сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна НАГОРНАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аношкаўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Роднае слова Снежань. 2007

"Сёння мы з вамі святкуем каляды..."

Сцэнар свята для VII-VIII класаў

Клас. Вучні у класе, настаўніца стаіць ля дошкі.

Настаўніца. Сёння пасяджэнне фальклорнага гуртка прысвечана беларускім народным святам, якія здавён адзначалі нашы продкі. Задача пасяджэння: шырэй пазнаёміцца з даўнімі беларускімі навагоднімі традыцыямі, выхоўваць павагу і любоў да народнай спадчыны, мовы, да спрадвечных традыцый беларусаў. Адно з самых пашыраных святаў на Беларусі - Каляды. А як у нас называецца гэтае свята?
Вучань. Коляды.*
*(У некаторых раёнах Беларусі свята Каляды называюць, асабліва людзі старэйшага ўзросту, Коляды.)
Настаўніца. Я вас прасіла распытаць у бабуль і дзядуляў, як святкавалі яны гэтае свята?
Вучань. Коляды - даўняе народнае навагодняе свята нашых дзядуляў і бабуль, на якім вадзілі "казу" -каб на полі радзіла, вадзілі "мядзведзяў", каб былі ўсе здаровыя і багатыя, спявалі калядкі і шчадроўкі, у якіх зычылі дабрабыту і шчасця. Лічылася: як праводзілася каляднае навагодняе свята, такі будзе і ўвесь новы год. Таму рыхтавалі пад Новы год багатую вячэру, якая называлася "шчодрая куцця".
Настаўніца. А ці ведае хто, калі святкавалі Каляды?
Вучань. У беларускага, як у іншых славянскіх і неславянскіх народаў, існаваў даўні звычай адзначэння пачатку года, які называўся "Каляды". У беларусаў, рускіх, украінцаў навагоднія святкаванні працягваліся два тыдні і звычайна па традыцыі з 24 снежня да 6 студзеня - па новым стылі з 6 да 19 студзеня.
Вучань (з месца). От каб дзе паглядзець на тыя Калядкі!
Вучаніца. Ай, праўда. Вельмі добра было б!
Настаўніца. А я для вас сёння падрыхтавала сюрпрыз.
Вучні. Які?
Настаўніца. Нас чароўная палачка вядзе на сапраўдныя Калядкі. Пайшлі за ёй!
Усе. Ура! Калядкі глядзець будзем!

Выходзяць за настаўніцай у дзверы.
Сцэна аздобленая пад хатні пакой. На сцэне Гаспадар і Гаспадыня, іх дачка Алёнка і сын Андрэйка. Алёнка круціцца перад люстэркам. Гаспадыня крычыць на яе.

Гаспадыня. Хопіць ужо табе перад люстэркам круціцца! Хутка калядоўшчыкі прыйдуць, а ў нас яшчэ каляда не падрыхтавана. Пайдзі сена прынясі.
Алёна выбягае, чуецца голас.

Голас. А ці дома гаспадары шчодры?
Гаспадыня. Дома, дома.
Голас. Спяваць загадайце нам бодра!

Усе ўдзельнікі з музыкай выходзяць на сцэну. Гаспадары сустракаюць калядоўшчыкаў.

Каляда. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
1-ы калядоўшчык. Нам не хочацца чакаць - загадайце калядаваць!
Баба вядзе казу.

Баба. Добры вечар вам! Ці рады вы нам?
Гаспадар. Мы то рады, ды хто вы такія?
2-і калядоўшчык. Мы люд не просты - з далёкага краю.
Гаспадыня. Хто вы?
2-і калядоўшчык. Людцы ўсе сталыя, з-пад самага раю.
Гаспадыня. Адкуль ідзяце?
1-ы калядоўшчык.
Ідзём мы ад пана Года,
Што носіць бараду,
Шыроку, як лапату,
Сіву і касмату.
Мы к лету ідзём,
Казу вядзём і радасць нясём.
Ці шырокі сцены, каб нам патанцаваць?
Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Гаспадыня добрая і нават шчодрая. Дык за што ж вас частаваць? Спачатку трэба паспяваць!
Баба. А ну, каза, паскачы!

