сцэнарыі святаў на беларускай мове

I. У. ІСКРЫК, выкладчык спецдысцыплін, мастацкі кіраўнік народнай студыі традыцыйнай творчасці «Жыцень» гімназіі № 23 г. Мінска. Беларуская мова і літаратура 2/2014

Ад вітання да развітання

Выхаванне культуры маўленчага этыкету ў вучняў V—VI класаў

У Беларусі новы 2014-ы год абвешчаны Годам гасціннасці. Добра вядома, што беларускі народ добразычлівы, прыветлівы і гасцінны. Існуе даўняя традыцыя вітання і ўшанавання гасцей. Неад’емнай часткай гэтай традыцыі дагэтуль з’яўляецца вітанне ганаровых гасцей з хлебам-соллю. Беларусы выказвалі свае сардэчныя пачуцці і паважлівае стаўленне адзін да аднаго, людзей іншых нацыянальнасцей і гасцей з іншых краін.
Шчырасцю і гасціннасцю ў XIX — пачатку XX стагоддзя вылучаліся школьныя асяродкі. Сярод шкалярскіх, студэнцкіх традыцый была і такая, як імяніннае віншаванне — урачыстае вітанне юбіляра, шаноўнага госця. 24 студзеня 1820 г. беларускія хлопцы-студэнты Віленскага ўніверсітэта віталі сябра Адама Міцкевіча сваім гуртком, дыялогамі чытальніка і хору, спевам і загадзя падрыхтаванымі вершаванымі словамі.
Мы можам прасачыць звычай вітаць шаноўнага госця не толькі ўрачыстымі прамовамі, афіцыйным ухваленнем, але і шчырымі паэтычнымі радкамі. Паэтычныя, рыфмаваныя, рытмізаваныя вітанкі шырока вядомы ў нашым краі: вясельныя, імянінныя, гасцінныя і інш. Яны арганічна ўлучаны ў сямейную абраднасць, у каляндарныя святы, знайшлі сваё адлюстраванне ў тэатры, у беларускай драматургіі (творы Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Леапольда Родзевіча, Івана Козела, Кастуся Губарэвіча і інш.). Успомнім «каравайныя» прыгаворкі ў п’есе «Пяюць жаваранкі» Кандрата Крапівы. У драматычных творах I. Козела «Папараць - кветка», «Над хвалямі Серабранкі» таксама прысутнічаюць элементы беларускай этыкетнай культуры. Дарэчы, даследчыкі адзначаюць агульную плынь тэатра пасляваеннай Беларусі, які не проста «лакіраваў рэчаіснасць», а ствараў міф пра будучае шчаслівае жыццё, мару калгаснікаў выбрацца з галечы ў «светлае заўтра». Яны стваралі «казку пра светлую будучыню, пра якую мроіла знясіленая вайною тагачасная Беларусь». Мы раілі б арганізатарам эстэтычнага выхавання, афіцыйных мерапрыемстваў перачытаць абрады з п’ес названых вышэй аўтараў, якія нагадваюць фальклорна-этнаграфічныя запісы, адрэдагаваныя рукою класікаў.
На жаль, мала запісаў у нас з вуснаў самабытных весельчакоў, якія славіліся на ўсё наваколле сваімі вершаванымі імправізацыямі, накшталт Шуры Барысевіча і Андрэя Хвесяні з вёскі Чамяры на Слонімшчыне. Мастацкая самадзейнасць там у 20—30-я гг. XX ст. была так пашырана, што прыметна ўплывала і на побыт, разняволіла людзей да публічнай імправізацыі на масавых мерапрыемствах, як абрадавых, так і грамадскіх, палітычных. Адзін кур’ёзны выпадак вядомы з архіваў: малады хлопец на судзе за савецкую агітацыю супраць урада Польшчы падчас спеву гімна тут жа перайначыў словы, за што атрымаў дадаткова два гады турмы.
Этнічна-культурны кампанент на святах і святочных мерапрыемствах сведчыць пра высокую этыкетную культуру беларусаў. Духоўная вобразнасць і настраёвасць, закладзеная ў вітальных словах і радках, ідзе часам з дахрысціянскіх ведаў, бярэ пачатак ад свяшчэнных гімнаў, якія дайшлі да нас у выглядзе абрадавага спеву. Сёння ўрачыстыя сустрэчы дэлегацый, віншаванні на сходах, конкурсах, дзяржаўных святах сталіся пачэснай, але вельмі нялёгкай нагрузкай на школу.
Не выключэнне і 23-я гімназія Мінска, дзе госці нярэдка просяць «прадэманстраваць абрад», і народнай студыі традыцыйнай творчасці «Жыцень» даводзіцца «сумяшчаць»: як спалучыць абрад — духоўнае дзейства і эстрадны паказ, містычны змест велічання прыроды і піянерскую работу?
Але вітанка — гэта імправізаванае слова да чаканых гасцей, таму ў народзе не было праблемы з тэкстамі: браліся па памяці пачутыя ад мясцовых штукароў мастацкія словы, прыказкі, рыфмаванкі, прыстасоўваліся да асобы госця, саленізанта (імянінніка), з цёплым, добразычлівым гумарам, нават падколкамі, «шпількамі»— але шчыра і тактоўна, шануючы і любячы, інакш не запрашалі б!
Добры госць — жаданы госць! —
Светлай раніцай (шчодрым вечарам) прыходзіць,
Важны госць, шаноўны госць
