сцэнарыі святаў на беларускай мове

Жанна АРЛОВА, музычны кіраўнік ясляў-сада N 480 Мінска. Пралеска 02.1992г.

Вячоркі

Ў бабулі Васіліны і дзядулі Тамаша

Зала, дзе праводзяцца вячоркі, аформлена пад беларускую хату: стол, лаўкі; на падлозе — даматканыя рагожкі; на покуце — вышываны ручнік; на лаве, каля печы, стаіць дзежка з цестам; на стале — цыраткі, пасыпаныя мукой, Да столі падвешана дзіцячая калыска. Бабуля завіхаецца ў хаце, прыбірае, забаўляе ўнучка, Дзядуля пляце лапці. На вуліцы — гамана, смех.
Дзядуля і бабуля. Міласці просім кожнага ў госці! Хто ні зойдзе — сабе месца знойдзе!
Гучыць беларуская народная музыка, дзеці ўваходзяць у хату. У руках музычныя інструменты і прылады працы, якімі звычайна карыстаюцца на вячорках.
Дзеці. Добры вечар у хату, бабуля Васіліна! Добры вечар, дзядуля Тамаш!
Дзеці бяруцца за працу: матаюць ніткі ў клубкі, "збіваюць масла", таўкуць "мак" у ступе, перабіраюць і- перасейваюць зерне і г.д. Бабуля-гаспадыня абыходзіць з дзедам гасцей, цікавіцца, хто чым займаецца, дзеці адказваюць.
Бабуля. Пайду я ў камору, прынясу смятаны, каб масла збіць.
Выходзіць у "сенцы" і вяртаецца ўзрушаная.
Бабуля. Ты ведаеш, дзядуля, што здарылася? Адкрываю гладыш, а там і знаку няма ад смятаны. Гэта ж кот, відаць, залез у камору. Дзе гэта ён падзеўся? Вось я зараз яму! (Бярэ венік, шукае ката па хаце, потым венікам выганяе яго з-пад ложка.) Што гэта ты нарабіў, га? 3 чаго ж масла цяпер збіваць? Гасцей не будзе чым частаваць. От я цябе пачастую зараз венікам!
Дзеці. Бабуля Васіліна, не злуйся ты на коціка, прабач яго, ён больш не будзе так, Мы лепей песеньку пра яго заспяваем.
Гучыць беларуская народная песня "Коці, коці, лапкі" ў выкананні групы дзяцей.
Коці, коці, лапкі,
Паедзеш да бабкі,
Бабка дасць піражок,
А дзядуля шаляжок*
I табачкі ражок.
А табачку нюх-нюх,
За горачку трух-трух.
Апрацоука В. Кузняцова

_______________
* Шаляжок - грошык

Бабуля. Ну, малайцы, госцейкі, якую песню ведаюць. А ён жа, каток, яшчэ і гуляць-дурэць любіць. Пагуляем у гульню "'Шэры кот".
Дзеці выбіраюць ката пры дапамозе лічылкі:
Раз, два, тры, чатыры,
Ката грамаце вучылі:
Не чытаць і не пісаць,
А за мышкамі скакаць.

Паміж мышкамі і катом ідзе размова.
Кот. Ёсць мышы ў стозе?
Мышы. Ёсць!
Кот. Баяцца ката?
Мышы. Не.
Кот. А я, катафей, разганю ўсіх мышэй!
Калі прагучыць сказ "Разганю ўсіх мышэй", мышы разбягаюцца, а кот іх ловіць. I тут чуецца плач дзіцяці, якое ляжыць у ложку.
Бабуля. А мой жа ты Міхаська, спаць захацеў. (Звяртаецца да гасцей.) Паехалі бацькі ў госці, а ўнучка мне пакінулі. Вось зараз спаць пакладу і да вас, даражэнькія, вярнуся. (Калыша дзіця, але тое не змаўкае.)
Вядучая. Давайце, дзеткі, заспяваем калыханку, каб заснуў унучак!
Дзеці гушкаюць калыску, спяваюць беларускую народную песню "Спі, сыночак, міленькі".
Спі, сыночак, міленькі,
Галубочак шызанькі,
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць.
Нашто, вецер, ты гудзеш,
Спаць Міхаську не даеш?
Спі, сыночку, міленькі,
Ой, ды люлі-люленькі...
Апрацоўка В. Кузняцова

(Малое засынае.)
Бабуля. Ну, дзякуй вам, даражэнькія. за дапамогу. Цяпер ён ужо да раніцы будзе моцна спаць. (Да ката.)
Ціха, кіска, ціха, братка:
У калысцы спіць дзіцятка.
Будзь жа добранькі, глядзі,
Дзіцяня не разбудзі.
А. Александровіч

Бабуля. А што ты, дзядуля, сядзіш? Ці пакарміў жывёлу ў хляве?
Дзядуля. Пакарміў, не турбуйся, Васілінка. Вядучая. А якія ж хатнія жывёлы ў вас ёсць? Раскажыце, нам цікава ведаць, так, дзеткі?
Дзеці. Раскажыце, калі ласка, раскажыце...
Дзядуля. А вось я вам загадаю загадкі аб іх, і вы самі здагадаецеся, Хочаце?
Дзеці. Загадайце!
Дзядуля.
Пасярод двара стаіць капа:
Спераду вілы, ззаду мятла.
(К а р о в а)
Не кароль, а ў кароне,
Не гусар, а пры шпорах,
Гадзінніка не мае,
А час знае.
(П е в е н ь)
Нос пятачком, хвост кручком,
Нічога не баліць, а ўсё стогне.
(П а р с ю к)
Усіх возіць, а сам пехатою ходзіць.
(К о н ь)
Белыя, як снег, цэлы дзень у рэчцы купаюцца,
А на бераг выйдуць сухімі.
(Г у с і)
3 людзьмі сябруе,
Хату вартуе,
Жыве пад ганкам,
Хвост абаранкам.
(С а б а к а)