Усе становяцца ў круг, бяруцца за рукі, ходзяць вакол казы, што у цэнтры, і спяваюць.
Го-го-го, каза.
Го-го, шэрая:
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Го-го-го, каза,
Го-го, шэрая!
Дзе ногі дзела?
На соль праела,
Соль дарагая,
Мера скупая.
Дзе каза хадзіла,
Там жыта ўрадзіла.
На гары каза
3 казлянятамі,
Пад гарой ваўчок
3 ваўчанятамі.
Ваўчок - за казу,
А ваўчаняты -
За казляняты.
Чок, чок, чок,
Глянь: каза упала.
Ссохла, прапала.
Дай казе сала, каб каза устала!

Гаспадыня выносіць сала і дае казе.

Голас. Вось бачыце, якая ў нас каза, ды і мы не лыкам шыты. Урэж, гарманіст, полечку!
Танцуюць польку.
2-і калядоўшчык. Ці можна ў вашай хаце пакалядаваць?
Гаспадыня. Калядуйце, калі ласка.
3-і калядоўшчык. Ну, вось і добра.
Гаспадыня ўсіх садзіць за стол.

Каляда.
Добрыя людзі, будзьце ўсе рады,
Хай не кране вас смутак і жаль.
Сёння мы з вамі святкуем Каляды,
Сёння над намі блакітная даль.
Гэтая даль стала кожнаму блізкай,
Шчасце, што людзям паслаў яе лес,
I ад яе незвычайнай калыскі
Шлях чалавецтва вядзе да нябёс.
Што прынясём, які падарунак
У дзень святкавання Каляд?
Лепшыя вынікі працы і думак,
Шчырыя словы "брат" і "сястра".
Хай паміж намі не будзе ніколі
Тое, што робіць нам зло,
Хай вызначае шляхі нашай долі
Зоркі каляднай святло.

Гаспадыня. От ужо дзе прыгожыя словы!
Гаспадар. Але, вельмі добра сказана!
Каляда. А зараз давайце, дзяўчаты і хлопцы, запяём гэтым слаўным гаспадарам песню пра іх прыгожанькага сыночка.
Усе.
Ой, у лузе, у лузе
Красна каліна.
Святы вечар, дай добры вячор.
На той каліне
Свечачкі гараць.
Святы вечар, дай добры вячор.
Як свечка пальне,
Дый рэчка стане.
Святы вечар, дай добры вячор.
А ў той рэчачцы
Чаўнічок плыве.
Святы вечар, дай добры вячор.
А ў тым чаўнічку Андрэйка сядзіць,
Стружачкі стружэ.
Святы вечар, дай добры вячор.
- Ляцеце, мае стружачкі,
Да маёй Алёначкі.
Святы вечар, дай добры вячор.
А я не за вамі, Да й за барамі.
Святы вечар, дай добры вячор.
Каня асядлаю
Дай вас даганяю.
Святы вечар, дай добры вячор.

Гаспадыня. От малайцы, госцейкі! Добрую песню нам праспявалі.
Выносіць святочную булку і дае калядоўшчыкам.