Світу за сабой прыводзіць.
Цяпер гасцей, «стомленых з дарогі», па старым шляхетным звычаі з марозу частуюць не гарачым напоем, а караваем, бо
3 ім у хаце весялосць,
Шчодры стол
I свята ў хату!
3 нашых рук
Хай прыме госць
Знак,
Што ў нашай хаце
Свята!
У дадатку мы прыводзім розныя з некаторых магчымых варыянтаў, але ўсе яны лёгка «кладуцца» ў вусны вітальнікаў. Трэба зазначыць адну дэталь. Шэраг тэкстаў, тут прыведзеных, можна лічыць фальклорнымі, бо ўзніклі яны хоць і ў аўтарскім выкананні, але вельмі часта ўяўляюць сабою імправізаваныя, скампанаваныя вобразныя радкі, пачутыя і вычытаныя ў розны час у розных аўтараў і пераказчыкаў, або з уласнымі праўкамі-дапаўненнямі. У свой час Міністэрства культуры БССР рыхтавала аўтарскія сцэнарыі народных свят, якія распаўсюджваліся па клубах і дамах культуры, узнаўляліся на сцэнічных пляцоўках. Матэрыял чэрпаўся з гэтых распрацовак, сёе-тое перараблялася і перапісвалася ўжо без спасылак на аўтара. Так асобныя творы набывалі другое жыццё і ўспрымаліся ўжо як фальклорныя. Добра было б скласці бібліяграфію такіх сцэнічных і метадычных распрацовак, выдадзеных у савецкі час, ажно да 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Аўтары іх заслугоўваюць добрага ўдзячнага слова, бо імкнуліся ўзмацніць этнічны-культурны змест мерапрыемстваў замест «культпрасвету» рамеснікаў з-за межаў краіны.
Вось нашы словы-зычэнні, якія перагукваюцца часам з хрэстаматыйнымі (але ж і ў хрэстаматыю яны трапілі з народных абрадаў, як напрыклад: «Цвіці ж, каласуйся, наш край, ці сонейка захад ці ўсход!»). Ці яшчэ:
Колькі ў жніўным полі каласкоў,
Колькі зярнятак у беларускім жыце,
Столькі добрых, мілых, шчырых слоў
Вам жадае студыя фальклору «Жыцень»!
Некалі паэт напісаў: «Колькі ў небе зорак прамяністых, // Колькі песень моцных пачуцця, // Колькі дум і колькі сэрцаў чыстых — // Столькі год жадаю Вам жыцця!». Дзе мяжа аўтарскай і фальклорнай вобразнасці? Беручы для віншавання ці вітання-зычэння слова паэтычнае і вобразнае, мы можам выказаць уласныя і агульныя адносіны да госця, пэўнай асобы, пры гэтым вершаваныя радкі прагучаць узнёсла і па чалавечы цёпла.
Добра ведаючы прыгаданыя тут традыцыйныя вітанкі, дзеці лёгка скарыстоўваюць іх ва ўмовах урбанізацыі, бяруць за ўзор і творча прыстасоўваюць да школы і яе новых рэалій, з’яў жыцця і побыту. Такім чынам з’яўляюцца сучасныя вітальна-ўшанавальныя радкі. Вось зычэнне да Дня настаўніка:
«Дацэндо дысцымус» — мы вучым
і самі вучымся тады.
Святла і радасці ў душы
Жадаем вам на ўсе гады!
Як бачым, ад канкрэтнай нагоды да вітання наогул не так ужо і цяжка знайсці традыцыю. Вось пасля жартаў пажаданне гасцям наведацца не апошні раз або на добрую дарогу:
Хай жыве і пасецца
Беларуская птушка бусел!
Шчырасць хай не звядзецца
У тваёй Беларусі!
Асобнае месца займаюць прыгаворкі падчас уручэння падарункаў (адорванне сувенірамі, узнагароджанне прызамі). Патрэба ў іх узнікла праз асаблівасці працы студыі ў жанры саломкі, выцінанкі, пекарскай скульптуры. Сувеніры нашы — творы аўтарскія, у адзінкавых экзэмплярах, гэта не шырспажыў, хоць вобразнасць традыцыйная, як і тэхналогія.
Млын і птушка, анёлы, калядныя і велікодныя сімвалы, рог, куфар і да т. п. — як іх можна моўчкі перадаць з рук у рукі, хоць сабе і на падносе! Трэба адчуць і зразумець асаблівы сэнс і змест падарунка: без магічнага слова сувенір мёртвы, які б рытуальны выгляд ён ні меў. Ва Упанішадах ёсць тэрмін арча-выграха — гэта выява Вышэйшае Сілы, зробленая рукамі чалавека для Бога, і ён увасабляецца ў гэту арча-выграху, і тады можна пакланяцца ёй, нібы ведучы дыялог з Богам, якога выяву ты ці для цябе зрабілі... Што гэта мае этычны і эстэтычны сэнс, мы ўпэўніваемся, дорачы ці прымаючы дар — «ад душы» ці «куплёнае»:
Вам... наш шчыры падарунак.
Гэта — Млын
Ідэй, і вобразаў, і думак.
Вецер гісторыі крылы раскручвае.
Жорны скрыгочуць, 6ы думкі агучваюць,
Горшае ўсё — на муку перамелецца.
Лепшае ўсё — на дабро пераменіцца!
Зваротак — без абмежаванняў: Пане (пані), вам наш шчыры падарунак; Вам, Дзядзька Бацькавіч, наш шчыры падарунак і г. д.
Менавіта так чытаюцца нашы вітанкі, менавіта таму мы разглядаем іх як перадачу фальклорнай традыцыі.

