сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. I. ПЕТРУШЭНКА, выхавальніца групы прадоўжанага дня СШ № 5 г. Калінкавіч. Пачатковая школа Студзень 2004 г.

Чарадзейка Зіма запрашае

Тэатралізаваныя заняткі ў групе прадоўжанага дня

Мэты: паказаць прыгажосць зімовай пары ў творах паэтаў і мастакоў; пашыраць уражанні дзяцей аб навакольнай рэчаіснасці сродкамі музыкі; выхоўваць пачуццё прыгожага; стварыць умовы для цікавага правядзення вольнага часу дзяцей.

Ход мерапрыемства

Вядучы.
Падаюць сняжынкі — дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі за маім акном...
Расчасалі вішні шоўкавыя косы
I ўранілі долу снегавы вянок.

Зноў зіма паслала снежныя кілімы,
Зажурыла беллю паплавы, лугі,
I прыходзіць радасць у красе маўклівай.
Адплываюць хвілі смутку і тугі...

А сняжынкі сеюць кволую імглістасць,
Падаюць бялюткі за маім акном,
I цвіце на вішнях снежная ўрачыстасць,
Сцелецца на скронях перад раннім сном.

Хочацца навеяць казкі-таямніцы
Гукамі мелодый, радасцю без слоў.
(П.Трус.)
Дзяўчынкі выконваюць танец сняжынак. Затым сядаюць вакол белага грудка.
Вядучы. Што гэта за снегавы грудок у нашым класе? Хто хаваецца пад белым покрывам?
Пад вясёлую рытмічную музыку хлопчыкі дзіцячымі шуфлямі "адкідваюць" снег. 3-пад снегавога покрыва з’яўляецца Снегавік.
Вядучы. Прывітанне, Снегавічок. Як ты сюды патрапіў?
Снегавік. Ды я пісьмо да вас нясу. Але вось крышку задрамаў. Мяне снегам і зацерушыла. Аддае ліст вядучаму.
Вядучы. Дзякуй, Снегавічок! Ад каго ж гэта пасланне?
Снегавік. Я ведаю, але давайце праверым, ці здагадаюцца дзеці.
Аўтар ліста —Гаспадыня сівая.
Зямлю белым пухам
Яна засцілае.
Дзеці. Зіма!
Вядучы адкрывае канверт, чытае ліст, у якім Зіма запрашае дзяцей у чароўны лес.
Сняжынка. Ну як, дзеці, прымем запрашэнне?
Дзеці. Прымем!
Снегавік. Тады пойдзем. Ціхенька, каб нікому не перашкодзіць у чароўным лесе. Не паламаць галінак, не патрывожыць сінічак...
Усе бяруцца за рукі і ланцужком крочаць па сцяжынцы.якая вядзе да рознакаляровай шыльды "Чароўны лес". З’яўляецца Зіма.
Зіма.
Я — Зіма. Работу маю:
Дол абрусам засцілаю.
Я дні-ночы на хаду
Пражу белую праду.
(Л. Геніюш.)
О, якія ў мяне госцейкі! Надзейка, Палінка, Дзімка... Як добра, што вы завіталі сюды!
Дзеці. Прывітанне, спадарыня Зіма!
Вядучы. Прыйшлі мы да цябе з падарункамі. Дзякуючы ім ты, спадарыня Зіма зможаш убачыць сябе вачыма таленавітых мастакоў, паэтаў, кампазітараў. Першы падарунак — літаратурны.
Вучні чытаюць вершы пра зіму.

1-шы вучань.
Надышлі марозы, рэчкі закавалі,
Белыя бярозы шэранем убралі.
Замялі дарогі ветрыкі снягамі.

Лес, як дзед убогі, з доўгімі вусамі,
Апусціў галіны і стаіць журботна,
Зрэдку верхавіны зашумяць маркотна.

Мяккая пярына вочы адбірае.
Белая раўніна — ні канца, ні краю.
Пад пялёнкай белай травы і лісточкі.

Рэчка анямела, змоўклі ручаёчкі.
Амярцвелі лозы, чуць галлём хістаюць
А ў палях марозы ды вятры гуляюць.
(Я. Колас.)

2-і вучань.
Гай маўчыць — лістоў няма,
Даль азябла сіняя.
Зноў да нас прыйшла
Рупнай гаспадыняю.

Вымела без памяла
Поле з першапуткамі
Хусту з галавы зняла -
Рунь малую ўхутала.

