сцэнарыі святаў на беларускай мове

Клаўдзія КАПЦЭВІЧ — метадыст Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Роднае слова 7,8/1994

Спеў аб Еўфрасінні

Сцэнар літаратурна-музычнай вечарыны, прысвечанай Еўфрасінні Полацкай

Гучыць мелодыя з «Полацкага сшытка» або арганная музыка.

Вядучая. Еўфрасіння Полацкая... Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі духоўнае жыццё на ўсходнеславянскіх землях у XII ст., але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, настаўніца, выдатная асветніца святая Еўфрасіння пакінула па сабе вечную памяць у душы народа. Ёй прысвячаем мы гэты спеў!
Сцэна зацямняецца. Слабое святло падае на стол, за якім сядзіць летапісец. На стале гарыць свечка, ляжыць стос паперы. Летапісец бярэ ў рукі апошнюю старонку.

Летапісец. Ну вось і заканчваю «Аповесць жыція і смерці святой і блажэннай і найпадобнейшай Еўфрасінні». (Чытае.) Быў у горадзе Полацку князь Усяслаў, і меў ён многіх сыноў. I быў у яго меншы сын імем Георгій, ад якога і нарадзілася шчаслівае тое дзіця...
На сцэну выбягае дзяўчынка. Яна танцуе, кружыцца, як бы збірае кветкі, любуецца імі і знікае.

Летапісец. I ўзрадаваліся бацькі яе нараджэнню... Хутка па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць і добрыя здольнасці да навук, а таксама пра аздобу цялесную, бо была яна прыгожая з аблічча. Хараство ж дзяўчыны многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе: хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму.
Сцэна асвятляецца. Дзяўчына (ужо больш сталага ўзросту) працягвае танцаваць, як бы збірае кветкі. Насустрач выходзіць Юнак.

Юнак.
Яна зірнула на мяне,
I раптам з вусн яе сарваўся
Такі бязвінны, чысты смех,
Што на яго злавацца грэх1.
— Як завуць цябе, князёўна?
— Прадслава!
Юнак.
I прад высокаю красою
Увесь зачараваны ёй,
Схіліўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою.
Прадслава.
А ў сэрцы хораша было.
Юнак.
Там запалілася святло2.
Прадслава, пойдзем
Купалле святкаваць.
Абняўшыся, выходзяць.

Летапісец (працягвае чытаць «Жыціе...» ).
Але адзін з князёў, найбольш слаўны княжаннем сваім і багаццем, папрасіў бацькоў выдаць яе за сына свайго. I калі споўнілася дзяўчыне дванаццаць гадоў, пачаў бацька казаць да княгіні: «Варта аддаць ужо за князя Прадславу». Яна ж адказала: «Хай здзейсніцца воля Божая і твая, княжа».
Гучыць тужлівая мелодыя. Прадслава, апусціўшы галаву, выходзіць на сцэну. Насустрач, працягваючы да яе рукі, ідзе Юнак.

Юнак.
Любая! Вецер пяе мне імя тваё!
Кветкі ўсміхаюцца мне вуснамі тваімі!
Прадслава (адыходзячы, роспачна).
Каханы! Вецер пяе нам расстанне
! Кветкі галоўкі хіляць долу!
Не дазволіць князь-бацька ўзяць шлюб з табою!
Выходзяць.

Летапісец. У тыя гады ігуменняй была княгіня Раманава. Прыйшоўшы да яе, прасіла князёўна...
Прадслава (на каленях перад іконай).
Мне хацелася калісьці стаць несмяротнай. Мне хацелася вялікіх спраў і подзвігаў. Што ж, хіба гэтае жаданне знікла?
У гэты момант за сцяной гучаць словы:
— Як завуць цябе, князёўна?
— Прадслава.
Прадслава (працягвае).
Так, знікла, але толькі на імгненне. Я рыхтавала сябе з малых гадоў да служэння вышэйшаму, што ёсць у Сусвеце,— Богу, народу, роднай зямлі. Гэта тое, дзеля чаго я жыву. Нялёгка развітацца са спакусамі жыцця, але інакш я ніколі не здолею ўзнесціся духам над шэрай будзённасцю зямных спраў. Тым вышэй будзе маё адрачэнне ад зямнога. Так, толькі адрачэнне... А інакш нельга. Гордая Рагнеда не хацела разуць князя — прымусілі. I мяне прымусяць. Калі не адракуся ад усяго зямнога.
(Кідаецца да ігуменні.) Матухна ігумення, дазволь стаць манахіняй. Не пазбаў мяне анёльскага чыну!
Ігумення кладзе руку на галаву Прадславы. Урачыста гучыць арган.
Ігумення. Пастрыгаем цябе, сястра, пад імем Еўфрасінні!
Сцэна зацямняецца.

