сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. С. ЗУБКО, настаўніца вышэйшай катэгорыі Пліскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. Беларуская мова і літаратура 1/2016

Іван Шамякін — чалавек-эпоха

Вечарына для вучняў X—XI класаў

Мэта: пашырыць веды старшакласнікаў пра асобу І творчасць Івана Шамякіна; развіваць іх лагічнае, творчае мысленне; фарміраваць камунікатыўную культуру вучняў, спрыяць выхаванню пачуцця: гонару за беларускую літаратуру, яе лепшых прадстаўнікоў.
Задачы: паказаць значэнне.творчасці I. Шамякіна ў гісторыі развіцця літаратуры, раскрыць свет пачуццяў, вобразаў, характараў, якія стварыў у сваіх творах пісьменнік.
Афармленне: партрэт I. Шамякіна, фотаальбом «Іван Шамякін. Жыццё і творчасць»; кніжная выстава «Мастак вялікага грамадзянскага абавязку».
Эпіграфы:
1) Кожны раман ці аповесць. Івана Шамякіна — гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых праблемах, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта і яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях (Андрэй Макаёнак).

2) Іван Шамякін арганічна звязаны з жыццём народа, яго інтарэсамі і запатрабаваннямі (Міхась - Лынькоў).

3) Сёння табе гонар і пашана,
Прывітанне ад братоў, зарніц...
Напісаў нямала ты раманаў,
Хто ж не піў з тваіх жывых «Крыніц»?
Верна служыш дарагой Айчыне,
Радасны, бадзёры, малады,
Шырыню тваёй «Глыбокай плыні»
Вымяраем доўгія гады.
(Паўлюк Прануза)

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Вітаем вас, дарагія сябры! Сёння мы сабраліся з нагоды 95-й гадавіны з дня нараджэння Івана Шамякіна, аднаго з самых выдатных і вядомых пісьменнікаў Беларусі.
Другі вядучы. Івана Пятровіча Шамякіна называюць мастацкім летапісцам нашай сучаснасці. Ён належыць да тых пісьменнікаў, якія адлюстроўвалі і асэнсоўвалі надзённыя праблемы жыцця грамадства. Ён прыйшоў у літаратуру як аўтар твораў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, але хутка адкрылася, што сучаснасць — яго асаблівая мастакоўская страсць. Творчасць пісьменніка — дакладнае люстэрка бягучай плыні чалавечага быцця з яго яшчэ не ўстаялымі, не завершанымі працэсамі, дзе так шмат значаць воля чалавека, яго імкненні, талент і працаздольнасць. Героі I. Шамякіна — блізкія і зразумелыя чытачу людзі.
Першы вядучы. Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Сям’я была малазямельнай, і бацька з 1925 г. стаў працаваць лесніком у Цярэшкавічах Гомельскага раёна.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). Бацька едзе служыць лесніком. Самае моцнае ўражанне ад гэтай паездкі — равы ў вёсцы Крупец. Другое гэткае ж моцнае ўражанне зрабіў Сож і першы параход, які я ўбачыў. Мясціны там прыгожыя. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сожа. Пад гэтымі дубамі мы збіралі жалуды.
Другі вядучы. Напэўна, пра гэтыя дрэвы пазней напісаў у сваім апавяданні «Дубы» Іван Шамякін.
Першы чытальнік. Першым загаманіў стары дуб, пад якім сядзеў ляснік, зашаптаў таямніча і паважна, як бы баючыся парушыць агульную ўрачыстасць. Але моладзь адгукнулася вясёлым шумам. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Часцей зачмякалі аб зямлю жалуды.
Першы вядучы. Потым бацька яшчэ мяняў месцы службы: Пясочная Буда, Краўцоўка.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). Жылі мы пад Краўцоўкай параўнаўча багата і шчасліва. Праўда, былі і там горкія часіны. Успамінаю, як бацька прымусіў мяне, васьмігадовага хлапчука, пасвіць кароў. У леснікоў у той час кароў было многа, ім прыводзілі з вёсак за пэўную плату бычкоў і цялушак «на адпас». Помню, мне прыйшлося пасвіць штук дзесяць. Будзіла мяне маці са слязамі на вачах а пятай гадзіне раніцы. А вясна была мокрая, і камароў было — хмары, такую колькасць машкары я пазней ніколі не бачыў, нават на поўначы, у тундры. Каровы ад мяне, як правіла, уцякалі, я хадзіў з пабітымі нагамі, з падрапаным тварам і са страхам у сэрцы, чакаючы лупцоўкі ад бацькі за тое, што не ўпільнаваў іх. Пакутлівы быў мой першы год пастушковай дзейнасці.