Каляда (ацэньвае, узяўшы ў рукі). Ого! Мусіць, добрую булку спякла нам гаспадыня — вельмі прыгожая і смачна пахне. На, дзядок, хавай у торбу. Ну, а цяпер давайце калядаваць.
4-ы калядоўшчык.
Калядую, калядую -
Каўбасу я чую!
Дайце мне каўбасу,
Я дадому занясу!
5-ы калядоўшчык.
Дайце мне кішку -
Я з’ем у зацішку.
Бацька сварыўся,
Каб я не барыўся.
6-ы калядоўшчык.
А маці казала,
Каб далі нам сала.
Каляда.
Бярэце нажа тонкага,
Урэжце сала тоўстага.
Ні многа, ні мала -
Каб з торбы тырчала!
7-ы калядоўшчык.
Коляд, коляд, калядніца,
Добра з мёдам паляндвіца.
5-ы калядоўшчык.
А без мёду не така -
Дайце, дзядзька, пятака!
Усе.
А пятак не грошы -
Дзядзька з цёткаю харошы!
7-ы калядоўшчык.
Кароткі ў нас світкі -
Памерзлі нам лыткі.
4-ы калядоўшчык.
Кароткі нам кажушкі -
Памерзлі нам вушкі.
Каляда.
Ой, ці дома пан гаспадар?
А я знаю, што ён дома.
Сядзіць сабе ў канцы стала,
А на ім шуба, шуба-люба.
А ў той шубе, шубе-любе,
Сем чырвонцаў.
Сёму-тому па чырвонаму...
Усе.
А нам, дзядзечка, па залатому!

Гаспадар. От малайцы! Добра нам пакалядавалі.
Гаспадыня. Ой, добра, добра. Панеслі ім, бацька, пачастункі. За такія добрыя Калядкі не грэх і аладкамі іх пачаставаць!
Гаспадар. А як жа ж! Прыйшлі Калядкі - бліны ды аладкі.

Пасля Калядак гаспадары даюць сала, каўбасы, калядоўшчыкі дзякуюць і кладуць у торбу. Гаспадары ставяць на стол бліны, калядоўшчыкі частуюцца імі і хваляць, потым спяваюць песню пра бліны.

Каляда.
А калядныя бліны ладныя.
А пшанічныя вельмі пышныя.
Усе.
Мы даўно бліны не елі -
Мы бліночкаў захацелі.
Ой, бліны, бліны, бліны,
Ой, аладачкі.
Дзежкі новыя замясілі -
Два часы бліны хадзілі.
Ой, бліны, бліны, бліны,
Ой, аладачкі.
Мая родная сястрыца
Печ бліны - дык масцярыца.
Ой, бліны, бліны, бліны,
Ой, аладачкі.
На паднос бліны кладзе
I сама за стол ідзе.
Ой, бліны, бліны, бліны,
Ой, аладачкі.
Госці, будзьце ўжо здаровы,
Вось бліны мае гатовы.
Ой, бліны, бліны, бліны,
Ой, аладачкі.
Баба. Ну, а цяпер раскажы ты нам, Алёнка, вершык пра Каляду.
Алёнка.
Прыехала Каляда ў вазочку
Ды на сівенькім канёчку.
Прыехала Каляда ўвечары -
Прывезла дудак рэшата,
Паставіла дудкі на стаўбе,
А сама села на куце.
Зайграйце, дудкі, тоненька,
Скачыце, дзяўчаткі, хорашанька.
А вы, хлопчыкі, пазірайце,
Сабе дзяўчатак выбірайце!

Гаспадыня. От малайчына, Алёнка! Занясі ёй, Андрэйка, цукерак, а вы, госцейкі, частуйцеся.

Усе ядуць. Андрэйка нясе цукерак Алёнцы. Тая дзякуе і сыпле ў торбу дзеду. У гэты час выходзяць дзяўчаты ў кружок і спяваюць прыпеўкі.

1-я дзяўчына.
Хопіць ужо есці, дзеўкі,
Пачынаем перапеўкі.
2-я дзяўчына.
Шырэй круг, шырэй круг,
Дайце круг найшырай,
Не адна іду танцаваць
-Нас ідзе чатыры.
3-я дзяўчына.
Не хацела я спяваць,
Стаяла і стыдалася,
А гармонік як зайграў,
Я і не ўтрымалася.
4-я дзяўчына.
Я скакала ў тры нагі,
Ды згубіла боты,
Аглянулася назад -
Боты вось мае ляжаць.
5-я дзяўчына.
А гармонічак-гармонь
Сваю справу знае,
У музыкі у руках
Хораша іграе.
Усе.
Калі б не было вады,
Не было б і кружкі,
Калі б не было тут нас,
Хто б спяваў частушкі?