Вітанні

* * *
Просім, дарагія госці, ў хату!
Выбачайце нам за беспарадак.
Можа, мы не надта і багатыя,
А гасцям сваім заўсёды радыя!
Можа, вы стаміліся ў дарозе,
Дык трымайце ж хлеб, ён дасць вам сілы.
Будзьце ж вы, як дома, і не стойце на парозе,
Просім вас у хату, госцейкі, здалёку, госці мілыя!

* * *
Прыміце каравай.
У гэтым караваі
3 сямі палёў пшаніца,
3 сямі крыніц вадзіца.
На шчырасці замешаны
I на сяброўстве спечаны.

* * *
Добры госць — жаданы госць! —
Светлай раніцай (шчодрым вечарам) прыходзіць,
Важны госць, шаноўны госць
Світу за сабой прыводзіць.
Свята вучняў і бацькоў!
Госць раднейшы за дзядзькоў. Дзядзька Бацькавіч, дарагі,
Пакаштуйце пірагі.

* * *
Запрашаем, дарагія госці,
Вас на наша свята весялосці.
Каб былі здаровыя, як рыжыкі баровыя,
Дожджыкам памытыя, гладкія і сытыя.
Каб часцей смяяліся, за жывот трымаліся.
Добра вам старацца за сталом і ў працы,
Каб не ведалі бяды ні стары, ні малады.

