сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г.А.АЛЬШЭЎСКАЯ, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Бердаўскага дз/с-СШ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Сакавік 2015.

“Сёння ў нашай школе свята…”

Віншавальная праграма

(да 60-гадовага юбілею дырэктара ДУА “Бердаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” ___________, 2 сакавіка 2015 г.)

Гучыць песня "Гуляць дык гуляць" (верш У. Някляева, В. Іванова).
На сцэну падымаецца першая пара вядучых у нацыянальных строях –
Гаспадар і Гаспадыня.

Гаспадар.
Добры дзень усім вам,
Нашы ягамосці,
Дзякуем, што вы да нас
Завіталі ў госці.
Добрага дня Вам, госцікі дарагія!
Гаспадыня. Добрага дня Вам у нашай школе! Госці на госці – гаспадару радасць.
Гаспадар. Запрашаем у хату! Чырвонаму госцю – чырвонае месца.
Гаспадыня. Ой, а што ж гэта мы разгаварыліся? А пра нагоду, чаго тут столькі людзей сабралася, амаль начыста забыліся?
Гаспадар. Столькі часу рыхтаваліся, а тут – на табе! – усё з галавы вылецела!
Гаспадыня. Ды не хвалюйся так, вось сапраўды: селі радком – пагаворым ладком. А за добрай размовай і праца ідзе хутчэй. Тьфу ты! Зусім зарапартавалася! Якая праца??? З чаго пачыналі?
Гаспадар. “Сёння ў нашай хаце свята!” Ого! Успомніў – юбілей жа ў нас!!!
Гаспадыня. Так, сёння свята ў нашай школе!
Гаспадар. Сапраўды, сёння з нагоды 60-гадовага юбілею мы рады вітаць глыбока паважанага ўсімі намі дырэктара Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы _____________.

Гучыць урачыстая музыка, апладысменты
Вядучая. Да сённяшняга дня мы старанна рыхтаваліся і чакалі яго з нецярпеннем..
Вядучы. Але, напэўна, самымі нецярплівымі былі нашы самыя маленькія. Яны вось і зараз хвалююцца за сцэнай.
Вядучая. Давайце запросім іх да нас і падтрымаем сваімі апладысментамі!
Выступленне выхаванцаў дзіцячага сада – “Матроскі танец”.
Затым на сцэну падымаецца другая пара вядучых


Вядучы. Ой і малайцы! Добры тон задалі ўсім прысутным, а да нашага юбіляра – як я пагляджу ў Вашы павільгатнелыя вочы, Анатоль Леанідавіч! – і ўспаміны пра дзяцінства вярнуліся!
Вядучая.
Рэкі дзяцінства —
Самыя глыбокія,
Дрэвы дзяцінства —
Самыя высокія,
Нівы дзяцінства —
Самыя шырокія,
Вядучы.
Сцежкі дзяцінства —
Самыя далёкія,
Ночы дзяцінства —
Самыя кароткія,
Сны дзяцінства —
Самыя салодкія,
Вядучая.
Крыўды дзяцінства —
Самыя слязлівыя,
Забавы дзяцінства —
Самыя смяшлівыя...
(В. Зуёнак. Рэкі дзяцінства)

Вядучы. Нарадзіўся наш юбіляр у в.Мастаўляны Лідскага раёна згодна з пашпартам 2 сакавіка 1955 году.
Вядучая. А пашпарт тут пры чым?
Вядучы. Дык жа сапраўдным сваім днём нараджэння Анатоль Леанідавіч заўсёды называе дзень 13 лютага. Мы, канечне, маглі б і паўмесяца таму святкаваць пачаць, але ж у гэтым годзе дата прыпадала на пятніцу! Мяркую, у той дзень не дачакаліся б мы гасцей на ўрачыстасць – хто ж у пятніцу трынаццатага рушыў бы ў дарогу нават з такой прыемнай нагоды???
Вядучая. Так, пра пятніцу сёння ўжо забудзем, а на імгненне вернемся ў маленства. Анатоль Леанідавіч у сям’і сваіх бацькоў, Леаніда Фёдаравіча і Яніны Феліксаўны, нарадзіўся другім з трох сыноў.
Вядучы. Нягледзячы ж на тое, што мама і тата былі настаўнікамі, дзяцінства ў хлопчыкаў было самым звычайным вясковым: пасвілі хатнюю жывёлу, дапамагалі па гаспадарцы, гулялі ў дваровыя і спартыўныя гульні…
Вядучая. Дзесяцігодку скончыў у Парэцкай сярэдняй школе ў 1972 г. Помняцца нашаму юбіляру школьныя ўрокі, настаўнікі, сябры-таварышы і па сённяшні дзень.
Вядучы. У старэйшых класах адзін прышкольны інтэрнат са сваім укладам і законамі чаго, мусіць, каштаваў!!! Некалькі разоў і школьныя заняткі прагуляў!
Вядучая. А ў вольны час, як і многія хлапчукі тае пары, здаралася, залазіў у чужы сад. Як успамінае сам Анатоль Леанідавіч сёння, “балюча рэагаваў на кпіны і абразы, кідаўся ў бойку”. Адным словам, паводзіў сябе як самы звычайны школьнік!
Вядучая. Таму зараз, паважаны Анатоль Леанідавіч, прагучыць музычнае віншаванне ад Вашых няўрымслівых і не заўсёды паслухмяных, але такіх непаўторных вучняў 5 класа!

