сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. С. ДРЫК, намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага аддзела адукацыі Маскоўскага раёна г. Брэста. Беларуская мова і літаратура 10/2012

Абрад «вяночкі»

Сцэнарый свята для вучняў X—XI класаў.

«Вяночкі» — абрад падрыхтоўкі маладой дзяўчыны да замуства, сватання жаніха да нявесты. Прапанаваны матэрыял ці яго фрагменты можна выкарыстаць пры вывучэнні рамана I. Мележа «Людзі на балоце» ў X класе. А лепш за ўсё на аснове гэтай распрацоўкі наладзіць фальклорна- этнаграфічнае свята.
Абрад запісаны ад маёй маці Ганны Рыгораўны Дрык у вёсцы Балоты Кобрынскага раёна. Тэкст у асноўным друкуецца з захаваннем яго аўтэнтычнасці.


Мэта: вяртанне да народных звычаяў і абрадаў, далучэнне вучняў да дзейнасці па захаванні этнакультурнай спадчыны, яе папулярызацыі, выхаванне на традыцыях мінулага духоўнасці і этычных норм паводзінаў.

У пакоі ля сцен сталы, засланыя абрусам, на адным з іх ніткі, нажніцы, каляровая папера, стужкі... Дзяўчаты сядзяць за сталом, апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі. На другім стале ляжыць фата з вянком, тут жа сядзіць першая дружка і нявеста. Уваходзяць бацька і маці.

Бацька. Добры вечар, дзяўчаты, рады бачыць вас у нашай хаце, за цясовымі сталамі. Маці. Дзякуем вам, што прыйшлі звіць вяночак для нашае Волечкі.
Паспявайце нам дзяўчаты, уючы вяночак.
Дзяўчаты (робяць кветкі і спяваюць).
Зборная субота настала,
Волечка сябровак сабрала.
Садзіла яна радамі
Па-за цясовымі сталамі.
Сядайце, дзявочкі, шчыльненька,
Звіце мне вяночак роўненька.
Звіце вяночак з шчабэрцю,
Бо заўтра паеду да вянцу.
Зборная суботанька настае,
Зялёная рутанька на стале.
Дзеванька дружыну збірае,
Кругом свайго століка саджае.
Сама, маладзенькая, між усіх,
Скланіла галованьку ніжэй усіх.
Скланіла галованьку з касою,
Паліліся слёзанькі ракою.
- Ці вы мне галованьку звяжыце,
Ці вы мне малойчыка прышліце.
— Звяжамо галованьку вяночкам,
Прышлемо малойчыка з цвяточкам.

Першая дружка. Дзяўчаты, паспяваць мы паспяваем, але ж час дазволу спытаць у бацькі і маці, іхняе благаславенне пачуць.(Гаворыць, іголкамі папраўляючы кветкі ў вяночку.) За першым разам, за Божым прыказам, прашу бацьку і маці і ўсю радню: бліжэйшую, далейшую, суседак каханых, сябровак сабраных, дазвольце сваёй дачушцы вянок пачаць.
Бацька і маці (разам). Няхай вас Бог благаславіць.
Першая дружка. За другім разам, за Божым прыказам, прашу бацьку і маці і ўсю радню: бліжэйшую, далейшую, суседак каханых, сябровак сабраных, дазвольце сваёй дачушцы вянок пачаць.
Бацька і маці (разам). Няхай вас Бог благаславіць.
Першая дружка. За трэцім разам, за Божым прыказам, прашу бацьку і маці і ўсю радню: бліжэйшую, далейшую, суседак каханых, сябровак сабраных, дазвольце сваёй дачушцы вянок пачаць.
Бацька і маці (разам). Трэцім хай вас Бог благаславіць.
Нявеста. Дзяўчаты, сяброўкі, у мяне кутасою не ўсе ручнікі аздоблены, прывяжыце. (Раздае па стале.)
Другая дружка. Ой, што ж ты, Волечка, думала, як гэтыя ручнікі ткала?
Нявеста.
Думала, дзяўчаткі, заткаці.
Каб яшчэ дзяўчынаю гуляці.
Думала іх адбяліці,
Каб дзяўчынай пахадзіці.
Трэцяя дружка.
Чырвона каліна на плот схілілася,
Расою умылася.
Там Волечка хадзіла,
Расою умывалася,
Красою выціралася,
Татулькі пыталася...
Нявеста (звяртаючыся да бацькі).
Ой, мой татулька родны,
Ці буду я такая,
Як калінанька тая?
Бацька.
Ой, будзеш, доню, будзеш,
Пакуль маёю будзеш,
Як зойдзеш да свёкарка,
Спадзе з твару краса,
Як з калінанькі раса.
Абсеюць цябе дзеткі,
Як калінаньку кветкі.
Высушаць галованьку,
Як вецер дуброваньку,
Як мароз калінаньку,
Так маці дачушачку.
Нявеста.
Пайду я, татулька, па саду,
Пасею макаву расаду,
Пакланюся нізенька да Бога,
Каб мне гэтая расада ўрадзіла,
Каб я свёкарку ўгадзіла.
Дзяўчаты (спяваюць).
У агародзе дзве васіліны
Не здумалі, як расці.
Звілі дзявочкі два вяночкі,
Не здумалі, як класці:
Адзін вяночак, што з барвіночак,
Пакіну ў татачкі,
Другі вяночак, што з шчырае руты,
Павязу да свёкарка.
Чацвёртая дружка.
Выйдзі, Волечка, за варотцы,
Рассып густа пацёркі,
Ужо мінаюцца, забываюцца
Усе дзявочыя вячоркі.
Выйдзі, Волечка, за варотцы,
Рассып густа арэшкі,
Ужо мінаюцца, забываюцца Усе дзявочыя смешкі.
Дзяўчаты (спяваюць).
Селі дзявочкі вяночкі віці,
Па ўсіх акенцах ангелы стаяць,
Пасярод хаты — Божая маці.
Божая маці з Богам гаворыць,
Якую долю Волечцы даці:
Даці грашовую — багата будзе,
Даці хлебавую — шчасліва будзе,
Даці нешчаслівуто — плакаці будзе.
Пятая дружка.
Дзявочкі вяночак канчаюць,
Палажылі яго на стале,
Ацанілі яго дорага:
Тры кварты гарэлкі ад дзеўкі,
А той гарнец піва п’янога —
Ад яе татулькі роднага.
Першая дружка (бярэ вяночак, адзявае нявесце ).
Ой, дзіўны, дзіўны
На Волечцы вяночак.
А хто ж яго такога дзіўнага звіў?
— Звіла яго Багародзіца святая,
А ўпрасіла яе мамачка родная,
А тады яна Бога прасіла,
Як малою на белых ручках насіла.
Дзяўчаты (спяваюць).
Пакарыся, Волечка, пакарыся,
Маці і бацьку нізенька пакланіся,
Пакланіся татульку нізенька,
Ужо адхіляецца сардэнька.
Пакарыся, Волечка, пакарыся,
Мамачцы нізенька пакланіся,
Пакланіся мамульцы нізенька,
Ужо адхіляецца сардэнька.
Пакарыся, Волечка, пакарыся,
Дзяўчатам нізенька пакланіся,
Пакланіся дзяўчатам нізенька,
Ужо адхіляецца сардэнька.

