сцэнарыі святаў на беларускай мове

БЛУКА Ірына Барысаўна, КРАЎЧАНКА Вольга Львоўна. Яслі-сад №320 г. Мінск

Тэматычная вечарына “Сінь-васількі”

(старэйшая група)

(Па матывах агульнаславянскай легенды аб паходжанні кветак васількоў на нашай зямлі)

Мэта Дзеці праходзяць у залу, вітаюцца з гасцямі.
Музычны кіраўнік. Сёння наша размова пойдзе пра кветачку. Але спачатку я вам раскажу казку пра тое, як увогуле з’явіліся кветкі на нашай зямлі. Прысядзце, калі ласка. ( Сядаюць на крэселкі. )
Аднойчы бег, ратуючыся, Іван-царэвіч ад бабы Ягі. Але дарогу перашкодзіла рака і маста паблізу нідзе не было. Царэвіч узмахнуў тры разы рукой і раскінулася вясёлка: з аднаго берега да другога. Перабег Іван-царэвіч па ёй на другі бераг. Узмахнуў два разы рукой, і вясёлка адразу ператварылася ў тоненькі, вузенькі масточак. Кінулася баба Яга па ім бегчы. Да сярэдзіны дабегла, а мосцік вазьмі ды абламіся.
Вясёлка рассыпалася на маленечкія асколкі – кветачкі. Адны кветкі былі добрыя – гэта сляды Івана-царэвіча, а другія – злыя, ядавітыя, з’явіліся там, дзе ступала нага бабы Ягі.
Вядучы. А мне здаецца, што сярод кветак няма злых, бо хоць яны і ядавітыя, але прыносяць карысць чалавеку, яны ратуюць людзей ад цяжкіх хвароб. У кожнай кветачкі ёсць тайна, нават нейкая загадкавасць.
Музычны кіраўнік. Так-так, кожная кветка мае сваю гісторыю. А у маёй загадцы дакажыце слова, і вы адразу зразумееце пра якую кветачку пойдзе наша гаворка.
Асколкі сярод пажаўцелага хлеба,
Яны як бязвоблачныя дзянькі,
Рассыпаны, нібы кавалачкі неба,
То кветкі Радзімы маёй ...

Дзеці. Васількі.
Музычны кіраўнік. Так, гэта васількі. Сярод мноства палявых кветак васілёк з’яўляецца своеасаблівым сімвалам Беларусі. Гэта кветачка жыве ў песнях, мастацтве, казках і легендах.
Вось з адной такой легендай мы пазнаёмімся сёння. І вы, дзеці, будзеце самымі актыўнымі удзельнікамі.
(Адчыняюцца заслоны, сцэна прыбрана пад сялянскую хату. Выходзяць дзед, баба, Васіль. Яны працуюць у хаце. Дзед нешта з Васілём рамантуюць, баба пячэ у пячы, перастаўляе глякі і патэльні)
Музычны кіраўнік. Жылі, даўным-даўно, дзед з бабаю і сынам Васілем. Добра яны жылі, дружна. Сынок Васілій – працавіты хлопец. На полі дзень напрацуецца, а ўвечары ўся сям’я адпчываць збіраецца. Ды не міналі іх хаты суседзі і госці, ну, як сёння.
Музычны кіраўнік. Ці пойдзем у госці да бабы з дзедам?
Дзеці. Пойдзем!
Музычны кіраўнік. А што ў падарунак возьмем?
Дзеці. Песні, вершы. Танцы, гульні!
(Пад гукі музыкі “Святочны марш” гр. “Ліцвіны”, дзеці змейкай накіроўваюцца да дзеда з бабай)
Баба. Добры вечар, госцікі! Калі ласка, просім у хату нашу.
Дзед. Госць у хату – сонца ў хату! Дзякуем, што завіталі да нас!
Васіль. Кожны з вас будзе усмешкай сагрэт! Калі ласка, з намі разам адпачывайце!
Музычны кіраўнік. Добры вечар! Ой, якія цікавыя рэчы ў вашай сялянскай хаце!
Баба. Вечарамі я прадзіва праду вось на гэтым калаўроце (пралке). А ўсю прыго-жую святочную адзежу, ручнікі мы захоўваем у гэтым куфары (адчыняе).
Дзед. Гэта старадаўні прас, з яго дапамогай прасавалі бялізну. (Паказвае, як гэта робіцца. Разглядаюць яшчэ збаны, глякі і іншае хатняе начыненне.)
Музычны кіраўнік. Давайце разам з гаспадарамі заспяваем і паскачам! Бо, як кажуць: калі не спявалі, то і не весяліліся!
Дзіця 1.
Так жывём і так працуем,
Мы з суседзямі сябруем!
З справай справімся любой
Мы вясёлай талакой!
Дзіця 2.
А цяпер – адпачываць,
Будзем польку пачынаць.
Гоніць прэч усякі смутак
Беларуская “Трасуха”!

