сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. С. МАЦЮКЕВІЧ — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №11 г.Салігорска. Роднае слова Лістапад 2001 г.

"Будзе вечна свяціцца Рагнеды імя..."

Сцэнар літаратурна-музычнай імпрэзы, прысвечанай полацкай князёўне Рагнедзе

На сцэне — выява полацкага гарадзішча IX ст. і рэпрадукцыя карціны Аляксея Марачкіна "Рагнеда і Ізяслаў". Гучыць павольная класічная музыка.

Вядучы. Калі ў Полацку княжыў Рагвалод, Уладзімір быў яшчэ юнаком-язычнікам і жыў у Ноўгарадзе. Быў у яго дзядзька Дабрыня, храбры ваявода і разумны мужчына. Адправіў Дабрыня паслоў да Рагвалода і прасіў аддаць князёўну за Уладзіміра. Спытаў у сваёй дачкі Рагвалод: "Ці хочаш за Уладзіміра?" Яна ж адказала: "Не хачу разуць рабыніча, а Яраполка хачу". Уведаўшы гэта, раззлаваўся Уладзімір і пажаліўся Дабрыню. Раз'юшаныя, яны сабралі войска і пайшлі на Полацк. I перамаглі Рагвалода.
Выходзіць Рагнеда ў нацыянальным строі (яе ролю выконвае настаўніца).

Рагнеда (пад гукі павольнай мелодыі).
Я стаю на былым полацкім гарадзішчы,
Зноў згараю ад сораму, гневу і жаху... ...
Кроў ліецца ракой, стрэлы лучнікаў свішчуць,
Рассякаюць паветра мячы супастатаў.

Знерухомелі бацька і маці. Браточкі
Больш не змогуць мяне засланіць ад вар'ята.
Іх пазбавіў жыцця люты князь наўгародскі
I зняважыў мой гонар, рабыніч пракляты.

Вядучая (на фоне прыглушанай мелодыі паланэза "Развітанне з Радзімай" М. К. Агінскага).
Уладзімір забіў бацьку і двух братоў Рагнеды, а яе ўзяў за жонку, назваўшы Гарыславаю. I нарадзіла яна Ізяслава. Уладзімір жа, апроч Рагнеды, меў шмат іншых жонак.

Рагнеда (пад гукі павольнай класічнай мелодыі).
Дзвюх дачок і чацвёра сыночкаў-дубочкаў
Нарадзіла яму ад Радзімы далёка.
Ды забыць не магла стогны знішчаных продкаў
— Затаіла план помсты у сэрцы глыбока.

I аднойчы настала такая нагода
— Князю соннаму ў сэрца я нож скіравала:
За пакуты крывіцкага племені-роду,
За сваю маладосць, што дачасна завяла.

Душа раптам зайшлася ад жалю-пакуты,
Задрыжала рука, нож у сэрца не трапіў...
Князь ураз падхапіўся — раз'юшаны, люты
— Меч схапіў са сцяны, грозна вобземлю бразнуў.

Я з жыццём развіталася ў думках і з дзецьмі,
Да сцяны прыхінулася, каб не упасці...
Твар увесь спалатнеў, рукі звіслі, як плеці,
У вачах няма слёз, толькі князю пракляцці.

Гарыслава-пакутніца век свой кароткі
3 галавой, горда ўзнятай, ужо завяршае...
Што такое? Чые гэта чуюцца крокі?
Мой сынок Ізяслаў грозна меч уздымае:

"Тата! Як ты забыўся, што ёсць абаронца
I матулю пакрыўдзіць табе не дазволіць?
Чуеш, маці? Тваё не закоціцца сонца,
Гнеў свой князь на табе больш ужо не спатоліць!

Памятай: ты — княгіня з магутнага роду.
Досыць быць Гарыславай, на жыццё наракаць.
Ты паслужыш яшчэ палачанаў народу,
Будзеш радасці кросны з ахвотаю ткаць".

Вядучы. I апусціў Уладзімір свой меч, склікаў; баяр і расказаў ім усё. Яны ж параілі князю: "Не забівай жонку дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну, каб княжыла там разам з сынам". I пабудаваў Уладзімір для іх горад, які назваў Ізяслаўлем.

Рагнеда.
Князь, уражаны мудрымі словамі сына,
Вырашае мне ўсё-ткі жыццё дараваць:
Адпраўляе з ім разам у поле-пустыню
I загадвае горад для нас заснаваць.

