сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. В. СУДАРЫКАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі Крынкаўскай сярэдняй школы імя М. Ц. Лынькова Лёзненскага раёна. Беларуская мова і літаратура 7/2017

«Зямля бацькоў — зямля святая»

Інтэлектуальная гульня-віктарына для вучняў IX—XI класаў

Мэты: пашырыць веды пра гістарычнае мінулае нашага беларускага краю, яго этнаграфічную, культурную спадчыну; стварыць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, фарміравання іх камунікатыўнай культуры; выхоўваць грамадзянскасць, пачуццё гонару за Радзіму.
Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, камп’ютар, плакаты.
Эпіграфы:
1) Беларусь мая, ты адзіная,
Перад кім на каленях стаю:
Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,
Лёгка — жыць у славу тваю.
Уладзімір Караткевіч.
2) Зямля бацькоў, мая зямліца,
Блакітны ранак над табой.
Ты мой выток, мая крыніца,
I я — навек сын верны твой.

...Плыве пах кветак і жывіцы,
Не ціхне песня салаўя,
Дазволь жа нізка пакланіцца
Табе, бацькоў маіх зямля.
Іосіф Скурко.

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Якая прыгожая назва ў нашай краіны — Беларусь. А яшчэ мы завём яе Радзімаю, Бацькаўшчынай. Радзіма — бо мы тут нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына — бо яна засталася нам ад бацькоў нашых, дзядоў, прадзедаў... I так аж да самых далёкіх продкаў. Радзіма... Няма прыгажэйшай краіны, чым мая Беларусь. Яна ў сэрцы кожнага, яна ў сэр- цьі тваім і маім.
Першы і другі чытальнікі выконваюць верш «Мая Беларусь» Янкі Золака.
Першы чытальнік.
Беларусь для мяне — мая родная маці,
Што ў залочаны восені цвет
У сялянскай з лучынаю хаце
Нарадзіла мяне на свет.

Беларусь для мяне — гэта шчырая вера,
Гэта сэрца сыноўняга стук.
Беларусь для мяне — гэта звонкая лера
I цымбалаў раскацісты гук.

Беларусь для мяне — гэта белыя зімы
I вясновы бурлівы разліў;
Васількі ў жытох гаманлівых,
Водар бэзаў, антонавак, сліў.

Беларусь для мяне — гэта восень з кастрыцай,
Верацёнаў гудзенне, красён перастук;
Кужаль, вытканы мамай, сястрыцай,
Гэта плёны ад працы мазолістых рук.

Другі чытальнік.
Беларусь для мяне — гэта слуцкія ткаллі,
Што прыгожыя ткуць паясы;
Гэта рэк і азёраў празрыстыя хвалі,
Белавежская пушча і Пінска лясы.

Беларусь для мяне — гэта нафта Палесся
I капальні калійнае солі;
Гэта спевы птушыныя ў лесе
I палеткаў шырокіх прыволле.

Беларусь для мяне — Каліноўскі,
Скарына, Багушэвіч, Купала і сотні такіх,
Каго гора-бяда не скарыла,
Хто ніколі не зрокся сваіх.

Беларусь для мяне — гэта спеўная лера
I крынічка, што з лесу бяжыць;
У свой край непахісная вера,
Што ён жыў, і жыве, й будзе жыць.

Другі вядучы. Калі спытаюся, ці любіце свой родны край, то, безумоўна, вы адкажаце: «Так, люблю». Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Нельга палюбіць маці-зямлю без глыбокага і шырокага пазнання ўсяго яе аблічча»... Сённяшнюю нашу віктарыну мы правядзём у форме інтэрактыўнай гульні, у час якой звернемся да гісторыі нашага краю, вядомых людзей, якія праславілі яе ў стагоддзях, архітэктурнай спадчыны Віцебшчыны, этнаграфіі, абрадаў і традыцый беларусаў.
Трэці чытальнік( выконвае верш «Адна зямля» Таісы Трафімавай).
Зямля бацькоў — цудоўная зямля.
Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.
Да скону дзён і зблізку і здаля
Табою, любы край, мне ганарыцца!

Адна зямля ў нас з табой. Адна.
Дае нам сілы чыстая крыніца.
Куды б мяне дарога ні вяла,
Табе хачу я нізка пакланіцца.

Мой край рамонкаў, сініх васількоў,
Тут плакаць і смяяцца можна ўволю.
Тут сустракаюць дарагіх сяброў
I песняй звонкаю, і хлебам-соллю!

