сцэнарыі святаў на беларускай мове

Раіса ШЧУРАВА — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 9 г. Брэста. Роднае слова 10. 2007 г.

"Калі ласка, у хату..."

Сцэнар вечарыны

Прапанаванае свята мае на мэце садзейнічаць асэнсаванню маладым пакаленнем духоўнай спадчыны, якую пакінулі нашы дзяды і прадзеды, абуджэнню прыродных задаткаў і іх рэалізацыі, развіццю здольнасці да пераймання, а значыць, навучання.

Задачы свята:

Абсталяванне: па-святочнаму ўпрыгожаная школьная сталоўка. На сцэне вялікімі літарамі напісана тэма вечарыны "Калі ласка, у хату..." і эпіграф "Бліжэй прыгледзімся да хаты...".

Ход мерапрыемства і заўвагі да правядзення.

Афармленне хат.

У сенцах — драўляная ступа. На сцяне вісяць некаторыя рэчы сялянскага побыту: старое рэшата, каромысел, серп і інш. У кутку ўладкаваўся моцны бярозавы венік.

Пад столлю на покуці абраз, упрыгожаны вышываным ручніком. Стол засланы белым абрусам з прошваю. На драўлянай палічцы для посуду ляжаць металічныя відэльцы, драўляныя лыжкі, гліняныя місы. Ёсць тут тарка, шкляная гранёная чарачка, медныя конаўкі, рознай формы гладышы і збанкі.

Злева ад увахода ў хаце — пабеленая печ, прыкрытая заслонкаю, з рознымі гаршкамі, чыгунком ды патэльнямі на прыпечку. У куце пры печы стаяць вілкі, чапяла, качарга. На ўслончыку можна ўбачыць драўляную дзежку-блінніцу з апалонікам.

Калыска маленькага чалавечка месціцца побач з драўляным ложкам, засланым даматканаю коўдраю. На ложку ляжаць вышываныя падушкі. Сцяну над ім упрыгожвае тканы дыванок. У хаце ёсць калаўрот, прасніца, кроены. Цяжкую сялянскую працу лягчэй адольваць таму, хто мае чым падмацавацца. Вядома ж, незаменная на беларускім стале страва — бульба, згатаваная па розных рэцэптах.

Застолле ў хатах праходзіць, як вядома, з песнямі і танцамі, жартамі і добрымі зычэннямі: "Хата гаспадыняю красна", "Каліў хаце парадак і лад— гэта найпершы клад".

Да вечарыны для вучняў і бацькоў быў абвешчаны конкурс "Пакаштуйце — смачна". Кулінарныя прыхільнасці беларусаў захоўваюць і сёння нацыянальную самабытнасць. На сталах разнастайныя поліўкі, бліны, аладкі, бабка, дранікі,  клёцкі...

3 найлепшых творчых работ аформлена выстава "Народны лад беларусаў".

Да конкурсу вучні падрыхтавалі народныя песні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, танцы, гульні...

На фоне музыкі выходзяць вядучыя ў беларускіх нацыянальных строях.

Гучаць песні, аддаецца мілагучны гук цымбалаў, чуецца смех. Гаспадар і гаспадыня запрашаюць у хату.

Гаспадыня.
Добры дзень, госцікі,
Калі ласка, у хату да нас, просім,
Дарагія госцікі, заходзьце.
Калі ласка!
Госць у хату - сонца ў хату.

Гучыць песня "Гуляць дык гуляць" (верш У. Някляева, В. Іванова).

Гаспадар.
Добры вечар усім вам,
Нашы ягамосці,
Дзякуем, што вы да нас
Завіталі ў госці.
Гаспадыня.
Рады мы убачыць
Вас у роднай хаце,
Нашым караваем
Вас пачаставаці.

Гаспадар. Добры вечар, госцікі дарагія!
Гаспадыня. Добры вечар вам у хату! Госці на госці - гаспадару радасць.
Гаспадар. Запрашаем у хату! Чырвонаму госцю - чырвонае месца.
Гаспадыня. Сядзем радком - пагаворым ладком.
Гаспадар. За добрай размовай і праца ідзе хутчэй.
Гаспадыня. У нашай краіне існуе цудоўны звычай - вітаць гасцей хлебам-соллю, які падаюць на ручніку. Ручнік - гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.

