сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. А. СЯМЁНАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 1 г. Салігорска. Беларуская мова і літаратура 9/2019

Дарагая мая беларусь

Літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў V—VI класаў

Мэта: садзейнічаць развіццю выразнага чытання і творчых здольнасцей; спрыяць выхаванню ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму, гонару за сваю Радзіму-Беларусь; фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Ход мерапрыемства


Урачысты выхад.
Граюць цымбалы. Хлопчыкі і дзяўчынкі апрануты ў беларускае нацыянальнае адзенне. Пачынаюць вядучыя Яня і Ясь.

Яня (чытае верш Уладзіміра Карызны «Беларусь мая сінявокая» ).
Неба чыстае і глыбокае,
I бярозавы ціхі гай —
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край.

У густых садах ты красуешся,
Сілай поўная маладой,
У агнях уся ярка свецішся,
Разліваешся збажыной.

Славай слаўная ты быліннаю,
Залатою сваёй красой,
Майскай песняю салаўінаю
I вясёлкамі над ракой...

Неба чыстае і глыбокае,
I бярозавы ціхі гай —
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край [10, с. 6].

Ясь (чытае верш У. Карызны «Песня аб роднай зямлі» ).
Ой, зямля мая,
Тая самая,
Заінелая на зары!
Рэчка сонная...
Далеч санная...
Нібы з печы жар, снегіры.
I марозамі.
I бярозамі
Я прывязаны да цябе,
Я табой, зямля, заварожаны
I належу адзінай табе [10, с. 7].

Першы чытальнік.
...Понеже от прирожения звери,
ходящие в пустыни, знають ямы своя;
птици, летающие по воздуху,
ведають гнезда своя;
рибы, плывающие по морю и в реках,
чують виры своя;
пчелы и тым подобная
боронять ульев своих, —
тако ж и люди;
игде зродилися
и ускормлены суть по Бозе,
к тому месту великую ласку имають.
(Францыск Скарына )

Другі чытальнік (выконвае верш Васіля Жуковіча «Беларус» ).
Белы ручнік мой, белы абрус, сам я няцёмны душою.
Хто ў белым свеце я?
Я — беларус, — будзьце знаёмы са мною.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Белы ручнік мой, белы абрус.
Вышыла мама кашулю.
Не прамяняю сваю Беларусь —
не выбіраю матулю [ 8, с. 8—9].

Ясь (чытае верш Алеся Бачылы «Матчына мова» ).
Жывое ў вяках беларускае слова —
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі «мужыцкаю мовай »,
А нам жа ты — матчынай мовай была [1, с. 79].

Трэці чытальнік (выконвае верш Алеся Гаруна «Ты мой брат, каго зваць Беларусам...» ).
Ты мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэты скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы! [13, с. 262—264].

Яня (чытае ўрывак з верша Авяр’яна Дзеружынскага «Прамяніся ярчэй і ярчэй...» ).
Прамяніся ярчэй і ярчэй,
Ды звіні ўсё званчэй і званчэй,
Наша простае, шчырае слова,
Беларуская мова.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Тут і плёскат блакітных азёраў,
Тут і гоман адвечнага бору,
Спеў салоўкі, куванне зязюлі,
Голас сэрца любімай матулі.

Ясь (чытае ўрывак з верша Янкі Купалы. «Родныя песні» ).
Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, —
Для роднай зямелькі вы — светлыя зоры,
Для роднага краю вы — райскія гімны!

Гучыць песня «Спадчына» (сл. Янкі Купалы, муз. I. Лучанка) у выкананні «Песняроў».

Яня (чытае верш Авяр’яна Дзеружынскага «Беларуская бульба» ).
3 бульбы
Добрай нашай
Фрыкадэлькі,
Каша,
Пірагі
3 грыбамі,
3 мясам,
Буракамі.
Бульбу вараць,
Бульбу смажаць,
Бульба наша —
Любата.
3 беларускай бульбы
Стравы —
Смаката [7, с. 10].

Дзеці выконваюць танец «Бульба».
Інсцэніроўка

Беларуская хата. У хаце маці прадзе. Прыбягае са школы сын.
Сын.
— Мамка, мамка, нам сягоння
Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
Што жыве на волі.