Бабуля. Нешта сумнавата стала, ці не пара павесяліцца?
Дзеці. Давайце паскачам "Юрачку"! (Дзеці скачуць пад музыку.)
Дзядуля. А я ўжо лапці даплёў, то, можа, пагуляем у гульню "Міхасік"?
Дзеці становяцца ў круг, кладуць каля сябе лапці. Гучыць беларуская полька. Малыя скачуць. Музыка сціхае.
Дзед. Ты, Міхасік, не зявай, лапцікі надзявай. (Дзеці хуценька абуваюць лапці і зноў скачуць.)
Бабуля. А ці ведае хто з вас што-небудзь цікавае?
1-е дзіця.
Гоп-гоп, і-га-га,
На Буланцы едзе Янка.
Паўтараста рублёў санкі,
Пяцьдзесят рублёў дуга.
А кабылка — паўрубля
Гоп-гоп, і-га-га!

2-е дзіця.
Лады-ладкі,.
Пабіліся бабкі.
За камочак цеста,
Ды пасярод места.
Селі ў запечку,
3 елі перапечку.
Засталіся крошкі —
Іх паелі кошкі.

Раптам выскаквае з-за фіранкі чорт: а як жа ў вас тут весела! А я сядзеў-сядзеў на гарышчы, ды й змёрз. На вуліцы мароз трашчыць. Ці пусціце пагрэцца?
Усе ўдзельнікі. Заходзь, пагрэйся. А мо гульню якую ведаеш?
Чорт. Хіба толькі ў хвосцікі пагуляць (паказвае свой). Дык у вас жа хвосцікаў няма.
Дзеці. Есць, ёсць! Вось яны, нават каляровыя. (Малыя прыладжваюць хвосцікі да пояса — чорт даганяе іх, каб адарваць хвосцікі, а тыя ўцякаюць.)
Чорт. Ну, вось і пагрэўся, дзякуй за прытулак. Пабягу дадому, у балота! (Уцякае.)
Бабуля. Ой, забылася ж зусім! Мабыць, і цеста ўжо з дзяжы вылезла (бяжыць да дзежкі, адхінае ручнік і супакойваецца). Не, у самую пару! Падышло цеста на славу, добра вырасла. Гэта ж хутка прыйдзе пара вясну клікаць, птушачак ляпіць. Мы ўжо з дзядулем і з саломы, і з паперы іх рабілі. А сёння з цеста будзем ляпіць.
Даўні звычай ёсць такі, мая бабка і маці казалі: як зіма падыходзіць к канцу, трэба птушачак рабіць, вясну клікаць. Тады птушкі хутчэй прыляцяць, вясну на крыльцах прынясуць. Мыйце рукі хутчэй, ды сядайце на лавы да стала бліжэй! Дзядуля, дапамажы дзеткам.
Малыя садзяцца за стол. Бабуля раздае кожнаму па камячку цеста, усе лепяць птушак, кладуць на далоньку і спяваюць беларускую народную песню "Жавароначкі, прыляціце".
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце,
Каб сонейка засвяціла,
Каб снег белы растапіла,
Каб садзік расквяціла.
Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце
I дожджыкам папаіце,
Каб травачкі парасціла,
Каб волікаў накарміла.
Апрацоўка В. Сярых

Бабуля. А цяпер кладзіце жавароначкаў на патэльню, я печ вытаплю пасля вячорак, і птушачкі ў печы спякуцца. Заўтра раніцай будзеце бегчы каля хаты, я вам раздам печаных жавароначкаў, пакладзіце іх на акно ў хаце — хутчэй вясна прыйдзе.
Дзядуля. Пакуль дзеці-малайцы жавароначкаў ляпілі, скончыў я табе, Васілінка, рамантаваць чаравікі. Вось, паглядзіце!
Бабуля. Ай ды дзед! Майстар на ўсе рукі. Дай я цябе пацалую за гэта дЫ памераю чаравікі. (Садзіцца і абувае іх.) Ой, як добра, хоць зараз жа ў скокі.
Дзядуля. А можа, паскачам з табой, Васіліна? I дзеткі разам з намі.
Дзядуля і бабуля танцуюць. Малыя бяруць шумавыя інструменты, скачуць, запрашаюць гасцей.
Бабуля. Ну, павесяліліся. Добрыя вячоркі ў нас атрымаліся! Але чую я з печы пах прыемны. Бульба спяклася. Сядайце, госцейкі, за стол. Ешце гарачую бульбачку — хто з соллю, хто з агурком, хто з кіслым малаком. Бярыце сальца. Дамашняе, смачнае... (Дзеці, усе госці частуюцца і ўстаюць.)
Вядучая. Дзякуй вам, бабуля Васіліна і дзядуля Тамаш! Хораша нам было на вячорках. Бывайце здаровы! Прыходзьце да нас у госці...
Гучыць музыка, дзеці на развітанне спяваюць народную песню.

Яшчэ на гэту тэму:

Беларускія вячоркі     Едзем на вячоркі