сцэнарыі святаў на беларускай мове

Дзмітрый КЛЯБАНАЎ, кандыдат філалагічных навук, выкладчык Ягелонскага універсітэта ў Кракаве, Валянціна СКІБА, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай працы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Роднае слова 12. 2007

"І сняцца сны аб Беларусі..."

Літаратурна-музычная кампазіцыя прысвечаная Янку Купалу

Гучыць прыгожая музыка (цымбалы), вучні-акцёры выходзяць па чарзе на сцэну, у руках трымаюць запаленыя свечкі, сядаюць у крэслы, расстаўленыя ў шахматным парадку на сцэне, музыка сціхае.

Акцёр 1-ы. Янка Купала... Для кожнага жыхара нашае сінявокае Беларусі гэтае імя гучыць неяк па-асабліваму, надзвычай меладычна, песціць слых і абуджае ўспаміны-летуценні.
Успаміны гэтыя няўлоўныя, лёгкія, як сон на світанні, як апошняя зорка-знічка ў ранішнім небе. Як буслаў клёкат на старой разгалістай ліпе, што стаіць пасярэдзіне жытнёвага поля. Як булькатанне сцюдзёнай крыніцы ў зацені дрэў. Як белае покрыва туману на пагорках і ўзлесках.
Акцёр 2-і. Янка Купала... Гэта папараць-кветка, што ўзрасла на нашай зямлі, што заззяла незвычайным бляскам, шчодра адорваючы занядбаны край цеплынёю, святлом, любоўю і пяшчотаю.
У народзе кажуць: раз на год, у ноч на Івана Купалу, расцвітае ў гушчары незвычайная, чарадзейная папараць-кветка. Хто знойдзе яе, заўсёды будзе шчаслівы. Кветка гэтая ўзышла, яе промні асвятлілі беларускую душу. Гэта Янка Купала.
Галоўным жаданнем яго было агарнуць родны край любоўю і шанаваннем, даць надзею знявераным, прытуліць занядбаных, абагрэць пакрыўджаных. Каб распраміліся плечы, заіскрыліся вочы, каб моцна збіліся сэрцы, каб загучала песня...

Чытальнік 1-ы (дэкламуе пад музыку).

Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні,
Хоць ты выгані, пан, з хаты, -
Буду пець я свае песні
Ці то ў будні, ці то ў святы!

Думкі, оды пець я буду,
Каб усякі весяліўся,
Каб для гэтага тут люду
Свет інакшы адчыніўся!

Каб на полі ці на лузе,
Ці працуючы ля дому,
Ці у лесе, ці пры плузе
Пеў ён песні па-сваёму!

Каб ніколі не цураўся
Сваёй родненькае мовы,
У якой узгадаваўся,
Хоць забыўся дзеля новай.

Дык пець буду табе, людзе,
Каб працёр свае ты вочы!
-А шмат лепей табе будзе,
Як адрозніш дзень ад ночы.

Акцёр 3-і. У Яся Луцэвіча, як і ў кожнага чалавека на гэтым свеце, пачыналася ўсё з дня нараджэння, але Вязынкі ды невялічкай хаткі над рачулкай Ясь зусім не памятаў. Дык калі яго, Ясева, сапраўднае жыццё пачалося? Можа тады, калі ўпершыню пачуў гучанне свайго верша з вуснаў выдаўца-рэдактара газеты "Се­веро-Западный край"? А можа тады, калі апякла яго думка: "Мне трэба быць Купалам, мне трэба знайсці купальскую кветку шчасця. Я той, каму шукаць яе, - для сябе, для мужыка".
Акцёр 4-ы. Маці ўздыхала: "Дзеткі, дзеткі, і захацелася табе гэтага лёгкага хлеба". I гучыць у вуснах маці асуджэнне. А вось ужо надрукаваны верш "Мужык" поруч з апавяданнем "Тры сыны" Льва Талстога. Больш віднага месца ў газеце, чым поруч са славутым пісьменнікам, не было. Вось і няма ўжо Яся, няма Івана Дамінікавіча Луцэвіча. Затое ёсць паэт Янка Купала.
Яго душа не магла без кнігі, не магла без радкоў, што станавіліся строфамі, вершамі. А праца на бровары - неспакой, клопат, бегатня. Потым Янка Купала напісаў: "Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ не меў". Універсітэтам Янкі Купалы было само жыццё.
Чытальнік 2-і (дэкламуе пад ціхую музыку некалькі строфаў верша "Мая навука ").
Акцёр 5-ы. Любоў узвялічвае сэрца, робіць яго чулым, спагадлівым. Каханне нясе не толькі замілаванне, але і смутак, боль... Немагчыма любіць, не ўмеючы кахаць...

Чытальнік 3-і (дэкламуе пад музыку).

Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
Не чаруй так сабой і наяве і ў сне!
Ты смяешся з мяне... Дык ідзі ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!

Погляд вочай тваіх душу змучыў маю,
-Праз яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так.
---------------------------------
Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;
Не мая ты цяпер і не будзеш маёй.
Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,
Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!

