сцэнарыі святаў на беларускай мове

Тэрэза КАВАЛЬЧУК, загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 г. Ваўкавыска. Роднае слова 2015/2

"Дала мне маці гэту мову!"

Літаратурная гасцёўня (V - IX) класаў

Мэта: дапамагчы вучням адчуць багацце роднай мовы, садзейнічаць фарміраванню ў вучняў грамадзянскай адказнасці сродкамі беларускай літаратуры.
У бібліятэцы аформлена кніжная выстава
"Узышла і ўзрасла на вякі наша родная мова", на
якой прадстаўлены кнігі, артыкулы пра лёс беларускай мовы, а таксама творы славутых беларускіх паэтаў і празаікаў: "3 легендаў і казак,
"Мова - скарб дарагі, найсвятлейшая спадчына!",
"Пісьменнікі, якія ўзбагацілі нашу мову". На часопісным століку засланы беларускі ручнік, на якім
ляжыць каравай і кніга "Слова жывое, роднае,
гаваркое...", каля яе цытата "Мова - гэта жывая душа народа, якая патрабуе асаблівай увагі
і клопату" (Н. Гілевіч).

Гучыць запіс песні "Родная мова беларуская".

Бібліятэкар. Сёння мы сабраліся, каб адсвяткаваць Дзень роднай мовы. Мы пяшчотна называем сваю мову роднай, матчынай. Назаўжды западаюць словы маці ў сэрца. Іх нельга забыць, яны нам нагадваюць пра родную старонку, дзе мы нарадзіліся, куды нас цягне, і калі мы не можам часта туды наведвацца, то ў думках мы там бываем вельмі часта.

Перад вамі на часопісным століку ляжаць дарагія для нас рэчы - гэта хлеб, кніга, і наша спадчына, якую сімвалізуе старажытны ручнік. Кніга "Слова жывое, роднае, гаваркое..." незвычайная, прачытаўшы яе, вы пазнаёміцеся з гісторыяй паходжання мовы чалавека ўвогуле, вылучэннем славянскай моўнай супольнасці, а з яе - мовы беларускай. Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць песні на ёй, ведаць народныя святы і абрады. Кожнаму адукаванаму чалавеку неабходна старанна вывучаць і шанаваць сваю мову.

Мова - гэта першая крыніца, праз якую мы спазнаём свет. Валоданне роднай мовай дае магчымасць вывучаць гісторыю і спасцігаць багатую спадчыну.

Беларуская мова нястомна служыць народу. Але былі часы, калі было складана выдаваць творы на роднай мове: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч вельмі доўга не мог выдаць п’есу "Пінская шляхта", толькі пасля 30 гадоў пасля напісання яе надрукавала газета "Вольная Беларусь", а другі яго твор "Халімон на каранацыі" дайшоў да чытача амаль праз сто гадоў пасля напісання. Ды што там друкаваць, чытаць на беларускай мове нельга было, за гэта многіх арыштоўвалі. Пра гэта вы можаце прачытаць у творы "Кніганошы" У Караткевіча.

У пачатку XIX ст. мала было людзей, якія ўмелі чытаць, але і тыя не маглі набыць творы на роднай мове. Не існавала таксама аніводнай беларускай школы з прычыны татальнай русіфікацыі асветы. Пра гэта і "Прадмова" са зборніка "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча.

1-ы чытальнік. "Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёй шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-французску, як па-свайму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў - больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гета, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!

Бібліятэкар. Сам Францішак Багушэвіч трымаўся роднай мовы да скону, і дзякуючы той яго адданасці і яго просьбе, а можа і закліку мы сёння маем многа цудоўных твораў на роднай мове, якія напісалі нашы беларускія пісьменнікі. Ідэяй служэння роднаму краю, Беларусі прасякнута творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Яна Баршчэўскага: адлюстраваны культура, гістарычны шлях беларускага народа, які працаваў звыш сваіх сіл і здольнасцей. Янка Купала аўтар артыкула, што быў адказам на выступленне супраць газеты "Наша Ніва". Пісьменнік адзначаў, што нешчаслівы той чалавек, які не ведае сваёй мовы, ён заклікаў беларусаў змагацца за мову:".. .загаманіць праўдай цэламу свету громка, свабодна, як калісь званы нашых вечаў, мы зможам толькі тады, калі пад саламянымі стрэхамі нашых хат зойме пачэснае месца наша родная беларуская мова, кніжка, звычай і абычай. Праз памяць на магільныя наспы і крыжы, пад якімі бяспечна змарнеўшыя ў нядолі спяць нашы дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сваёй грудзёй ускармілі, - выракацца роднай мовы не маем права".

