сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ЛУКІЯНЕЦ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, Гезгалаўскі яслі-сад Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пралеска 2016/07

Ліпеньскі карагод

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: развіваць сацыяльныя эмоцыі і матывы, якія спрыяюць наладжванню міжасобасных адносін як маральнай асновы сацыяльных паводзін, здольнасць суперажываць партнёру па гульні; фарміраваць патрэбнасць у эмацыянальна насычаных змястоўных зносінах з дарослымі і з дзецьмі ў гульні, вобраз малой радзімы; выхоўваць цікавасць да народных традыцый, патрыятычныя пачуцці.
Матэрыял і абсталяванне: паветраныя шары па колькасці дзяцей, «мяшок загадак», аснова для малявання карціны, малюнкі-адгадкі, бульба, кошыкі, ганчарны і драўляны посуд, аўдыязапіс вясёлай беларускай музыкі.
Папярэдняя работа: афармленне пляцоўкі на вуліцы ў выглядзе беларускай хаты; святочнае ўбранне цэнтральнага ўваходу ва ўстанову дашкольнай адукацыі.
Дзейныя асобы: два скамарохі, дзяўчынка Весялінка, Бабуля.

Ход мерапрыемства

Раніцай, у час прыёму дзяцей, ля варот выхаванцаў і іх бацькоў сустракае дзяўчынка Весялінка, якая запрашае ўсіх на свята і раздае дзецям паветраныя шары.
Весялінка.
Сёння — свята дзетвары!
Падарунак вам — шары!
Жоўтыя, ружовыя —
Рознакаляровыя!
Вас на свята запрашаем
I сардэчна ўсіх вітаем —
I бацькоў, і дзяцей,
I шаноўных гасцей!

Выхаванцы старшых груп і іх бацькі збіраюцца каля цэнтральнага ўваходу.
Весялінка. Вітаю вас, шаноўныя госці і мае маленькія сябры, хлопчыкі і дзяўчынкі!
Сёння на нашым свяце будуць песні, гульні, карагоды! Вас чакаюць цікавыя сустрэчы. 3 кім? Хай гэта будзе нечаканасцю!
3 пляцоўкі на вуліцы даносіцца вясёлая беларуская музыка.
Весялінка. Сябры, вы чуеце прыгожую музыку? Свята пачынаецца! Прапаную кожнай дзіцячай групе адправіцца на свята па і сваёй «чароўнай сцежцы».
Дзеці становяцца ў калоны, ідуць па «чароўных сцежках» і выконваюць заданні:
хадзьба па шнуры (прыстаўляючы пятку адной нагі да наска другой), хадзьба паміж прадметамі, бег з высокім падыманнем каленяў і г.д.
На пляцоўцы дзяцей сустракаюць скамарохі.


1-ы скамарох. Рады бачыць вас, хлопчыкі і дзяўчынкі!
2-і скамарох. Мы пачулі вясёлую музыку і прыбеглі да вас! Вы нас чакалі?
Дзеці. Так!
2-і скамарох (радасна). У вас сёння свята? Як я люблю святы, дзе шмат гасцей, падарункаў, цукерак! Калі ўсе смяюцца, жартуюць, спяваюць!
1-ы скамарох (звяртаецца да другога). Слухай, а якое сёння свята?
2-і скамарох (задумліва). I сапраўды, якое? Я думаў, што ты ведаеш.
1-ы скамарох. А я думаў, што ты.
Разам. Мы думалі-думалі, нічога не прыдумалі.
1-ы скамарох. Давай яшчэ падумаем! (Садзяцца на траву і думаюць.)
2-і скамарох. Здаецца, я прыдумаў! Гэта Новы год!
1-ы скамарох. А дзе снег, ёлка, Дзед Мароз і мяшок з падарункамі?
2-і скамарох. Так, сапраўды... Якое ж тады свята?
1-ы скамарох. Давай меркаваць... Цяпер лета, сонейка, птушкі спяваюць, дзеці прыгожыя і вясёлыя. (Скамарохі сталі сумнымі.)
Весялінка. Не сумуйце, скамарохі! Свята ў нас сваё — адмысловае. Запытайце ў дзяцей, як яно называецца.
2-і скамарох. Дзеці, падкажыце, калі ласка, што гэта за свята?
Дзеці. Ліпеньскі карагод.
Весялінка. Паглядзіце, як нашы хлопчыкі і дзяўчынкі ўмеюць святкаваць.

