сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна АКУЛЬСКАЯ, музычны кіраўнік ясляў-сада №2 в. Чысць Маладзечанскага раёна. Пралеска Снежань 2008

Ехала каляда ў чырвоным вазочку

Фальклорнае свята для дзяцей групы "Фантазёры"

Дзеці стаяць за дзвярамі залы. Частка залы прыбрана под сялянскую хату. Гаспадыня «спіць», раптам «прачынаецца».

Гаспадыня.
Ой, божа ж мой, божа!
Я ўсё сплю ды сплю,
Так калядачкі прасплю!
Зараз прыйдуць да мяне госцейкі,
Трэба прыгатавацца.
Прыбіраецца ў хаце, напяваючы «Чаму ж мне не пець». За дзвярамі чуюцца галасы.
Несцерка.
На Каляды мы прыйшлі,
Мех вялізны прыняслі,
Каб вы нас пачаставалі,
Шмат чаго падаравалі.
Дзеці стукаюць у вакно.
Несцерка.
Не ідуць нас сустракаць,
Трэба гучна заспяваць!

Песня «Добры дзень, паненачка!»

Гаспадыня (ідзе да дзвярэй).
Сала няма, каўбасы няма, нічога не дам!
Дзеці (па чарзе).
Не далі сала — каб ваша свінка не устала!
Не далі блінца — хай здохне аўца!
Не далі ляпёшкі — разаб’ём акошкі.
Не хоча нас частаваць — пойдзем далей калядаваць!
Гаспадыня.
Я ж, дзеткі, пажартавала.
Я ўжо даўно гасцей чакала,
Заходзьце, калі ласка!
Гучыць музыка, дзеці ўваходзяць у залу.

Несцерка. Дзень добры ў гэту хату! Гаспадыня, а не прадасі ты нам хату на вечар?
Гаспадыня. Чаму ж не прадаць, калі ў цане сойдземся.
Несцерка. Бяры, гаспадыня, у плату цукерачкі ды абараначкі.
Гаспадыня. Не, не вазьму, зубкі баляць.
Несцерка. Тады хустачку прыгожую (накідвае на плечы).
Гаспадыня.
Ой! Вазьму! Дзякуй! Ну што ж...
Падарункі нашы, а хата — ваша.
Спявайце, гуляйце, Каляду сустракайце!

Песня «Тупу-тупу»
Дзеці.
Калядавалі, калядавалі,
У акенца заглядалі:
Ці шырокія сцены,
Каб нам патанцаваць?
Ці добрая гаспадынька,
Каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Хата шырокая, а частаваць вас пакуль няма за што.. Спачатку пацешце мяне, тады будзе відаць.
Дзеці
Усе хутчэй настаўце вуха,
Тупаць будзем «Весялуху».
Полька ёсць у нас такая,
Беларуская, ліхая!
Полька «Весялуха».

Гаспадыня. Дзякуй вам за вясёлы танец! Малайцы!
Несцерка. Дзякуй у кішэню не пакладзеш!
Мядзведзь.
Дык ты ж, гаспадыня, не скупіся,
Хутчэй крышку шавяліся,
Пакажы нам сваю ласку,
Пашукай для нас каўбаску!
Пахадзі ты каля печкі,
Пашукай нам перапечкі.
А да гэтага ўсяго — гарачэйшага чаго.
Гаспадыня.
Ласы на чужыя прыпасы —
I на каўбасы трэба закрасы.
Калі каляду праспяваеце,
Тады пачастункі атрымаеце.
Песня «Куць-куць»
Гаспадыня частуе.

Гаспадыня. Госцейкі дарагія! Здаецца, вы з Казою ішлі, дзе яна? Козачка, пакажыся, добрым людзям пакланіся! (Козачка кланяецца.) А няхай яна паскача, усіх у хаце павесяліць. А вы, дзеткі, дапамажыце ёй. (Дзеці становяцца паўкругам.) Песня «Калядкі»
У канцы песні Каза падае.