Першы вядучы. Ітак, мы пачынаем. Першы раўнд называецца «А ці ведаеце вы?» і датычыць гісторыі Беларусі.

А ці ведаеце вы?

1. Адкуль паходзіць назва Беларусь? (Тлумачэнне можна шукаць у латыні, дзе белым колерам азначалі кагосьці прыязнага, сяброўскага. Але гэта было толькі першапачаткова. Існавалі Чорная ды Чырвоная Русь. Для заходнікаў фактычна Белая Русь — гэта далёкая тэрыторыя. Белае азначае ‘высокае, нейкі пік'. Мяркуюць, што гэта назва прыжылася на тэрыторыі, якая раней называлася проста 'верх, тая, адкуль цякуць рэкі'.)
2. Вялікае Княства Літоўскае — дзяржава ад мора да мора. Ад якога мора да якога? (Ад Балтыйскага да Чорнага.)
3. У якім горадзе знаходзілася першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага? (У Навагрудку.)
4. У XII ст. на беларускіх землях утварылася Вялікае Княства Літоўскае. Адным з самых моцных кіраўнікоў яго быў гэты князь. Пры ім ВКЛ стала найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавай. Аўтарытэт яго быў настолькі вялікі, што недзе каля 1410 г. імператар Святой Рымскай імперыі Жыгімонт і сам Папа Рымскі Марцін шукалі яго падтрымкі і прапанавалі яму каралеўскую карону, але перад каранацыяй ён памёр. Назавіце імя гэтага князя. (Князь Вітаўт.)
5. У якім горадзе знаходзіцца самы знакаміты замак Беларусі? (У Міры.)
6. Каму належаў Нясвіжскі замак? (Князям Радзівілам.)
7. Які горад называюць сэрцам беларускага Палесся? (Тураў.)
8. Якую кодавую назву мела летняя (1944 г.) стратэгічная наступальная аперацыя Савецкай Арміі па вызваленні Беларусі? (Баграціён.)
9. Якое дзяржаўнае свята адзначаецца 15 сакавіка? (Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.)
10. Калі святкуецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь? (3 ліпеня.)
11. Хто з'яўляецца аўтарам музыкі і тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь? (Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча, Уладзіміра Карызны.)
12. Гэтым будынкам можа ганарыцца кожны грамадзянін нашай краіны. «Храм навукі» мае агульную плошчу 112,6 тыс. квадратных метраў. На 22 паверсе знаходзіцца закрытая назіральная пляцоўка «Панарама». Які гэта будынак? Дзе ён знаходзіцца? (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, знаходзіцца ў Мінску.)

Другі вядучы. Наступны тур «Славутыя людзі Беларусі» прысвечаны тым беларусам, якія праславілі ў свеце нашу Радзіму. Вам неабходна па вершаваных радках даведацца, аб кім ідзе размова.

Славутыя людзі Беларусі

1.
Славу ткалі гады. На крывіцкай зямлі
Панавалі і шчасце, і згода...
У харомах сваіх на пацеху ўсім
Вырастала дачка Рагвалода.

Залацістыя косы ёй сонца дало,
Дало неба ёй сінія вочы;
На квяцістым лугу за вішнёвым сялом
Дала лілія стан ёй дзявочы.

Навучыла жыццё волю светлую піць
I ніколі не знацца з прымусам.
Навучыла зямлю, як радзіму любіць,
Як любіць крывічан-беларусаў.
Лявон Случанін.
(«Рагнеда».)

2.
У яго княжанне дзяржава дасягнула найбольшай магутнасці. «Не чалавек, а ваўкалак», — гаварылі пра яго. Сапраўдным помнікам яму можна назваць пабудаваны ім у Полацку Сафійскі сабор. (Усяслаў Чарадзей.)

3.
Веі замружу, і ўбачыцца вечар —
Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя над Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.
.................................
Полацк драўляны. Малінавы звон...
Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?
Можа, твой майстар на холад муроў
Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк праменны, дыханне надзей,
Каб засталося святло для людзей?!
Што ты хацела на роднай зямлі?
Ды цішыні. I стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.
Толькі аблокаў павольны цяжар.
Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім
Позірк зямлячкі маёй, ....
Навум Гальпяровіч.
(Ефрасіння Полацкая.)