Затое пазней, калі падрос і асвоіўся, пасвіў жывёлу ахвотна і нават з радасцю, таму што была магчымасць пабыць у лесе. А да лесу ў мяне была нейкая асаблівая, хвалюючая любоў, былі любімыя дрэвы, з якімі я нават размаўляў; у лесе я ніколі, ні ўдзень, ні ўначы, нічога не баяўся.

Другі чытальнік. Шуміць лес. Шамаціць пад нагамі лісце. Дзіўным веерам — у тры бакі ад сябе — насыпала на яшчэ зеленаватую траву залатовак прыгажуня-бяроза. Як яны гараць, гэтыя лісцікі — ну, сапраўды, як тыя залатоўкі! I зусім не падобныя на сваіх сясцёр, якія апынуліся ў полі, у каляінах: тыя — скамечаныя, скручаныя, пачарнелыя, а на гэтыя глядзіш — і ажно вачам горача.

Дубы насцілаюць пад сабой цёмна-карычневую мяккую пасцелю, лісце іх не ляціць далёка, яно цяжкае і нават у вецер падае амаль вертыкальна, толькі больш, чым у цішу, кружыць у паветры і даўжэй варушыцца на зямлі, быццам доўга прымошчваецца, каб зручней легчы. У гэту пасцелю мякка шлёпаюцца жалуды. Мякка! (I. Шамякін. «Непрыгожая?»).

Трэці чытальнік (выконвае верш Міхася Калачынскага «У тваёй Церусе» ).
У зялёнай тваёй Церусе
Дужа стромкія, стромкія сосны.
У неба к сонейку цягнуцца ўсе,
Як ракеты хвастатыя ў космас.

А пад соснамі ў шчырым бары
Верас дзятлікаў, чэрвеня скрыпень,
I ля сцежак каровіных чабары,
I ля тракту — пад воблакі ліпы.

А далей, у разліве лугоў,
3 чым зраўняцца й паводка не можа,
Траў пярэстасць, залітых смугой,
I былінная велічнасць Сожа.

Праз лугі ад пагоркаў крутых,
Скарб сцюдзёны забраўшы, крыніцы
Бацьку Сожу нясуць, назаўжды
Прагнуць з плынню яго пасястрыцца.

Можа з гэткіх чысцюткіх крыніц,
Верасоў, траў духмяных і соснаў
Ты па кропельцы ўзяў, каб з драбніц
Скласці гмах сваіх думак дзівосных.

Мо ў цішы баравін залатых
Браў спакой іх і мудрую строгасць,
I таму да людзей дабраты
У душы тваёй многа-замнога.

Я не быў бы шчаслівым, каб сам
Не адчуў яе блізка.
За гэта
Мой паклон табе, долам, лясам
I тваёй Церусе запаветнай.

Другі вядучы. У школу Іван Шамякін пайшоў толькі ў дзесяць гадоў. Да пятага класа ён вучыўся ў Краўцоўцы. Пасля даводзілася мяняць школы з-за частых пераездаў сям’і, але, нягледзячы на гэта, навука давалася лёгка. Закончыўшы сем класаў Макаўскай школы (Гомельскі раён), паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). У школу я пайшоў ужо даволі моцна падрыхтаваны. За год да школы бацька купіў мне буквар, паказаў літары, і праз якія два месяцы я стаў чытаць лепей, чым ён. Ён слухаў маё чытанне, задаволена ківаў галавой і казаў, што буду я ляснічым. Вучыўся надзвычай лёгка і вельмі добра. Толькі ўжо ў тэхнікуме я сустрэўся з цяжкасцямі ў вучобе.
Першы вядучы. Захапіўся Іван Пятровіч літаратурай. У тэхнікуме ён пачаў пісаць вершы і стаў членам літаратурнага аб’яднання пры газеце «Гомельская праўда». Спрабаваў пісаць апавяданні.

