сцэнарыі святаў на беларускай мове

Марыя РОШЧАНКА, выхавацель дзіцячага сада "Казка" г. Горкі Магілёўскай вобласці. Пралеска 199?/?

Ой там на лузе вярба расла...

Сцэнарый свята для дзяцей старэйшай групы

Каля хаты стаіць вярба, плоцік. На сцяне вісяць вярбовыя вянкі, на іх умацаваныя стужачкамі — пафарбаваныя бутафорскія яйкі. Каля стала сядзіць дзед, які робіць свісцёлкі.
Уваходзіць суседка з кошыкам, поўным ручнікоў, тканых посцілак. Яна развешвае іх на плоце і спявае.


Суседка.
Ой там на лузе
Вярба расла.
Вярба .расла, распускалася,
На сонейку прыгравалася.
Да вербнай нядзелькі гатавалася,
Як у той вярбы,
У зялёненькай,
Адпачыць можна,
Пасвіць конікі.
Там пад вербаю зялёненькай
I дарослыя, і маленькія
У гульні гуляюць, песні спяваюць.
Дзед. Вось мая суседачка, як той салавейчык, спявае. На ўсе рукі майстрыха, а колькі за Вялікі пост ручнікоў наткала, ды якіх прыгожых! Галенка, Галенка, ці чуеш? Віншую цябе з Вербнай нядзелькай!
Суседка. Дзякуй, дзед. А вы як жывяце?
Дзед. Ды вось зімачку перазімавалі, лічы, Вялікадня дачакаліся.
Суседка. А баба Марыля дзе?
Дзед. Яна ў царкве. Вось-вось павінна прыйсці.
Суседка. А ты, дзядок, што робіш?
Дзед. Раблю з вярбы свісцёлкі на радасць дзеткам. (Бярэ адну, спрабуе пасвісцець. Суседка кранае галінкі вярбы, спявае.)
А з той вярбы, і з зялёненькай
Нарабіў нам дзед па свісцёліку.
А вы, дзетачкі, іх вазьміце,
У свісцёлікі пасвісціце,
Вясну красную запрасіце.
(Уваходзіць Вясна. Вітаецца.)

Вясна.
Добры дзень, мае даражэнькія,
I дарослыя, і маленькія.
Усім, хто мяне чакаў,
Карагодзікі рыхтаваў.
Дзеці. Вясна-красна!
Што ты нам прынясла?
Вясна.
А прынесла я малым дзетачкам па яечку,
Старым бабачкам — па кіёчку,
Маладым цётачкам — па дзіцяці,
Добрым дзядзечкам — па лапаце,
Каб зямельку ўсю ўскапалі,
Буйным зернеткам засявалі,
Лета цёплае сустракалі.
(Карагод "Як вясна прыйшла", сл. М. Танка, муз. В. Сярых.)
Дзед. Чуеце, курачка сакоча? Зноў яйка знесла! (Выходзіць на хвілінку з залы і ўваходзіць з рэшатам яек.)
Паглядзіце, колькі куркі яек нанеслі! Будзе чым Вялікдзень сустракаць, гасцей частаваць. (Ставіць рэшата на стол і зноў бярэцца за сваю справу — робіць свісцёлкі.)
Вясна.
Але ж, мае даражэнькія,
Не сама я да вас прыйшла,
Мяне птушачка на крылах прынесла.
А якая, адгадайце!
Ходзіць па балоце,
Ножкі высока падымае,
Жаб шукае.
Дзеці. Буслік.
Вясна. Давайце ўсе разам паклічам яго!
Дзеці. Буслік, буслік, прылятай, з намі трошкі пагуляй!
Буслік. Хто ж мяне клікаў, Хто ж мяне чакаў,
Хто ж мне жаб прыгатаваў?
Дзеці. Мы!
Буслік. Дык дзе тыя жабкі?
Вясна. Дзеткі, пагуляем з Буслікам? Вы будзеце жабкамі, а ты, Буслік, стой нерухома, жаб выглядай.
(Гульня "Бусел".)
Дзеці.
Буслік, Буслік, дзе ты быў?
Буслік.
На балоце жаб лавіў,
Дзве злавіў, дзве згубіў,
Астатнія спужаліся,
У балоце пахаваліся.

