сцэнарыі святаў на беларускай мове

Леаніда КОНЮХАВА, выхавальнік ясляў-сада № 489 г. Мінска. Пралеска 9-1999

Благаслаўляем вас лясы

Занятак па экалагічным выхаванні Група "Фантазёры"

Праграмны змест: паглыбляць веды дзяцей пра навакольнае асяроддзе, вучыць бачыць і берагчы прыгажосць навакольнай прыроды, выхоўваць любоў да жывой прыроды, вучыць усведамленню самакаштоўнасці кожнай жывой істоты. Развіваць разумовыя і інтэлектуальныя здольнасці дзяцей.
Абсталяванне
Лес: 3 елкі, 2 бярозкі, сасна, 2 кусты, «мурашнік» з тканіны, «возера» і «ручаёк» з паперы, «кветкі» з паперы, муляжы грыбоў.
Цацкі: заяц, сава, 7 гномаў, хатка з акенцам, сярэбраны ключык, чароўная палачка, драўляны малаточак, свечкі на падстаўках па колькасці дзяцей, кошык, магнітафон, красворд.
Птушкі з паперы: 2 сініцы, 2 сарокі, 2 ластаўкі, 2 зязюлі, дзяцел.
Маскі: 2 ваўкі, мурашы, рыбы, грыбы, кветкі, 2 бярозы.
Касцюм для Беласнежкі.
Папярэдняя работа:
• Чытанне кніжак: «Займальнае з жыцця птушак», «Расказы боцмана Краба», «Кветкі ў легендах», «Па лабірынтах жывой прыроды»;
• гутаркі на тэму «Жыхары нашага лесу»;
• назіранне на прагулках за птушкамі;
• лепка на тэму «Мая любімая жывёла або птушка»;
• падрыхтоўка абсталявання да занятку разам з дзецьмі.

Ход занятку

Дзеці ў касцюмах і масках уваходзяць у групу.
Выхавальнік (В.). Сёння мы з вамі адправімся ў чароўнае падарожжа. Папасці туды можна толькі праз гэтыя дзверы. Але яны зачараваныя, а адчыніць іх зможа толькі сярэбраны ключык. На жаль, і ключык той далёка схаваны.
Вось перад вамі красворд. Калі вы адгадаеце 5 загадак, то ў жоўтых клетачках вызначыцца слова-падказка, якое абазначае месца, дзе схаваны сярэбраны ключык.
Крыжаванка пра лес.

Дзеці рашаюць красворд і адгадваюць загадкі.

1. Многа рук, а нага адна.
2. Ніколі шапкі не здымаюць, бо наогул рук не маюць.
3. Мышак ловіць, ды не коцік ён.
Лісты носіць, ды не паштальён.
Каб лісе не трапіць на зубок,
У калючы скруціцца клубок.
4. 3 ялінкі на ялінку,
3 галінкі на галінку
Скача агеньчык жывы.
Хто гэта? Знаеце вы?
5. Сядзіць сабе на лужку
У чырвоным каптурку.
Хто не пройдзе — спыніць крок,
Каб сарваць той каптурок.

Дзеці знаходзяць сярэбраны ключык і падыходзяць да дзвярэй.
В. Гэта чароўнае падарожжа, і таму ператвару я вас ў лясных жыхароў. Вось і чароўная палачка. Закрыйце вочы. Раз, два, тры! Адкрыйце вочы. Зараз вы — лясныя жыхары, і калі я адчыню дзверы ў лес, вы пабяжыце да сваіх хатак.
Выхавальнік адчыняе дзверы, дзеці бягуць да сваіх хатак. Чуюцца галасы птушак.
Голас філіна (запіс на магнітафоне).


У — ух! У — ух! Увага! Да вас, жыхароў лесу, звяртаецца філін, якога за
разумныя парады празвалі наймудрэйшым. Хутка вы ўбачыце Беласнежку, якую заваражыла яе мачыха
— паганая вядзьмарка. Гэтая дзяўчынка даўно блукае па лесе і не можа знайсці дарогу дадому. Вядзьмарка зрабіла так, што Беласнежка не верыць у дабро, лічыць, што ўсе жыхары лесу вельмі кепскія, нікому не дапамагаюць, а толькі клапоцяцца пра сябе.
Калі вы зможаце яе пераканаць, што гэта не так, і Беласнежка вам паверыць, тады з'явяцца сем гномаў, дзяўчынка іх ўбачыць і вызваліцца ад чараў.
Уваходзіць Беласнежка.
Беласнежка. Колькі ж можна блукаць па гэтым лесе? Тут усё такое страшнае, незнаёмае. Але я чула нейкі голас, які сказаў, што калі я ўбачу сем гномаў, то здарыцца цуд. Пайду пашукаю іх.
I заданне. «Мурашы»