Карагод «Вяночкі»
(сл. і муз. Я. Жабко)

1-ы скамарох. Малайцы! Ох, і весела вы спявалі! Мы прыйшлі да вас не з пустымі рукамі. (Дастае смяшок загадак».) Зараз будзем адгадваць загадкі і «маляваць» карціну на тэму «Лета».
Дзеці адгадваюць загадкі, знаходзяць у «мяшку загадак» малюнкі-адгадкі і прымацоўваюць іх да асновы карціны.
2-і скамарох.
На ўсіх глядзіць,
Смяецца,
А глядзець на сябе
Не даецца. (Сонца.)
1-ы скамарох.
Шапоча над намі.
Корміцца нагамі. (Дрэва.)
2-і скамарох.
Жывуць руплівіцы
Ў мядовай каморы.
Старанна, увішна
Вышываюць узоры. (Пчолы.)
1-ы скамарох.
Перш чым з’явілася,
Два разы нарадзілася. (Птушка.)
А. Клышка

2-і скамарох.
На сцяблінку Сонца села,
Белы-белы Капялюш надзела.
У траве ўсміхаецца,
Дзецям падабаецца. (Рамонак.)
М. Пазнякоў

Весялінка. Якая цудоўная карціна атрымалася! Тут і сонейка, і кветачкі, і матылькі! Сапраўды, прыгожая пара года — лета!
Скамарохі спрачаюцца.
1-ы скамарох. А я кажу, што мая!
2-і скамарох. Не, гэта мая любімая пара! Гэта я люблю гульні і спаборніцтвы!
Весялінка. Што здарылася? 3-за чаго спрэчка?
1-ы скамарох. Я кажу, што лета — мая любімая пара года, бо я больш ведаю гульняў!
2-і скамарох. А я лічу, што я люблю лета больш за ўсіх, бо таксама ведаю многа цікавых гульняў, а яшчэ люблю падарожжы!
Весялінка. Не спрачайцеся, калі ласка! Нашы дзеці таксама любяць і лета, і гульні, і падарожжы. Давайце лепш запросім іх у падарожжа па народных гульнях. Дзеці, вы не супраць?
Дзеці. Не.
Дзеці разам са скамарохамі заходзяць у беларускую хату.
Бабуля. Добры дзень, мае маленькія госці! Віншую вас са святам!
Тата, мама і браты,
Сястра, бабуля, дзед,
I шмат радні
Зрабілі ўсё,
Каб меў радзіму ты.
Яе высокі гонар барані!
Д. Бічэль

Каб з гонарам называць сябе беларусам, трэба ведаць гісторыю свайго народа, яго звычаі. Я пазнаёмлю вас з некаторымі стравамі беларускай кухні.
Любімыя стравы беларусаў — клёцкі, зацірка, бульбяная бабка, дранікі, мачанка і яешня. (Паказвае муляжы.) Рабілі і смачныя напоі: бярозавы сок, хлебны квас, кісель з журавін.
Для прыгатавання ежы гаспадыні карысталіся разнастайным ганчарным посудам: збанамі, гаршкамі, міскамі. Шырока выкарыстоўваўся і драўляны посуд: лыжкі, кадушкі, маслабойкі, палоўнікі. (Суправаджаецца паказам.)
А яшчэ нашы продкі прыдумалі многа цікавых гульняў, у якіх выкарыстоўваюцца прадметы посуду або ежы. Зараз я пазнаёмлю вас з некаторымі з іх. Для гэтага вам трэба падзяліцца на каманды.