Гаспадыня.
На ручніках, расшытых пеўнямі,
хлеб-соль падносім да гасцей,
вядзем за стол, каўшамі пеннымі
частуем брагай пагусцей.
I не хаваем - дзе падзенешся? -
сваіх пачэсных мазалёў.
А трэба — крошкаю падзелішся:
лепш сто сяброў, чым сто рублёў.

Сцяпан Гаўрусёў. Хлеб-соль.

Дачка падносіць прысутным каравай.

Дачка.
Я звычай маці сваёй зберагаю,
Усіх гасцей хлебам-соллю вітаю.
Кожны з вас будзе усмешкай сагрэт,
Калі ласка, прыміце наш хлеб.

Дачка нізка кланяецца. Госці частуюцца.

Гаспадар.
Усяму вядомы свету
Наш руплівы край здавён,
Тут на сонечных палетках
Сеюць бульбу, жыта, лён.
Гаспадыня.
Тут Дняпро бяжыць павольна,
Сож, Бярэзіна, Дзвіна,
Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман,
Вілля, Піна, Буг, Дзясна...
Гаспадар.
Тут крыштальныя азёры —
Нарач, Свіцязь, Снуды, Свір,
Полацк - наш найпершы горад,
Віцебск, Тураў, Кобрын, Мір.
Гаспадыня.
Тут умельцы вырабляюць
Слаўны трактар "Беларусь",
Тут ствараюцца БелАЗы,
Трохсоттонны вязуць груз...
Гаспадар.
Тут сыны лятуць у космас,
Песні матчыны пяюць...
Гэты край наш найдзівосны
Беларуссю ўсе завуць.

Гаспадыня падыходзіць да першай хаты. Запальвае лямпу.

Гаспадыня. Сярод традыцыйных народных відаў творчасці беларусаў - песні, казкі, легенды. I якое ж свята без песні! Даўно вядома, што добрая песня не можа не крануць сэрца чалавека.

Гаспадар. Як добра, што мы з вамі сабраліся пад шчаслівым дахам нашай хаты, давайце заглянем у акенцы і разам з гаспадарамі заспяваем.

Гучыць песня, чуваць смех, жарты.

Гаспадыня. Якія добрыя, зычлівыя людзі жывуць у гэтай хаце. Нездарма беларусы славяцца сваёй гасціннасцю. Колькі страў прыгатавалі гаспадары з бульбы - варанай, печанай, паранай, смажанай, дзёртай, тоўчанай, крышанай. Умеюць у гэтай хаце і добра працаваць, і весела адпачываць. Хуткавымаўлянкі, загадкі, прыказкі ў старым сялянскім побыце займалі немалое месца ў гульнях і забавах. Прыгадаем і мы з вамі такія загадкі і прыказкі.

Гаспадыня прапануе гасцям адгадаць загадкі.

Загадкі-задачы, загадкі-пытанні.

Гаспадыня. Прапаную вам і хуткавымаў­лянкі

У народных гульнях адлюстраваны сельскагаспадарчыя ўменні і навыкі людзей. Пагуляем і мы.

Гучыць музыка.

Жыта
(Гульня-карагод)

"Жыта" - вельмі старажытная гульня-карагод. Праводзілася яна на Юр'я. Людзі збіраліся амаль усёй вёскай, "хадзілі на ранняе жыта, каліў ім ужо можа схавацца варона". Вадзілі карагод, каб быў добры ўраджай.
Сярод вучняў - удзельнікаў гульні выбіраецца Гаспадар. Астатнія ідуць карагодам, імітуючы рост, калыханне жыта, пасярэдзіне якога стаіць Гаспадар. Ён прамаўляе:

Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць,
А дзе не бывае,
Там палягае.

Пасля апошняга слова вучні хутка садзяцца на кукішкі. Той, хто не паспеў прысесці ці паваліўся, выконвае ролю Гаспадара.

Рэдзька

Некалькі дзяўчат становяцца, трымаючы за пояс адна адну. Адзін з хлопцаў прызначаецца Агароднікам, які ходзіць вакол дзяўчат, шчыпае іх, штурхае і г. д., робячы выгляд, што на полі рэдзьку абкопвае, палівае і інш.

Адна дзяўчына прызначаецца Паняю. Яна садзіцца ў куце на лаўку і пасылае свайго Слугу (дужага хлопца) па рэдзьку. Хлопец, падышоўшы да Агародніка, гаворыць: "Добры вечар, ці пусціш рэдзьку рваць? Пані захварэла - рэдзькі захацела". Агароднік адказвае: "Мая рэдзька караністая, маладзістая. Рві, калі вырвеш".