Беласнежка ідзе па сцежцы, падыходзіць да мурашніка.
Мурашы. Вой — вой! Асцярожна! Ты зараз растопчаш нас!
Беласнежка. Невялікая страта! Якая ад вас карысць? Толькі і ўмееце, што кусацца!
В. Не зусім так. Дзеці табе раскажуць, якая ад іх карысць.
Дзеці. Мурашы — лясныя санітары. Яны збіраюць лясны бруд, паядаюць гусеніц, умеюць вырошчваць грыбы, саджаць каля мурашніка чыстацел і браткі.
Беласнежка. Вы, мурашы, аднолькавыя, адзін да аднаго падобныя, як блізняты.
Дзеці. Ёсць рабочыя мурашы і ёсць мурашыная матка, якая жыве 12 гадоў. Сярод іх ёсць мурашы- разбойнікі, чырвоныя мурашы, мурашы-вартаўнікі, мурашы-бочкі, самцы маюць крылы і ўмеюць лятаць.
Беласнежка. А чаму вы робіце мурашнік у форме купала?
Мурашы. Пры такой пабудове вада не застойваецца, а сцякае ўніз і ў мурашніку будзе суха.
Беласнежка. Так, вы правільна разважаеце: мурашы прыносяць карысць. Я згодна, што вы патрэбны лесу.
З'яўляецца першы гномік (як толькі дзеці даказваюць карысць тых ці іншых лясных жыхароў, яны выстаўляюць гноміка).

Беласнежка. Вось і ўбачыла я першага гнома. Пайду далей шукаць астатніх.
II заданне. «Птушкі»

Раздаецца стук.
Беласнежка. Што гэта за стук? Ой, глядзіце, дзяцел дрэва разбурае! Што ж ён робіць?!
Дзеці тлумачаць, што дзяцел таксама лясны санітар, ён лечыць дрэвы пры дапамозе дзюбы і доўгага языка.
Беласнежка. А якія яшчэ птушкі ёсць у вашым лесе?
Дзеці расказваюць пра сароку, якая сваім стракатаннем папярэджвае лясных жыхароў аб небяспецы; пра зязюлю, якая падкладае свае яйкі ў чужыя гнёзды.
Беласнежка. А якія цікавыя гісторыі вы ведаеце пра птушак?
Дзеці расказваюць розныя гісторыі: «Сарока ратуе качанят», «Шпакі — сведкі абвінавачвання», «Як чайкі выратавалі варону» (дадатак № 1).
Беласнежка. Вы столькі цікавага расказалі пра птушак. Яны ўпэўнены, што патрэбны лесу. Я веру вам, птушкі.
З'яўляецца другі гном.
Беласнежка. Вось і яшчэ гном. Пайду шукаць далей.
Iдзе па сцежцы.
III заданне. «Жыхары воднага царства»

Беласнежка падыходзіць да возера.
Беласнежка. Куды я трапіла? Гэта ж лясное возера. (Спалохана.) Фу, да чаго ж брыдкія ўсе гэтыя п’яўкі ды
жабы!
Дзеці расказваюць, што п'яўкі лечаць людзей, а жабы карысныя тым, што паядаюць камароў.
Беласнежка. Ну добра, з гэтым я згодна. А вось — рыбы. Яны такія нецікавыя: хвост, плаўнікі ды зубы. Бр- р-р!
Дзеці расказваюць, што рыбы бываюць розныя: марскія (акула, дэльфін, кіт, рыба-меч, прыліпала, рыба-іголка, скат, цыянія палярная) і рачныя (шчупак, акунь, лешч, вугор).
Беласнежка. А якіх ядавітых марскіх рыб вы ведаеце?
Дзеці называюць марскога дракона, звяздара, мыш-ліру, марскога акуня, ската-хвастакола.
Беласнежка. Акрамя рыб, хто яшчэ жыве ў моры?
Дзеці. Марскія чарапахі, крабы, васьміногі.
Беласнежка. Згодна я, падводны свет вельмі цікавы.
З'яўляецца трэці гном.
Беласнежка. Вось і трэцяга гнома ўбачыла. Пайду далей.
IV заданне. «Ваўкі»

У гэты час з-за кустоў выбягае заяц, за ім — ваўкі.
Беласнежка. Што ж вы, ваўкі, робіце? Безабаронных звяроў крыўдзіце і вынішчаеце. Якія ж вы шкодныя!
Дзеці расказваюць, што ваўкоў забіваць нельга. Ваўкі — лясныя санітары, яны знішчаюць толькі хворых зайцоў, а здаровых яны ніколі не дагоняць.
Беласнежка. Згодна з вамі. I ваўкі патрэбны ў лесе!
З'яўляецца чацвёрты гном.
Ой, яшчэ адзін гном з’явіўся! Палічыце, колькі ў мяне ўжо гномікаў?
Дзеці. Чатыры!
Беласнежка. Нешта сумна мне. Давайце разам з вамі патанцуем.
Гучыць песенька ката Леапольда «Ласково жмурится солнце золотое». Дзеці і Беласнежка танцуюць.
V заданне. «Бярозкі»