Бібліятэкар. Ніл Гілевіч - пісьменнік, які таксама ўсё жыццё турбаваўся і перажываў за лёс роднай мовы, нашу духоўную спадчыну. Пісьменнік заклікае беларусаў аб’яднацца і адстаяць мову.
«Неспагадны, страшна неспагадны лёс выпаў нашай роднай беларускай мове! Ды якой мове! Непаўторна пявучай ад свайго раскошнага поўнагалосся, невычэрпна багатай лексічна і паслухмяна гнуткай у словазлучэннях, па-зямному, па-хатняму простай і, як свежы бохан, цёплай і духмянай, па-язычніцку першароднай і вобразнай! Мове, асвечанай духам высокай старажытнай кніжнасці і дасканала распрацаванай цудоўнымі першакласнымі майстрамі. Мове, якая насуперак усім жорсткім выпрабаванням лёсу свабодна і лёгка дыхае нерастрачанай дзівоснай жыватворнай сілай!.. Дык хіба ж можа такая мова адысці ў небыццё, адмерці, загінуць праз наша нядбальства ці па чыёйсьці злой волі? Ніколі! Уласнае нядбальства мы, усаромеўшыся нарэшце да глыбіні душы нашай усенароднай, пераадолеем! А зласліўцам-нядобразычліўцам спакойна скажам: "Дарэмна стараецеся! Як не спыніць узыходу яснага сонца - так і не стрымаць адраджэння нашае мовы. На радасць усім добрым людзям у свеце - яна выжыве!"» Так прыгожа напісаў пра мову Ніл Гілевіч. Аўтар сцвярджае, што з усіх моў наша самая мілагучная, спеўная і прыгожая.

2-і чытальнік.
Першая клятва
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!

Ты калісьці з калыскі мяне падымала              
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.       
У жыцці маім слова найпершае "мама"            
I цяпер для мяне сама міла гучыць.

Я па літарах родных вучыўся чытаць,            
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: "Беларусь, мая сонца-краіна!"

I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр - неўміручы Купала,

А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю,-*
-Не дазволю. Не дам. Не прадам. Не змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
Н. Гілевіч.

Бібліятэкар. Крыўда бярэ за краіну, чыя нацыя аказалася бязмоўнай, аднак дасведчанья людзі мову нашу лічаць найпрыгажэйшай у славянскім свеце. Мы маем такую цудоўную самабытную мову, дык чаму мы яе цураемся і выракаемся? Забылі мы напэўна, што "ў мове гісторыя і лёс зямлі".

3-і чытальнік.
Роднае слова
Пры суседзях у вёсцы нялоўка
"Невучоным" сябе паказаць,
I пільнуецца хлопец, каб слоўка
Так, як кажуць яны, не сказаць.
Мовы ён не забыўся, вядома,
Гэтых простых і сціплых людзей.
Толькі ён ужо год, як не дома,
I на дом не ўскладае надзей.
Маці песню малому спявала
Пра духмяны ў бары чабарок...    
Песня сыну нялюбаю стала,
Як пакінуў бацькоўскі парог.
Ад калыскі знаёмыя рэчы
Ён па-іншаму ў хаце заве.
Маці туліць хусцінаю плечы:
"Што ж, і пэўна: не ў вёсцы жыве".
Ёй не ў крыўду сынова пагарда:
Друг высока абучаны мой!
Сёння матчынай мовы, а заўтра
Засаромішся маці самой?
Ведай: роднае слова грымела
У крывавым агні барыкад,
За свабоду адважна і смела
Заклікала ў паход, як набат.
Родным словам мы грознай парою
Гуртавалі рады змагароў,
3 родным словам на вуснах герояў
Запякалася алая кроў.
За яго паміралі і гіблі,
Каб на здзекі і глум не аддаць,
Каб маглі сёння песні і гімны
Пра шчаслівую долю складаць.
Н. Гілевіч.