О, крывіцкія пушчы, палеткі і гоні,
Сінь глыбокіх азёраў, нябёсаў блакіт!
Я цалую зямлю, набіраю ў далоні,
Водар-пах удыхаю, гладжу траў аксаміт.

"Добры дзень вам!" — крычу, і вясёлае рэха
Парушае пустынных палёў цішыню.
У разгалістых пушчах звоняць срэбрам арэхі,
Жалуды глуха стукаюцца аб зямлю.

Як знаёма мне зумканне пчолак руплівых,
Што на водар салодкі канюшыны ляцяць!
Вунь схаваўся пад кусцікам зайчык імклівы...
Шарачок! Ад мяне не патрэбна ўцякаць.

Не крану я цябе, камячок даўгавухі:
Будзь спакойны, жыцця асалоду лаві.
Сама зведала шмат у жыцці я прынукі...
Ладзіць нельга жыццё на слязах, на крыві.

Любы мне ўсе звярочкі і птушачкі любы,
Не дазволю пакрыўдзіць сабе й мураша.
Лес мяне абярог ад страшэннае згубы,
Перапоўнена ласкай, спагадай душа.

Дома я! Колькі раптам з'явілася сілы
У знямоглай ад мукаў пякельных душы!
За спіной нібы выраслі дужыя крылы,
Шчасце месца ў жыццёвым знайшло багажы.

Ад магілаў далёка знявечаных продкаў,
Ад краёў, бераглі што маю маладосць,
— Ды усё ж на Радзіме. Хмялёва-салодка
— Адчуваць, што ты ў гэтых мясцінах не госць.

Вядучая. Паданне пра Рагнеду, што дайшло да нас з далёкай даўніны, завяршаецца такімі словамі: "I з таго часу (пасля высылкі Рагнеды з Ізяславам) узнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых".
Калі звярнуцца да гісторыі, то высвятляецца наступнае: Рагвалодаў унук Ізяслаў меў на той час сем гадоў, Рагнедзе было крыху болей за дваццаць; Яраслававы ўнукі (нашчадкі князя Яраслава Мудрага — сына Рагнеды) падымаць меч на полацкіх князёў яшчэ не маглі, бо не нарадзіліся.
Вядучы. Праўда, ад гэтага двум парасткам спляжанага роду было не лягчэй. Рагнеду з сынам чакала невядомае, небяспечнае жыццё на крывіцка-дрыгавіцкім памежжы, дзе стаяла сярод лясоў пабудаванае для выгнаннікаў маленькае драўлянае Заслаўе.

Рагнеда.
Пацяклі дні за днямі ў мястэчку бязлюдным,
I загойвацца раны ў душы пачалі...
Ды спакой Уладзімір мой зноўку парушыў:
Да грачанкі дарогі яго прывялі.

А каб шлюб з ёю ўзяць — памяняць трэба веру
I парадак навесці ў прыватным жыцці.
Князь-распуснік з ганцом дасылае паперу
3 прапановай да шлюбу мне з іншым пайсці.

Больш ужо не загнаць мяне князю ў няволю,
Паламаць не дазволю яшчэ раз мой лес.
Я далейшую выберу з лёгкасцю долю:
Мой абраннік цяпер назаўсёды — Хрыстос.

Я яму прысягаю на вечную вернасць
I прыму з асалодай у манашкі пастрыг.
Больш не буду лясной палахліваю сернай
Ды ахвярай бясконцых дзяржаўных інтрыг.

Вядучая. Сапраўды, як паведамляюць летапісы, Уладзімір ажаніўся з грэцкай прынцэсай Ганнай, высек язычніцкія паселішчы над Дняпром і ўзяўся звяртаць да веры ў Хрыста падуладныя землі. Перад вянчаннем князь, зрабіўшыся хрысціянінам, мусіў неяк пазбыцца ранейшых законных жонак, не кажучы ўжо пра сотні наложніц. Насельніцы велікакняжацкіх гарэмаў вярталіся дахаты, а жонак аддалі замуж за знатных дружыннікаў.
Вядучы. 3 Рагнедаю было складаней, бо яна, у адрозненне ад іншых, паходзіла з княжацкага роду. Калі Уладзімір прапанаваў ёй пайсці за аднаго са сваіх баяраў, ганарлівая княгіня вырашыла прысвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.