Летапісец. Быў жа дадзены дар гэтай блажэннай Еўфрасінні ад Бога. Яе славілі ва ўсім горадзе: багатыя — за мудрасць, бедныя — за спагаду і дабрыню. Людзі маліліся за яе.
Сцэна асвятляецца. Гарадская вуліца. Людзі вядуць паміж сабою гутарку.

Гараджанка. Пайшла яна ў манастыр зусім маладзенькай. Цётка-ігумення схавала яе ад бацькі, які хацеў выдаць Прадславу за князя.
Гараджанін. I як ні лютаваў той, спрабуючы вярнуць дачку дадому,— усё роўна выпрасіла яна ў епіскапа дазволу жыць пры саборнай Сафійскай царкве.
Манах. Дзень і ноч перапісвала яна кнігі, якія потым прадаваў манастыр, а грошы аддавала жабракам. А калі, астыўшы, пабудаваў ёй бацька пад Полацкам, у Сяльцы, манастыр,— перайшла ў яго.
Гараджанка. 3 таго часу ідуць сюды ўсе, пакрыўджаныя жыццём, знаходзяць прытулак у яго сценах. Грамаце вучацца, і слава вялікая ідзе пра манастыр.
Воін. Аслабела княства Полацкае. Адным толькі ўдасца выратаваць яго — мудрасцю! Вось чаму так прагна імкнецца яна будаваць новыя школы. Колькі іх ужо?
Манах. Пяць. Не толькі дзяўчат вучаць у іх, але і хлопцаў. Вучыць іх сама Еўфрасіння.
Воін. Калі будуць людзі полацкія граматай валодаць гэтак, як мячамі,— ніхто іх не пераможа.
Манах. Так лічыць і Еўфрасіння.
Старац-гусляр (перабіраючы струны гусляў). Хай загараюцца вочы іх святой любоўю да Радзімы, хай ведаюць яны, што не толькі чужыя землі родзяць разумных і слынных людзей. Хай ведаюць яны пра Яраслава Мудрага, княгіню Вольгу, Усяслава Чарадзея.
Зацямненне. На сцэну выходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі.

Дзяўчынка. Усё жыццё старалася Еўфрасіння, каб яе храм і манастыры вабілі да сябе, каб сэрцы людскія знаходзілі ў іх спакой і ачышчэнне ад зямных клопатаў.
Xлопчык. Еўфрасіння знаходзілася ў цэнтры духоўнага жыцця Полацкага княства, яна нястомна збірала вакол сябе таленавітых людзей, стала нашай першай мецэнаткай.
Дзяўчынка. Па яе заказе дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса — дасканалы ўзор полацкай архітэктурнай школы.
Xлопчык. Майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў для Еўфрасінні свой слынны крыж — першы неацэнны твор старажытнабеларускага мастацтва.
Дзяўчынка. Прыклад Еўфрасінні Полацкай натхняў яе землякоў і наступнікаў: усходнеславянскага першадрукара і перакладчыка Бібліі на зразумелую народу мову Францішка Скарыну.
Xлопчык. Перакладчыка і выдаўца беларускага Евангелля Васіля Цяпінскага.
Дзяўчынка. Паэта і асветніка Сімяона Полацкага.
Летапісец. Ну вось і апошняя старонка «Жыція...». I паслала да ўсіх сваіх, распавядаючы ім сваю думку, што схацела яна ісці ў Ерусалім, каб пакланіцца труне Гасподняй і ўсім месцам святым і скончыць там жыццё сваё. I так пайшла ў Ерусалім. Там жа 24 траўня яна і памерла.
Гучыць «Аvе, Маrіа» або арганная музыка.

Чытальнік.
Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока,
Тым, хто імкнуўся да кнігі,
свяціла, як зорка...
Мове, адзінай дзяржаве
Шчэ толькі злучацца —
Свет нас прымаў як народ
Па адной палачанцы3.

Летапісец. Еўфрасінню Полацкую кананізавалі (прылічылі да святых) першай сярод усходнеславянскіх жанчын, бо была яна памочніца пакрыўджаных, затураным — суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведванне ці, проста кажучы, для ўсіх была ўсім... Я ж пахвалюся: шчасны ты, горадзе Полацку, што ўзрасціў такі парастак — найпадобнейшую Еўфрасінню. Шчасны ты, народзе, што маеш такую дачку.
Святая Еўфрасіння! Пашлі беларускаму народу святых і вялікіх слугаў сваіх, якія б праведным, сумленным і мудрым жыццём сваім і дзейнасцю вялі народ да лепшае долі. Асаблівую ласку дай нашай моладзі, каб узрасла яна годнай знакамітых сыноў і дачок нашага народа. Святая Еўфрасіння Полацкая, заступніца Беларусі, апякуйся намі, каб мы сталіся народам святым, каб прычыніліся да агульнага дабра. Амінь.
Летапісец тушыць свечку і выходзіць.