(Пасля гэтых слоў дзеці ўцякаюць ад Бусліка, хаваюцца за Дзеда, Вясну, а Буслік даганяе іх. Гульня паўтараецца 2-3 разы.)

Добра вы гулялі, спрытныя жабкі!
Птушка я вядомая, хачу зараз паслухаць, што вы, дзеці, ведаеце пра мяне.
1-е дзіця. Мы шмат ведаем пра цябе.
Калі буслоў многа на балоце ходзіць, то лета мокрае будзе, няма буслоў на балоце — сухое.
2-е дзіця. Даўно я сябрую з цудоўнаю птушкай зямлі беларускай.
3-е дзіця. Ведаем мы, што ты шчасце людзям прыносіш.
Дзед.
Яшчэ з маленства
Такую прыкмету
Я знаю пра бусла,
Пра пташачку гэту:
Як буслік на хаце,
То і шчасце ў хаце.
4-е дзіця.
I знаю яшчэ,
Што, як шчыра папросіш,
Ты, буслік харошы,
Дзіцятка прыносіш.
Таму, каму трэба
Сястрычка ці брацік,
Пра гэта пра ўсё
Трэба мамцы сказаці.
5-е дзіця.
Мы любім цябе
I вясною чакаем,
На вербнай нядзельцы
Цябе сустракаем.
Буслік. Вось як многа вы пра мяне ведаеце. Дзякуй вам за добрыя словы.
6-е дзіця. Буслічак, а я пра цябе дражнілку ведаю.
Буслік. Якую?
6-е дзіця.
Буслік, буслік-клекатун
Цягаў бабу за каўтун,
Цягаў, цягаў, валачыў
I ў балоце намачыў.
Буслік (пакрыўджана). I нікога я не цягаў і не мачыў, а баба — дык вунь яна з вярбою ідзе.
Баба (уваходзіць). Не ведала ж я, не гадала, што Вербная нядзелька столькі гасцей у маёй хаце сабрала. Вось і Буслік прыляцеў.
Птушачка мая жаданая, а чаго ж ты такі спахмурнелы? Што здарылася?
Буслік. Дык вось дзеці пра мяне сказалі, што быццам цягаў я цябе ды валачыў і намачыў нават. А я ж гэтага не рабіў.
Баба. I ты пакрыўдзіўся? Гэтую дражнілку я ведаю яшчэ з маленства. Але ж яна да нас не адносіцца. Гэта пра бабу нядбайную і неахайную, якая хату сваю да свята не прыбрала. А я ж палатна наткала, кросенцы павыкідала, столь пабяліла, сцены і падлогу памыла, хату прыбрала. А суседачка мая, глядзі, колькі ручнікоў ды дываноў наткала. Не-не, тут і блізка такой бабы няма. А з табою, Буслічак, сябрую яшчэ з маленства. Як вы думаеце, дзеткі, ці была баба Марына малою?
(Адказы дзяцей.)
Была і чакала буслікаў, як і вы, а можа, яшчэ трошкі больш. У народзе ёсць такое павер'е: як бусліка ў палёце пабачыш, то будзеш птушкаю ўвесь год лётаць, дужы ды бадзёры. Вось як, Буслічак, цябе заўсёды чакалі і чакаем і верш свой табе прысвячаем.

Вясна прыйшла,
Шчасце ўсім прынясла,
Буслы на хаце,
То і шчасце ў хаце,
Ад думак ад гэтых
Так светла на сэрцы,
I хочацца верыць,
Не будзе смерці.
I верыла буслам
Дзяўчынка малая,
I ў навальніцу сябе суцяшае:
Буслы ж на хаце,
То і шчасце ў хаце.
I хата мая яшчэ пастаіць,
Ад грому, маланкі яна не згарыць.
Буслы прыляталі
I ўсе клекаталі.
Ужо каля хаты ўпала вярба,
Бо годы ляцелі,
Старая яна,
I тая дзяўчынка
ўжо падрасла,
Як прыйдзе дадому,
Глядзіць па-другому
На бусла яна.
Як птушкі клякочуць,
Ёй сумна тады,
А вусны ўсё шэпчуць,
Буслы ж прыляцелі!
Не будзе бяды.