Полечка “Трасуха” муз. Пыталева сл. Мік. Чарняўскага

Баба.
Люблю яскравы светлы край,
Людзей спагадлівых, зычлівых. (да дзяцей)
Дзед.
Душа мая! Спявай! Спявай!
Пра росквіт беларусаў шчырых!

Песня “Чароўная мая краіна” сл. і муз Л. В. Савіцкай

Дзеці сядаюць на месцы
Цётка Вольга. Ішлі мы па вуліцы ды пачулі песні. Вырашылі завітаць да вас. Я – цётка Вольга, а гэта мой сынок Раман. У нас з сабою музычныя інструменты. Паслухайце, якая прыгожая музыка будзе зараз гучаць.
Дзед. Ды і так ўжо многа прыгожай музыкі гучала. Чым вы яшчэ захацелі нас падзівіць?
Сын Раман.
Я музыку люблю і песні,
Пачую – сэрца не суняць!
А гук цымбалаў, скрыпкі чулі?
Няма іх з чым вам параўнаць!
Цётка Вольга.
Без цымбалаў немагчыма
Ўявіць маю Айчыну.
І ў радасці , і ў скрусе
Любяць іх на Беларусі.

Танец «Ручнікі” бел. нар. мел. “Купалінка”

(Хлопчык Раман грае на скрыпцы, Вольга - на цымбалах, музычны кіраўнік – вакал, восем дзяўчынак выконваюць танец з ручнікамі)
Баба. Ой вы, госцікі, заспявайце нам прыпеўкі, вельмі ж яны нам з дзедам падабаюцца.
(Выходзяць салісты, група дзяцей бярэ драўляныя музычныя інструменты, Дзед – сціральную дошку, Баба – чыгунок і таксама граюць)
Дзіця 3.
У нас галоўкі русыя,
А вочы – сіні лён.
Мы – дзеці-беларусы,
Сыграем і спяём.

Прыпеўкі “Я – маленькая” бел. мел. “Юрачка”

Дзіця 4.
Полька ёсць у нас такая,
Беларуская ліхая,
Як яе мы затанцуем,
Дык ніколі не сумуем!

Танец “Полька-Янка”

Музычны кіраўнік.
Усе скакалі, усе спявалі,
Ды зусім мы не гулялі!

Гульня “Ты, зязюлька, не кукуй”

(Дзеці стаяць у карагодзе, вядучы у цэнтры круга, закрыўшы вочы далонямі. Выхавацель стаіць па-за кругам. На прыканцы спеваў ён дакранаецца да пляча дзіцяці, які супыніўся паблізу ад яго. Зязюлька кукуе, вядучы адгадвае па голасу, хто кукаваў. Калі без памылкі, то гэтыя дзеці становяцца спіномі адзін да другога і па камандзе астатніх дзяцей бягуць у розных напрамках па- за кругам. Хто першы забяжыць у круг, той становіцца вядучым. Гульня паўтараецца.)
Ноты песні Ты зязюля не кукуй
1. Ты, зязюлька, не кукуй, не кукуй.
Ты, шэрая, не кукуй, не кукуй.
Калі будзеш кукаваць, кукакваць –
Будуць дзеткі смуткаваць, смуткаваць.
Ку-ку, ку-ку, ку-ку, ку-ку...