4.
Сусветную славу яму здабылі
Кнігі, якія жывуць у стагоддзях.
Першадрукар беларускай зямлі
I слова народнага першапраходзец.
Роднае слова адчуў ён душой,
Яно асвяціла і думкі і сэрца.
Маладзіком над зямлёй узышоў,
Якая спрадвек Беларуссю завецца.
Схіліўся над кнігай, як чарадзей,
Іх выдаў у Вільні, у Празе нямала.
Кніжную мудрасць ён нёс для людзей,
Каб мудрасці гэтай святло не згасала.
Юрась Свірка.
(Францыск Скарына.)

5.
У цішыні прымроіўся ён мне:
Нібы з'явіўся ў роднай старане,
Бы прыскакаў на бронзавым кані,
Расой абмыўся на святой зямлі
Ад Мураўёва-катавай пятлі,
Яму заззялі сонца прамяні, —
Паўстаў прыгожы, дужы, малады,
Бы й не было жахлівае бяды.
На Беларусь ён з Вільні прыскакаў,
Красу-Марыську гучна пагукаў.
I спрахлі каты, следу іх няма,
I шыбеніца спрахла, і турма, —
«Мужыцкай праўды» не перажылі,
То і не ўсё так хістка на зямлі!..
Васіль Жуковіч.
(Кастусь Каліноўскі.)

6.
Спавітаму у кужаль немаўляці
Знаёмы і ад зморы ледзь жывы
Ласкавы голас маладое маці
Расказваў казку пра курган сівы...

Змянялі лета восені і зімы,
Завеі замяталі след у след,
Шляхамі заняволенай радзімы
Пайшоў Прарок з жалейкаю у свет.

Спазнаў ён і знявагу, і нягоду,
У горы матчыныя песні прыгадаў,
I ў спадчыну пакутніку-народу
Усё, што ў сэрцы спела, перадаў.
Сяргей Грахоўскі.
(Янка Купала.)

Гучыць песня «Спадчына» (сл. Янкі Купалы, муз. I. Лучанка).

7.
Пакінуць вас не маю сілы
і чую ціхі шэпат хваль:
«Мой родны кут!
Як ты мне мілы,
як ты мне любы, родны край!»
Вера Ляцецкая.
(Якуб Колас.)

8.
Маляваў ён
не ў вазе лотаць
і не вулічную любоў,
ён вучыў чалавецтва лётаць,
з рук пускаючы, як галубоў!

На зямлі — адны каранціны,
мытні ўсюды, і не прасі,
каб вярнулі яго карціны.
I карціны — на небясі,

дзе прафесарам з добрым стажам,
расхінаючы бель аблок,
Млечным Шляхам, як Эрмітажам
задуменна праходзіць Бог.
Міхась Скобла.
(Марк Шагал.)

9.
Каласы ўжо чакалі сярпоў.
Незабыўны той час, незваротны.
Адышоў?
Не — дадому пайшоў,
Задуменны, шчаслівы, гаротны.
Ты ляжыш пасярод зямлі,
I вярба, і чазенія ў скрусе.
Быў.
Ёсць.
Буду.
Не будзеш калі —
Значыць, Бог уцячэ з Беларусі!
Алег Салтук.
(Уладзімір Караткевіч.)

10.
Час стагоддзі, як касой сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...
Ўсё мінае — Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.

Калі сонца выб'ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.
Уладзімір Караткевіч.
(Васіль Быкаў.)

Гучыць песня «Радзіма мая дарагая» (сл. А. Бачылы, муз. У. Алоўнікава).

Першы вядучы. Віцебская зямля стала калыскай беларускай дзяржаўнасці. Тут знаходзяцца старажытныя беларускія гарады: Полацк, заснаваны ў 861 годзе, Віцебск — у 974, Орша — у 1067-м.
Наступны тур віктарыны прысвечаны архітэктурнай спадчыне Віцебшчыны.

