сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. М. АНТОНАВА, настаўніца пачатковых класаў. г. п. Жалудок. Пачатковая школа 8-2000

Скарбы роднага краю

Сцэнарый ранішніка ў III - IV класах

(Памяшканне святочна прыбрана, ціха гучыць музыка. Вучні чытаюць па памяці верш А. Ставера “Мой народ".)
1-ы вучань.
Мой народ праз стагоддзі пранёс дабрату,
Да суседзяў-народаў павагу,
Знае свет навакольны яго прамату,
I любоў да жыцця, і адвагу.

2-і вучань.
І заўсёды ў віхурах вякоў і нягод,
У зямной непагодзе суровай,
Вылучала між іншых мой мужны народ
Беларуская родная мова.

3-і вучань.
Мой народ зберагае сваю даўніну!
Кожны нашай гісторыі знаўца
Добрым словам успомніць не раз Скарыну
I пахваліць за мудрасць Мсціслаўца.

4-ы вучань.
Каліноўскага імя навокал гучыць,
I Купалы, і Коласа слова,
Навучыла іх край беларускі любіць
Беларуская родная мова.

5-ы вучань.
Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх
І гучы вечна ярка і нова,
Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх —
Беларуская родная мова!


Вядучы. Добры дзень, сябры! Сёння ў нас свята! Свята роднай мовы! Мы з вамі ўспомнім цудоўныя беларускія песні, загадкі, казкі, прымаўкі і прыказкі, звернемся да гісторыі нашай Радзімы. Свята пройдзе ў выглядзе конкурсаў паміж дзвюма камандамі.
(Знаёміць дзяцей з членамі журы.)
I конкурс (спевакоў) “Угадай мелодыю”.

Гучаць мелодыі вядомых беларускіх песень (па 2 песні для кожнай каманды): “Ох, і сеяла Ульяніца лянок!", школьныя прыпеўкі “Бульба”, “3 далёкіх краёў”, “Люблю наш край” Дзеці павінны праспяваць па аднаму куплету з кожнай песні. (Падводзяцца вынікі I конкурсу.)
II конкурс “Адгадай загадкі”.

Кожная каманда загадвае па 6 загадак:
Два канцы, два кальцы, а пасярэдзіне цвік. (Нажніцы.)
Ляжыць паленца, а ў сярэдзіне сэрца. (Аловак.)
Без языка, а гаворыць. (Кніга.)
Хто гаворыць на ўсіх мовах? (Язык.)
Галубачка белая ў хату заляцела, дзе і што сустракала, пра ўсё расказала. (Газета.)
Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык.)
Кругленькі, маленькі, а за хвост не падымеш. (Клубок.)
Маленькі сабачка, на носе балячка. (Запалкі.)
Што за рэч: паглядзіш на яе — сябе ўбачыш? (Люстэрка.)
Белае поле, чорнае насенне, хто яго сее, той разумнее, (Кніга.)
Рук многа, а нага адна, (Дрэва.)
Кінь аб камень — не разаб’ецца, кінь на ваду — расплывецца, (Папера.)

(Падводзяцца вынікі II конкурсу.)
III конкурс “Адгадай казку”.

Кожная каманда паказвае інсцэніроўку ўрыўкаў з дзвюх казак. Трэба назваць казку і сказаць, чым яна закончылася. Можна інсцэніраваць казкі “Пшанічны каласок”, “Круць- верць”, “Хітры вол”, “Пра падчарку”.
(Падводзяцца вынікі III конкурсу.)
IV конкурс “Прыказкі і прымаўкі — мудрай мовы прывязкі”.

Кожная каманда павінна назваць як мага больш прымавак і прыказак, растлумачыць іх. Можна выкарыстаць такія прымаўкі і прыказкі:
Ніякая праца не ганьбіць чалавека.
Вясенні дзень год корміць.
Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы.
Гультай за работу — мазоль за руку.
Добра таго вучыць, хто хоча ўсё ведаць.
Кніга — маленькае акенца, ды праз яго ўвесь свет відзён,
Вучыцца ніколі не позна.
Навука вочы адкрывае.
Навуку за плячыма не носяць.
На чужыне і камар загіне.
Лепшая вадзіца з роднай крыніцы.
Родная зямля мякчэйшая за чужую пярыну.
Жыць — Радзіме служыць.
У чужой старонцы не так свеціць і сонца.
Усякай птушцы сваё гняздо люба.

(Падводзяцца вынікі IV конкурсу.)
V конкурс “Беларусь — мая Радзіма”.

Вядучы. Гэта наш апошні конкурс. Пераможцам яго стане тая каманда, удзельнікі якой першымі і правільна адкажуць на пытанні, якія я буду задаваць.
1. Чаму наша краіна завецца Беларуссю?
2. Падбярыце сінонімы да слова “Радзіма".
3. Якая птушка з’яўляецца сімвалам нашага краю?
4. Назавіце беларускага асветніка і першадрукара.

(Падводзяцца вынікі V конкурсу.)
Вядучы. Вось і скончылася наша свята. Спадзяюся, што яно вам спадабалася. Жадаю, каб у вашых сэрцах ніколі не згасала любоў да роднай зямлі, гісторыі Беларусі, матчынай мовы.


Яшчэ на гэту тэму:

3 любоўю да Беларусі     Сем цудаў беларусі