У газеце «Гомельская праўда» надрукаваў свае першыя паэтычныя творы. Пасля юнак аддаў перавагу прозе. Пісаў па-беларуску. Набраўся адвагі, рызыкнуў — і адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэхнікума адаслаў у рэдакцыю часопіса «Полымя рэвалюцыі».

Юнак (у ролі I. Шамякіна). Вялікае маё было здзіўленне, калі я атрымаў пісьмо ажно на тры старонкі машынапісу, з дэталёвым разборам майго апавядання ад самога Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў.

...Нягледзячы на тое, што апавяданне маё было раскрытыкавана і адхілена, я даражыў адказам Міхася Лынькова, па-асабліваму, як, напэўна, многія іншыя маладыя, ганарыўся, што на мяне звярнуў увагу славуты пісьменнік, творы якога вывучаліся ў школе.

Другі вядучы. У 1940 г. I. Шамякін закончыў тэхнікум і быў накіраваны ў Беласток. Працаваць давялося нядоўга — быў прызваны ў армію. Служыў у Мурманску, у зенітна-артылерыйскай часці. Там застала вайна. Яго вайсковая часць абараняла Мурманск, Кандалакшу і Петразаводск ад налётаў фашысцкай авіяцыі. Быў камандзірам гарматы, камсоргам дывізіёна. Пісаў вершы і друкаваўся ў армейскіх газетах.
Першы вядучы. У 1944 г. I. Шамякін напісаў на беларускай мове апавяданне «У снежнай пустыні», потым — аповесць «Помста» (1946). 3 гэтага часу| і пачынаецца сур’ёзная праца пісьменніка ў літаратуры. У канцы вайны артылерыйская часць, у якой служыў I. Шамякін, была перакінута ў Польшчу, потым — у Нямеччыну. Нарэшце вайна скончылася і прыйшла доўгачаканая Перамога.
Другі вядучы. Пасля дэмабілізацыі I.Шамякін вырашыў пакінуць прафесію тэхніка па будаўнічых матэрыялах і стаць выкладчыкам мовы і літаратуры. На гэтае рашэнне, безумоўна, паўплывала схільнасць да літаратурнай творчасці.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). Дэмабілізаваўся я ўвосень 1945 года, як спецыяліст. Але ад спецыяльнасці маёй, безумоўна, нічога да таго часу не засталося, бо я ніколі не быў тэхнікам і толькі па юнацкаму неразуменню трапіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў.
Першы вядучы. Іван Шамякін пачаў настаўнічаць у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 г. паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута.
Другі вядучы. Ужо тады ім завалодала стыхія літаратурнай творчасці. Ён жыў адным вялікім жаданнем — «пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць, не спыняцца ні на хвіліну». Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна і апантана, хоць і ўмоў для гэтага адпаведных не было. Яго незвычайна акрыліў першы творчы поспех — у канцы 1945 года часопіс «Полымя» надрукаваў аповесць «Помста», якую ён напісаў у Германіі пасля заканчэння вайны.
Першы вядучы. I вось у пасляваенныя гады малады літаратар, які тады настаўнічаў, узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: I. Шамякін пачаў пісаць маштабны твор пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. Поспех «Глыбокай плыні» (1946— 1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты раман I. Шамякіну была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія (пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). Пісьменніку не было і трыццаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). Амаль усе эпізоды, якія ляглі ў аснову майго рамана «Глыбокая плынь», расказалі мне мае блізкія сябры — удзельнікі партызанскага руху. Яны ж паслужылі прататыпамі герояў. Магу прызнацца, што вобраз Таццяны Маеўскай у многіх сваіх рысах, біяграфічных і псіхалагічных, я спісваў 3 жонкі.
