сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лілія ПІНЧУК, метадыст ясляў-сада №19 Жлобіна. Пралеска 1995 г.

Мы вяночак развіваем

Сцэнарый свята "Купалле"

Гучыць песня "Ой, рана на Йвана".
Купалінка. На Беларусі ў адно з зялёных святак бавіліся русалкі. Паводле народных паданняў, русалкі, вадзяныя німфы, жылі ў рачных зарасніках і раз у год выходзілі з вады. У тыя дні збіраліся людзі ў гаях, дзяўчаты вілі вянкі з бярозавых галінак, праводзілі русалку ў поле, каб сцерагла жыта. Да Купалля людзям было забаронена пляскаць у далоні, купацца ў рэчках.
Гучыць русальная песня. Карагод "Пляцень" пачынаецца з шэсця русалак на чале з галоўнай русалкай. Каля фантана яны ўтвараюць паўкруг. Выходзяць 3 русалкі.
1-я русалка. Мы, русалкі-палудніцы,
Жывём у вадзе
I выходзім у поле,
Калі жыта цвіце.
2-я русалка. Сцеражом мы ярыцу,
Каб калоссе ніхто не ламаў,
Маладую пшаніцу,
Каб расіцу ніхто не страсаў.
3-я русалка. I сягоння на свяце
Будзем мы ў карагодзе гуляць, (2 разы)
Песні пець і людзей чараваць.

Русалкі выконваюць русальны танец, у канцы якога, пакланіўшыся, пад музыку падыходзяць да ўдзельнікаў свята, надзяляюць іх кветкамі, запрашаюць у карагод.
У цэнтры круга — Купалінка.

Купалінка.
Станьце, дзевачкі, ў кружочак,
Паварожым на вяночак.
Мы вяночак развіваем,
Ды на долечку гадаем.
Калі ваша добрая доля —
Цвіці, вяночак, як гаёчак,
Калі ваша бяздолейка —
Ссохні, вяночак, як сухарочак.

У галоўнай русалкі вочы завязаны хусткай. На руках засохлыя і свежыя вяночкі. Пад музыку дзяўчаты ідуць па кругу, а русалка надзяляе іх вянком-доляй.
Разыдзіся, наш кружочак,
Зноў варожым на вяночак,
Падыдзіце да кастрышча,
Пачнём сваё ігрышча:
Чый вянок згарыць хутчэй,
Тая выйдзе замуж раней.

Пад музыку дзяўчаты кідаюць вянкі ў касцёр.
Гучыць мелодыя песні "Купалінка".

Пачынаем вогненныя пацехі Купалля. Запрашаем пераскочыць цераз вогнішча.
Гучыць музыка. Дзяўчаты разбягаюцца і скачуць.
А цяпер запрашаем гасцей успомніць маладосць і зрабіць скачок.
Пад гукі музыкі госці скачуць цераз вогнішча.
Гучыць першы радок беларускай народнай песні "Ой, рана на Йвана".

Летняя ночка купальная... Ноч, чаруючая сваім хараством.
Кажуць людзі: на Купалле
Ў кожным лесавым куточку
Кветка-папараць усходзіць,
Зацвітае ў гэту ночку.
Знойдзем мы туды дарогу,
Дзе яна красуе цяжка,
Там жа точаць чэрці рогі,
Ведзьмы скачуць у расцяжку.
Узнімаюць ведзьмы рогат,
Лямантуюць дзіка чэрці,
Каб шукальніка якога
Напалохаць аж да смерці.

Шум ветру і раскаты грому, дзікі рогат, крыкі.
Ну вось, не абышлося без нячысцікаў...
Але не хвалюйцеся, госцікі дарагія. Галоўнае — не пусціць іх да нашага кастра.
З’яўляецца Ведзьма, разам з ёю Чорт, яны выконваюць вакол вогнішча танец нячысцікаў.
Чорт.
Ваша я пачуў гулянне
Ў сваім пекле пад вадою
I цяпер вось на патэльні
Граю свой напеў пякельны.

Пачынае біць у патэльню лыжкай,
Ведзьма падтанцоўвае.

Можа, вугалёк дасцё мне,
Каб агонь раскласці ў пекле?
Купалінка. На палын, нясі ў пекла!
Кідае палын на Чорта, той з лямантам адбягае.
Ведзьма (любуючыся ў люстэрка).
Прыгажуні мы, ведзьмы-дзявіцы,
Шчабятушкі, шаптунні-сястрыцы.
Просім з намі ў гульні гуляць
I нікога ў лес не пускаць.
Ну, навошта вам кветкі шукаць?
Лепей хлопцаў, дзяўчат чараваць.

Ведзьма цішком хоча схапіць палаючую галінку, але яе хвошчуць палыном, і яна ўцякае.
Вадзянік.
Па загаду Чарнабога
Ў лес не пусцім мы нікога.
Ведзьма, Чорт, чаго стаіцё?
Ад кастра усіх ганіце.

Нячысцікі апырскваюць людзей вадой з балончыкаў, абгорнутых імхом.
Купалінка.
Нечысць Чарнабога,
Вам у лес дарога,
У раку глыбокую,
На асіну высокую.

Ганіце іх, людзі добрыя, адусюль, каб не псавалі свята.
Удзельнікі свята хвошчуць палыном нячысцікаў, тыя з віскам, лямантам уцякаюць.
Вось і шлях для нас свабодны, запрашаю ўсіх на пошукі папараць- кветкі.
Усе шукаюць кветку, а нячысцікі перашкаджаюць. Чуюцца галасы:
"Знайшлі!" Удзельнікі свята песняй вітаюць пераможцу. Купалінка ўскладае на галаву пераможцы вянок.

Хай лёс твой будзе шчаслівы,
У хаце хай будзе весела,
I сыта, і песенна.

Галоўная русалка. Час нам рзвітвацца. Чакае нас жыта каласістае.
Купалінка.
Правядзём русалак
3 бору да бору,
У зялёну дуброву,
3 бору ў жыта.
У ядраным жыце —
Там русалкам жыці.

Пад гукі песні "Купалінка" русалкі пакідаюць свята.


Яшчэ на гэту тэму:

Купальскі карагод     Купальскаю парою