Гаспадыня. А што ж гэта з вашай Козачкай зрабілася? Можа яна занядужыла?
Дзеці.
Устань, Козачка, расхадзіся!
Гаспадыня ідзе, каўбасу нясе.
Гаспадыня. Не ўстае!
Дзеці.
Гаспадыня нясе сала,
Каб ты, Козачка, устала!
Гаспадыня. Не ўстае!
Дзеці.
Ідзе шэранькі ваўчок,
Схопіць цябе за бачок!
Каза ўстае.
Дзеці.
Давай, Каза, папрыгаем
Ды ножкамі падрыгаем!
Гульня з Казой

Каза. Ой, як я замарылася! Трэба адпачыць. (Ідзе ў куток.)
Гаспадыня. А хіба ж ты забылася, Каза, чаго ад цябе чакаюць дзеці? Ты павінна зрабіць надыходзячы год шчаслівым, ураджайным!
Каза. Добра, калі так, дам трошкі жыта для дабрабыту.
Ходзіць па зале, прыгаворвае і рассыпае жыта.
Святкуем Калядкі — лавіце зярняткі,
Каб моцна грэла сонца — кіну ў аконца.
I вы, госцейкі, майце ўсяго даволі
А бяды — ніколі.
Нікога не хвалюйце,
Усім цяпло даруйце!
Гаспадыня. Якая разумніца! Ідзі, я цябе пачастую. (Дае качан капусты, Каза кладзе ў мех, махае галавой і дзякуе: «Ме-ме-ме!»)
Мядзведзь. У-у-у. А мне гасцінцаў!
Гаспадыня. I табе гасцінцаў захацелася? Спачатку паслужы, што ўмееш, пакажы!
Ну-ка, пакажы Мішка, як гаспадыня цеста ў дзяжы месіць? (Мядзведзь садзіцца на падлогу і «таўчэ» кулакамі перад сабой.)
Як дзед табаку нюхае? (Апчхі.)
Як дзіця зацірку есць? (На галаву лье лыжкай)
Як дзяўчаты перад люстэркам упрыгожваюцца?
Як Янка на работу ідзе? (Ледзьве пераступае.)
Як з работы ідзе? (Бягом бяжыць.)
Гаспадыня. Ну і павесяліў ты нас, парагаталі ад душы — сапраўдны артыст! Але ж ведаю, гэта не ўсё, што ты ўмееш. Чула, што можаш басам спяваць прыгожа.
Мядзведзь. 3 задавальненнем праспяваю.
Песня Мядзведзя

Гаспадыня. I артыст ты, і спявак, можа, яшчэ і танцор?
Мядзведзь (усміхаецца, задаецца). Я музыку люблю. У народзе кажуць, што няздатны я да скокаў, касалапы, але гэта няпраўда.
Хо! Я мядзведзь-лесавік!
Я не маю чаравік
Ёсць валёнкі, ёсць і боты —
Ды люблю скакаць з ахвотай!
Паскачам разам?
Танец Мядзведзя.

Гаспадыня. Дзеці, ці зарабіў Мядзведзь гасцінцаў?
Дзеці. Зарабіў!
Гаспадыня (частуе). Вось табе мёду цэлую калоду.
(Да дзяцей.) Добра вы паскакалі, стаміліся. Сядайце, адпачніце, а я ўжо вас пачастую, даражэнькія. (У гэты момант у залу ўрываецца Чорт)
Чорт.
Мяне бацька паслаў,
Калядоўшчыкам каб стаў.
Не дадуць мне каўбасу —
Тады хату растрасу.
Гаспадыня. Каўбас няма, сала няма, нічога не дам!
Чорт. Ах так!
Каб нічога не было,
Каб і жыта не расло,
Каб людзей не частавалі,
Каб і гумны пуставалі!
Чорта б’юць, гоняць ад сябе, але ён усім перашкаджае.
Гаспадыня.
Каб масткі ламіліся ад каўбас,
А бліны і аладкі самі выскоквалі з патэльні!
Чорт.
Каб бліны не адставалі —
Да патэльні прыставалі.
Усе яго гоняць.

Гаспадыня.
Каб былі поўныя клеці яек,
А ў хлявах шмат жывёлы.
Чорт.
Каб вашы куры не нясліся, а квахталі,
Каб свінні не вяліся, а здыхалі.
Гаспадыня.
Каб мірна, весела жылося,
Пілося, елася і яшчэ хацелася.
Чорт.
Каб толькі па барадзе цякло,
А ў рот не пападала!
Гаспадыня (бярэцца за ўхват). Ах ты, чорт калматы, зараз па гарбу твайму ўпяку.
Мядзведзь (ловіць Чорта за хвост, выцягвае хвост на тры метры).
Чорт. Ай! Ой! Ой! Адпусціце, вельмі балюча!
Мядзведзь. Адпушчу, калі ты з намі пагуляеш.
Гульня «Перабежкi».
Хвост Чорта за канец трымае Мядзведзь. Дзеці прабягаюць пад доўгім хвастом Чорта, а ён разам з Мядзведзем імкнецца злавіць іх, апускаючы хвост.
У концы гульні Чорт уцякае за дзверы.