Буслік. Дзякуй, баба. А я ўсю зімачку ў чужых краінах сумаваў па родных мясцінах, па дзетках-гарэзах, па нашаму бэзу, па чыстых крыніцах, па песнях- жывіцах.
Суседка. Зараз, зараз паспяваю.
Із-пад каменя,
Із-пад белага,
Цячэ рэчанька,
Рэчка быстрая.
Як у той рацэ
Дзева мылася,
Дзева мылася,
Вымывалася...
(Кланяецца Бусліку.)
Буслік. Дзякуй вам за такую цёплую сустрэчу. Вырашыў я, калі вы пе супраць, тут гняздо зрабіць.
Дзед. Што ты, Буслік, я нават. табе кола прыгатаваў.
(Кладзе кола па слуп.)
7-е дзіця.
Прыпаслі мы галінак
На твой адпачынак,
Будзем табе гняздо папраўляць,
Будзем песню спяваць.
(Дзеці спяваюць песню "Родны бусел", сл. Н. Галіноўскай, муз. С. Галкінай.)
Бусел. Добрае жытло вы мне дапамаглі зрабіць, дзякуй вам. Палячу я сваю бусліху да гнязда клікаць.
Баба. Вось, мае даражэнькія, і Вербнай нядзелькі дачакаліся, а да Вялікадня зусім блізка. Адзін тыдзень застаўся. Я сёння вярбу ў царкве свяціла, добрыя слоўцы ёй гаварыла. Вярба першая вясну адчувае, першая сонейку лісток адкрывае. Паслухайце верш пра яе.
Куды ні пасадзіш,
Яна прыжывецца,
I проста, так проста
Вярбою завецца.
Вось дрэўца пасеклі,
Слупочак зрабілі,
Глядзіш, а назаўтра
Кареньчык пусціла.
Галінка з'явілася,
Дзе зрэз, дзе балюча,
Як быццам сказаць яна хоча:
"Я дрэўца жывучае".
Вось якое гэта дрэўца, сёння яно святочнае, упрыгожанае стужачкамі ды кветкамі. У кожнай хаце такой вярбе месца знойдзецца: куток які ці цвічок. Вось пагонім мы з дзедам першы раз на Юр’еў дзень сваіх каровак у поле, будзем іх паганяць вярбою святочнаю, каб не хварэлі, дапамагае яна ад злога вока, ад людзей зайздросных, нядобрых і злосных. А як высахнуць вярбовыя галінкі, то іх выкідаць не будуць, а на Купалле гэтымі галінкамі вогнішча распальваць трэба. Каб кожны сваё шчасце знайшоў, сваю долечку.
А зараз, мае даражэнькія, прыміце вярбовы пачастунак, незвычайны. Не бойцеся, вярба моцна біць не стане.
(Баба , прыгаворваючы, дакранаецца галінкай да дзяцей.)
Вярба б'е,
Не я б’ю.
За тыдзень —
Вялікдзень,
Будзьце здаровы,
Як тая вярба,
Будзьце здаровы,
Як тая вярба,
Будзьце вясёлы,
Як тая вясна.
Слухайце бацькі,
Слухайце маці,
Не забывайце
Усім памагаці:
Старэнькім, маленькім
Ці хворым, можа,
А вам усім няхай
Бог дапаможа!
Пачастую я вярбою гасцей,
Каб хадзілі да сваіх сяброў часцей,
Каб здаровыя былі,
Многа добрых спраў
На зямліцы рабілі,
Мову родную, беларускую адрадзілі.
Вазьмі вярбу, дзядочак, ды пастаў яе ў куточак.
(Баба бярэ куліч, а дзед — яйкі.)
Дзед.
Прыходзьце да нас на Вялікдзень
За яйкамі валачобнымі,
За пірагамі пячонымі.
А сёння ў нас куліч просценькі:
На вадзе ды посненькі.
(Баба дзеліць куліч на ўсіх дзяцей, а дзед раздае наробленыя ім загадзя з вярбы свісцёлкі.)

Яшчэ на гэту тэму:

«Вербніца. Чысты тыдзень. Вялікдзень»