Суняла дачок-завей,
Каб дарма не бегалі
А вязалі, ды хутчэй,
Рукавічкі белыя

Для ялінак-немаўлят
Для хваінак тоненькіх.
У зімы работы шмат:
Ходзіць зрання гонямі,
Рассцілае абрусы,
Дорыць шапкі цёплыя...
Спяць азёры, спяць лясы,
Спяць стагі на поплаве.
(Р. Барадулін.)

3-і вучань.
Белымі сняжынкамі ўся дарожка ўсеяна.
Была ў полі рэчанька, ды не стала. Дзе яна?
Была ў полі елачка, пышная, зялёная,
А яе мяцеліца замяла шалёная.

Азярцо празрыстае за сялом свяцілася.
Посцілка бялюткая на яго звалілася.
Тут зіма заснежыла брамы і штыкеты,
Кожны куст і дрэва ў белае адзеты.
(С. Шушкевіч.)

4-ты вучань.
Ціха-ціхутка дрэмлюць паляны.
Коўдрай бялюткай долы засланы.
Заяц пад хвойкай спаў гэтак міла,
Ледзь яго сойка ранкам збудзіла.

3 боку балота кралася ліска —
Мыш па сумётах шуснула з піскам.
Лес абудзіўся рыкам ласіным.
Клён пахіліўся. мерзнуць асіны.
Даль барвавее. ціш азалела.
Белай завеяй ноч адшумела.
(В. Гардзей.)

5-ты вучань.
Зіма хадою смелаю
Да нас прыйшла здаля,
I стала белай-белаю
Уся вакол зямля.

Такія гурбы выраслі:
Як прывіды стаяць.
На двор мы санкі вынеслі —
Давай гуртом гуляць.

У саначак бліскучыя,
Як струны, палазы.
Не страшны нам траскучыя
Тугія маразы.

Мы хутка-хутка з горачкі
На саначках ляцім.
Не холадна ніколечкі —
Нам весела усім.
(В. Жуковіч.)

Зіма. Дзякуй, сябры мае! Вашы вершы мяне зачаравалі.
Вядучы. Цудоўныя зімовыя вобразы створаны не толькі паэтамі. Зараз дзеці раскажуць пра свае любімыя карціны беларускіх мастакоў.
Вучні дэманструюць зімовыя пейзажы і расказваюць, якой стварылі зіму мастакі. Можна выкарыстаць карціны Дз. Алейніка "Зімовы вечар", В. Бялыніцкага-Бірулі "Першы снег" і інш. (гл. укладку).
Вядучы. Зімовая тэма заўсёды выклікала цікавасць кампазітараў. Створаныя імі творы не пакідаюць нас абыякавымі, прымушаюць зноў і зноў услухоўвацца ў чароўныя гукі зімы.
Гучыць музычная п’еса "На тройцы" з цыкла "Поры года" П. I. Чайкоўскага.
Зіма. Шчыры дзякуй, даражэнькія, за такія падарункі. Я нібы збоку сябе ўбачыла. I такая я прыгожая, такая дасканалая! Каб лепш са мной пазнаёміцца, адгадайце мае зімовыя загадкі:

Загадкі Зімы:
1. Матылі насіліся,
Над зямлёй кружыліся,
А як долу ўпалі —
Белым пухам сталі.
(Сняжынкі.) (Н. Парукаў.)

2. I маставік ён, і мастак.
Ён мосціць холадам, дзівак,
Малюе холадам, дзівак.
Завуць яго... Хто скажа, як?
(Мароз.) (В. Жуковіч.)

3. Як жыве — заўжды маўчыць,
Нерухома ён ляжыць,
А вясной, калі памрэ,
Мчыцца з гор, шуміць, раве.
(Снег.) (Н. Парукаў.)

4. Зноўку снегам замяла
Увесь выган ля сяла.
Вецер гурбы абдымаў
I да неба паднімаў.

Ранкам глянулі ў акно:
Ух! Ад снегу ледзь відно.
Хтосьці мёў, і хтосьці выў.
Адгадайце, хто ж то быў.
(Завіруха.) (У. Мацвеенка.)

5. На катку на коней стаў,
Хуткай птушкаю памчаў.
I мяне без гэткіх коней
Аніхто ўжо не дагоніць.
(Канькі.) (М. Пазнякоў.)

6. Дзве драўляныя пантофлі
Так падобны, як дзве кроплі,
Дзве пятлі, не для красы
Два задраныя насы.
3 горачкі бягуць па следзе,
А на іх дзяўчынка едзе.
(Лыжы.) (У. Мацвеенка.)