Другі вядучы. Давайце паглядзім інсцэніроўку фрагмента гэтага твора, падрыхтаваную вучнямі.
Аўтар. Пераправіўшыся цераз Дняпро, Таццяна з палёгкаю ўздыхнула. Цяпер яна лічыла сябе ўжо дома. Радасць ахапіла яе. Яна першая выскачыла з лодкі і шпарка пайшла, баючыся глянуць назад, дзе застаўся чатырохсоткіламетровы шлях яе — шлях яе чалавечых пакут і смяртэльнай небяспекі. ЁЙ не верылася, што яна, адзінокая бездапаможная дзяўчына, прайшла гэты шлях. Таццяна пачала яго на другі дзень вайны, калі фронт быў яшчэ ззаду, а цяпер ён апярэдзіў яе і быў дзесьці далёка на ўсходзе, дзе — яна не ведала. Больш двух месяцаў ішла яна. I колькі разоў была на валаску ад смерці! Колькі бомбаў выбухнула непадалёк ад яе, загубіўшы і пакалечыўшы сотні людзей: жанчын, дзяцей, старых! Сотні другіх людзей гітлераўцы расстралялі з кулямётаў і аўтаматаў. Два тыдні яна прасядзелаў Калінкавічах у нямецкай камендатуры. I ўсё-такі ёй пашанцавала, як нямногім з тых, хто не змог уцячы ад гэтай страшнай навалы. Засталося ўсяго дваццаць кіламетраў, і яна — дома! Тут ужо кожная вёска, кожны паварот дарогі знаёмы ёй, бо многа разоў яна праходзіла тут, калі вучылася ў горадзе. Разам з ёю перабраліся цераз Дняпро тры жанчыны і два юнакі. Дзве жанчыны былі з груднымі дзецьмі. Такія ж бежанцы, як і яна. Але, ідучы разам, яна не спытала дагэтуль, куды ім ісці. Цяпер па тым, як амаль усе яны ўздыхнулі, калі пачулі, што яна хутка будзе дома, Таццяна зразумела, што ісці ім яшчэ далёка, і пашкадавала іх. Дарога ішла лесам. Лес быў малады, густы, пераважна асіннік і бярэзнік. Толькі дзе-нідзе над маладымі дрэвамі падымалі свае шырокія кашлатыя шапкі старыя волаты-дубы ці стромка ўзляталі ўгару, нібы хацелі дастаць сонца, роўныя, як струны, сосны. Дзень быў сонечны, спякотны. Лес стаяў маўклівы, панура-задумлівы. I вельмі хацелася забыцца ў гэтай цішыні, сярод спакойных дрэў, што дзесьці лютуе вайна, што яна праходзіла сюдой і вось у гэты адзін кароткі момант могуць гінуць тысячы людзей. Таццяна намагалася адагнаць думкі аб вайне.
Таццяна. Вось там, на павароце, мы адпачывалі з Лізай, калі ішлі дамоў і нас дагналі хлопцы. Жэнька і гэты настаўнік Кандыба... Калі гэта было? Два гады... Дзе яны цяпер? Ліза, Жэня? Ці вярнуўся з іх хто дамоў?
Аўтар. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Бежанцы ўздрыгнулі, насцярожыліся. Стралялі ў баку ад дарогі, у гушчары бярэзніку. Палахліва паглядаючы ў гэты бок, людзі змоўклі і зашагалі хутчэй. Звычайна Таццяна ў апошнія дні не звяртала асаблівай увагі на такія адзіночныя стрэлы. Але цяпер, калі да хаты заставалася некалькі кіламетраў, спалохалася і яна.
Юнак. Глядзіце.
Аўтар. Усе павярнулі галовы туды, адкуль прагучалі стрэлы, і ўбачылі маладую жанчыну. Яна бегла напрасцяк да бежанцаў, тулячы да грудзей дзіця. Яе чорныя даўгія косы былі распушчаны і паблытаны; лісце, павуцінне і хваёвыя іголкі заблыталіся ў іх. Вочы былі напоўнены жудасцю. Сіняя сукенка разарвана ў некалькіх месцах. Ногі ў крыві. Па абліччы няцяжка было пазнаць маладую яўрэйку. Дабегшы да людзей, яна ўпала перад імі на калені і працягнула дзіця.
Таццяна. Людзі добрыя! Дарагія мае!.. Ратуйце дзіця!.. Вазьміце сына майго. Яны гоняцца за намі... Зараз яны забілі маці маю... Дапамажыце... Яны заб'юць і яго... Ратуйце, даражэнькія...
Старая. Бяжы, дачка, бяжы, Бог з табою... Ён дапаможа... Яны не дагоняць цябе. Бяжы... у гушчар, у кусты...
Таццяна. Ой, не!.. Не... Яны знойдуць, яны дагоняць нас... Вось... Чуеце іх галасы? Ратуйце!

