў, робяць крухмал, спірт, патаку, сухое пюрэ, чыпсы і клёцкі, яна ідзе на корм жывёле.
Першы вядучы. Бульба. Другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да «клёцак з душамі» (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна — дзіва! Бяры і еш. А да яе сала, салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол — лёк). Або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое ў маёй мясцовасці падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае (У. Караткевіч).
Другі вядучы. Дарэмна нас дражняць бульбаю. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы. Я не кажу пра ежу даўніх беларускіх магнатаў, усе гэтыя «ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце», «бабровыя хвасты» і іншае. Нават кухарская кніга XIX стагоддзя «Гаспадыня літоўская» (Беларусь тады часта называлі Літвою), кніга для сярэдніх класаў, дае тысячы рэцэптаў дужа складаных страў (У. Караткевіч).
Першы вядучы. Асаблівае месца ў харчаванні беларусаў займае бульба. У ёй утрымліваецца да 20 % вугляводаў (у выглядзе крухмалу), каля 2 % паўнацэнных бялкоў, ёсць невялікая колькасць тлушчоў, арганічныя кіслоты і іншыя карысныя для арганізма рэчывы і злучэнні.
Другі вядучы. Бульбянікі — 1) бліны з бульбы, тое, што і дранікі; 2) традыцыйная страва з тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак. Іх запякаюць са смятанай ці тоўчаным ільняным семем у лёгкім духу печы. Бульбянікі пашыраны па ўсёй Беларусі.
Бульба цвіце.
У рамонкаў
круглыя вочы.
А. Разанаў
Першы вядучы. 3 бульбы можна прыгатаваць шмат розных страў. Яе пякуць, вараць, тушаць, выкарыстоўваюць як начынку да пірагоў, з яе робяць аладкі, піражкі і шмат чаго іншага.
Другі вядучы. Прабачце, шаноўныя сябры, але хутка ў вас усіх пацякуць слінкі, бо нам хочацца пералічыць хоць невялікую колькасць страў з бульбы. Гатовыя? Тады слухайце.
Вядучыя па чарзе называюць стравы.
Бульбяныя зразы з агароднінай, бульбяное суфле з моркваю, бульбяныя зразы з рыбай, вараная бульба з часнаком, бульба печаная, каўбаскі з варанай бульбы, дранікі, аладкі з бульбы і тварагу, бульбяныя палачкі з кменам; бульба, фаршыраваная мясам; бульбяны рулет з чарнаслівам, бульбяныя аладкі з капустай, курыныя шыйкі фаршыраваныя; бульба, запечаная саломкай; бульба, запечаная з яйкам; печаная бабка; бульба, тушаная са свінінай і чарнаслівам; бульба, тушаная з пячонкай і салам; клёцкі бульбяныя з мясам; бульбяныя бліны, тушаныя з салам; аладкі бульбяныя па- мінску, крухмалаўка і шмат іншых.

Першы чытальнік.

Бульбяная балада

Ігару Шклярэўскаму

Гаспадыня стала,
Багіня,
Беларуска ружовашчокая.
Над катлом німб гарачы гіне,
Рупіць німбу расплыцца аблокамі.

Гэта з пары над бульбай
Хмары
Над планетай бульбападобнаю.
Непадробная ў неба на твары
I сляза, як бульбінка дробная.

3 бульбай хрэсьбіны, і Каляды,
I Дзяды з паганскаю кульбаю,
I адведкі, і тыя нарады,
Дзе прамоўцы трывалыя бульбаю.

У прысмакаў слабая спакуса.
Пахнуць бульбаю нашыя хронікі.
Маннай з неба кармі беларуса,
Ляжа спаць —
Сняцца клёцкі, дзяронікі.

Бульба з намі ідзе вякамі,
Бульба тоўчаная, цалкамі,
Бульба параная, бульба вараная,
I нішчымная, і засквараная.
Бульбай посцім і разгаўляемся,
3 бульбы выгнанай пахмяляемся.

Мы на бульбу не наракалі,
Бульбу есці звыкліся ўсякую —
3 селядцом, з грыбамі, з гуркамі,
3 поліўкаю, з кісялём, з верашчакаю*,
3 сырапеняю, з канцэнтратамі,
I астатнім часам — з нітратамі!