Бібліятэкар. Беларуская мова - старажытная, яна мае глыбокія карані. Навукоўцы даследуюць яе гісторыю, збіраюць і сістэматызуюць лексіку. Вацлаў Ластоўскі - адзін з тых навукоўцаў. Ён быў таленавітым вучоным, даследчыкам, плённым літаратарам, паспяховым палітычным і дзяржаўным дзеячам Беларусі. Але якой справай ён ні займаўся б, яго думкі былі скіраваны на адраджэнне роднай мовы. Творчая спадчына Вацлава Ластоўскага налічвае больш за 300 твораў: даследаванні старажытнай беларускай літаратуры, гісторыі і мовы Бацькаўшчыны, пераклады. Дзякуючы яго кнізе "Кароткая гісторыя Беларусі" беларусы атрымалі магчымасць прасачыць гісторыю краіны, праз стагоддзі невядомасці, сну ў курганах вярнуліся да нас асветнікі, вучоныя, ваяводы, святыя, сталі правадырамі, сябрамі, суразмоўцамі.
У прадмове Вацлаў Ластоўскі пісаў: "Працу гэту ахвярую сынам маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове..." Гэты твор уплываў на абуджэнне беларускай самасвядомасці, умацоўваў дух. Аднак вельмі мала давялося беларусам чытаць кнігу, "Кароткую гісторыю Беларусі" забаранілі.

4-ы чытальнік.
Пявучая родная мова,
Ты - уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова.
Іншае слова напоўнена плёскам
Хвалі дняпроўскай.
Іншае слова такое,
Што рэха лясное
У яго глыбінях затоена,
Ёсць і як мёд залатое, густое,
На травах яно духмяных настоена.
Ціха гучаць у мове маёй
Словы пяшчотныя, словы крынічныя,
Росныя.
Чуецца ў ёй -
I грымотныя,
Зычныя.
Водгулле бітваў грознае.
Часам бывае заззяе неспадзявана
Новаю зоркаю слова-абнова.
Колькі ў табе нявызнаных скарбаў схавана,
Мова мая,
Пявучая родная мова.
А. Зарыцкі.

Бібліятэкар. Варта прыгадаць словы першадрукара: "Усялякаму чалавеку патрэбна гонару, гэта люстэрка нашага жыцця, лякарства душы". Францыск Скарына лічыў кнігу сродкам узвышэння чалавечай асобы, яе духоўнага ўзбагачэння: "Калі што ў парадку пісьмом заведзена будзе, дык ніколі не сплыве з людской памяці і не прыйдзе ў забыццё, але на вечныя часы ўтрымаецца непарушна". У прадмовах ён на зразумелай мове тлумачыў простым людзям рэлігійныя тэксты, вучыў любіць Радзіму так аддана, як птушкі любяць свае гнёзды і як пчолы бароняць свае вуллі. Тое самае асветнік сказаў бы пра мову, калі б дажыў да таго часу, калі яе сталі выракацца.
Генадзь Бураўкін лічыў, што дзе не шануюць і не ахоўваюць мову, там "мялеюць рэкі, нішчацца дубравы", там не даглядаюць магілы продкаў, і такі народ "мёртвы".

5-ы чытальнік.
Быць у пустэльні не жадаю я.
I не хачу я мець сяброў бязмоўных,
Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных,
Малення поўных
I здзіўлення поўных,
Усіх пявучых
I усіх - галоўных.
Iтолькі так -
Як роўная між роўных -
Жыць можа мова родная мая.
Г. Бураўкін.

Бібліятэкар. Многія пісьменнікі і літаратуразнаўцы не толькі змагаліся за родную мову, але і склалі за яе галаву. Загінуў у выгнанні, у турэмнай камеры змагар за беларускую мову Язэп Лёсік. Складаны быў лёс пісьменніка, ён памёр далёка ад сваёй краіны, без блізкіх і родных, ніхто дакладна не ведае, дзе яго магіла... Але памяць пра яго назаўжды засталася ў народзе.

6-ы чытальнік.
Ў добры час, на ўлонні вясковым,
дзе вадзіца крынічная б’е,
навучыўся я матчынай мове
I задуманых песняў яе.
Многа ёсць недасягнутых скарбаў,
яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе ні за што не аддаў бы,
бо яна найвялікшы мой скарб!
Яна гойдае спевам калыску,
літасціва шчабеча ў бядзе,
на ёй песні складаюць вятрыскі
ў неспакойны, разбуджаны дзень.
Мая мова не знае змярканняў
ад маленства да старасці лет,
буду песціць яе, як каханне,
разглядаць, як чароўны букет.
Можа мовы чужой навучуся,
каб суседзяў гасцінна вітаць,
але толькі на ёй, беларускай,
буду людзям аб долі пяяць.
Мая мова, як шчасце на вуснах,
хвалявання гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
Л. Геніюш.

Бібліятэкар. Беларуская кніга вучыць нас быць чулымі, мудрымі, добрымі, яна дапамагае нам перажываць яшчэ не зведаныя пачуцці, разважаць над рознымі жыццёвымі праблемамі.