* * *
Добрага здароўя ў вашу хату (у нашу хату).
Хай сем разоў на тыдзень тут будзе свята.
Шчырасці і шчодрасці ўсім багатым,
Добрага настрою ўсім сумленным людзям.

* * *
Усмешак — заўсёды, а ліха — ні звання.
Шчаслівых гадоў, шчодрых зорак і ранняў.

* * *
Вас запрашаем,
Дзядзька Бацькавіч,
Ў майстэрні, клубы, студыі,
Дзе ўсе мы — ўмеючы, не ўмеючы,
Працуем святамі, а творым — буднямі.
I першым вераснёўскім ранкам
Трымайце доказ ў жанры выцінанкі,

Зычэнні і прыгаворкі

* * *
Каб гімназію прайсці,
Трэба дзесяць год расці.
А каб скончыць майскім ранкам,
Мы зрабілі выцінанку.
Хто ў ёй зможа разабрацца,
Можа нас прымаць на працу!
Вам, шаноўны Гаспадар,
Аддаём наш шчыры дар.

* * *
Жалі мы за жменяй жменю
Снапы сонечных праменняў.
3 летніх пахаў, спеваў, фарбаў
Мы сплялі Вам «Куфар Скарбаў».
Тут запасы смеху, Ведаў,
Нават лыжка да абеду,
Залаты металалом і
I прафесарскі дыплом,
Вам, шаноўны Гаспадар,
Аддаём наш шчыры дар.

* * *
Вам з сабой на добры ўспамін
3 пажаданнем радасных хвілін,
Цеплыні і дабрыні бясконцай
Сімвалы гімназіі — іскры сонца.

* * *
Гаспадарыня ... !
Лепшай цацкі не шукай.
Наша Жабка з ладным ротам
3 гімназічнага балота.
Кошт той лапкі ў Парыжы —
Уся зарплата, і не ніжай.
А каб жабка не памерла,
Кідай долары і еўра!

* * *
Хай жыве і пасецца
Беларуская птушка бусел!
Шчырасць хай не звядзецца
У дзяцей Беларусі.
Хай вясна дасць абнову,
Хай не доўжацца зімы,
Душы грэе ўсім мова
Беларускай Радзімы.

* * *
Часам здаецца: сэрца чуць б'ецца,
А на душы — хоць грыбы сушы.
Ведай: для роўнага рытму сэрца
Патрэбен нястрымны палёт душы.

* * *
Золатам саломы адмятаюць стому.
Памяло з саломы разганяе ліха.
Гэта шчодрасць сонца перайшла ў салому,
Каб было у хаце цёпла, утульна, ціха.

* * *
Вам аддаём у надзейныя рукі
Папараць-кветку — сімвал навукі.
Кветку шчасця не кожны ўтрымае,
Птушкаю кветка да сонца ўзлятае.
Птушка у небе знікне без следу.
Вам застануцца Сонца і Веды.

* * *
Бег бай па сцяне
У чырвоным жупане.
Нёс сямёра лапцей: і табе нёс, і мне.
I дзіцёнку па лапцёнку.

* * *
Хай не пераводзіцца з глячкоў
Каровак белых малачко.
А на свята з чыстае крыніцы
Хораша жывой вады напіцца.

* * *
Гэтага не купіце на кірмашы.
Дорым вам мы венік для душы.
Абярэгі вы не забывайце,
А ліхое з сэрца вымятайце.

* * *
Скрозь — экраны, правады, навушнікі:
Дні і ночы словы не гучаць.
Гаварыце з дзецьмі,
Заспявайце з вучнямі,
Бо пачнём праз год мы ўсе — мычаць!

* * *
Ад Бога слова з клёкатам бусловым,
А людзі хай ацэняць талент адмысловы.

* * *
Хай вочы твае горкі смутак не носяць,
I людзі твае дапамогі хай просяць.

* * *
Каравай у тонкую хусцінку загарні,
Татулю працавітага да сэрца прыгарні.

* * *
Каравай бяры ў жыццёвую дарогу —
I аб'едзеш ты няўдачу і трывогу.

* * *
Прыкладзі да сэрца жытні каравай,
I уславіш і сям'ю, і цэлы край.

* * *
Слухайся людзей спагадліва вушамі
I звякуеш ты ў багацці і пашане.