1. Гэты сабор з'яўляецца цэнтрам праваслаўнай культуры. Закладзены ў 1044 годзе князем Усяславам Чарадзеем. У саборы прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі княжы скарб і заснаваную князем Ізяславам бібліятэку, узаконьвалі пячаткай сталічнага горада гандлёвыя дамовы. Пра які сабор ідзе гаворка? (Сафійскі сабор у Полацку.)
2. Гэтая царква, якая была ўзведзена ў XII стагоддзі, адзіная, якая ў поўным аб'ёме дайшла да нашых дзён, помнік гісторыі і культуры Полацкай зямлі канца X — першай трэці XIII стагоддзя. Гэта самае старажытнае збудаванне на тэрыторыі Полацкага манастыра. (Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Пабудавана ў 1150-х гг.)
3. Выбітны ўзор ювелірнага мастацтва, зроблены ў 1161 г. Лазарам Богшам з кіпарысавага дрэва, залатых пласцінак, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 эмалевымі іконкамі ў найтанчэйшай тэхніцы. Што гэта за каштоўнасць? (Напрастольны Крыж Ефрасінні Полацкай.)
4. Які лёс напаткаў напрастольны Крыж Ефрасінні Полацкай? (Няпросты лёс напаткаў Святыню. Шмат разоў Крыж змяняў уладальнікаў і месцазнаходжанне. Ужо на мяжы XII—XIII стагоддзяў яго вывезлі з Полацка смаленскія князі,у XVI ст. Крыж трапіўу рукі цара Івана IV Жахлівага, які, як толькі прачытаў закляцце, вярнуў яго ў Полацк. У 1579 г. войскі караля Стэфана Баторыя занялі горад. Святыня захоўвалася ў Сафійскім саборы, які належаў уніятам. Пасля скасавання уніі Крыж зноў заняў сваё месца ў Спаскай царкве. 3 1929 года святыня знаходзілася ў Магілёве. 3 самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 г. Крыж знік, пра яго месцазнаходжанне выказваюцца розныя версіі.)
5. Хто аднавіў Крыж? (У 1997 г. Крыж аднавіў брэсцкі мастак Мікалай Кузьміч.)
6. Аршанскі праваслаўны мужчынскі Свята-Багаяўленскі Куцеінскі манастыр заснаваны ў 1623 годзе. Чыя вядомая друкарня дзейнічала пры гэтым манастыры? (3 1630 г. пры манастыры дзейнічала вядомая друкарня Спірыдона Собаля.)
7. Гэты маёнтак, размешчаны за 16 кіламетраў ад Віцебска, набыў у 1892 г. вядомы рускі мастак Ілья Яфімавіч Рэпін. Да 1900 г. ён праводзіў тут свае летнія сезоны, у час якіх створаны шэраг знакамітых твораў. Пра які маёнтак ідзе гаворка? (Здраўнёва.)
8. На Пакроўскай вуліцы ў Віцебску знаходзіўся дом, пабудаваны ў пачатку 1900-х гадоў, у якім правёў свае юнацкія гады знакаміты мастак. Сёння тут размяшчаецца дом-музей славутага майстра. Хто гэты мастак? (Дом-музей Марка Шагала і помнік мастаку.)
9. На левым беразе Заходняй Дзвіны княгіняй Вольгай быў заснаваны праваслаўны храм. Пабудавалі яго ў 1120—1130 гг. дойліды з Візантыі. Паводле падання, у гэтай царкве бралі шлюб Аляксандр Неўскі з полацкай князёўнай Параскевай, пляменніцай Ефрасінні Полацкай. У час Вялікай Айчыннай вайны храм быў моцна пашкоджаны, а ў 1961 г. узарваны. Незваротна былі страчаны фрэскі XI ст. У 1998 г. храм узведзены занава ў першапачатковым абліччы. Які гэта храм? (Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы.)
10. У якім годзе Магдэбургскае права на самакіраванне атрымаў Віцебск? Які будынак з гэтай нагоды быў пабудаваны ў Віцебску? (У 1597 г. ад караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы Магдэбурскае права на самакіраванне атрымаў Віцебск. Сучасны выгляд будынка ратушы адпавядае абліччу 1775 г.)

Другі вядучы. Наша спадчына — гэта і этнаграфія, і традыцыі, і абрады продкаў. Наступны тур нашай віктарыны звязаны з прадметамі штодзённага ўжытку беларусаў. Па апісанні пазнайце прадмет, які ляжыць у чорнай скрыні.

1. Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. (Лапці.)
2. Узорысты тканы, вязаны, плецены, гафтаваны, вышыты выраб з лёну, бавоўны, шоўку для ўпрыгожвання жылога інтэр'ера. Пашыраны ў XX стагоддзі. Форма разнастайная: прамавугольнік, квадрат, многавугольнік, эліпс і інш. Традыцыйныя белыя, аздобленыя пераважна чырвонай вышыўкай; у вязаных найчасцей утвараецца геаметрычны арнамент. (Сурвэтка.)
3. Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У старажытнасці была драўляная, крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная палачка даўжынёй 20—30 см. з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які дзеля павелічэння вагі насаджвалі прасліца, і вострай пяткай. Выстругвалі або выточвалі з драўніны бярозы, ясеню, грушы і пад. На вытачаных ... дзеля зручнасці і аздобы нарэзвалі кольцы-паглыбленні. (Верацяно.)
4. Кавалак тканіны абрадавага, дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння. Шырыня яго вар'іравалася ад 25 да 45 см. залежна ад шырыні ткацкага станка, даўжыня — ад 1 да 4 м (звычайна 2-3 м). Выкарыстоўваліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўбрання жылля і абразоў; былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах. Уваходзілі ў пасаг нявесты, з'яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. (Ручнік.)
5. Жаночы галаўны ўбор, квадратны кавалак тканіны або ажурнага палатна, прызначаны для пакрыцця галавы і плячэй. Насілі асобна або разам з чапцом, каптуром. Складзеную трохвугольнікам, завязвалі спераду (пад падбародкам) ці ззаду, а таксама насілі ў выглядзе буслянкі (абвівала галаву і завязвалася спераду або падтыкалася па баках). Шырока выкарыстоўвалася ў вясельнай, пахавальнай, радзіннай абраднасці. (Хустка.)
6. Тканы, вязаны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыцыйнай сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў. Выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні інтэр'ера вясковай хаты. (Абрус.)
7. Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца XIX стагоддзя рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. У Беларусі паўсюдна бытавалі паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). (Серп.)
8. Паясная адзежына, якую надзявалі на спадніцу; састаўная частка народнага касцюма беларускіх жанчын. Называлі таксама запаска, затулка. Шылі з 1-2 полак ільнянога палатна. Мацавалі на таліі завязкамі ці матузком. Святочныя багата аздаблялі натыканнем, вышыўкай, карункамі, фальбонамі, часам запрасоўвалі ў складкі. (Фартух.)
9. Выраб з тканіны для завешвання і ўпрыгожвання акон. У сялянскім побыце вядомы з канца XIX ст. Рабілі звычайна з двух кавалкаў палатна паркалю, марлі; аздаблялі вышыўкай, натыканнем, гафтаваннем, набойкай, складкамі, фальбонамі. Пашыраны былі з рознакаляровай паперы, аздоблены выцінанкамі, а таксама маляваныя. (Фіранкі.)
10. Прадмет сталовага прыбора. Бываюць драўляныя, металічныя, касцяныя; маюць круглы ці авальны чарпачок і ручку-дзяржанне. У Беларусі вядомы з Ранняга сярэднявечча. Касцяныя, аздобленыя гравіраваным арнаментам у выглядзе пляцёнкі, сеткі, крыжыкаў, знойдзены пры раскопках Пінска, Давыд- Гарадка, Турава, Полацка і інш. У асяроддзі пануючых класаў бытавалі з каляровых і каштоўных металаў, багата аздобленыя на дзяржаннях гравіраваннем, чарненнем, эмалямі і інш. У народным асяроддзі бытавалі драўляныя (з асіны, бярозы, грушы). (Лыжка.)

Першы вядучы. Вось і закончылася наша гульня-віктарына. Вялікая вам удзячнасць за актыўны ўдзел. Поспехаў!
Журы. падводзіць вынікі, узнагароджвае пераможцаў.
Гучыць песня пра Беларусь.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Бельскі, А. I. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / А. I. Бельскі, Л. К. Цітова. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 311 с.
Караткевіч, У. 36. тв. : у 8 т. / У. Караткевіч. — Мінск : Маст. літ., 1987. — Т. 1 : Вершы. Паэмы. — 431 с.
Полацк музейны : фотаальбом / уклад. Т. Джумантаева, М. Ільніцкі. — Мінск : Беларусь, 2006. — 383 с.
Сучасная беларуская паэзія / уклад. А. Лесавіка. — Мінск : Маст. літ., 2009. — 526 с. — (Школьная бібліятэка).
Этнаграфія Беларусі : энцыкл. / рэдкал. : I. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелСЭ, 1989. — 575 с.
Я ад дрэва твайго : фотаальбом / уклад. Т. I. Жукоўская. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — 87 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Жыву ў Беларусі і тым ганаруся     Дарагая мая беларусь