(Нявеста пад словы песні нізка схіляе галаву.)
Шостая дружка.
Хадзіла Волечка па двары,
Садзіла вінаград на сонцы
I свайго бацьку прасіла...
Нявеста.
Прыедзе Іванка з дружкамі,
Вытапча вінаград нажкамі,
Буйныя кветкі паломіць.
Бацька.
Не шкадуй, доню, буйных квет,
А шкадуй, доню, сваіх лет.
Буйная кветачка зрасцецца,
А тваё гулянне мінецца.
Сёмая дружка.
Ой, за гарою садочак,
Ды віла Волечка вяночак.
Ой, віла, віла — заснула.
Прыехаў Іванка — не чула.
Спіць яе сардэнька тугенька,
Сонейка тварык спаліла,
Вецер буйны косы развеяў.
Першая дружка.
А хто ж да нас прыступіць,
Гэты вяночак выкупіць?
Бацька. Я не прыступлю, гэты вяночак не выкуплю.
Жаніх (уваходзіць з сябрам ).
Не бядуй, Волечка, не бядуй.
Я да гэтага вяночка прыступлю,
Я яго з сябрамі выкуплю.
(Кладуць грошы дзяўчатам.)
Сябар жаніха.
Ой, хадзілі сватове
Сем міль па дуброве,
Да па лесу, па карэннейку.
Прыблудзілі мы к сялу,
Да і сватняму двару.
Замкнуты вароты, адамкніце,
Як зачынены, то адчыніце,
Нам Волечку пакажыце.
Восьмая дружка.
Куе зязюля ў садочку,
Схіліла галоўку ў лісточку.
Пакіну садочак, пакіну,
А сама да бору палячу,
Нікога я ў бары не знаю,
Аднаго салоўку пазнаю.
Да яго гняздзечка прысяду.
Плакала Волечка ў святліцы,
Схіліўшы галоўку ў акенца:
Пакіну бацьку, пакіну,
А сама ў чужыну паеду,
Нікога ў чужыне не знаю,
Аднаго Іванка пазнаю.
У яго за столікам сяду
Нявеста.
Вас, дзяўчаты не забываю,
Есці, гуляці вам дазваляю,
Спявайце, гуляйце, хлопцаў выбірайце,
Свята чакайце, замуж вылятайце.
Дзяўчаты (усе разам). А дзе ключы?
Нявеста. На гары ў аўсе, за мною замуж усе.
Першая дружка.
Сей, Волька, долю
Па Ванінаму полю.
Хай доля родзіць, як рута зялёна,
А ты, маладая, каб была вясёла.

Яшчэ на гэту тэму:

Запрашаем на вяселле     Беларускае вяселле (вершаваныя эпізоды)