Другі вядучы. Больш чым паўстагоддзя I. Шамякін аддаў творчай працы і грамадскай дзейнасці. Пісьменнік у пасляваенны час стаў сведкам многіх значных падзей і змен у грамадстве. I. Шамякін заўсёды быў трывала паяднаны з сучаснасцю. Свой творчы неспакой, пастаянны зварот да сучасных праблем ён растлумачыў так.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). Калі мы будзем імкнуцца адысці на нейкую адлегласць, чакаць, калі ўсё супакоіцца, стабілізуецца, а не ісці па гарачых слядах, не думаю, што з’явяцца глыбокія творы пра наша сённяшняе жыццё.
Чацвёрты чытальнік (выконвае «Баладу Івана Шамякіна» Віктара Шніпа).
Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,
Дзе жніўнае святло нібы сляза
I поўня ў небе як свінцовы злітак...
Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць
Хапае што і ёсць каму паслухаць,
I гэта ноч як вечная рака,
Якую п’еш, а ў роце суха-суха,
I, як крыло зламанае, рука
Не можа адагнаць туман, што блізка
Плыве з тых дзён, якія адышлі,
Дзе мама маладая над калыскай,
Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,
Што клічуць за сабой і горка плачуць,
Бо ведаюць — пражыта ўжо жыццё,
I хто ты ёсць, яны з нябёсаў бачаць,
I падае, нібы агонь, лісцё
Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,
Бо верылі і верым, што сляза
Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,
А на Шляху даўно стаіць Марыя,
Празрыстая, як на крыжы раса...
Жыццё пражыта, бы пасеяў жыта
Азімае, дзе хутка ляжа снег,
Як россып белых-белых маргарытак,
I выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх
У новы дзень, дзе сонца маладое
Асвеціць нам дарогу да вясны...

Першы вядучы. Пісьменнік імкнуўся ўбачыць падзеі і чалавека менавіта «з глыбіні свайго^дня», з гуманістычных пазіцый. Ён працаваў у літаратуры актыўна і надзвычай плённа, выдаў дзясяткі кніг апавяданняў, раманаў, аповесцей. Яго творы карысталіся ў чытача вялікім поспехам. Іван Пятровіч заўсёды смела распрацоўваў матэрыял сучаснага жыцця, браўся за многія тэмы, надаваў ім вострае, а то і палемічнае гучанне, ставіў перад сабой складаныя мастацкія задачы. Добра сказаў Антон Бялевіч: «Сапраўдны чарадзей гэты Шамякін! Ён добра разумее, сэрцам адчувае, дзе шукаць крышталёвай чысціні крыніцу натхнення, якія жывінкі-іскрынкі браць у свае творы, каб яны былі яснымі, светлымі, каларытнымі, праўдзівымі, каб яны сваім прамяністым святлом і вялікай высокай гуманнасцю пранікалі ў душу чалавека».
Другі вядучы. I. Шамякін — аўтар этапных твораў у беларускай прозе, кожны з якіх стаў адметнай літаратурнай падзеяй. Дастаткова назваць раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», цыкл аповесцей «Трывожнае шчасце», аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры». Актыўна даследаваў пісьменнік сучаснае жыццё з яго сацыяльнымі і маральнымі праблемамі ў аповесцях «ІІалеская мадонна», «Вернісаж», «Падзенне», «Без пакаяння», «Крывінка», «Зона павышанай радыяцыі», «Пошукі прытулку»... Творы пісьменніка складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі. Давайце паслухаем, з чаго і як пачалася праца над раманам «Сэрца на далоні» — творам пра душэўную чуласць, пра людзей, чые сэрцы адкрыты насцеж.
Юнак (у ролі I. Шамякіна). 3 маёй чалавечай, пісьменніцкай цікавасці да адной з гераічных старонак Вялікай Айчыннай вайны — гарадскога падполля, да гэтай своеасаблівай галіны ўсенароднай партызанскай барацьбы .супраць акупантаў. Даволі доўга — гадоў дзесяць я збіраў звесткі пра падполлі, маючы намер напісаць раман... А жыццё ішло, мірнае, але не менш бурнае і цікавае. I я быў у гушчы гэтага жыцця як пісьменнік. Прызнаюся, што сучаснасць, падзеі блізкія заўсёды моцна хвалявалі мяне і даволі часта, калі я вырашаў, пра што пісаць — пра мінулае ці сённяшняе, пераважалі.
Першы вядучы. Пачынаючы з пасляваеннага часу I. Шамякін прыкметна ўзбагачаў духоўны свет беларускай прозы, нарошчваў яе мастацкі патэнцыял. За вялікі ўклад у развіццё літаратуры I. Шамякіну нададзена высокае званне народнага пісьменніка Беларусі (1972). Двойчы яму прысуджалася Дзяржаўная прэмія БССР. Літаратурныя заслугі пісьменніка адзначаны Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы (1981). У 1994 годзе ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне літаратуры.
Другі вядучы. Іван Шамякін — дзяржаўны дзеяч: выбіраўся дэпутатам рэспубліканскага ўзроўню і Вярхоўнага Савета СССР, з 1971 па 1985 г. узначальваў Вярхоўны Савет БССР. Шмат гадоў I. Шамякін працаваў на ключавых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, кіраваў выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя».