Чуецца стук у дзверы, заходзіць цыганка.

Цыганка. Вось сёння мне пашчасціла. У якую хату ні зайду - усюды калядуюць. Усюды музыка, песні, смех. Можна мне да вас далучыцца?
Малайцы, дзяўчаты, хораша спяваеце. А цяпер давайце я пагадаю. Вось ты, гаспадынька, хочаш, каб я табе пагадала?
Гаспадыня. Ой, што ты, цыганачка міленька. Што ты! (Хавае рукі за спіну.)
Цыганка. А, не-не! Давай сюды руку сваю, а я пагадаю. Усю праўду, як мае быць, скажу і табе далажу. (Бярэ руку гаспадыні, нешта прыглядаецца, водзіць па ёй пальцам, а потым гучна ўсклікае.) А мая ж ты, гаспадынька! Шчаслівы ж у цябе дом. Будзеш ты многа мець малых дзяцей! I жыць са сваім гаспадаром будзеш доўга-доўга ў міры і ў ладзе. Дзецям вяселлі паспраўляеш, на ўнукавых пагуляеш і яшчэ праўнукаў дачакаешся. Во як! (Гаспадыня дзякуе ёй.) А зараз я вам патанцую.

Танец цыганкі.

Каляда. А што ж! Давайце і мы з вамі патанцуем. Гарманіст, а ну ўрэж...
Гучыць музыка, усе танцуюць.
Андрэйка. Ну, натанцаваліся! А цяпер давайце я гасцям загадкі загадаю, а то яны зажурыліся. А калі хто адгадае - цукерак атрымае.
Гаспадыня. Ой, праўда ж, Андрэйка. Загадай, сыночак. Відаць, добрыя людзі.
Андрэйка.
На гару бягом, а з гары кувырком. (Заяц)
Хоць малы ён, часам з кулак, але ў рукі не возьмеш ніяк. (Вожык.)*

* Можна выкарыстаць і іншыя загадкі:
3 высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі. (Месяц.)
Поле не мерана, авечкі не лічаны, пастух рагаты. (Неба, зоркі, месяц.)
Свечак многа гарыць, а ніводнай не патушыць. (Зоркі на небе.)
Без голасу, а вые, без рук, а абручы сцеле. (Завіруха.)
Хоць зубоў не мае, а за твар балюча кусае. (Мароз.)
На дварэ гарою, а ў хаце вадою. (Снег.)
На вадзе радзіцца, а вады баіцца. (Лёд.)
Махнула птушка пяром, пакрыла ўвесь свет крылом. (Ноч.)
3 барадою, а не стары, з рагамі, а не бык, дояць, а не карова, лыкі дзярэ, а лапці не пляце. (Каза.)
Стаіць паненка, і хто ні йдзе - глядзіць на яе. (Люстэрка.)


Гаспадыня. Ой, мой жа ты Андрэйка, дзякую табе за добрыя загадкі. Вось табе пачастунак.
Каляда. Ну, а зараз хутка нам ужо развітвацца з гэтымі слаўнымі гаспадарамі і госцейкамі. Давайце мы ім на развітанне калядную песню заспяваем.
Калядоўшчыкі.
На новае лета
Хай родзіць жыта.
Шчодры вечар,
Бататы вечар.
Жыта, пшаніца,
Ўсяка радніца.
Шчодры вечар,
Багаты вечар.
Гарэліцу гнаці,
Дачок аддаваці.
Шчодры вечар,
Багаты вечар.
Дай табе, Божа,
Пане гаспадару,
Шчодры вечар,
Багаты вечар.
Піва варыці,
Сынкоў жаніці,
Шчодры вечар,
Багаты вечар.
Дай табе, слаўны
Пане гаспадару,
Шчодры вечар,
Багаты вечар.
Залезь на баляску,
Дастань нам каўбаску.
Шчодры вечар,
Багаты вечар.