Цётка Вольга.
Ветла нас вы прынялі,
Добра час мы правялі.
Йсці нам трэба па дамам,
Дзякуй, гаспадары, вам!
Баба.
Хоць шкада, а ўсё ж бывайце,
Толькі нас не забывайце!

(Гукі музыкі “Бывайце здаровы” усе быццам пакідаюць хату. Адна частка дзяцей сядае на крэселкі, другая – выходзіць пераапрануцца ў русалак. Васіль бярэ дудачку. Баба з дзедам сядзяць на лаве перад плятнём. У зале святло памяньшаецца.)
Баба. Охо-хо! Вось гора, дык гора! Што рабіць? Як быць? Не ведаю!
Дзед. Дык што здарылася? Што ты ўсё ўздыхаеш?
Баба. Як жа мне не гараваць? Ты што, стары не бачыш? Не ведаеш, у нашу хату бяда ідзе!
Дзед. Ды што за бяда? Кажы ўжо ты хутчэй.
Баба. Сынок, Васіль наш, на раку хадзіць у начы пачаў.
Дзед. Ну, якая ж гэта бяда?
Баба. А вось якая! Кажуць людзі, што там русалка жыве. Зацягне яна нашага Васіля ў воднае царства.
Дзед. Ды не бойся ты, старая! Васіль наш вырас добрым, прыгожым, працавітым, дужым. Ён зямлю-карміцельку нашу любіць. Заўсёды ў полі, аб ураджаі ўсё клапоціцца. Ці патрэбна яму тая русалка?
Баба. І то праўда, нашто яму тая русалка? А сынок наш моцны, добры. А вочкі блакітныя, як неба. Ды вось сумны ён у апошні час.
(Дзед з Бабай хаваюцца за шырму)
(Гучыць дудка. Васіль выходзіць на сярэдзіну, быццам грае на дудке. Апусціўшы галаву кажа сумна.)

Васіль. Сонейка схавалася ўжо. Як мне зараз быць? Што рабіць? Убачыў я Русалачку і забыць яе не магу. А яе прыгожы голас усё гучыць, гучыць. (кліча) Дзе ты, Русалачка?

“Танец Русалак” бел. нар. песня “Ой рэчанька, рэчанька” у вык. Агурбаш

Русалка. Даўно я чакаю, калі ты прыйдзеш да ракі.
Васіль. Выхадзі на бераг, Русалачка. Будзеш жыць ты, як усе людзі.
Русалка. Не бываць такому ніколі. Заставайся лепей ты ў маім падвоным царстве.
Васіль. Не магу я без яснага сонейка, блакітнага небачка, поля свайго залатога.
“Кожная птушка ў сваё гняздо вяртаецца з выраю,
Кожны бадзяга-звер знаходзіць сваю бярлогу.
Кожная рыба свайго трымаецца віру.
Дык ці ж магу я забыцца матчынага парогу?” (Г. Бураўкін)

Русалка. Будзеш ты слухаць маі прыгожыя песні, весці бяседы з маімі братамі-ручаі-намі, з сяброўкамі ў карагодах кружыцца.
Васіль. Зямелька родная мяне моцна трымае. Не змагу я ўсё жыццё правесці пад вадой.
Русалка. Ну, дык не быць табе чалавекам! Ператварыся ты ў кветку на хлебным полі, без якога ты жыць не можаш.
(Пад гукі музыкі Русалкі варожаць і ўбягаюць, а Васіль трымае ў руках кветкі васількі і ўсе астатнія дзеці выбягаюць з каласкамі і васількамі, робяць жытняе поле, становяцца на адно калена. Выходзяць дзед з бабай і ходзяць)
Баба. Не збераглі мы свайго сыночка.
Дзед. Да, знік наш Васілька, як ў ваду адышоў.
Баба. А якія прыгожыя кветачкі! Яны у полі з’явіліся адразу , як сыночак наш згінуў. Яны так мне сына нагадваюць – блакітныя, як вочкі Васілёчка нашага. Буду глядзець на іх і пра сына думаць.
(Гучыць уступ да песні “Васількі”, Дзед і Баба спяваюць яе, дзеці падпяваюць прыпеў)