Гульня «Гарачыя гаршчочкі»

Узяўшы ручніком гаршчочак са стравай, трэба аднесці яго на падстаўку, што стаіць на адлегласці насупраць каманды. Вяртаючыся з ручніком, перадаць яго наступнаму гульцу з каманды, які з ручніком бяжыць за гаршчочкам і прыносіць яго назад. Перамагае тая каманда, якая раней скончыць гульню.
Весялінка. Малайцы, дзеці, бачу, што вы ўмееце ўважліва слухаць, а самае галоўнае — цікава гуляць. Зараз запрашаю вас на наступную гульню.

Гульня «Бульба»

Бульба рассыпана насупраць кожнай каманды (яе колькасць адпавядае колькасці гульцоў). Па сігналу трэба ўзяць адну бульбіну, пакласці яе ў кошык, прыбегчы да каманды, перадаць кошык з бульбай наступнаму гульцу. Перамагае тая каманда, якая першай збярэ ўсю бульбу.
Весялінка. Мне здаецца, што вы ўжо стаміліся, мае даражэнькія.
Я загадак многа знаю,
Зараз вам іх загадаю.
Хто ўважлівы бывае,
Вельмі хутка разгадае.

Гульня «Адгадай загадку»

Летам на градзе - рагатая,
Восенню ў хаце — хвастатая.
Хоць яна i горкая зусім.
Ды патрэбная людзям усім. (Цыбуля.)
У зямлю схаваўшы нос,
Пані вырастае.
Толькі пук зялёных кос
Вецер развявае. (Морква.)
Вясна яе хавае,
Лета ажыўляе,
Восень дастае,
А зіма прадае. (Бульба.)
Зацвітае ў полі —
Прылятаюць пчолы.
I збіраюць новы
Тут нектар мядовы. (Грэчка.)
М. Пазнякоў

Весялінка. Дзеці, а вы любіце есці кашу? Якая ваша самая любімая? (Адказы дзяцей.) Вось, якія вы малайцы. Кашу есці трэба абавязкова, бо яна надае чалавеку сілу. Зараз кашу мы есці не будзем, а зладзім яшчэ адну цікавую гульню.

Гульня «Каша»

Удзельнікі выбіраюць «кашавара», становяцца ў круг тварам да цэнтра і не павінны азірацца. «Кашавар» бегае па-за кругам, непрыкметна падкідвае пад ногі каму-небудзь лыжку. Пасля абягае круг, кранаецца рукой да гульца, якому падкінута лыжка, і гаворыць: «Вочы пратры — кашку вары!» Гулец становіцца ў сярэдзіну круга, дзе павінен знаходзіцца да канца гульні, а «кашавар» падымае лыжку і працягвае гульню. Калі гулец заўважыць падкінутую яму лыжку да таго, як «кашавар» абяжыць круг, ён падымае яе і сам становіцца «кашаварам», а ранейшы «кашавар» займае яго месца.
Па меры таго, як частка гульцоў адпраўляецца «варыць кашу», круг звужаецца. Гульня заканчваецца, калі ў крузе застаецца не больш за 4 гульцы.
Весялінка.
Весяліся, народ,
Станавіся ў карагод!

Карагод «Пасеялі дзеўкі лён»
(апрац. А. Рашчынскага)

Бабуля.
Дарагія дзеткі!
Так на свеце вядзецца,
Што дзяцінства аднойчы даецца,
I ў жыцці бывае раз
Гэты самы светлы час!

Весялінка. Мы жадаем, каб ва ўсіх на свеце дзяцінства было шчаслівым і светлым!
Хай жа стане
Планета людзей
Цудоўнай планетай
Шчаслівых дзяцей!
А. Грачанікаў

Весялінка. Бабуля, а ты ведаеш, аб чым мараць сучасныя дзеці?
Бабуля. Не, але вельмі хочацца даведацца!
Весялінка. Давай у іх спытаем, а адказы прапануем намаляваць.
Праводзіцца конкурс малюнкаў на асфальце на тэму «Аб чым мараць дзеці», падводзяцца яго вынікі.

Літаратура:

1. Дубініна, Д.М. Свет вакол мяне: вучэбна- метадычны дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з беларускай мовай навучання / Д.М. Дубініна. — 2-е выд., пашыр. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Дубініна, Д.М. Культура Беларусі ў казках і паданнях: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, Д.У. Дубінін. — Мінск: Зорны верасень, 2008.