Адна з яго галоўных заслуг — дзейсная дапамога пісьменнікам і простым людзям у вырашэнні жыццёва важных праблем.

Жыццё I. Шамякіна было надзвычай насычанае, аднак заўсёды ў ім значнае месца займала літаратурная творчасць. Яго творчая і грамадская дзейнасць — прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу.

Першы вядучы. У жыцці пісьменніка выключнае месца займала яго сям’я. Да сваіх дзяцей ён і яго жонка Марыя Філатаўна ставіліся з вялікай і трапяткой любоўю. Іван Пятровіч звязваў з імі ўсе свае радасці, надзеі і спадзяванні, па-бацькоўску хваляваўся і трывожыўся пра іх лёс. Пісьменнік быў перакананы ў галоўных каштоўнасцях свайго жыцця: «Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё — Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў».
Другі вядучы. Пакручастымі дарогамі лёсу Іван Пятровіч Шамякін пранёс па- сапраўднаму лебядзіную вернасць каханай жанчыне — жонцы, незабыўнай Марыі Філатаўне. Пакаленні зачытваліся і зачытваюцца старонкамі пра юнацкае каханне, пройдзеныя выпрабаванні вайны героямі «Трывожнага шчасця» Пятром Шапятовічам і Сашай Траянавай. Гэта адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка. I завяршыўся ён ужо на зломе XX стагоддзя прачулай аповесцю-рэквіемам «Слаўся, Марыя!», прысвечанай памяці дарагога чалавека, стаў своеасаблівым гімнам беларускай жанчыне.
Першы вядучы. Іван Шамякін — аўтар некалькіх п’ес, якія ішлі на сцэнах многіх тэатраў Беларусі. П’есы «Не верце цішыні», «Выгнанне блудніцы», «Экзамен на восень», «I змоўклі птушкі», «Залаты медаль» карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў гледачоў.
Другі вядучы. Што ж сённяшняму грамадству гаворыць творчасць Шамякіна? Героі твораў пісьменніка жывуць штодзённымі клопатамі часу, змагаюцца за сваю айчыну ў гады кровапралітнай вайны, з радасцю пераможцаў будуюць на руінах і папялішчах новае жыццё, жывуць справамі вёскі, думаюць пра новае архітэктурнае аблічча нашых гарадоў, турбуюцца чарнобыльскім лёсам суайчыннікаў... Сапраўдным гуманізмам, як касцёр цеплынёй, дыхаюць старонкі шамякінскіх твораў, даводзячы нам, беларусам, запаветную, вынашаную пісьменнікам ісціну: жыццё на зямлі пры любых абставінах павінна заставацца па-чалавечы адказным і годным.
Першы вядучы. Калі паспрабаваць коратка вызначыць, хто ж ён, I. Шамякін, то, бадай, найбольш дакладна зрабіў гэта ў сваіх згадках «Вернасць» Алесь Савіцкі.
Другі вядучы. Чалавек, які не прымае зло і прызнае найвышэйшай вартасцю здольнасць дарыць людзям толькі дабро.