Гаспадар. От малайцы, госцейкі! Наце вам за гэта каўбаску.
Гаспадыня. I нас пацешылі, і самі павесяліліся.
Хлопцы (разам).
Скарэй, скарэй дарыце,
Нас не марыце.
5-ы калядоўшчык.
Кароткія світкі -
Памерзлі нам лыткі.
4-ы калядоўшчык.
Кароткія кажушкі -
Павылазяць душкі.
6-ы калядоўшчык.
Ой жа, добры гаспадару,
Вынесь ты нам каўбас пару.
3-і калядоўшчык.
Ой, пахадзі каля печкі,
Пашукай нам перапечкі.
1-ы калядоўшчык.
Ой, пахадзі каля кваскі,
Пашукай нам каўбаскі.
7-ы калядоўшчык.
Вынесь сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся.
1-ы калядоўшчык.
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб сям’я была ўся сыта.
Кал яда.
Каб скацінка вадзілася,
Каб пшаніца радзілася.
Усе.
Шчодры, шчодры,
Вечар добры.

2-і калядоўшчык. Дайце каўбасу - я дадому занясу.
1-ы калядоўшчык. Дайце пышку - занясу Грышку.
3-і калядоўшчык. Дайце скварку - занясу Міхалку.
Гаспадыня дае падарункі дзеду ў торбу.

4-ы калядоўшчык. Дзякуй вам, добры людзі, за смачныя падарункі.
Цыганка. Жадаем вам доўга жыці ды дабро нажываці.
5-ы калядоўшчык. Каб шчаслівыя былі.
Каляда. Каб дзетак сваіх прыгожанькіх гадавалі. I каб працаваць не ленаваліся. Шчасця, здароўя, дабрабыту жадаю вам!
Баба (бярэ мятлу ў рукі і мяце ёю па ўсіх кутках). Вымятаю з гэтае хаты ўсё гора, няшчасці, хваробы. Хай вам заўсёды свецяць зоркі ясныя і шчасце вам нясуць.
1-ы калядоўшчык. 3 Новым годам!
Гаспадар. Дзякуй вам, добрыя людзі, за цудоўныя Калядкі.
Гаспадыня. Заходзьце да нас у наступным годзе!
Каляда. Ну, пакалядавалі мы добра, пара і меру знаць. Да пабачэння, Гаспадар і Гаспадыня, і дзеткі вашы.
Усе (разам). Не памінайце нас ліхам!

Дадатак

* Ясныя дні перад Калядамі — на добры ўраджай.
* Калі на Каляды дзень цёплы — летам пчолы будуць добра раіцца.
* Калі на Каляды пагодна — чакай ураджайнага года.
* На Каляды іней — ураджай на хлеб, неба у зорках — ураджай на гарох будзе.
* Якое надвор’е пасля Каляд, такое ж і пасля Пятра будзе.
* Калі у ноч на калядную куццю многа зорак на небе, добры ўраджай чарніц будзе, а калі зоркі рэдкія, то і ягады будуць рэдка.
* Калі на куццю сцяжынкі чорню, ураджай на грэчку будзе.
* Капеж са стрэх на Каляду — восень гнілая будзе.
* Калі на Каляды дождж ці мокры снег — сенакос дажджлівы будзе.
* Калядкі — добрыя святкі: пад’еў куцці і на палаткі.
* Калядкі — добрыя святкі: бліны ды аладкі.
* Калядкі — добрыя святкі, але мароз пракляты.
* Каляды і дурань помніць.
* Будзь здароў на увесь год, як калядны лёд.



Яшчэ на гэту тэму:

"Ішла Каляда, калядуючы..."     Запрашаем на калядкі