Рагнеда.
Лес адвёў мне дванаццаць гадоў незвычайных —
Паслушэнства, малітваў, адпушчэння грахоў...
Хоць жыла адзінокаю, але адчаю
Не дала ў мае сэрца пранікнуць ізноў.

Мне прыемна было, што старэйшы сыночак
Узышоў на вялікага князя пасад,
Па шляхах Рагвалода упэўнена крочыў,
Сеяў мудрасць, асвету, узвышаў Полацк-град.

Я крывінак сваіх не змагла больш пабачыць,
3 мацярынскай пяшчотай прытуліць да грудзей...
Нельга лёс абмінуць, і яго перайначыць,
Павярнуць па-другому не мела надзей.

Толькі весткі даходзілі часам скупыя
Пра дачушак-галубак, сынкоў-сакалкоў.
Хоць бы іх абмінула няшчасцяў стыхія,
Усявышні увагаю не абышоў.

Вядучая. Лес адмераў чарніцы Анастасіі яшчэ дванаццаць гадоў жыцця. Яны прамінулі ў келлі бясконцаю чарадою аднастайных дзён — без дзяцей, без улюбёнага сына-заступніка, у расстанні з роднымі мясцінамі. У Заслаўі яе і пахавалі. Калі будзеце ехаць праз гэты старажытны горад, абавязкова ўспомніце, што тут знайшла апошні спачын выратавальніца полацкай княжацкай дынастыі.
Вядучы. Праз гарадок плывуць у Свіслач дзве рачулкі з адметнымі гістарычнымі назвамі — Княгінька і Чарніца. На пачатку мінулага стагоддзя жыхары Заслаўя яшчэ называлі ўзвышша па-над Чарніцай Чорнай гарою і апавядалі, што на ім і жыла Рагнеда.
Тысяча гадоў таму не стала гордай палачанкі Рагнеды. Толькі на некалькі месяцаў перажыў маці Ізяслаў. Такое супадзенне дае падставы лічыць, што Уладзімір мог атруціць іх, каб не дазволіць Полацку ўзмацніцца, а старэйшаму сыну — калі-небудзь прэтэндаваць на кіеўскі княжацкі пасад.

Рагнеда.
Не губляла надзеі праз часу прамежак Дачакацца я ўнукаў — наследных князёў...
Ды стаў чэзнуць, засох майго шляху узмежак,
Дзень апошні на гэтай зямлі надышоў.

Я на неба ўзняслася да парога Ісуса
I збавенне знайшла ад пакутаў зямных...
3 таго часу да сёння малю беларусаў
Не зракацца ніколі вытокаў сваіх.

Крывічы, дрыгвічы і радзімічы разам
Баранілі святыя свае рубяжы.
Іх сяброўства ўсё больш мацавалася з часам,
Бо Айчынай умелі яны даражыць.

Вам, нашчадкам, ёсць чым ганарыцца прад светам:
Еўфрасіння, Францыск край высока ўзнялі
— Над зямлёю пісьменства праменіцца светач,
Хрысціянства зярняты усходы далі.

Дык чаму ж разбурылі вы тыя асновы,
Што падмуркам трывалым багацця былі:
Аддалі чужаніцам землі бацькавы, мову,
Як злачынцу якую, на плаху ўзвялі?

Спрэс забойствы ўчыняюцца, гвалт, катаванні —
Ледзь паспее ахвяраў аблашчыць зямля.
Ігнаруеце прытчы святыя, казанні
Златавуста Кірылы. Ссыхае ралля,
Што для шчасця, спагады, дабра і любові
Нам пракладзена Госпадам нашым была.
Згуртаванне і еднасць — шлях да лепшае долі
Ды вытокі спакою й зямнога святла.

Разам будзьце, мацуйце сваю самастойнасць,
Пракладайце пазначаны продкамі шлях.
Памятайце: няма лепш нічога за вольнасць
I салодкі, прыемны толькі роднага пах.

Вядучая. Праз смуту стагоддзяў, якія захавалі згадкі пра далёкую мінуўшчыну толькі ў скупых радках летапісаў, вельмі цяжка ўявіць сабе сапраўдны воблік гордай полацкай князёўны Рагнеды, апошнія гады жыцця якой прайшлі на зямлі дрыгавічоў. Складана ўзнавіць і думкі першай беларускай манашкі Анастасіі, якая па праву заслугоўвае ўзвядзення ў ранг святых.