Гаспадыня. Ну вось, ад нячысціка пазбавіліся. Можна свята працягваць.
Дзіця.
Павіншуе вас сягоння
Наш ансамбль «Малышок».
Ігра на музычных інструментах.
Гаспадыня. Малайцы, дзеці! Сапраўдныя артысты! (Гучыць цыганская музыка, раздаецца стуку дзверы.)
Ой, нехта стукае. Пайду, пагляджу, добрага чалавека ў госці паклічу.
Уваходзіць цыганка.
Гаспадыня. А што, ці холадна на дварэ?
Цыганка. Ой, холадна! Дазвольце станцаваць, каб сагрэцца.
Цыганскі танец.
Цыганка. А што гэта. за свята без варажбы? (Звяртаецца да гаспадыні.) Давай, залаценькая мая, я табе паваражу. Што было, што ёсць што яшчэ будзе, скажу. Давай далонь. Пакладзі сюды тры грошыкі — будзе ў цябе тры хлопчыкі Пакладзі сала кусок — будзе грошаў мяшок.
Гаспадыня. Не хачу, каб ты мне варажыла, усё роўна падманеш!
Цыганка. Ну і не трэба. Пайду да Казы з Мядзведзем. Хочаце ведаць, ці будзеце ў згодзе ў гэтым годзе? (Чуецца адказ прысутных: «Так!») Ну тады хадзіце сюды, зараз праверым.
Гульня «Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе».
Дзеці парам! садзяцца на стульчыкі спіна да спіны. Па сігналу яны паварочваюць галовы адзін да аднаго. Калі дзеці павярнулі галовы ў адзін бок — значыць, жыць будуць у згодзе, калі не — згоды не будзе. Кожнай пары пажадана закончыць гульню, калі яны павярнуць галовы ў адзін бок.