* * *
Каравай наш з беларускае пшаніцы,
Каб з багатай беларускай ажаніцца.

* * *
Ад работы не ўцякай
I праўнукаў прычакай.

* * *
Хай вочы твае горкі смутак не носяць,
I дзетак прыгожых хай бусел прыносіць.

* * *
Колькі зярнятак у тым караваі,
Столькі і грошай на тыдзень жадаем.

* * *
У караваі малако, і сонца,
I весялосць, і дабрабыт бясконцы.

* * *
Каравай, каравай,
Дзеда ўнучкам выбірай.

* * *
Каравай мы заспявалі і вадзіцай запілі,
Каб у хаце ў нашай дзеткі і чаканныя манеткі зазвінелі, загулі.

* * *
Каравай прымай з добрым словам,
Удачу трымай з поўным уловам.

* * *
Каравай у карагод!
Цукар, масла, яйкі, мёд.
Каб жылося без прыгод,
Каб любіў цябе народ.

* * *
Не лезь на холад,
Перачакай спякоту,
I да цябе багацце
Аднойчы прыйдзе ўпотай.

* * *
Хай у жыцця з нас кожны вучыцца
нікога не мучыць, самому не мучыцца.

* * *
Добрыя людзі з усмешкаю прачынаюцца —
А кары нябесныя на зямлі пачынаюцца.

* * *
Бог адзін і ў праявах незлічоны.
Свет бясконцы пазнае вучоны.

* * *
Добра пры бацьках у свет выходзіць,
Шчасце да дзяцей з ласкаю прыходзіць.

* * *
Хто нічога не баіцца,
Таму чорт і не прысніцца.
Ніхто не ведае,
Дзе ляжа спаць,
Дзе паабедае.

Развітальныя

* * *
Бывайце здаровы, жывіце багата,
Вам золата сонейка ў кожную хату,
Сонечных промняў вам з мёдам і хлебам,
Смеху здаровага вам аж да неба.
Каб не пачулі ніколі вы стомы,
Кіньце пад бок залацістай саломы.
Слухайце маці, і жонку, і Бога
I не сыходзьце з праўдзівай дарогі.
Дзён жыццядайных, як зерня ў жыце,
Шчыра жадае вам студыя «Жыцень».

* * *
Бывайце здаровы,
Жывіце багата.
Часцей заязджайце
Да нашае хаты.
Прыемнай дарогі
I мяккай пасцелі,
Каб нанава ногі
Да нас захацелі.
Каб зналі кірунак
У дождж або замець,
Ад нас падарунак
На доўгую памяць.

* * *
Каб жылося вам і вялося,
Каб елася і пілося,
Каб хацелася і маглося,
Каб пілося і елася,
I яшчэ хацелася.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Важнік, С. Здароў! — Здароў, калі змалоў!: этыкетныя формы вітання і развітання / С. Важнік // Роднае слова. — 2008. — № 3. — С. 53—56.
Жабінская, М. Выцінанка : метад. дапам. / М. Жабінская. — Мінск : Полымя, 1996. — 95 с.
Іскрык, У. Традыцыі народнай творчасці і сучасны тэатр : метад. дапам. / У. Іскрык. — Мінск, 1981. — 102 с.
Колас, Я. На ростанях : трылогія / Я. Колас. — Мінск : Юнацтва, 1981. — С. 105—108.
Ліс, А. Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Я. Драздовіча / А. Ліс. — Мінск : Юнацтва, 1984. — 253 с.
Ліс, А. Купальскія песні / А. Ліс. — Мінск : Навука і тэхніка, 1974. — 208 с.
Мажэйка, 3. Я. Песні беларускага Паазер’я / 3. Я. Мажэйка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1981. — 494 с.
Можейко, 3. Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: опыт систем.-типол. исслед. / 3. Я. Можейко. — Минск : Наука и техника, 1985. — 245 с.
Моніна, I. Далучэнне да духоўнай, культурнай і мастацкай спадчыны беларускага народа / I. Моніна // Роднае слова. — 2004. — № 4. — С. 3—5.
Моніна, I. «На Купалу ночка мала» : сцэнар летняга народнага свята / I. Моніна // Роднае слова. — 2005. — № 1. — С. 76—79.