Слуга пачынае штурхаць дзяўчат, тыя ўпіраюцца, пакуль яму нарэшце ўдаецца выцягнуць адну з раду. Потым ён вядзе Рэдзьку да Пані, і тая да таго часу шчыпае Рэдзьку, пакуль яна не дасць выкуп у выглядзе арэхаў, гарбузных семак або чаго іншага.

Гульня працягваецца, пакуль Слуга не выцягне ўсю рэдзьку. Гэтая гульня таксама заканчваецца песнямі і скокамі.

Гаспадыня. Беларусы з даўніх часоў з павагай ставіліся да зямлі-карміцелькі.

Гаспадар. Паспрабуем закончыць наступныя прыказкі (ці знайсці другую частку на картках).

Гаспадыня. Як бачым, народная мудрасць адлюстравала працавітасць беларусаў, іх стараннасць. На працягу доўгага часу нашым народам выпрацоўваўся свой этыкет і культура прыёму ежы. Малодшыя члены сям'і садзіліся за стол пасля старэйшых. За сталом не размаўлялі. Да хлеба ставіліся беражліва, з павагай.

Гаспадыня падыходзіць да другой хаты.

Гаспадыня. Нас ужо зачакаліся ў гэтай хаце. Паглядзіце, якія прыгожыя ручнікі, абрусы вышылі дзяўчаты. (Дэманструюцца беларускія ручнікі.)

Дзяўчына.
Валошкі сярод пажаўцелага хлеба,
Яны як бязвоблачныя дзянькі,
Рассыпаны, нібы кавалачкі неба,
То кветкі Радзімы маёй - васількі.

Гучыць меладычная музыка цымбалаў.

Гаспадар. Дзе печ, там і тое, што з печы, - гарачая і смачная ежа. I ў першую чаргу - хлеб. Адносіны людзей на хлеба выказаны ў прыказках і прымаўках.

Гаспадыня. Пшанічны хлеб у нас пяклі радзей. Беларусы любяць чорны хлеб, але ўлетку, калі дарагая кожная хвіліна, часцей пяклі праснакі (печыва ў выглядзе бліна). Хлеб абагаўлялі. Кінуць яго было смяротным грахом. Хлеб надзённы дае чалавеку сілу для працы і жыцця.

Гаспадар.
Радуюць сэрца сонца і травы,
Дзень мой праменны,
Дзень мой ласкавы,
Водар хваёвы,
Сіняе неба,
Кожнае ранне
Рады я хлебу.
Рады і ўсходам веснімі днямі.
I як гамоніць
Ён каласамі,
Большай не маю
Сёння патрэбы -
Кожнае ранне
Рады я хлебу!

Гаспадыня.
Дарагія госці!
Хлеб на стале, рукі свае.
Ешце бульбу, мачайце, а на рэшту выбачайце.
Ды блінцы яшчэ ад рання пякліся вам на сняданне.
Частуйцеся, госці,
Просім вашай мілосці,
Каб вы пілі, елі,
Вясёленька сядзелі,
Харошыя мыслі мелі,
Вясёлыя песні пелі.

Беларус любіць смачна паесці. Іншым разам на стол ставілася 12, 18 страў (а то і 24 стравы), і ўсё гэта трэба было пакаштаваць.

Ешце, госцікі, ужывайце, толькі ў кішэні не хавайце.

Беларусы, як вядома, любяць бульбу, нездарма нас завуць бульбашамі. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы. Умее беларус яе не толькі смачна прыгатаваць, але і ўсмак з'есці.

На градках важныя, густыя
Стаяць зялёныя кусты.
У зямлі ж - вялікія, малыя –
Сямейка бульбін залатых...
Бульбу любяць ўсе на свеце:
I дарослыя, і дзеці,
I не толькі беларусы –
Усе каштуюць без прымусу!
Можна з мясам есці бульбу,
3 маслам, з салам і цыбуляй,
3 каўбасой і селядцом...
Вермішэль, лапша і каша
Не заменяць бульбу нашу.
Любяць бульбу нездарма:
Што ні страва - дзіўны смак!

Гаспадыня стаіць каля печы (у гэтай печы варыцца бульба).