Рагнеда (на фоне музыкі).
Я стаю на былым маіх продкаў дзядзінцы...
Храмы ў неба узносяць свае купалы.
Срэбрам звоняць званы на славутай Сафійцы,
Да Хрыста скіраваны напевы-псалмы.

Ачышчайся духоўна, мой руплівы народзе,
На сусветным прасцягу свой край узвышай,
Жыць вучыся па Божых законах, у згодзе,
Пра святыні духоўныя не забывай!

Дакажы, што ты памяці прашчураў варты
I распяць на крыжы не дазволіш свой лёс.
Будзь у справах заўсёды настойліва-ўпарты.
Хай твой шлях асвятляе любоўю Хрыстос!
(Марыя Мацюкевіч. Маналог Рагнеды.)

Вядучы. Доля непакорлівай палачанкі ў розныя часы натхняла пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і скульптараў. Паэтычныя творы прысвяцілі ёй Тарас Шаўчэнка і Янка Купала. Кандрацій Рылееў пісаў, што полацкая князёўна запальвала ў сэрцах "любоў да краіны роднай і да прыгнятальнікаў пагарду". За царскім часам пра Рагнеду быў зняты мастацкі фільм (праўда, вельмі далёкі ад рэальных падзей).

Малюнак Рагнеды

Вядучая. У Рускім музеі Санкт-Пецярбурга захоўваецца створаная ў 1770 г. карціна расейскага мастака Андрэя Ласенкі "Уладзімір перад Рагнедай". Пра трагічны і загадкавы шлях палачанкі расказаў у аповесці "Тры жыцці Рагнеды" пісьменнік Кастусь Тарасаў. Да вобраза полацкай князёўны не адзін раз звярталіся і звяртаюцца гісторыкі, паэты і празаікі. Вядома ж, гэтая жанчына заслугоўвае таго, каб мы ганарыліся ёю і перадалі пачуццё любові да яе, да нашай гісторыі нашчадкам. Дарэчы прыгадаць словы народнага пісьменніка Беларусі Ніла Гілевіча:

Нас могуць
Чорным брудам паліваць,
Культываваць бяспамяцтва,
Бяспраўе,
Але мы мусім
Цвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Полацк, Тураў і Заслаўе.
Ніл Гілевіч.

Вядучы. Наша гісторыя ўражвае далёкіх і блізкіх суседзяў. Ужо згадваліся імёны ўкраінца Тараса Шаўчэнкі і расейца Кандрація Рылеева. Нельга абмінуць увагай імя рускага пісьменніка Івана Буніна, які ў аўтабіяграфічным рамане "Жыццё Арсеннева" падрабязна апісвае свае падарожжа ў Смаленск, Полацк, Віцебск. Таму, безумоўна, мастацкае асэнсаванне мацерыка нашай нацыі працягваецца. Пяру Аляксея Дударава належыць п'еса "Палачанка (Народная легенда)". Паданне пра полацкую князёўну ўзятае за аснову сюжэта пастаноўкі Нацыянальнага балета Беларусі "Страсці" ("Рагнеда") А. Мдывані*. У Купалаўскім тэатры пастаўлены спектакль "Звон— не малітва", створаны паводле п'есы Івана Чыгрынава, дзе зноў перад вачыма гледачоў з'яўляюцца Рагнеда, Ізяслаў, слаўныя постаці мінулага, якія працягваюць нас вучыць на прыкладах хараства, чысціні, мудрасці**.

* Балет «Страсці» А. Мдывані (балетмайстар В. Елізар'еў) адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі 1996 г.
** Вобразу полацкай князёўны прысвечана і гісторыка-легендарная опера расейскага кампазітара Аляксандра Сярова "Рагнеда" (1865). — Заўвага рэд.


Гучаць цымбалы.

1-ы чытальнік.
Над полацкім краем — халодныя хмары.
Трывожна і сумна зіма наступае,
Замоўклі лясы і прыціхлі абшары,
Народ мой крывіцкі чагосьці чакае...

Глядзіць праз стагоддзі маўкліва Рагнеда,
I поўніцца твар Еўфрасінні дакорам,
I хлопчык вядзе гусляра, Свайго дзеда,
У век наш, Каб ён праспяваў нам пра гора.

Гусляр той с ляпы гнеўна гукі ўзбунтуе,
I хлынуць яны, апякаючы вушы,
I той, хто глухі быў, раптоўна пачуе
I з хаты на веча народнае рушыць.