Цыганка. Дзеці, а вам паваражыць? (Дзеці згаджаюцца.) Вось у мяне гаршчочак, ён незвычайны, чароўны.
Гаршчочак з вяршочак,
Скажы нам, дружочак,
Што збудзецца, здзейсніцца,
Што нас чакае?
(Ходзіць па зале, прыгаворвае, падыходзіць да каго-небудзь з дзяцей. Дзіця дастае ручнік.)
Цыганка. Ручнік далёка рассцілаецца — чакае цябе дарога, падарожжа, шлях. (Ходзіць зноў, дастае булку)
Мыш у сенях бяжыць, каравай у хату нясе—у тваёй хаце багацце будзе, дабрабыт. (Ходзіць, дастае пярсцёнак)
Сейце муку, пячыце будкі — да цябе ідуць жаніхі, (Ходзіць, дастае стужку.)
Стужка — да багацця. (Ходзіць, дастае гузік.)
Жыць табе ў вялікай шчаслівай сям’і.
(Гучыць музыка, у залу на мятле ўлятае Ведзьма)
Гаспадыня. Ой, Ведзьма прыляцела! Толькі цябе тут не хапала!
Ведзьма. Без мяне думалі абысціся? Без нячыстай сілы?
Гаспадыня. Мы напярэдадні свята жадаем пазбавіцца ад рознай нечысці, ад усяго дрэннага, а тут цябе чорт прынёс на мятле.
Ведзьма. Хіба ж я вам не падабаюся? Я такая прыгажуня! Праўда, дзеткі?
Падгаворвае дзяцей, каб яны адказалі: «Так».
Гаспадыня. А што ты у дзіцячым садзе?
Ведзьма. Прыляцела наймацца на работу.
Гаспадыня. Вось добра! Нам якраз прыбіральшчыца патрэбна!
Ведзьма (збянтэжана). Не, я выхавальнікам буду! У мяне і маленькі падручнік ёсць. Зусім такі маленькі. (Дастае вялікіх памераў кнігу)
Гаспадыня. А чаму ж ты будзеш дзяцей вучыць?
Ведзьма. Ой, мая навука складаная, але вельмі цікавая — «Паскудствазнаўства!». Ну што, дзеці, патрэбны вам такі педагог? (Дзеці адказваюць.) Згаджайцеся, весялей жыць будзе.
Гаспадыня. Ну што ж, зараз мы паглядзім, які з цябе выхавальнік.
Ведзьма. Калі ласка. Так, дзеці, першае заданне — тупанне і плясканне. (Па яе загаду дзеці спачатку моцна тупаюць, потым пляскаюць у далоні.)
Другі занятак! Слухайце заданне — хлопчыкі высоўваюць языкі, дзяўчынкі ставяць рогі. (Усе адначасова скачуць на месцы под музыку.)
Ведзьма. Наступны занятак вельмі цікавы — практыкаванне для голасу. Зробім маленькі звярынец. Хлопчыкі будуць крычаць, як пеўні. Дзяўчынкі будуць мычаць, як каровы. А ведзьма — як авечка. Хто мацней? (Усе трымаюцца за галаву)
Гаспадыня. Які жах! Што ты тут нарабіла?
Ведзьма. Нічога. Усё ў парадку. Паглядзіце, як дзецям добра. Ды з маімі здольнасцямі стану нават загадчыцай.
Гаспадыня. Такія здольнасці нам не патрэбны.
Ведзьма. Не патрэбны?! А можна я яшчэ вам што-небудзь пакажу?
Гаспадыня. Зноў паскудствы?
Ведзьма. Не, не... Слухайце. А вы ведаеце, ёсць такая прыкмета: хто на Каляды чыхне, той здаровы увесь год пражыве? Паспрабуем? Тры-чатыры: «Апчхі!»
(Да гасцей.) А вы, госцейкі дарагія, хочаце быць здаровымі? Тады, калі ласка: Апчхі! Будзьце здаровы! (Ведзьма нясе вядзерца з вадой і мятлой)
Гаспадыня. Што гэта ў цябе?
Ведзьма. Снегу трошкі растапіла. Хто навагоднім снегам акропіцца, той цэлы год хварэць не будзе. (Бегае па зале, брызгае вадой.)
Я люблю вас і шкадую.
Са мной свята весялей!
Не краду я больш дзяцей,
3 дзеткамі гуляю,
Дзетак забаўляю.
Гульня «Ведзьма і памяло».
Дзеці танчаць парамі пад беларускую музыку. Ведзьма танцуе з мятлой. Калі музыка спыняецца, яна пакідае мятлу, хуценька шукае сабе пару сярод дзяцей, якія тым часам таксама знаходзяць сабе новую пару. Каму не хопіць пары, танцуе з мятлой.


Гаспадыня.
Музыка, гучы хутчэй,
Праспяваем весялей.
Гучаць прыпеўкі.
Гаспадыня.
Божа ж мой, здаецца штосьці,
Што паснулі нашы госці?!
Не паснулі, госцейкі? (Не.)
Ну, тады...
Грайце полечку, музыкі,
Хай паскачуць чаравікі.
Госці і дзеці ўтвараюць круг.
Гаспадыня.
Полька управа — акуратна,
Полька ўлева — далікатна.
А цяпер, паны, паненкі,
Мы бяромся за каленкі.
Зараз пойдзем: усе ўпрысядку
I ўчэпімся за пяткі.
На двары трашчыць мароз,
Грэем мы суседу нос.
На Калядах мы не тужым,
Крэпка возьмемся за вушы.
А цяпер пайшлі ў скокі,
Круцімся ў розныя бокі.
У залу ўбягае мяшок, скача, бегае,усе глядзяць, здзіўляюцца.
Несцерка.
Стой, мяшок! Спыніся!
Хто сядзіць там, пакажыся!
Мяшок.
Сёння свята ля варот -
Будзе ўсё наадварот (уцякае).
Несцерка.
Пакружыся, павярніся,
Каля печкі супыніся.
З мяшка выглядае Чорт.
Несцерка. Дык гэта ж Чорт.
Чорт. Вядома, Чорт.
Гаспадыня. Вось зараз я цябе патэльняй (бяжыць да печы). Божа ж мой, божа! Былі бліны, аладкі ды зніклі.
(Да Чорта.) Ты схаваў?
Чорт. Схаваў, схаваў.
Гаспадыня. Пакажы, дзе.
Чорт. Не пакажу, не пакажу.
Гаспадыня. Зараз я цябе патэльняй па баках...
Чорт (да дзяцей). Ну пажартаваў я! Аддам пачастункі (бяжыць да дзвярэй, выцягвае мех, дастае падушку, коўдру і кладзецца спаць).
Гаспадыня. Вось, нячысцік, падмануў нас.
Несцерка. Не хвалюйся, зараз мы яго разбудзім.
(Да дзяцей.) Дзеці, давайце патупаем нагамі ды папляскаем у далоні, Чорт спалохаецца і прачнецца. (Дзеці выконваюць.)
Чорт. Адчапіцеся ад мяне! Паспаць не дадуць!
Гаспадыня. Аддавай бліны!
Чорт. А разлічвацца чым будзеце? Давай, баба, грошы! Ды не звінячыя, а шалясцячыя.
(Гаспадыня ганяе Чорта.) Давай, баба, каўбасу; а то хату растрасу!
Гаспадыня. Што ты, якія ў мяне каўбасы? А на цукеркі ты не ласы?
Чорт. Так, так, цукеркі я яшчэ больш за каўбасу люблю.
Гаспадыня. Ну дык давай, хвастаты, аладкі. Дзе схаваў?
Чорт. Ну добра, так і быць (нясе з-за дзвярэй).
Гаспадыня частуе прысутных.
Госці.
Дзякуй за пачастункі,
А мы пойдзем далей калядаваць.
Добрых людзей са святам вітаць.
Гаспадыня.
Шчасліва хадзіце,
Здаровы бывайце,
У наступным годзе
Зноў завітайце!