Гаспадар і гаспадыня. Шаноўнае спадарства! Мы прапануем вам гульню "Пад шчаслівым дахам у кожнай хаце". Гульня - гэта гадзіна інтэлекту, гумару і адпачынку. Мы жадаем усім гасцям прыемных хвілінаў адпачынку, а нашым камандам - поспехаў. Гульня складаецца з лотаў. Для тых, хто не памятае, чаму конкурс раздзяляецца лотамі, нагадваем: лот - гэта старажытная мера вагі, наш розум - гэта наш лот, якім вымяраецца веданне беларускай кухні, беларускіх традыцый.

1 -ы лот. "Кот у мяшку" (на пах вызначаем цыбулю, часнок, яблыкі).
2-і лот. "Хто больш і лепш". Трэба паказаць, як удзельнікі ўмеюць абіраць бульбу.

Удзельнікі складаюць дзве каманды. Па сігнале вядучага ўключаецца фанаграма хуткай мелодыі і удзельнікі конкурсу пачынаюць абіраць бульбу. Перамагае каманда, якая абабрала больш бульбы і мае менш адходаў. (Прысутныя ўзнагароджваюць каманду апладысментамі.)

3-і лот. "Пакаштуйце - смачна. 500 страваў з бульбы".

Гаспадыня. Кожнаму з нас хочацца дапамагчы маці па гаспадарцы: прыбраць кватэру, прыгатаваць смачную ежу, прыгожа накрыць на стол.

Удзельнікі конкурсу (у фартухах і каўпачках) атрымоўваюць тры заданні.

Першае заданне: расказаць, як зварыць беларускі боршч.

Вучні трымаюць у руках прадукты, неабходныя для прыгатавання баршчу, а таксама лішнія, напрыклад салату, яблыкі, моркву, бульбу. (Школьнікі павінны назваць толькі тыя, з якіх гатуецца боршч, і расказаць рэцэпт яго гатавання.)

Другое заданне: паведаміць рэцэпт гатавання драчоны бульбянай (бабкі).

Трэцяе заданне: расказаць, як выпечы ў духоўцы піражкі бульбяныя.

Гаспадыня. Беларуская кухня мае даўнюю гісторыю. Кулінарныя прыхільнасці беларусаў захоўваюць і сёння нацыянальную самабытнасць. Гаспадыні ўжываюць бабуліны рэцэпты разнастайных полівак, запяканак, бліноў, аладак.

На Беларусі ў пашане чорны хлеб, з якім ядуць і першыя, і другія стравы. Круглы год на стале ў беларусаў бульба. Яе вараць, тушаць, смажаць, запякаюць, фаршыруюць. 3 яе гатуюць супы, піраж­кі, хрушчы.

Асабліва смачная бульба ў спалучэнні з грыбамі, свінінай, кіслай капустай, агуркамі, сыраквашай. Ні з чым не параўнаць стравы з дранай бульбы - бабкі, дранікі, клёцкі.

Прапануем вам некалькі рэцэптаў беларускіх страваў.

Боршч беларускі
300 г костак ад свініны,
200 г ялавічыны,
2 буракі,
4-5 бульбін,
1 морква,
1 корань пятрушкі,
1 цыбуліна,
1 ст. лыжка тамату-пюрэ,
1 ст. лыжка топленага сала,
4 лыжкі смятаны,
1 ст. лыжка мукі, соль, цукар, воцат.

Буракі адварыць, абабраць, нашаткаваць. Змельчаныя моркву, пятрушку, цыбулю абсмажыць на топле­ным сале, дадаць тамату-пюрэ і яшчэ трошкі патрымаць на слабым агні. У булён, які кіпіць, апусціць нарэзаную кубікамі бульбу, падрыхтаваныя буракі, цыбулю і карэнне з таматам, пакласці нарэзанае кавалачкамі варанае мяса, даць закіпець. Падаць са смятанай.

Драчона бульбяная (бабка)
1,5 кг бульбы,ст. лыжка мукі,
Дзве цыбуліны,
50 г сала,
2 ст. лыжкі топленага масла, соль.

Бульбу абабраць, надраць на тарцы, дадаць мукі, абсмажанай на сале цыбулі, солі, перамяшаць.

Бульбяную масу выкласці у глыбокую патэльню, апырскаць маслам і запячы ў духоўцы.