Песня “Васількі” сл. і муз. Яўгена Вікенцьевіча Карпуця

Ноты песні Васількі
1. Любы наш край
Прыгажосць тваю зноў прыгадаем.
Поле ды гай
Дзе салоўка так звонка спявае.
Вабіць прастор
Выгібаецца Нёман падковай,
Дзіўны ўзор
На ручнік зоркай лёг васільковай.
Прыпеў: Васількі, васількі, васількі,
А наш лёс незвычайны такі.
Прыгажосць мы душой успрымаем
З васількамі жывём і кахаем.
Васількі, васількі, васількі,
Шчасцем поўняцца нашы дзянькі.
Васільковаю песняй сагрэта
Уся цудоўная наша планета.

2. Сцежкі вядуць
Да крыніц, што бруяцца з дубровы.
Вечна жывуць
У нашым сэрцы матуліны словы.
Жыта і лён
Гладзіць вецер, як быццам рукамі.
Казачны сон
Ён прыходзіць да нас з васількамі.

Баба. Няхай шчасце будзе ў кожнай хаце!
Дзед. Давайце жыць у міры і згодзе пад шчаслівым дахам нашай Беларусі!
Музычны кіраўнік. Хай так і будзе. І давайце паглядзім слайды з прыгожымі выглядамі нашага горада, нашай прыроды, нашай краіны.

Мульцімедыйны паказ “Мая краіна – Беларусь”

Баба.
“Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс.
Цаніце Працу, Чалавека –
І Бог вам дасць спагадны лёс.
Дзед.
А каб цанілі вас у свеце, -
Я лепшых слоў не падбяру, -
Шануйце дзіва на планеце Святую нашу Беларусь!” А. Ставер”Размова з нашчадкамі”

Танцавальная кампазіцыя “Сінь-васількі” песня “Верасоў”

СІНЬ – ВАСІЛЬКІ муз А Ціхановіча сл. Болдаравай

1.Воляй нябёс вытканы лёс,
Як васiлькамi святочны абрус.
Доля адна, воля адна
I ты адна на усiх нас – Беларусь.

Прыпеў:
Сiнь-васiлькi, сiнь-васiлькi,
Ды верасовыя сiнь-туманы,
Дзе мне ні быць, снiць мне i снiць
Пра Беларусь васiльковыя сны.

2.Доля мая, ведаю я
Што на зямлi не пражыць без спакус,
Ды колькi жыць – столькi любiць,
Столькi малiцца мне за Беларусь.

Прыпеў:

3.З неба дзе сінь, боскіх вышынь
Сыплюцца зоркi на белы абрус
I ўсё ляцяць, крылам шумяць
Белыя лебедзi праз Беларусь.

Прыпеў:
Музычны кіраўнік. Наша вечарына закончылася.
Вядучы. Мы расказалі гасцям цікавую легенду пра ў знікненне на нашай зямлі прыгожых кветачак васількоў. Да пабачэння.
(Пад гукі песні ”Бераг белых буслоў”, дзеці пакідаюць музычную залу)

Дадатак

Загадкі:
1. Звычайна ў жыце я расту,
У траўні зацвітаю.
Я сінім колерам цвіту
Якія назвы маю? (валошкі, васілёк)

2. Сінявокая кветка
У полі расце.
Падабаецца дзеткам
І радасць нясе.

3. Назбіраем сініх кветак,
Іх у полі многа летам.
Вырастаюць ля ракі
Як завуць іх? (Васількі, валошкі)