Хоць я слухаў вельмі шчыра
(Не люблю іначай),
Ды ніяк не мог уцяміць,
Што ўсё гэта знача.

Маці.
Ды яшчэ, каб лепей ведаў,
Мушу табе ўспомніць:
Беларусы беларускай
Гутаркай гамоняць.

Сын.
— Вось яно што! Праўда, мамка,
Ужо сабе ўтлумачыў:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
Хто скажа іначай.

Ну, але яшчэ не ўсё тут
Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
Гутаркай завецца?

Маці.
Ой, дурненькая варона,
Што з табой чыніці?
Як жа йначай беларусы
Могуць гаманіці?

Як жа мы з табой гуторым
Вось у гэту хвілю?
Як жа я пяю над зыбкай
Для малой Марылі?

Ды паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
За сваёй работкай;

Як бабуля баіць казкі
Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі спяваюць
На начлезе ў полі!?

Сын.
Ну, ужо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму свету,
Хто я дый што значу!
(Янка Купала. «Сын і маці» )

(Чуюцца галасы. на вуліцы.)
Маці. Ну, ты яшчэ шмат не ведаеш. А як святкавалі беларусы народныя святы, ведаеш?
Сын. Нехта ідзе!
Маці.
Хопіць, сынку, не турбуйся,
Лепш да дзвярэй ідзі шпарчэй,
Каб сустрэць дарагіх гасцей.
Сын.
Калі ласка ў хату!
Адзін з гасцей.
Ну, гаспадарочкі,
Ці ў вокны паглядалі,
Ці Масленіцу чакалі?
Маці.
Яшчэ як чакалі,
Па вясне, па сонейку сумавалі.
Госці (выказваюцца адзін за адным).
1. У нас сёння Масленка,
Прыляцела ластаўка*,
Крыламі махнула,
Прамень цяпла спіхнула.
2. Перайка кідала,
Вясну зазывала.
3. Села на етрасе,
Кідала масла па крысе.
4. У вокны зазірала,
Моладзь выклікала.
5. А мы ў полі бывалі,
Чучала зімы пахавалі.
6. Мы блінцоў-аладачак навыпякалі
Ды к вам у госці завіталі.
_______________________
* Першыя два радкі паўтараюцца ў кожнай страфе.

Маці.
Як слаўна вы ўсё зрабілі,
Нашых добрых звычаяў не забылі!
Госці.
Бывайце здаровы, з Богам жывіце.
Масленку адгуляйце,
Вялікадня чакайце.
Сын. Мамка! А які гэты Вялікдзень? Вялікі?
Маці. Масленіца святкуецца за 45 дзён да Вялікадня.
Некалі Бог паслаў на зямлю свайго сына Ісуса Хрыста. Ён збаўляў людзей ад хвароб, выратоўваў ад смерці. Ён вучыў жыць у згодзе, любіць адзін аднаго. Ісус памёр, але ўваскрос на трэці дзень — у памяць пра гэта святкуецца Уваскрэсенне, або Вялікдзень.
Сын.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,
I я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсне к вольнаму жыццю!
(Янка Купала. «Хрыстос васкрос!..» )

А якое наступнае свята, мама?
Маці. А наступнае — таямнічае Купалле.
Гучыць запіс песні «На Івана» ў выкананні ансамбля «Песняры». Выходзяць дзяўчаты.
Дзяўчаты (спяваюць па чарзе).
1. Кажуць людзі, што ў гэту купальскую ноч
Мноства цудаў на свеце збываецца.
Там, дзе скарбы ляжаць, успыхне ясны агонь,
У гушчары зацвіце кветка-папараць.
2. Яе пойдзе шукаць самы смелы з людзей,
А хто знойдзе, — то той чалавек
Будзе мову звяроў, птушак, дрэў разумець,
Стане мудрым, багатым навек.
3. У купальскую ноч не кладзіцеся спаць,
У гэту ноч і благое здараецца.
Трэба жыта ад ведзьмы і змей пільнаваць,
Бо ўся нечысць ад сну прачынаецца.
4. Ходзяць дрэвы па лесе адно за другім,
Ледзь чутно між сабой размаўляючы,
А на Лысай гары весяліцца цар-змей,
Баль змяіны ўночы спраўляючы.
5. Каб бадзёрым быць, каб здаровым быць,
У ачышчальнай вадзе вы купайцеся,
Праз агонь вы скачыце, качайцеся з гары
I гаючай расой умывайцеся.
6. Вы пускайце вянкі — хай плывуць па рацэ
У празрыстыя далі блакітныя.
Хай жа будуць для вас гады ўсе жыцця,
Як вада у той рацэ — ясна-чыстыя.
Ясь.
Раскладзі агонь, Купалле,
Дзяўчатам — спяванне,
Малайцам — гулянне.
Яня.
Давайце ж Купалачку прывітаем I «Купалінку» праспяваем.
Дзяўчаты, спяваюць і танцуюць «Купалінку».