Зіма. Вось малайцы! Усе загадкі адгадалі правільна! А зараз сюрпрыз. У чароўным лесе жывуць вясёлыя зайчаняты. Яны вельмі любяць пець і танцаваць.

З’яўляюцца чацвёра зайчанят і выконваюць жартоўныя прыпеўкі, акампануючы сабе на дзіцячых музычных інструментах.
1-е зайчаня.
Я — заяц-удалец,
Лесу цёмнага жылец.
Ходзяць чуткі: баязлівец,
А на справе я — храбрэц.

2-е зайчаня.
Сёння рана я устаў,
Да лісіцы завітаў.
3 ёй сябруем мы даўно.
Разам ходзім у кіно.

3-е зайчаня.
У кіно з лісой? Ха-ха!
Лепш паслухай пра ваўка.
3 ім хаджу на паляванне
3 вечара і аж да рання.

4-е зайчаня.
Быў учора у суседзяў,
Напалохаў там мядзведзя.
I пабег ён з лесу вон...
Нечакана з’яўляецца мядзведзь.

Мядзведзь.
Ах, які цудоўны сон!..
Хопіць, зайцы, балбатаць,
Лепш вам, зайцы, танцаваць.
Зайчаняты выконваюць танец.

Снегавік. А зараз — гульня, якой навучу вас я!
Праводзіцца гульня "Рукавічка". Пад музыку дзеці перадаюць па кругу адзін аднаму рукавічку. Калі музыка спыняецца, той, у каго засталася рукавічка, называе якую-небудзь народную прымету пра зіму.

Народныя прыметы:
*Калі замёрзлыя вокны паволі сталі раставаць, заўтра наступіць пацяпленне.
*Калі пад нагамі перастаў рыпець снег і вецер падзьмуў з поўдня — чакаецца цяпло.
*Калі варона ў добрае надвор’е крычыць на ляту, то зіма будзе снежная, а лета — дажджлівае.
*Яснае неба зімою — перад моцнымі маразамі.
*Кот ляжыць сярод хаты — будзе цёпла; спіць на печы — да марозу.
*Кругі вакол сонца — перад працяглымі маразамі і завірухамі.
*Перад маразамі дым з коміна ўзнімаецца слупамі, перад адлігаю — сцелецца па зямлі.

Вядучы.
Вось бяжыць, дзеці, да нас рыжая лісіца, захацелася і ёй, пэўна, весяліцца.
Ліса спыняецца і пачынае плакаць.
Зіма. Чаму ж ты, лісічка, плачаш?
Ліса. Як жа мне радавацца, калі заяц прагнаў мяне з маёй хаткі?
Зіма. А ты нічога не пераблытала?
3 ’яўляецца пеўнік.
Пеўнік. Ку-ка-рэ-ку! Нясу касу на плячы. Хачу лісу засячы!
Ліса. Ратуйце!
Зіма. Мне ўсё зразумела. Гэта ж ты, ліса, прагнала зайца з яго хаткі. А потым пеўнік дапамог бедалагу. Як табе не сорамна падманваць?
Ліса. Прабачце. Але ж я такая адзінокая. Ніхто-ніхто са мной не сябруе, ніхто-ніхто са мной не гуляе...
Зіма. Ну, не плач. Дзеці, давайце павесялім лісу і пагуляем у самую вясёлую зімовую гульню...
Дзеці. У снежкі!
Ідзе гульня. У якасці снежак выкарыстоўваюцца мяккія шарыкі з тканіны і ваты.
Зіма. Ці спадабалася вам у зімовым чароўным лесе, дзеці?
Дзеці. Спадабалася!
Вядучы. Дзякуй, спадарыня Зіма, за тое, што мы так цудоўна правялі час!
Дзеці. Дзякуй!
Вядучы. А зараз нам пара дамоў.
Зіма. Мае чароўныя лыжы дапамогуць вам. Яны ў лесе ўсе сцежкі-дарожкі ведаюць. Вы на лыжы станавіцеся і дадому шпарка мчыцеся!
Гучыць мелодыя песні "На лыжах" — сл. П. Пранузы, муз. П. Падкавырава. Дзеці "едуць" на лыжах і спяваюць песню.

Толькі выпаў першы снег — мы на лыжы сталі.
Звонкі гоман наш і смех абуджае далі.
Мы ляцім з крутой гары, ўслед шумяць бярозы.
Не пужаюць нас вятры, халады, марозы.