Чытальнік 4-ы (дэкламуе пад музыку).

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
3 гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, —
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Так песціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, -
Як і маці не песціць дзіцё - як спаўе,
Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таемных,
-Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
I такую ўзлажыў ёй з кахання карону,
-Як і неба з зямлёю, на Божы загад,
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў,
-Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор,
Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!

Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё –
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
I пад ногі ёй кінуў жыццё свае ўсё ...
--------------------------------------
А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..

Акцёр 6-ы. Жыццё не было ласкавым да Янкі Купалы. Шмат у ім было нягод, лес неаднойчы выпрабоўваў яго на трываласць, на ўменне трымаць удар.
Але Янка Купала не саступаў... Ён тварыў, натхнёны вялікаю ідэяю - убачыць свабодную Беларусь са шчаслівым народам. Нічога больш не патрэбна для шчасця - вывесці край з занядбання. Але не прагнуў славы для сябе, бо сціскалася сэрца ад гароты людской...
Чытальнік 5-ы (дэкламуе пад музыку верш "Я не паэта ").
Акцёр 7-ы. Быў бы шчаслівы Янка Купала... Але не мог, бо бачыў прыгнёт, прыгнёт не столькі матэрыяльны, колькі духоўны. Паэта трывожыла тое, што народ беларускі нібыта ў зачараваным сне, што надзвычай цяжка аказалася дазвацца яго.
Як у моры, ў белым снегу,
Без днявання, без начлегу,
У бездарожжа, ў беспрыстанне
Едуць, едуць паязджане.

Акцёр 8-ы. А знайшліся і зласліўцы, якія пачалі нашэптваць: кінь, супакойся, не марнуй свае лепшыя дні. Былі і такія, што не разумелі, нашто растрачваць свой талент на заклікі да народа, які нікому не патрэбны як народ. Чаму гэта Янка Ку­пала так сумуе, чаму няма імпэту і весялосці ў яго песнях?

Чытальнік 6-ы (дэкламуе пад музыку).

Вы кажаце: надта пяю я нявесела,
Пацехаў ніякіх не бачу ў людзей...
Пакіньце смяяцца! Вас праўда не ўсцешыла,
Няпраўды ж не знаю ў душы я сваёй.

Як пеў я дагэтуль, так пець не сцураюся,
Жальбою маркоцячы песню сваю,
Я ў долю народа свайго узіраюся
I толькі аб гэтым для вас тут пяю.

Няхай свет пазнае ўсе песні бяздольніка,
Хай вораг-мучыцель дрыжыць з праўды слоў,
Быць вольным хай родзяцца думкі ў нявольніка,
Хай быць чалавекам захоча брат мой.

Чытальнік 7-ы (дэкламуе пад музыку).

Я не для вас, паны, о не,
У час вольны песенькі складаю, —
Што спала ў сэрцы там на дне -
Буджу і ў свет на суд пускаю.
Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Падчас збываюся спакою,
Калі ў вачах сляза блісне,
Маркотнай вызвана душою,
-Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Свае дні лепшыя марную,
-У вечнай з мукамі вайне
Жыву і радасці не чую
-Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Падняць скібіну слова рвуся
На запусцелым дзірване
Сваёй старонкі Беларусі,
Я не для вас, паны, о не!

Акцёр 9-ы. Прыйшлі часы, калі да папараць-кветкі беларускага народа пацягнуліся заляпаныя крывёю рукі. Кветку хацелі збэсціць, пагасіць яе бляск, стаптаць, змяшаць з брудам. Купала змагаўся, але сілы былі няроўныя...
Чытальнік 8-ы (дэкламуе пад музыку верш "... О так! Я— пралетар!..").
Акцёр 10-ы. Янка Купала зваў з цемры да святла.  . Ён заклікаў нас людзьмі звацца...
А людзі, глянуўшы на сонца, адказ казалі грамадой: "Па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?"
Акцёр 11-ы. Сэрца паэта перастала біцца 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве. Праз тысячу шляхоў адчула гэта матчына сэрца і спынілася - праз два дні пасля смерці сына. Хавалі іх у адзін дзень.
Акцёр 12-ы. Не збярог беларускі народ сваю папараць-кветку. Сышла яна. Зноў блукаем у цемры, але ўжо не безнадзейныя, бо над намі гучыць малітва Янкі Купалы - малітва за ўсіх нас, за Беларусь...

Гучыць песня "Малітва" на словы Янкі Купалы. Пачынае мужчынскі голас, на другім куплеце ўступае дзявочы. Трэці куплет дэкламуецца пад музы­ку. Напрыканцы гучыць двухгалоссе... Усе акцёры, чытальнікі, удзельнікі кампазіцыі, устаюць з крэслаў і падымаюць свечкі. Дзеянне суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй, на якой дэманструюцца партрэты песняра розных перыядаў яго жыцця.



Яшчэ на гэту тэму:

"Ён і сёння з намі, наш Купала"     "Я адплаціў народу, чым моц мая магла..."