Піражкі бульбяныя
1 кг бульбы,
0,75 шклянкі мукі,
1-2 яйкі, соль, тлушч.
Для начыння:
350 г варанага мяса,
1 цыбуліна,
5-6 зубкоў часнаку, перац, соль, тлушч для смажання.

Бульбу абабраць, зварыць, трошкі астудзіць, прапусціць праз мясарубку, дадаць яйкі, солі, мукі, добра перамяшаць. 3 бульбянога цеста сфармаваць шарыкі, кожны раскачаць у кружок, пакласці на сярэдзіну начынне, зашчыпаць краі. Выкласці піражкі швом уніз на добра змазаную тлушчам бляху і выпечы у духоўцы.

Гаспадыня падыходзіць да печы, дастае чыгунок з бульбай і пачынае спяваць песню "А я у печы не паліла".

"А я ў печы не паліла, мілы мой, міленькі,
А я есці не варыла, голуб мой сівенькі".
"Запалі, міла, навары, міла,
Запалі, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

"Я цябе не буду слухаць, мілы мой, міленькі,
Я цябе не буду слухаць, голуб мой сівенькі".
"Я наб'ю, міла, я наб'ю, міла,
Я наб'ю, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

"Ой, не маю я здароўя, мілы мой, міленькі,
Ой, не маю я здароўя, голуб мой сівенькі".
"Уставай, міла, і вары, міла,
Уставай, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

"А што ж табе наварыці, мілы мой, міленькі!
А што ж табе наварыці, голуб мой сівенькі".
"Навары панцак, навары, міла,
Навары, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

"На абед што будзеш есці, мілы мой, міленькі,
На абед што будзеш есці, голуб мой сівенькі".
"Ой, булён, міла, калдуны, міла,
Кіяхі, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

"На вячэру што паставіць, мілы мой, міленькі,
На вячэру што паставіць, голуб мой сівенькі".
"Ты спячы блінцоў, ты спячы, міла,
Ты спячы, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

"I вячэраць сядзем разам, мілы мой, міленькі,
I вячэраць сядзем разам, голуб мой сівенькі".
"Дранікі з квасцом, дранікі, міла,
Дранікі, о-ха-ха, чарнабровая мая!"

Гаспадыня. Мне здаецца, што надышоў час пад'есці. Добра мы сёння працуем, адпачываем, таму місачка бульбы і шклянка малака будуць дарэчы. У кожнай хаце прыгатавана якая-небудзь страва беларускай кухні. Зараз мы паглядзім і паспрабуем стравы на смак, ну і, вядома, запішам рэцэпты. Думаю, журы "смачна" ацэніць ваша старанне.

Журы, госці частуюцца.

Гаспадыня (з паўзамі).
Госць, не дзьміся, еш, што у місе.
Еш, хоць расперажыся, толькі рабіць не ляніся.
Еш сала, каб душа скакала.
Ешце і абмачайце, а на лепшае выбачайце.
Гаспадар.
Беларус любіць і пажартаваць з самога сябе. Давайце і мы нагадаем такія фразы.
Аб'еўся куцці, Не магу ні сапці, ні храпці,
Хіба да кумы пайсці.
Аглядзеліся, як наеліся.
Без сала куса няма жыцця ў беларуса.

Беларусы гавораць: "Калі не спявалі, то і не весяліліся".
Давайце заспяваем! (Усе падхопліваюць песню "Гуляць дык гуляць ".)

Потым журы называе пераможцаў лота "Пакаштуйце — смачна 500 страў з бульбы".
Повар сталоўкі ўзнагароджвае ўсіх пераможцаў прыгатаванай да гэтага свята смачнай беларускай бабкай.

Гаспадыня (з паўзамі).
Дарагія госцікі!
Ці добра, ці смачна было?
Частавалі, чым мелі, весяліліся, як умелі.
А што кепска - то не мы.
Хай вам шчасціць у працы!
Гаспадар. Каб вам смачна спалася і лёгка ўставалася.
Каб сталы ў вашых хатах былі багатымі, а душы і сэрцы - шчодрымі.
Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці - у хаце з матчынай душою.
Бывайце здаровы, жывіце багата!
Гаспадыня.
Няхай шчасце будзе ў кожнай хаце.
Няхай шчасце будзе не выпадкам, а частым госцем кожнага чалавека.
Давайце жыць у міры і згодзе пад шчаслівым дахам нашай Беларусі.

Зноў гучыць музыка. Госці танцуюць, спяваюць.