Смачна елася з макам і з такам,
Ды, нітратамі перасычаная,
Развіталася бульба са смакам,
Як у злога суседа пазычаная.
Бульба годнасць губляе фамільную,
Бушлаватая робіцца мыльнаю.

Да ўсяго звыкаем памалу,
Аж не верым, што родам з Амерыкі
Бульба.
Думаем, ад крухмалу
Мы не гнемся, як і каўнерыкі!

Мы — бульбянікі,
Не абраза
Гэта фраза.
......................
Апошняю кропкаю
У канцы жыццёвага сказа
Стане некалі бульба сопкая...
Р. Барадулін

Заўвага. Верашчака — традыцыйная страва, род мачання да бліноў. Абавязковыя кампаненты верашчакі — кавалачкі свінога сала і мяса, свіная рабрына, кавалкі каўбасы, духмяныя прыправы. Верашчака заўсёды прыпраўляецца мукой.

Група вучняў выконвае беларускую народную песню-танец «Бульба-полька».

Бульба-полька

1. Гарні, гарні бульбу з печы
У торбачку ды на плечы,
У торбачку ды нясі, —
Скажаш дзякуй, як з’ясі.

Прыпеў:
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Скажаш дзякуй, як з’ясі.
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Трам-там, ці-рам, та-ра-ра-рам.

2. Бульбу пякуць, бульбу вараць,
Бульбу ядуць, бульбу хваляць,
3 бульбы клёцкі, з бульбы каша —
Вось такая доля наша.
Прыпеў.
3. I да кожнае да стравы
Годна бульба да прыправы.
Пакаштуеш шмат разоў
Ды захочаш бульбы зноў.
Прыпеў.

Першы вядучы. «Бульба» — сцэнічны танец. На аснове фальклорнага варыянта музыкі да танца «Бульба-полька» К. Алексютовіч стварыў сцэнічную кампазіцыю. Шырокую вядомасць атрымала пастаноўка I. Маісеева. Танец стаў настолькі папулярны, што яго назвалі «народным».
Другі чытальнік.

Урадзіла бульба

Урадзіла бульба
На калгасным полі,
Гэткай добрай бульбы
Не было ніколі.

Мы яе капаем,
У бурты складаем,
Сёстрам,
Мамкам,
Бабкам
Мы дапамагаем.
А. Дзеружынскі

Трэці чытальнік.

Загадкі

1. Стаіць дуб, а пад дубам дзеці. (Куст бульбы.)
2. Не крот, а капае, лап не мае, а сеянае з зямлі выкідае. (Бульбакапалка.)
3. Вясна яе хавае, лета — ажыўляе, восень — дастае, зіма — падае. (Бульба.)

Другі вядучы. А якіх кісялёў толькі не гатуюць нашы мамы і бабулі! Ды ўсім вядома, што без крухмалу гэтай стравы не зварыш. На сённяшнім стале вы можаце пакаштаваць кісель з журавін і чорнай парэчкі, кісель яблычны, кісель яблычны з малаком, кісель малочны з клубніцамі і малінамі, кісель з рэвеню, кісель маркоўны, кісель з ягаднага сіропу.
Чацвёрты чытальнік.

Бульба

Так ісці на захад, гэтак перці
За эпоху можна толькі раз.
Есці захацелася да смерці,
Ну, а повар з кухняю заграз.

Падцягнулі рамяні з тугою,
Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,
На сухой абочыне шашы.
Рай — для ног, цыгарка — для душы...

Спрэчка пачалася нечакана:
Што смачней з усіх вядомых страў?
«Хаш і лобі! — першым крыкнуў Вано, —
Я б сем місак зараз увабраў».

«Плоў, — сказаў Ахмет. — Калісьці дома...»

I пацмокаў смачна языком.
А Гурген ускочыў: «Вы знаёмы
3 ерэванскім сочным шашлыком?»

Я тут узгарэўся не на жарты:
«Вашых страў я ганіць не хачу:
I яны што-кольвек, пэўна, варты,
Як хвалілі знаўцы іх — я чуў.