Гучыць песня “Айсберг” у выкананні вучняў 5 класа (музыка В.Шаінскага, паводле слоў Л.Казловай адвольны пераклад (знойдзены ў Інтэрнэце)
Ледзяной гарой дырэктар
На парозе ўзнікае.
Нават сэрца замірае,
Стул трасецца пада мной.
Усе чакаем з нецярпеннем,
Ну, адтаеце калі Вы?
Знаем, доўга Вы не ў стане
Быць гарою ледзяной.
А мы пра ўсё на свеце
Забыць гатовы з Вамі,
Ў вучобу, быццам ў мора,
Ныраем з галавой.
А калі ж Вы пахваліце
Адным, ну, хоць бы словам,
То мы і горы звернем
Ад пахвалы такой.

На фоне музыкі вучні чытаюць вершаваныя віншаванні.
Вучань.
Жадаем быць заўжды здаровым.
Вучаніца.
Не ведаць смутку і няўдач.
Вучаніца.
I справядлівым быць, і строгім
Вучань.
У вырашэнні ўсіх задач.
Вучаніца.
Хай спорыцца любая справа.
Вучаніца.
Не сустракайцеся з бядой,
Вучань.
I колькі б год ні мінавала,
Душа хай будзе маладой.
Вядучая.
Як песня чужая, вятроў падабенства,
як глобус на восі, крутая зямля...
Падзелены лёс чалавечы з маленства
на часткі:
да школы,
у школе,
пасля...
Вядучы.
Да школы — нязнайка, у школе — пісьменны,
затым...
Як ня проста казаць пра "затым"!
Не кожны кірунак ад сонца праменны,
не кожны дарунак глядзіцца святым...
(Е. Лось. Школы...)

Вядучыя распавядаюць пра біяграфію юбіляра (................)

Вядучая.
І пабеглі дні, тыдні, месяцы…
Вядучы….чвэрці…
Вядучая. Яны непрыкметна складаліся ў школьныя гады…
Вядучы. …і дзесяцігоддзі…
Вядучая. Шпарка, вельмі шпарка
Прабеглі трыццаць школьных
бердаўскіх гадоў.
Вядучы.
30 год... Здаецца, мала,
А ўспамінаў многа
Пра школьныя дарогі
Памяць захавала.
(А. Лысюк. Да юбілея школы)

Вядучая. У наш час небеспадстаўна гавораць, што асаблівасць працы педагога – гэта бязмерная адказнасць за ўсё.
Вядучы. Штохвілінная адказнасць за ўсё і ўсіх – асабліваць працы кіраўніка.
Вучань 10кл.
За адзнакі,
(Асобна — за веды),
За наяўнасць на ўроках, вядома,
За паводзіны ў школе і ўдома,
3 кім у дружбе і з кім пасварыўся,
Ці здароў, ці абуты-адзеты,
Ці, як кажуць, напіты-наеты,
Дзе да зглухлай апоўначы лазіць...
О дырэктар, не плач! Ганарыся,
Што аж так ты за вучня ў адказе!
(паводле Н. Мацяш. Адказнасць школьнага настаўніка)

Пасля выступлення дзесяцікласнік уручае юбіляру паветраны шар у форме сэрца. Затым такія ж шары ўручаюць па чарзе вучні з 9, 8…2 класаў. Апошнімі з віншаваннем падыходзяць разам вучань 11 кл і вучаніца 1 кл. На сцэну падымаецца трэцяя пара вядучых. Распавядаюць пра цяперашнія захапленні і дасягненні юбіляра, даюць слова віншавання шаноўным гасцям юбіляра.

Выступленне гасцей.

Вядучая. Сапраўды, заслужаная пашана за задуманае і рэалізаванае!
Вядучы.
А калаўрот гадоў прадзе хай нітку далей.
I круціцца часоў верацяно,
Ды палатно жыцця ўнукі аздабляюць,
Як радаслоўнай непарыўнае звяно.
Вядучая.
Няхай жа зменлівая ўдача
Вам усміхаецца часцей.
Нябёсы хай з вышынь дарадзяць,
Нервовым клеткам як пражыць даўжэй.
Вядучы. Вы заўсёды арганізаваны, строгі і вытрыманы. А школьнае жыццё такое вірлівае, шумнае і непрадказальнае. Як жа знайсці кампраміс у такой складанай сітуацыі?
Вядучая. У народзе кажуць, што дасціпны гумар значна павялічвае працягласць жыцця і аднаўляе нервовыя клеткі. Таму прымайце ў падарунак ад нас юбілейныя прыпеўкі.