Беласнежка. Я так стамілася. Дзе ж мне адпачыць? (Шукае.) Вось і бярозка. Але пад ёй ад сонца не схаваешся — надта ж маленькія лісцікі.
Дзеці расказваюць, чаму ў бярозкі белая кара, што яна можа забіраць дрэнную, а аддаваць добрую энергію.
Беласнежка (дакранаецца да ствала бярозкі). I праўда, так добра мне стала, так лёгка. А якія-небудзь паданні або казкі пра бярозку вы ведаеце? Дык раскажыце, я паслухаю.
Дзеці расказваюць паданне «Чаму месяц ярка свеціць над бярозавым гаем» (дадатак № 2).
Беласнежка. Вось якая ты, бярозка. Прыгожая, добрая, нават паданні пра цябе складзены.
З'яўляецца пяты гном.
Беласнежка. Вось і пятага гнома ўбачыла. Трэба мне ісці далей.
VI заданне. «Грыбы»

Беласнежка (здзіўлена). Колькі грыбоў! Ці можна мне ўсе грыбы збіраць?
Дзеці гавораць пра тое, што не ўсе грыбы можна есці, называюць ядомыя і атрутныя.
Беласнежка. А калі гэтыя атрутныя грыбы шкодныя, дык я зараз іх знішчу — растапчу!
Дзеці тлумачаць, што імі лечацца звяры ды птушкі.
Беласнежка. Калі так, дык няхай яны растуць. Дапамажыце мне сабраць грыбы, а то я магу іх пераблытаць.
Дзеці дапамагаюць збіраць ядомыя грыбы.
Беласнежка. Які шчодры ваш лес! Столькі грыбоў я назбірала!
З'яўляецца шосты гном.
Беласнежка. Вось і яшчэ гном. Засталося апошняга знайсці.
VII заданне. «Кветкі»

Беласнежка ідзе на «паляну» і збірае кветкі.
Беласнежка. Ой, колькі кветак! Можна рваць колькі хочаш! (зрывае ландыш, незабудку, галінку бэзу).
Дзеці тлумачаць, што не трэба рваць кветкі. Расказваюць пра ландыш, які з'яўляецца толькі праз пяць гадоў пасля таго, як яго сарвалі, пра яго лячэбныя якасці (лечыць насмарк, галаўны боль, нервы, сэрца).
Беласнежка. Я гэтага не ведала. Больш не буду рваць кветкі. Няхай упрыгожваюць лес. А гэтыя пастаўлю ў вазу.
Я чула, што нельга ставіць у ваду разам з ландышам бэз — ён загіне. Ад кветак ландыша паміраюць хатнія птушкі: куры, гусі. Ландыш сябруе з незабудкаю.
А ці ведаеце вы паданне пра незабудку, у якой пялёсткі падобныя на мышынае вушка? Адкуль пайшла яе назва?
Дзеці расказваюць легенду «Незабудка» (дадатак № 3).
Беласнежка. Што гэта за кветка такая незвычайная, з расінкамі на іголачках?
Дзеці расказваюць пра расянку, якая паядае камароў і мух. А калі яе пакласці ў малако, то атрымаецца смачны сыр.
Гульня «Збяры букет». Кветкі для букетаў: бэз, ландыш, незабудка.

Беласнежка. Колькі цікавага вы ведаеце пра кветкі. Я больш ніколі не буду іх рваць.
З'яўляецца сёмы гном.
Беласнежка. Вось і ўбачыла сем гномаў. Дзякуй вам, мае сябры! Згінулі чары вядзьмаркі. Зараз я бачу, што вы, лясныя жыхары, добрыя, дапамагаеце адзін аднаму, сябруеце. Я таксама буду вас заўсёды шанаваць. Але дзе ж мая хатка?
Раздаецца голас філіна (запіс на магнітафоне).
Паглядзіце ўважліва! У вашай хатцы загарэліся агеньчыкі. Гэта вочы лесу. Лес на нас глядзіць і просіць: «Беражыце мяне, не крыўдзіце мяне, любіце мяне! I я вам за дабро дабром адплачу».
Дзеці са свечкамі ў руках становяцца на свае месцы і паўтараюць за філінам.
Гучыць музыка Бетховена «К Элизе».

Благословляю вас, леса,
Долнны, горы, воду,
Благословляю я свободу
И голубые небеса!
И степь от края и до краю,
И солнца свет, и ночи тьму,
И одинокую тропинку,
И в поле каждую былинку,
И в небе каждую звезду!