I сорамна стане відушчым, аслеплым
— Нарэшце адкрыюцца сонныя вочы,
Замоўкне крыкун, што крычыць нам аб светлым,
I хтось, як з паходняю, з сэрцам пакрочыць.
(Янусь Малец. На Полаччыне.)

2-і чытальнік.
Гэй, крывіцкі народ — Беларусі сыны!
У мінуўшчыны слаўным кургане
Несупынна гудуць вечавыя званы,
На вялікае клічуць змаганне.

Годзе крыўду цярпець!
Прэч пакуты і здзек!
Веру — збудуцца нашыя мары!
Памятай, беларус, што і ты чалавек,
Які можа сабой гаспадарыць!

Нашы скарбы вякамі цягалі ад нас,
Нашу радасць у гразь утапталі.
У вялікі паход клічуць праўда і час,
Клічуць слаўнай мінуўшчыны далі.

Вось таму з паўзабытых курганаў-вякоў,
Ідучы зацярушаным следам,
Заклікае нашчадкаў пазбыцца акоў
Маладая князёўна Рагнеда.
(Лявон Случанін. 3 уступу да паэмы "Рагнеда".)

3-і чытальнік.
"Я не люблю цябе!
Не люблю!" — Крычала Рагнеда.
Паліў Уладзімір яе зямлю.
Дымілася неба.
3 яблынь самлелых падалі ўніз
Печаныя ранеты.
Енк і плач стаптаных крыніц
У крыку Рагнеды.
Косы яе — на пыле дарог.
Косіцца конік гнеды.
Сцяўшыся, боты з мужавых ног
Зняла Рагнеда.
Узненавідзеўшы — прамаўчаць.
Свае — употай.
Плыў праз гаркоту зведаны час
— Плыў адзінотай.
Дзеці былі.
Унукі былі. Ды праз агонь і беды
Не яго, а яе зямлю бераглі — Зямлю Рагнеды!
(Вольга Іпатава. Рагнеда.)

4-ы чытальнік.
Станцыя грукоча, а навокал — ціша.
Выспелыя травы ветрыкам калыша.
Ціхае прадмесце, ўсё як і належыць.
Неба падпіраюць сцены белай вежы.

Вузкая сцяжынка, што вядзе да храма,
Крытая асфальтам — да мясцовай крамы...
Праімчаўся хлопчык на веласіпедзе:
— Ў школе нам казалі нешта аб Рагнедзе.
Жвавая бабуля:
— Мне ці тое ведаць?!
Ведала — забыла гэтую Рагнеду.
Прыхаджанка храма вочы апускае:
— Гэтая легенда — глыбіня такая...
— Праз смуту стагоддзяў, ліхалецця скруху паўстае
Рагнеда як апостал духу.
(Ядвіга Квяткоўская. Апостал духу.)

5-ы чытальнік.
Чаму яго ты не забіла,
Чужынца, бабніка, забойцу?
Якая сіла нож спыніла —
Кальчуга? Шлюбны сон? Жаноцкасць?

Ты — не забіла...
Не парвала
Ахвяр і хціўцаў сувязь злую.
I ў божай ночы пакрывале
Крывавы Полацк не счакаўся
Крывавых Кіева маленняў...
Не дыяменты-слёзы — стразы,
Падробкі ты ліла, напэўна.

Князёўна — болей не князёўна,
Княгіня — болей не княгіня,
Пры ўладары — п'яным і сонным,
Па скошанай, як луг, радзіне.

Ты мусіла забіць, Рагнеда!
Ты столькі год жыла рабыняй,
Кляла яго — ды ён не ведаў
— Нянавісць прывівала сыну,

I — ўсё дарма...
Твае нашчадкі
Павязаны чужой крывёю.
Іх будуць ваяваць спачатку,
Пасля — пазбавяць сілы вояў,
Пасля — імя свае прыўлашчаць,

I будзе край гібець бяссілы...
Твой муж цябе задоўга лашчыў.
Чаму яго ты не забіла?
...Вось ён глядзіць на нож дарэмны,
Усмешка злая крывіць вусны.
Ідзі, няўдалая царэўна.
Далоў з вачэй, да Белай Русі...
Людміла Рублеўская. Рагаеда.

1-ы чытальнік.
Крывічаначка, ясачка, птушка,
Жыць далёка ці сілы стае?
Стогадовыя хвоі не глушаць
Развітальныя песні твае.