7-ы чытальнік.
Я хачу, каб народ мой мяне пачуў.
Я не вечнасці, я не славы,
Не бяссмерця сабе хачу,
-Я не маю на гэта права.
Я хачу праз міраж даляглядаў шкляных
3 цьмянай мудрасцю сімвалістаў
І праз гімн перфакарты наступнікаў іх
Прабівацца крыніцай бруістай.
Я хачу, каб слова маё жыло,
Каб яно праз вякі праляцела,
Каб дзяржаве не ў сорам яно было,
Каб не ў вокладках пыльных мярцвела.
Каб далёкі нашчадак мяне разумеў
Без пасрэднікаў нуднавучоных,
Каб не выкапнем стылым мой сказ бранзавеў
I не быў між дзівосаў пячорных.
Не хачу, каб гісторыя нас узяла
Ў прыклад іншым страшнай цаною,
-Я хачу, каб мова мая жыла
I жывы мой народ размаўляў са мною.
В. Зуёнак.

Бібліятэкар. Багатую творчую спадчыну пакінула нам лаўрэат прэміі імя Янкі Купалы Яўгенія Янішчыц, яе вершы прасякнуты любоўю да мовы, паэтка ўпэўнена, што родная мова - як "музыка жаўруковая", яна цудоўная, сонечная, гаманкая, гучыць там, адкуль мы, і ажывае ў нашых сэрцах. Без яе мы проста не зможам жыць. А Яўгенія Янішчыц без роздуму аддала б за родную мову сваё жыццё...

8-ы чытальнік.
Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
I калі ты мяне толькі паклікаеш,
Памру за цябе без енку.
Нашу я любоў да цябе вялікую
У сэрцы маім маленькім.
Я. Янішчыц.

Бібліятэкар. Часам бывае так, што беларусы жывуць у іншых краінах, але не забываюць мову і вучаць ёй сваіх дзяцей. Нашы пісьменнікі працягваюць будаваць гмах літаратурнай мовы. Без мовы загіне ўсё духоўнае багацце беларускага народа, набытае праз стагоддзі, - традыцыі, абрады, песні.

Гульня "Хто прыгожа так пісаў?"

1.    Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю
-Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
(Пімен Панчанка.)
2.     Беларускай роднай мовы
Ўжо не ведаюць яны
I з акцэнтам мадэрновым
Кажуць імя Скарыны.
(Станіслаў Суднік.)
3.     Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
(Алесь Гарун.)
4.     Зліваюцца гукі у словы
I ў рэчышчы роднай мовы,
Як рэкі ў мора цякуць.
I думкі мае плывуць.
(Анатоль Грачанікаў.)
5.     Беларускае слова ад спеву,
Бо спявае ў ім даўніна.
Беларускае слова ад гневу,
Ад Ярылы, ад Перуна.
(Рыгор Барадулін.)
6.     Тут, між гэтых пагоркаў, у гэтых барах і дубровах,
Каля гэтых азёраў і рэк, каля гэтых крыніц.
Узышла і ўзрасла на вякі наша родная мова
-I ніякай інакшай яе немагчыма ўявіць
(Ніл Гілевіч.)

Гульня "Дзе што знаходзіцца?"

Дзе падушка? (На ложку.)
Дзе карабок запалак? (У прыскрынку.)
Дзе соль? (У сальніцы.)
Дзе партфель? (На падлозе.)
Дзе пякуць хлеб? (У печы.)
Дзе ляжыць коцік? (На канапе.)

Дэманстрацыя прэзентацыі "Які гэта цуд - беларуская кніжка".

Бібліятэкар. Мова - наш найдаражэйшы скарб, які мы павінны не толькі зберагчы для нашых нашчадкаў, але і памножыць.

Спіс літаратуры
Ветразі: Кніга для пазакласнага чытання ў 5 класе уклад. Л. К. Цітова. - Мінск : Полымя, 2000. - 512 с.
Вытокі: хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 6 класе / склад. М. А. Лазарук, Т. У Логінава, А. Р. Сігаева. - Мінск: Ураджай, 1999. - 431 с.
3 росных сцяжын : Аўтабіяграфія пісьменнікаў Беларусі / уклад. М. Мінзер. - Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. - 464 с.
Купала, Я. Мне сняцца сны аб Беларусі...: успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / уклад. Г. Шаблінскай. - Мінск: Маст. літ., 2012. - 702 с.


Яшчэ на гэту тэму:

Размаўляй са мной па беларуску!     «Беларуская скарбонка»