Сорам пра найлепшае не ведаць, —
Рынуўся я ў наступ на байцоў, —
Калі смачна хочаце паснедаць,
Закажыце бульбы з селядцом.

Печаная бульба — гэта казка,
Паскрабеш нажом — і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.

Трапіш да кабеціны рахманай —
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.

3 нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў...»
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.

Бачу: праняла мая прамова,
Зараз крыкнуць: «Дзе яна? Гарні!»
...Добра, што пад’ехаў ротны повар
На рудым запараным кані.
П. Панчанка
Першы вядучы. Прапануем вашай увазе інсцэніроўку ўрыўка з апавядання Івана Чыгрынава «Бульба» (для VII—XI класаў) або паводле Ганны Івановай (для V—VI класаў).

Інсцэніроўка

Дзейныя асобы: вядучы, старшы лейтэнант, 5-6 хлопчыкаў.

Дзеянне адбываецца каля вогнішча, якое дыміць, у ім сіпяць дровы.
Да вогнішча падбягаюць салдаты, гладзяць хлопчыкаў па галовах, адыходзяць. Потым да іх падышлі афіцэры.
Старшы лейтэнант. Ведаеце, усё хацеў я бульбы печанай наесціся. Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку на такім вогнішчы. Ажно не. Усё не збяруся. Ужо другі дзень на гэтай зямлі, а бульбы не паспытаў.
Аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не забыў. Недзе пад Гомелем было гэта. У сорак першым. Астаткі нашага палка — усяго некалькі чалавек — выходзілі тады з акружэння. Ішлі мы ўсю дарогу галодныя, пакуль не натрапілі на такіх вось хлапчукоў. Пасвілі яны цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. I вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калі-небудзь яшчэ печанай бульбы. Кажуць, беларуская нейкая асаблівая. Не ведаю, цяжка меркаваць мне, чалавеку, які нарадзіўся і жыў у пшанічным стэпе. Але, можа, і сапраўды смачней за яе нідзе не бывае.
(Пасля кароткага маўчання.) Сёння позна ўжо. Я заўтра лепш прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?
Хлапчукі. Будзе. Будзе! Прыходзьце, калі ласка! Будзем абавязкова чакаць!
Вядучы. Уначы пачаўся на Бесядзі бой, грамыхалі, калоцячы зямлю, гарматы. Пакуль ішлі баі, хлопчыкі не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсё палілі на адным і тым жа месцы, чакаючы старшага лейтэнанта. У іх была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў...
Паводле I. Чыгрынава

Інсцэніроўка

Дзейныя асобы: вядучы, Жытнёвы каласок, Бульбінка.

Жытнёвы каласок.
А хто адгадае загадку,
хто скажа, хто знае:
што ў нашым краі, як і мяне,
паважаюць,
хлебам другім называюць?

Вядучы.
На падмогу, на падмогу,
слухачы і гледачы!
Здагадаўся — не маўчы!

Жытнёвы каласок. Правільна!
Гэта бульбінка-беларусачка —
пекная паненачка, шэрая сукеначка,
зялёная хустачка!
(З'яўляецца Бульбінка.)

Бульбінка.
Дзень добры, мае харошыя!
А якія вы ўсе прыгожыя!
А я такая простая, зрэбная,
Нікому тут не патрэбная...

Жытнёвы каласок.
Ты, сястрыца, кінь журыцца!
Дарагія гледачы!
Трэба й тут дапамагчы:
хай той запляскае ў ладкі,
хто любіць з бульбы аладкі.
Раз-два-тры-чатыры-пяць!
Будзем Бульбінку вітаць!
Дзякуй вам, хлопчыкі і дзяўчынкі!
Паводле Г. Івановай