Прыпеўкі ў выкананні настаўнікаў

Ой, няма, сябры, сумнення,
Што прыпеўкі трэба граць.
Раз прыйшлі на юбілей мы,
Нам не моўчкі тут стаяць!

І чаго кудысьці з крыкам
Ўсе бягуць, бы на пажар?
А таму, што наш дырэктар
Сёння слаўны юбіляр!

А чаму сягоння ў школе
Вельмі цесна ад гасцей?
Ды таму, што адзначаюць
Тут сягоння юбілей!

Сёння сум тут не з рукі,
Можаце паверыць:
Шэсцьдзесят Вам не дасі –
Пяцьдзесят… і дзевяць!

Караблі, ой, караблі,
Ой, не параходзікі.
Хай цяпер ідуць назад
Усе Вашы годзікі!

На сцяне вісіць карціна,
На карціне – паруснік.
Хай Вам будуць без патрэбы
Лекі, шпрыц і градуснік!

Ўсе мы горы абхадзілі
І крутыя беражкі.
Вам мы зычым зараз шчасця,
Падарункаў – два мяшкі!

Вось каб снег ды не сышоў,
Нёман не разліўся б.
Каб не гэты юбілей –
Не павесяліўся б!

Усе разам
Юбіляра віншаваць
Мы гатовы зноў і зноў.
Бо даўно ужо мы маем
К яму моцную любоў.

Вядучая. А што яшчэ можа быць лепшым падчас віншавальнай праграмы, чым выступленне калег і работнікаў школы? Запрашаем іх на сцэну.
1.Юбілеі вясною асобыя:
Абуджэнне прыроды відаць,
2.Таму словы ў нас адмысловыя,
У іх светлая радасць чуваць.
3.Няхай жыццёвая дарога
Далей шчасліваю бяжыць.
4.Жадаем Вам зусім нямнога –
Сто год у радасці пражыць.
5.Каб людзі добрыя заўсёды
Ішлі на Вашае цяпло,
6.А ў доме Вашым з кожным годам
Утульней і святлей было.
7.Няхай ярчэй засвеціць сонца ўранні,
Сагрэе промнямі надзей,
8.Ад сэрца нашы пажаданні
Мы дасылаем Вам у гэты дзень.
9.Хай марам Бог пашле здзяйсненне,
А час для Вас прыпыніць ход.
10.Увесь наш калектыў Вам зычыць
Здароўя, міру і шчаслівых доўгіх год.

Пад пройгрыш матыву песні з м/ф «Чабурашка» да выступаючых залы далучаюцца астатнія настаўнікі і работнікі школы. Гучыць песня “З юбілеем!” (паводле слоў А.Цімафееўскага адвольны пераклад З.Унучко, муз.В.Шаінскага)

Хай бягуць дні за днямі,
А гады за гадамі
І прыносяць заўжды радасць Вам.
Доўга-доўга жывіце,
Нашу школу любіце
І працуйце на радасць ўсім нам.

З юбілеем! З юбілеям!
Хай не стараць Вас гады!
Мы віншуем Вас сягоння
Ад усёй душы!
Мы віншуем Вас сягоння
Ад усёй душы!

З новым днём, з новым шчасцем!
Прэч бягуць хай напасці.
60 – гэта самыя гады!
Хай усмешка іскрыцца,
Будзем пець і весяліцца –
Хай запомніцца дзень назаўжды!

З юбілеем! З юбілеям!
Хай не стараць Вас гады!
Мы віншуем Вас сягоння
Ад усёй душы!
Уносіцца юбілейны торт з цукерак.
Мы віншуем Вас сягоння
Ад усёй душы!
Усе разам. З юбілеем! З юбілеем! З юбілеем!

Юбіляру прапаноўваецца патушыць свечку на торце.
Гучаць бурныя апладысменты ўсіх прысутных.
Уручаецца падарунак ад прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УА і ўсіх работнікаў школы.
На сцэну падымаецца першая пара вядучых – Гаспадар і Гаспадыня.


Гаспадыня.
Запалілі мы агні свята,
Каб асвяцілася й Ваша хата.
Гаспадар.
Каб вам жылося і вялося,
елася і яшчэ хацелася.
Гаспадыня.
Хай шанцуе і на ніўку,
і на ўсякую скацінку
Гаспадар.
Дай вам божа тое,
што вы самі ад Бога ласкавага просіце.
Гаспадыня.
Хай палаюць іскрынкі ў ночы,
Хай засвецяцца радасцю вочы.
Гаспадар.
Пра юбілей ужо ўсім нагадалі,
Вам здароўя і шчасця жадалі!
Гаспадыня.
Яшчэ зычым удачы, святла і цяпла,
Каб беды-нягоды згарэлі датла!
Гаспадар.
Няхай вам сонца смяецца,
Няхай вам усё ўдаецца!
Гаспадыня.
Жадаем часцей усміхацца,
РАЗАМ.
Юбілею новага дачакацца!

Гучыць “Полька беларуская” (музыка I. Лучанка, словы Л. Дранько-Майсюка). Гаспадыня запрашае юбіляра на танец.