Дадаткі

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ПАНЕНАЧКА!
1. Добры дзень, паненачка!
Адчыні акеначка.
Чым жа будзеш дараваць?
Чым жа будзеш частаваць?
Прыпеў:
Каляда, Каляда, ты душа,
Так і гэтак хараша, хараша.

2. Дайце, дайце каўбасу —
Аднясём мы Міхасю.
Дайце, дайце скварачку—
Аднясём мы Яначку.
Прыпеў.

3. Не дай доўга нам стаяць,
На двары сняжок таптаць.
Бо кароткі світачкі,
Ды памёрзлі лытачкі.
Прыпеў.

ТУПУ-ТУПУ
1. Да дзяцей у госці
Каляда бяжыць.
Тупу-тупу-тупу,
Каляда бяжыць.

2. Каляды-калядкі
Былі весялы.
Тупу-тупу-тупу,
Былі весялы.

3. Каляда бяжала,
На куццю папала.
Тупу-тупу-тупу,
На куццю папала.

КУЦЬ-КУЦЬ
1. Як у нашай гаспадынькі
Ды куццю таўкуць.
Як да нашай гаспадынькі
Шчадраваць ідуць.
Куць, куць, куць, куць,
Шчадраваць ідуць.

2. Ой, багата, ой, багата
Куцця на стале,
Усе зараз пачастуем
Смачную яе.
Куць, куць, куць, куць,
Смачную яе.
Хай жа нашай гаспадыньке
Бог шчасце дае!

ГУЛЬНЯ 3 КАЗОЙ
Ой, Козачка белая,
Ой, Козачка шэрая,
Па ляску гуляла
Ды ў танец запрашала! Ме-ме-ме!

Каза рухаецца ў сярэдзіне круга. Дзеці стаяць і спяваюць. 3 заканчэннем песні Каза падыходзіць да дзяўчынкі ці хлопчыка, спявае «Ме-ме-ме» і выводзіць у круг. Дзеці ланцужком рухаюцца за Казой. Зноў гучыць музыка. Гульня працягваецца.

ПЕСНЯ МЯДЗВЕДЗЯ
1. Навучу вас танцаваць,
Трошкі касалапа.
Потым буду зноў спяваць
Ды смактаці лапу.
Усміхнёмся ўсім суседзям,
Ад вуха да вуха.
То хлусня, бо мы, мядзведзі,
Усе з музычным слухам.

2. Пятку ставім на насок,
Потым зноў на пятку.
Той, хто малы, і хто высок,
Пачынай прысядку.
Пахістаем галавой,
Лапамі памашам
Ды патупаем нагой,
То адной,а то другой
На Калядах нашых.

У гэтым і наступных дадатках прыводзяцца беларускія народныя песні, сабраныя і апрацаваныя Маладзечанскім народным ансамблем «Спадчына».



Яшчэ на гэту тэму:

Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...     Каляды