Чацвёрты чытальнік (выконвае верш «Гімн роднаму краю» студэнта БДУ Максіма Сямёнава).
Няхай жыве наш родны край
Заўсёды ў міры і спакоі,
Няхай зямны тут будзе рай,
I шлях сюды забудуць воі!

Не трэба нам чужой зямлі,
Але сваёй не аддамо мы!
Жывуць тут слаўна шкаляры,
Будаўнікі і аграномы.

Перажылі мы шмат пакут,
Ды ўсё ж шляхоў сваіх не кінем:
Трымаем у сэрцы родны кут,
А як забудзем — дык загінем!

Не раз стаялі за яго,
I нас матулі бласлаўлялі,
Таму ад сэрца ўсяго
Спяваем гімн свайму мы краю!

Дзеці выконваюць песню «Саўка ды Грышка».
Хлопчык з дудкай.
Грыша грае на баяне,
Гукі плаўныя ляцяць,
Нібы ў ранішнім тумане
Гоман хваль марскіх чуваць.

Хлопчык з гармонікам.
Грыша грае — сэрца грэе,
Той, хто слухае, дабрэе.

Ясь.
Музыканты-дружбакі
Доўга гралі ля ракі,
Гралі так на ўсе лады,
Ажно дым пайшоў з дуды.

Дзеці выконваюць танец «Дудачка і гармонік».
Гучыць запіс песні «Жураўлі на Палессе ляцяць» (сл. А. Ставера, муз. I. Лучанка).


Чытальнікі (выконваюць верш М. Зялёнкі «Мая Беларусь» ).
1. А ў маёй Беларусі
Столькі сіняга неба,
Столькі светлага сонца
I духмянага хлеба!
2. А ў маёй Беларусі
Што ні горад — то казка,
Што ні вёска — легенда,
Што ні сэрца — то ласка.
3. А ў маёй Беларусі
Усе крыніцы гаючыя,
Усе травы мядовыя,
Усе кветкі пахучыя.
4. Вольна дыхаюць грудзі,
Сонца ласкава свеціць,
I мілей Беларусі
Нам няма ва ўсім свеце! [4, с. 4].

Яня.
Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны ліст твой распраўлю
Рукою старанна.
Ясь.
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвіла I ў шчасці расла...
Ясь і Яня (разам).
Дарагая Мая Беларусь!
(Пімен Панчанка. «Зварот» )

Гучыць запіс песні «Белая Русь ты мая» (сл. У. Скарынкіна, муз. У. Мулявіна) у выкананні ансамбля «Песняры».

Спіс выкарыстанай літаратуры


1. Бачыла, А. Збор твораў : у 3 т. / А. Бачыла. — Мінск : Маст. літ., 1986. — Т. 1. — 375 с.
2. Беларускае свята ў школе: з вопыту работы Уздзен. санатор. шк.-інтэрната : дапам. для настаўнікаў і выхавальнікаў / аўт.-уклад. Л. В. Пармон [і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2002. — 145 с.
3. Беларускі народны каляндар / аўт.-склад. А. Лозка. — Мінск : Полымя, 1992. — 205 с.
4. Бракала, Н. I. Музыка : вучэб. далам. для 2-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. I. Бракала, Г. Б. Кажанеўская, В. А. Місцюк. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2012. — 144 с.
5. Вяснянка : апавяданні, вершы, казкі беларус. пісьменнікаў / рэдсавет : У. Ліпскі (уклад.) [і інш.]. — Мінск : Юнацтва, 1991. — 495 с.


Яшчэ на гэту тэму:

Мая Беларусь     Падарожжа ў свет прыроды