Беласнежка. А зараз давайце скажам прыродзе нашы пажаданні.
Дзеці. Каб заўсёды ў тваіх лясах птушкі спявалі!
Каб заўсёды зелянелі твае лугі і лясы!
Каб заўсёды твае паляны былі кветкамі ўпрыгожаны!
Каб ніколі рука чалавека не пакрыўдзіла цябе!
Беласнежка. А зараз пойдзем усе да мяне ў госці, я вас пачастую чаем з пірагамі.

Дадатак № 1. «Сарока ратуе качанят».

Качка вяла свой вывадак у другі вадаём. Раптам аднекуль з’явілася ліса. Захацелася ёй паласавацца качанём. Але на абарону вывадка выступіла ... сарока. Нападаючы з паветра на лісу, яна падняла такі крык, што драпежніца пабегла прэч. Маленькія качаняты разам з мамай шчасліва дабраліся да новага возера.

«Варона і чайка».

Па рэчцы ішоў цеплаход. Варона, якая над ім пралятала, па незразумелай прычыне ўдарылася аб борт судна і звалілася ў ваду. На яе крык зляцеліся чайкі. Нібыта пікіроўшчыкі, хутка апускаліся яны ўніз, жадаючы дапамагчы птушцы, што папала ў бяду. Вось адна чайка схапіла варону дзюбай і, цяжка ўзмахваючы крыламі, паляцела да берага.Там яна асцярожна апусціла параненую птушку на траву і вярнулася да вады.

«Шпакі — сведкі абвінавачвання».

Дзіўную карціну назіралі раніцай жыхары аднаго горада. Над адным з дамоў ішоў дзіўны дождж: замест кропляў на восеньскую траўку падалі... грашовыя купюры. А па двары разгублены бегаў чалавек і, падхопліваючы рублі, засоўваў іх у кішэні. «Дзякуй Богу, чалавеча! — смяяліся суседзі. — На цябе з неба «капітал» сыплецца». Але Бог быў ні пры чым. Чалавек, што бегаў па двары, быў злодзеем. ЁН ўкраў у сваёй сваячкі шмат грошай і схаваў іх на дрэве ў шпакоўні. Шпакі «знайшлі» тайнік на другую ж раніцу. Збіраючыся ў цёплыя краіны, яны сталі наводзіць парадак у сваім доміку і разам з непатрэбным смеццем выкінулі ўкрадзеныя грошы.
Дадатак № 2.
«Чаму месяц ярка свеціць над бярозавым гаем».

Аднойчы месяц убачыў прыгожую дзяўчынку і пакахаў яе. Пачаў месяц за дзяўчынкай хадзіць. Ідзе дзяўчынка па сцяжынцы — і месяц за ёю; бяжыць дзяўчынка, а месяц усё роўна не адстае. Але не хоча прыгажуня з месяцам сябраваць. Пабегла яна ў бярозавы гай. Стала яна прасіць у бярозак: «Схавайце мяне, схавайце, калі ласка, а то месяц схопіць мяне і занясе за аблокі! А я хачу жыць на Зямлі. Яна ж такая прыгожая!» Бярозкі паслухалі дзяўчынку, абступілі яе з усіх бакоў і прыкрылі сваімі лісцікамі.
Шукае месяц сярод бярозак сваю каханую, шукае, а знайсці не можа. «Дзе ж ты, любая, адгукніся!» Маўчаць бярозкі, толькі лісцікі ціха-ціха шапоцяць.
3 той пары месяц заўсёды ярка свеціць там, дзе стаяць адны беластвольныя бярозкі, спадзяецца ўбачыць сваю дзяўчынку.
Дадатак № 3. «Незабудка».

Калі Бог ствараў свет, ён даў назву ўсім жывёлам і раслінам.
Але выпадкова забыў назваць адну маленькую кветачку, якая расце на беразе ручая. Кветачка прыйшла да яго, прасіла не забыць яе ў Яго любові і таксама даць ёй назву. На гэта Гасподзь адказаў: «Цябе я не забуду, не забудзь і ты мяне. Няхай з гэтага часу імя тваё будзе «Незабудка».

ЛІТАРАТУРА


Дошкольное воспитание. 1991, №13,12.
Золотницкий Н.Ф. Цветы в легендах и преданиях. — Мн., 1994.
Константиновский Майлен. «КОАПП». — М., 1973.
Мыслівец В. Расказы боцмана Краба. — Мн., 1995.
Пачатковая школа. 1994, № 10, 11.
Пралеска. 1992, №11; 1993, № 2; 1995, № 1.
Соколов Н.А. Занимательное из жизни птиц. — Мн., 1974.
Суравегина Н.Т., Сенкевнч В.М. Экология и мир. — Мн., 1994.
Шармлов К.Е. По лабиринтам живой природы. — Мн., 1971.

Яшчэ на гэту тэму:

Люблю свой край     Прыйшла вясна шумлівая