Другі вядучы. А цяпер мы вам прапануем карысныя парады гаспадыні.
Вядучыя па чарзе агучваюць парады. • Бульбу неабходна варыць на сярэднім агні, папярэдне паклаўшы яе ў кіпень і шчыльны закрыўшы.
• Для паскарэння варкі можна дабавіць кавалачак маргарыну ці іншага тлушчу.
• Маладую бульбу можна лёгка абабраць, апусціўшы яе спачатку ў гарачую, а потым у халодную ваду.
• Каб пры абіранні бульбы не цямнелі рукі, неабходна змачыць іх воцатам і, не выціраючы, даць воцату высахнуць.
• Каб бульба не разварылася, можна ў ваду дабавіць некалькі кропель воцату ці лыжку капуснага або агурочнага расолу.
• Пры варцы бульбы «ў мундзірах» неабходна праткнуць шалупку відэльцам для захавання цэласнасці клубня.
• Каб аблегчыць абіранне бульбы, зваранай «у мундзірах», яе рэкамендуецца апусціць на некалькі хвілін у халодную ваду.
• Палепшыць смак адваранай бульбы можна дабаўленнем пры варцы некалькіх долек часнаку, лаўровага лісту, кропу.
• Бульбяное пюрэ рэкамендуецца разбаўляць гарачым малаком, бо ад халоднага яно набывае шэры колер.
• Палепшыць смак пюрэ са старой бульбы можна дабаўленнем у яго ўзбітага бялку.
• Каб старая бульба не цямнела пры варцы, рэкамендуецца дабавіць крышку малака.

Пяты чытальнік.

Бульба

На выгляд яна не прывабная —
чорная,
брудная,
маркая.
I толькі тады,
калі ты яе
вымыеш,
пасоліш,
зварыш у чыгунку
і высыплеш на абрус, —
толькі тады
адчуеш, колькі яна ўвабрала ў сябе
сонца,
вільгаці,
водару лета
і сокаў зямлі.
X. Жычка

Першы вядучы. А цяпер — рубрыка «Цікава ведаць».
Бульбу выкарыстоўваюць нават у касметыцы, бо яна ўтрымлівае жалеза, вітаміны В і С, шчолачы, валодае дзеяннем, якое звужае поры. Бульба выкарыстоўваецца пры лячэнні запаленчых вугроў, апёкаў, балючых мазалёў. Цёртую сырую бульбу накладваюць у выглядзе аплікацый на хворае месца.
Другі вядучы. Прапаную вам разгадаць прыхаванае параўнанне са словам «бульба». Вам дазваляецца называць адну літару. Калі такой не будзе ў нашым параўнанні, то ход пераходзіць да наступнага ўдзельніка.
Загадка пра бульбу
Адказ. Унадзіўся, як свіння ў бульбу.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Барадулін, Р. Міласэрнасць плахі : кн. паэзіі / Р. Барадулін. — Мінск : Маст. літ., 1992. — С. 34—35.
Беларускі каляндар: 1994 / склад. У. Юзвюк. — Мінск : Беларусь, 1994. — С. 168—170.
Бульбаводства // Беларусь : энцыкл. даведнік / рэдкал. : Б. I. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 1995. — С. 135.
Бязмежжа зорнага сяйва : старонкі выбр. паэзіі : для ст. шк. узросту / прадм. і склад. А. I. Бельскага; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск : Вышэйш. шк., 1999. — С. 238.
Гуліна, Т. П. Музыка : падруч. для 4-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. — 4-е выд., са змяненнямі / Т. П. Гуліна. — Мінск : Беларусь., 1997. — С. 29.
Дзень паэзіі — 82 / уклад. П. Макаль; рэдкал. : В. Зуёнак (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Маст. літ., 1982. — С. 122. Караткевіч, У. С. Зямля пад белымі крыламі : нарыс : для сярэд. і ст. шк. узросту / У. С. Караткевіч. — 2-е выд. — Мінск : Нар. асвета, 1992. — С. 20—21.
Панчанка, П. Лірыка / П. Панчанка. — Мінск : Нар. асвета, 1980. — С. 49—50.
Энциклопедия молодой семьи / редкол. : Г. И. Герасимович [и др.]. — 5-е изд., перераб. и доп. — Минск : БелСЭ, 1991. — 697 с.
Я познаю мир: загадочные растения : дет. энцикл. / Б. Н. Головкин, М. Т. Мазуренко, Н. В. Чер- ныш. — М. : АСТ : Астрель, 2002. — С. 70—73.

Яшчэ на гэту тэму:

“Мой край, мой рай бульбяна-жытны!”     Беларуская іншаземка