Як жывецца ў палацы, ў палоне?
Дождж вяроўкі маркотныя ўе.
Не напіўся з дрыготкіх далоняў,
Не нагладзіўся косы твае.

Адляцела бусліцай у вырай,
Зрабаванай, змарнелай, чужой...
Як цябе мне на волю вырваць?
— Скон хіба павянчае крыжом.

2-і чытальнік.
Ты апошні мой прывід і сон.
Варажу, загаворваю, плачу,
Мой вянок на вадзе ці праклён
Затрымаўся, а свечка пагасла.

Па рацэ ён плыве, па шчацэ...
Там ад поўні трывожна і ясна,
Родныя там жывыя яшчэ.
Там гасцінны наш дом на узвышшы
I любімых братоў галасы.
Вецер зоркамі музыку піша
I ўплятае ў мае валасы.

3-і чытальнік.
Пусціўся дождж, як на маёй радзіме.
Салёны вецер кветкамі гуляў
I на падлогу мне адну падкінуў,
Пялёсткі-крылы кволай паламаў.

Я заламала рукі разам з кветкай,
I разам з кветкай вецер я малю:
Ты забяры, сцюдзёны, з гэтай клеткі
I пакладзі памерці на зямлю.

Зямля мая, счарнелая ад болю,
Спустошаная, ў попеле, крыві,
Зямля мая, пагавары са мною,
Дачку сваю — пакутніцу прымі.
(Іна Снарская. Трыпціх "Крывічаначка, ясачка, птушка...")

4-ы чытальнік.
За манастырскаю сцяною травы
Шумяць аб Волі на сямі вятрах.
I хоць Рагнеда стала Гарыславай,
Яна Рагнедай будзе у вяках.

Ёй сняцца па начах Айчыны гоні
I прыгажуні дочкі і сыны.
I нішчаць ціш Уладзімера коні
I шум іх ціхне ў холадзе сцяны.

За манастырскаю сцяной — былое,
За манастырскаю сцяной — прасцяг...
Рагнеда — нашае імя святое,
Як вечны Зніч, нам асвятляе Шлях.
(Віктар Шніп. Рагнеда ў манастыры.)

Гучаць цымбалы.

5-ы чытальнік.
Выцінаюць зямлю капытамі шалёныя коні,
Непакору Рагнеду прымусіць ісці пад вянец
Князь вялікі Ўладзімір, ён стане вялікім сягоння,
Для аднога — ўзыходжанне славы, а іншым — канец.

I на дзідах халодных заскачуць агеньчыкі змовы,
I такі ж адпаведна крывавы адбудзецца баль,
I ляцелі, ляцелі, ляцелі, ляцелі галовы,
Каб вышэйшым быў трон, дзе трывала ўсядаўся вандал.

Расквітнее крывіцкая шыр на вачах Усяслава.
Ад адмытай крыві з берагоў пасвятлее ў Нямізе вада.
I на розуме княжым наўздзіў акрыляе дзяржава,
Што пасля па шматку, па кавалку нашчадкам раздаў.

Ля падмурка Сафійскага вырасце вучань талковы,
Друкаванае слова над краем ўзнясе, як штандар,
Але з новым ярмом тут аднекуль аб'явіцца новы
— У даспехах і з мечам абнашчаным — новы ўладар.

Зноў напоіць палеткі крывёй і слязой, і самотай.
Нетутэйшы і нудны гісторык пачне гаварыць,
Што зямля крывічоў — скрозь балота, балота, балота,
I што самі яны, як жывёла, але не зубры.

Памяняюцца вера і вежы спічастых касцёлаў.
Застануцца абрубкі ад веж — аскабалкі вякоў.
На падмурку, дзе дух узвышалі калісьці анёлы,
Будзе хмель узвышаць самазначнасць маіх землякоў.

Заплятуць у радкі выкрывальную стужку газеты,
I катлы закіпяць, канібальскі рыхтуючы баль,
3 вершаваных радкоў, з пастаментаў на плошчах, з партрэтаў,
3 недасяжных вышынь пазіраць будзе новы вандал.

Пералётным пяском векавое заўецца балота,
Перамерацца душы ізноў на каторы аршын.
I калі на зямлі будуць новых караць гугенотаў
— Гэта сябра мой будзе, магчыма, канаць на крыжы.