Вядучая. Есць людскія лёсы, што прамільгнуць на жыццёвым небасхіле вокамгненнай знічкай і знікнуць назаўсёды. А ёсць імёны, што гараць стагоддзі яснай зоркай у сусвеце жыцця, прымушаюць нас углядацца ў высокую далячынь.
Хай жа для Вас, мае шаноўныя сябры, гарыць зорка Еўфрасінні Полацкай. Хай яе справы асветляць і ваш жыццёвы шлях!
Пра кожнага з роду Еўфрасінні Полацкай можна расказаць легенды і паданні. I калі вас цікавяць гэтыя славутыя імёны, паслухайце, калі ласка, дзе вы можаце даведацца аб іх.

Дзяўчына-экскурсавод падводзіць да выставы і дае кароткі каментар па змесце наступных кніг:
У. Арлоў. Еўфрасіння Полацкая (Серыя «Святыя зямлі беларускай»).— Мн„ 1992.
Д. Бічэль-Загнетава. А на Палессі.— Мн„ 1988.
Бацькаўшчына: Штогоднік гістарычнай літаратуры.— 1990, 1992.
У. Арлоў. Міласць князя Гераніма.— Мн., 1993.
У. Арлоў. Рандэву на манеўрах.— Мн„ 1992.
Л. Дайнека. Жалезныя жалуды.—1 Мн., 1993.
К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд.— Мн., 1991.
3 глыбі вякоў (Серыя «Наш край»).— Мн., 1992.

Вядучая. А цяпер давайце правядзем невялікую віктарыну.

1. Якое імя мела Еўфрасіння да пастрыжэння ў манахіні?
2. Які твор дае апісанне жыцця Еўфрасінні Полацкай?
3. Чым можна было выратаваць, на думку Еўфрасінні, аслабелае княства Полацкае?
4. Чым займалася Еўфрасіння ў манастыры?
5. Колькі школ адкрыла Еўфрасіння?
6. Чаму навучалі дзяцей у гэтых школах?
7. Хто быў нашым першым мецэнатам і што такое «мецэнат»?
8. Хто аўтар крыжа Еўфрасінні Полацкай?
9. Што вы можаце расказаць пра сусветна вядомую царкву Спаса?
10. Назавіце вядомых дзеячаў перыяду Адраджэння.
11. Назавіце аўтараў твораў аб Еўфрасінні Полацкай.
12. Раскажыце пра апошнія дні Еўфрасінні.
13. Як вы разумееце словы: «Еўфрасінню Полацкую кананізавалі першую сярод усходнеславянскіх жанчын»?

Настаўнік. Еўфрасіння Полацкая, унучка славутага князя Усяслава Чарадзея, які дамогся незалежнасці Полацкай зямлі ад Кіева, пражыла вялікае, асветленае высакароднай ідэяй служэння народу жыццё.
Цяпер можна толькі здагадвацца, колькі кніг 3 майстэрняў Еўфрасінні разышлося па Полаччыне, колькі вучняў скончыла яе школы і да якога ,часу існавалі тыя школы пры манастыры.
Сярод 14 беларускіх святых яе месца, як і месца Кірылы Тураўскага, асаблівае. Яны былі не проста людзьмі высокай духоўнасці, але і беларускімі асветнікамі, чыё слова ўзнімала народ, давала жыццёвыя арыенціры, навучала дабрыні, спагадзе, чуласці. А яшчэ — любові да Радзімы.
Хай жа імя Еўфрасінні прымусіць і вас, мае шаноўныя сябры, задумацца пра сваё прызначэнне на зямлі.
Зверым душу па натхняльніцы,
Па палачанцы!4
Гучыць мелодыя з «Полацкага сшытка» або «Аvе, Маrіа».

Заслона.

________________________________
1 Багдановіч М. Вянок.— Мн., 1989.
2 Тамсама.
3 Бічэль-Загнетава Д. А на Палессі.— Мн., 1988.
4 Тамсама.

Літаратура

Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Еўфрасіння Полацкая.— Мн., 1989.
Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая.— Мн., 1992.
Аповесць жыція і смерці святой і Блажэннай і найпадобнейшай Еўфрасінні... Пер. са старасл. А. Мельнікаў // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990. № 7.
Бічэль-Загнетава Д. Еўфрасіння Полацкая / У кн.:—Вершы.— Мн., 1988. Багдановіч М. Вянок: Вершы.— Мн,, 1989.
Геніюш Л. Еўфрасіння Полацкая / У кн.: Белы сон.— Мн., 1990.
Іпатава В. Прадслава / У кн.: Вецер над стромай.— Мн., 1982.

Яшчэ на гэту тэму:

Пуцяводная зорка беларусаў     Ефрасіння Полацкая — апякунка і асветніца зямлі беларускай