Салдат, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад першай яе крывавай зарніцы да салюта Перамогі над знішчанай дашчэнту гітлераўскай ваеннай машынай.

Шчаслівы бацька, які выхаваў чацвярых дзяцей, а яшчэ больш шчаслівы дзядуля, акружаны ўнукамі.

Творца сусветнага ўзроўню, які напісаў дзясяткі раманаў, аповесцей і іншых літаратурных твораў, перакладзеных з беларускай мовы на дзясяткі іншых моў; агульны наклад яго твораў налічвае мільёны паасобнікаў і працягвае кожны год прырастаць.

Першы вядучы. Усё гэта ён, Іван Пятровіч Шамякін, народны пісьменнік Беларусі, чыё імя на зямлі беларускай ведае і стары і малы; ён — без перабольшання — эпоха. I на яго кнігах духоўна выспявала не адно пакаленне нашых людзей.
На жаль, 14 кастрычніка 2004 года Івана Шамякіна не стала..
Пяты чытальнік (выконвае верш Валянціна Лукшы «Памяці Івана Пятровіча Шамякіна» ).
Не, класікі не паміраюць —
Такі іх бессмяротны род.
Што напісаць Не паспяваюць,
За іх дапісвае народ.

Бо, знітаваныя з народам,
Яны прайшлі сваё жыццё,
Адправіўшы усе нягоды
У дальні кут у небыццё.

Каб не было ні ў чым падману,
Каб дух бунтарскі не згасаў,
Старонкі полымных раманаў
Сам Бог на вуха дыктаваў.

Яны пакутвалі начамі,
Каб менш пакут было зямлі,
Яны нястомна і адчайна
Да вечнай ісціны ішлі,

Каб тую ісціну адкрыта
Сваім нашчадкам перадаць.
3 нябесным злучаны блакітам
Над вечнаю зямлёй крыляць!

Другі вядучы. Івана Шамякіна можна назваць не толькі вялікім беларускім пісьменнікам, але і патрыётам сваёй Радзімы. Чытайце творы Шамякіна, перачытвайце старонку за старонкай і пазнавайце ўсё больш і больш пра беларускі народ і яго гісторыю.
Шосты чытальнік (выконвае верш Генадзя Пашкова ).
I хай сабе —
з нагоды,
без нагоды,
я паўтару,
хоць колькі пройдзе год:
калі пясняр такі ёсць у народа,
то за яго
паклон табе,
народ!..

Спіс выкарыстанай літаратуры

Бельскі, А. Класікі і сучаснікі ў школе : дапам. для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мінск : Аверсэв, 2005. — 412 с.
Іван Шамякін: жыццё і творчасць : альбом [склад. Т. I. Шамякіна; аўт. прадм. В. Каваленка]. — Мінск : Нар. асвета, 1982. — 94 с.
Іван Шамякін. Летапісец эпохі : успаміны, інтэрв’ю, эсэ / уклад. А. Шамякінай. — Мінск : Маст. літ., 2010. — 382 с.
Каваленка, В. Іван Шамякін: нарыс жыцця і творчасці / В. Каваленка. — Мінск : Нар. асвета, 1980. — 207 с.
Шамякін, I. Глыбокая плынь : раман / I. Шамякін. — Мінск : Юнацтва, 1986. — 491 с.
Шамякін, I. Карэнні і галіны : партрэты настаўнікаў, сяброў, бацькоў, сваякоў, штрыхі аўтапартрэта / I. Шамякін. — Мінск : Маст. літ., 1986. — 397 с.
Шамякін, I. Непаўторная вясна : аповесць; Сэрца на далоні : раман / Іван Шамякін. — Мінск : Маст. літ., 2014. — 526 с.
Шамякін, I. У роднай сям’і : аповесці і апавяданні / I. Шамякін. — Мінск : Маст. літ., 1996. — 286 с.
Шніп, В. Балада камянёў : паэзія і проза / В. Шніп. — Мінск : Маст. літ., 2006. — 318 с.
Юрэвіч, У. Погляд : літ. крытыка / У. Юрэвіч. — Мінск : Маст. літ., 1974. — 224 с.