сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. Ф. КАЛЕСНІКАВА, настаўніца гімназіі № 4 г. Магілёва. Пачатковая школа 7/2007

Казачны карагод

Сцэнарый мерапрыемства у III класе

Мэта: развіваць вусную мову вучняў; выхоўваць цікавасць да беларускай казкі; абуджаць любоў да роднай мовы.

Ход мерапрыемства


Казачніца.
Хлопчыкі, дзяўчынкі! Дарагія гледачы!
Дзядулі і бабулі і строгія бацькі!
Казкі-прыгаворкі паслухаць не жадаеце?
Што ж, калі так, то слухайце, сябры.

Казка — выдумка. У ёй людзі з даўніх часоў выказвалі свае мары аб шчасці, аб перамозе дабра над злом, аб цудоўных краінах, дзе хацелі б жыць. У большасці казак ёсць казачны пачатак — зачын. Якія казачныя зачыны вы ведаеце? (“Жылі-былі...”; “У некаторым царстве...”; “Даўно гэта было...”) Ёсць і казачная канцоўка. Хто якія ведае? (“...I я там быў, мёд-піва піў, па вусах цякло, а ў рот не папала”; “Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка”; “Сталі жыць-пажываць і гора не знаць”; “Быў я там на мяду, абліў мёдам бараду”.)
Нам народ раздарыў свае дзіўныя казкі,
Што пачуў ад бацькоў і заморскіх, і наскіх,
Ад звяроў і дажджоў,
Ад далінаў, узгор’яў,
Ад снягоў і вятроў I ад розных сузор’яў.
А малыя ізноў казкі новай чакаюць,
А дзе ўзяць мне яе ці як скласці, не знаю.

У мерапрыемстве прымаюць удзел усе трэція класы. Кожны падрыхтаваў інсцэніроўку казкі.
Казачніца. Казкі вучаць быць добрымі, працавітымі, вясёлымі і разумнымі, сябраваць, дапамагаць людзям. А зараз паглядзім, хто з вас самы кемлівы. Хто здагадаецца, пра каго наступная казка? Падказкай будуць загадкі.
• Без матора гудзе,
Без пілота ляціць,
Не змяя, а джаліць
I мёд салодкі дарыць.
(Пчала)
• Акрабатка над намі
Па раўнюткай столі
Ходзіць дагары нагамі
I не зваліцца ніколі.
(Муха)

Інсцэніруецца казка “Пчала і Муха”.
Казачніца.
Жыў на свеце дзед Васіль,
За плячыма мех насіў.
Дазналіся мышкі,
Што ў мяшэчку кніжкі,
Разгрызлі завязкі,
Бачаць, гэта казкі.

Мышы пераблыталі казкі. Дапамажыце вызначыць іх назвы.
1. Раз спякла баба пяць пірагоў. Пачапі дзед з бабай дзяліць іх. Дзялілі яны, дзялілі і ніяк не змаглі іх пароўну падзяліць: возьме баба сабе два пірагі — дзеду застаецца тры, пакладзе сабе тры — у дзеда стане два. (Ліса- шахрайка)
2. Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок! (Каток — залаты лабок)
3. Селі за стол. Бацька есць спакойна, а сын усё на дзверы паглядае: ці не ідзе хто вала шукаць? Забрэша сабака, пройдзе ці праедзе хто — сын за мяса ды ў камору хаваецца. (Ад крадзенага не пасыцееш)
4. Уставай, сынку, на золку — раней за ўсіх, ідзі і працуй. А як пачнуць ісці на работу людзі, то ўсе будуць з табой вітацца і кланяцца. (Бацькоўскія парады)
Інсцэніруецца казка “Рэпка".
Казачніца. А зараз прапаную вам гульню “Хто як голас падае?”.
Кукарэкае (певень), мяўкае (кот), мыкае (карова), рохкае (парсюк), кудахча (курыца), цырыкае (верабей), клякоча (бусел), гаўкае (сабака), кракае (качка), гагоча (гусак), вые (воўк).
Паказваецца інсцэніроўка “Музыкі”.
Казачніца. Народ усё прымячае і ў прыказку складае. Людзі скажуць — што ў вузел звяжуць.
А вы памятаеце прыказкі і прымаўкі? Я пачынаю, а вы працягвайце:
• Адзін у полі не... (воін).
• Хто рана ўстае, той... (многа зробіць).
• Як кот шкадлівы, а як заяц... (баязлівы).
• Дзякуй, як дасі, а калі не дасі, то й сам... (не прасі).
• Сам сябе не хвалі, няхай людзі... (пахваляць).

Дзеці паказваюць казку "Ганарыстая варона".
Казачніца.
Казка быццам лясная крыніца:
Калі хоць слова не зразумець,
Не будзе крыніца іскрыцца,
Не будзе яна звінець.

У некаторых казках сустракаюцца спалучэнні слоў, значэнне якіх трэба растлумачыць. Вось, напрыклад: Шмыгнула мышка ў норку і як у ваду канула. Адкуль у норцы з’явілася вада? Ці мышы жывуць у вадзе? Дапамажыце зразумець сэнс словазлучэння як у ваду кануць. Як замяніць яго адным словам? (Прапасці, знікнуць, згінуць.)
Патлумачце іншыя словазлучэнні:
даць дзёру — пусціцца наўцёкі;
збіць з панталыку — заблытаць;
як на дражджах — хутка, шпарка.

Інсцэніруецца казка “Пеўнік, кот і ліса”.
Казачніца. Казкі складаліся людзьмі, перадаваліся з вуснаў у вусны, ад пакалення да пакалення. Пазней з’явілася малюначнае пісьмо. 3 часам людзі прыдумалі літары. Аднак у некаторых выпадках мы і цяпер карыстаемся малюнкамі: гэта ўмоўныя значкі на дарогах і вуліцах, а таксама рэбусы. Каб правільна назваць наступную казку, трэба разгадаць рэбусы (гл. малюнак).
Дзеці інсцэніруюць казку "Зайцава хатка".
Казачніца.
Надышло тут нашым казкам завяршэнне,
Развітаемся мы з імі. Да пабачэння!

Рэбусы для сцэнарыя Казачны карагод.

Дзякуем казцы за добрае слова,
Што падарыла нам родная мова.
Матчын дарунак ад самай калыскі,
За гэта ад дзетак паклон табе нізкі.

Падводзяцца вынікі мерапрыемства. Усе ўдзельнікі атрымліваюць узнагароды.


Яшчэ на гэту тэму:

«Казку—ты, казку—я...»