Выцінаюць зямлю капытамі шалёныя коні,
Вытрасаюць зару з серабрыстых, разветраных грыў.
У дзіцёнка спакойна сядзіць матылёк на далоні,
Адыходзяць у пушчу па лісці апалым зубры.
(Ірына Багдановіч. Урывак з паэмы "Палачанка".)

Вядучая. Рагвалод, Тур, Рагнеда, Ізяслаў — гэтыя імёны запісаны на першых старонках багатай беларускай гісторыі. Рагнеда, як адзначаў гісторык Мікола Ермаловіч, была гераіняй летапісных апавяданняў 980, 988, 1128 гадоў, а таксама легендаў і народных паданняў. Разам з ею і мы выходзілі з небыцця на арбіту сусветнай гісторыі. Зямляк Рагнеды, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін пісаў, што пісьменства, як і дзяржава, павінна сцвердзіць сябе, заявіць пра сябе на ўвесь голас ва ўсім свеце. А для гэтага трэба быць такім творцам, як, да прыкладу, Васіль Быкаў. Бо "народ нараджае асобу, асоба ўзбуйняе нацыю". Такой асобай і з'яўляецца Рагнеда.

1-ы чытальнік.
На старым гарадзішчы каля Палаты не дзікун і ніякі татарын-мангол, як прыслалі сватоў да Рагнеды браты, выбіраць мела права з дваіх аднаго.
Беларусь! Палачанкай глядзіш з-пад рукі.
Абцугамі цябе абнімаюць вякі.
Уздымаюцца замкі з дрымучых бароў, а Няміга і Неман, Дзвіна і Дняпро свой пачатак бяруць не з адзіных пакут, не ў адзінае сэрца ўпадаюць пакуль...
Але гора — не мора, хапае вакол.
Шчасце ўсенькае ўмесціцца дзеўцы ў прыпол.
Пачуццё закіпела, то помсціць пачаў, — як пазбавіў дзявоцтва ў бацькоў на вачах, як забіў майго бацьку ў мяне на вачах, — выбіраю няволю для ўсіх палачан.
Як пачаў валадарыць няпрошаны госць, як не род мой назначыў за выкуп цану,
— выбіраю няволю, цярпенне, ману, патрываю ў вязніцы, схаваюся ў злосць.
Хай схавае мяне на рацэ Злыбядзе, не пачуюць чаляднікі кленчаў і слёз,
Уладзімір з варагаў Алову прывёз і Малфрыду, Адэлю нікуды не дзеў. Апроч жонак пасцельніц трымаў 800, каб ішоў княскі род на расплод, не на звод.
Каб чужыну на часткі парвалі сыны, чатырох прывяла для братэрскай вайны.

2-і чытальнік.
Але помста затоена ў сэрцы на дне.
За бацькоў, за зямлю сваю помста,
як смоўж, смокча, точыць душу: калі моцна засне
Ясна Сонца Уладзімір, пырнуць яму нож.
Ад жаночай рукі ён прачнуўся — не ўмёр.
Загадаў апрануцца ў святочны убор,
Сам пайшоў сабе снедаць у княжацкі двор,
Каб на сыты жывот учыніць прыгавор.
Тут раптоўна з'яўляецца сын Ізяслаў,
кажа: "Думаеш, бацька, ты княжыш адзін?"
Бацька: "Я і не згледзеў, як вырас мой сын!" -

I па звычцы татарскай усіх іх паслаў...
Князь, сын ключніцы, чуў, як бразгочуць замкі,
змалку слухаць куванне зязюль не прывык,
ад красы, ад якой блекнуць зор азяркі,
сам адмовіўся, нібы бязродны мужык.

Лепей воблік цнатлівай манашкі прыму,
чым пакутаваць тут, сярод блуду і зла.
Сын па долі і полацкі князь Ізяслаў
пабудуе Заслаўе — турму і труну.

Будзе праўнук на дзідах нябёсы ўздымаць.
Не закоціцца Полацка хвала на спад.
Будзе вечна свяціцца Рагнеды імя
у стагоддзях на вуснах тутэйшых дзяўчат.
(Данута Бічэль. Балада Полацкага гарадзішча.)

3-і чытальнік.
Вазок вяртаецца паволі
Да згвалчаных бацькоўскіх меж.
Вось пакаранне за мяцеж:
Нявольніцаю быць на волі,
У зрэб'і чорным дагібець
Манашкаю ў заслаўскай келлі
I спакушаць жаданні зеллем,
Што абяцае хутка смерць.

Адно усцешна — Ізяславу
Ўладзімір Полацк аддаваў.
Адноўленай гаркавай славай
Няславу ў спраты ён хаваў.

Тут княжы род пачнецца дужы,
Дый крыўд Рагнеды не міне.
Мячам крывіцкім харалужным
Пад стольным горадам звінець...
Рыпела лёсу каламажка
Сярод адроджаных сяліб.
Прывезла гнанніца, манашка,
На водкуп Полацкай зямлі
Жаночай долі занядбанне
(Пяшчота не ўтрымала б нож!)
I рэўнасць да княгіні Ганны,
I адмаўленне ад вяльмож,
Што чынна на пасаду мужа
Ўладзімір ёй абраць казаў...
Звінеў, як помста, харалужны...
Рагнеды горкая сляза
Капліцай вырасла ў Заслаўі.
А Полацк гадаваў сыноў.
Уваскрасаў на горкаслаўі,
Каб славай празвінець ізноў:
Недаўгавечнай і яскравай,
Угрунтаванай у вякі...
Была княгіня Гарыславай,
I лес быў, як імя, такі.

4-ы чытальнік.
Усё было, нічога не збылося.
Як дар, жыццё пакінулі пры ёй.
Упаў валос аднітаваны россып,
Палёгкай агаліўшы вастрыё.

Была князёўна — слаўная Рагнеда,
Княгіняй Гарыславай — адбыла,
Дый лес усё свае яшчэ не ўведаў,
Сваёй бядой усёй не адпалаў.

Трымцела свечка залацістым струмкам
На падваконні ўбогага жытла.
На столь немудрагелістым карункам
Яе другая існаснасць лягла.

Нічога, што назвалася б ратункам,
Нікога, хто б паклікаў, зразумеў.
Трымцела свечка залацістым струмкам.
Перацякаў самотны воск у спеў.
(Ірына Багдановіч. Урыўкі з паэмы "Палачанка".)

Гучыць мелодыя цымбалаў.

Вядучы.
Будзе праўнук на дзідах нябёсы ўздымаць.
Не закоціцца Полацка хвала на спад.
Будзе вечна свяціцца Рагнеды імя
у стагоддзях на вуснах тутэйшых дзяўчат,
— так сцвярджае ў сваім вершы "Балада Полацкага гарадзішча" паэтка Данута Бічэль.
Неабходна пагадзіцца з гэтым сцвярджэннем, бо шмат ужо зроблена для ўшанавання памяці Рагнеды. Мінула тысяча гадоў з дня яе смерці, і летась у Заслаўі ёй быў пастаўлены помнік.
Тысяча гадоў таму малілася за сваю Айчыну Анастасія-Рагнеда. Яе блаславенне лунае сёння над Беларуссю. Сардэчнай чыннасці чакае яна ад нас, духоўнай змогі...

5-ы чытальнік.
Уваскрасаюць: постацяў абрысы расхліствае спалохана туман.
Рагнеда, Еўфрасіння і Ларыса, ад Краю адвядзеце чорны зман!
Уваскрасаюць. I Сусвет раскрыўся, I верай прасвятлеў Птушыны Шлях.
Рагнеда, Еўфрасіння і Ларыса — у трыадзінстве Сонца, Бог, Зямля.
Уваскрасаюць! Над апошняй рысай, што Бацькаўшчыну хіжа расцяла,
Рагнеда, Еўфрасіння і Ларыса — праменне радаводнага святла.
Уваскрасаюць... Памажы ім, Хрысце! Сысці на дол з пакутнага крыжа.
Рагнеда, Еўфрасіння і Ларыса — надзея жыць і прага нараджаць...
(Антаніна Хатэнка. Уваскрасаюць: постацяў абрысы...)

Вядучая. 3 паэтычных твораў, якія тут прагучалі, перад намі паўстае вобраз той, каму наканавана было стаць сімвалам любові да Бацькаўшчыны і прыкладам для нашчадкаў. Малюючы пакутніцкі лес вернай дачкі свайго краю, пісьменнікі хацелі, каб мы, людзі сённяшняга часу, не толькі пранікліся яе пакутамі, а і адрадзілі ў сабе надзею, што наша беларуская зямля можа жыць годна, незалежна, шчасліва.