сцэнарыі святаў на беларускай мове

Пралеска 06/1992г.

Запрашаем на вячоркі

Сцэнарый сумеснага адпачынку ў дзіцячым садку

У зале ўсё гатова для правядзення вячорак: стаяць лавы, заспаныя беларускімі тканымі посцілкамі, дываны, на сценах, на вокнах і каля іх — вышытыя ручнікі з карункамі, на паліцах стаіць гліняны посуд, хлебніцы і сухарніцы з саломкі, драўляныя лыжкі, чыгуны, на покуце — ікона, а ў куце — прыгожы вялікі куфэрак.
У залу ўваходзяць гаспадар і гаспадыня, апранутыя ў беларускія касцюмы.

Гаспадар. Запрашаем на вячоркі!
Гаспадыня.
Добры вечар! Шчодры вечар!
Добрым людзям на здароўе!
Гаспадар.
А мы песні вам прынеслі!
Добры вечар добрым людзям!
Гаспадыня.
Хай вашы нівы буйна калосяць!
Добры вечар добрым людзям!
Гаспадар.
Хай жа вам буслы дзетак прыносяць!
Добры вечар добрым людзям!
Гаспадыня.
Хай жа свеціць сонца ясна,
Каб жылося мірна, шчасна!
Вам вяселля на ўвесь вечар!
Добры вечар!

У залу ўваходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі ў нацыянальным беларускім адзенні.
Хлопчык.
Гэй вы, хлопцы і дзяўчаты!
Сабірайцеся ля хаты!
Паспяваем, пагуляем,
I гасцей пазабаўляем!
Дзяўчынка.
Без музыкі, без дуды,
Ходзяць ногі не туды,
Як музыку пачуюць,
Самі ногі танцуюць!

Дзеці танцуюць "Польку Янку".
Гаспадар. Дзякуй вам, дзеці, добра скакалі! Парадавалі нас.
Гаспадыня. Праходзьце, калі ласка, у хату.
Гучыць музыка. Малыя сядаюць на лавы. У залу ўбягае "конь", накрыты тканай посцілкай, падскаквае пад музыку. За ім бяжыць цётка Лявоніха, спрабуе спыніць.
Лявоніха. П-пру, каханенька-родненька! Вось дык разышлася! Ды спыніся, кажу! Людзі добрыя, дапамажыце!
Падбягае да гаспадароў, просіць, каб спынілі музыку.
Лявоніха. Як пачула мая кабылка музыку, дык і пабегла сюды. Вельмі ж любіць танцаваць! Ой, а дзе ж гэта я?
Гаспадыня. У дзіцячым садзе на вячорках. Запрашаем да нас!
Лявоніха. Ой, а мы ж не прывіталіся! (Піхае ў бок "каня", кланяюцца.) Дзень добры!
Адпраўляе "каня" на двор.
Гаспадыня. Сядай, цётка Лявоніха, з намі. Паслухай ды паглядзі, як мы спяваем.
Лявоніха. А ці ведаеце вы, дзеці, хто складае музыку? I чаму гэта мы некаторыя творы называем народнымі? Вось паслухайце, што я вам раскажу пра беларускія народныя песні. Калісьці даўно, калі я яшчэ была маладой, людзі не ведалі, як запісваюцца ноты. Новыя песні яны запаміналі, а потым перадавалі адзін аднаму. У розных вёсках адна і тая ж песня магла гучаць крыху інакш.
У песнях людзі расказвалі аб сваіх радасцях, працы, жыцці. Таму з народных песень мы можам даведацца аб мінулым беларускага народа.
Раздаецца стук у дзверы. Уваходзяць госці ў народным адзенні.
Госці. Можна ў хату?
Гаспадыня. Можна, можна! Даўно мы вас чакаем, свята без вас не пачынаем!
Госці.
Добры вечар таму,
У чыім мы даму! (Кланяюцца гаспадыні.) А ці дома гаспадар?
Гаспадыня.
А хоць і дома, ды не кажацца,
Ды ў каморы прыбіраецца,
У чырвоныя боты абуваецца.
Выходзіць гаспадар.
Госці. Добры вечар гаспадару!
Гаспадар. Добры вечар! 3 чым прыйшлі?
Госці. 3 песняй.
Спяваюць "Цячэ вада ў ярок". Усе танцуюць. Пасля гаспадыня запрашае гасцей прысесці, адпачыць.
Лявоніха звяртае ўвагу на ўбранства хаты, на вырабы вясковых майстрых, бабуль і матуль нашых выхаванцаў.

Гаспадыня. Наогул, нашы беларускія вясковыя майстрыхі шмат чаго ўмеюць рабіць: і ткаць, і вышываць, і посуд рабіць, і карункі вязаць. Сёння ў нас прысутнічае адна такая чараўніца.
Госця расказвае пра майстрых Слонімшчыны, якія ткуць шматкаляровыя і прыгожыя дываны і посцілкі.
У іх размову ўступае яшчэ адна госця. Яна расказвае гісторыю прыгожага размаляванага куфэрка. Ён з'явіўся яшчэ ў XI стагоддзі. Займаў самае ганаровае месца ў хаце. Па прыгажосці куфра меркавалі аб гусце і майстэрстве гаспадыні. На ім маляваліся кветкі ў выглядзе букета або гірлянды.
У залу ўбягае Паўлінка, а за ёю — пан Адольф.

Пам Адольф. Паненка Паўлінка, куды ж вы ўцякаеце? Калі паненка не хоча са мной размаўляць, то, можа, мае жаданне трошкі паскакаць з такім відным панам?
Паўлінка. Добра, пан Адольф. Давайце патанцуем.
Танцуюць польку, да іх далучаюцца іншыя.
Гаспадыня. Ну вось, патанцавалі. Зараз адпачнем, А я вам раскажу нешта. Даўным-даўно жылі людзі, якія хадзілі з горада ў горад. Яны выконвалі старажытныя песні, танцы, паказвалі лялечныя спектаклі. А называліся батлеечнікі. Іх мастацтва станавілася часткай культуры сялянства. Яны завіталі і да нас у госці. (Паказваецца лялечны спектакль паводле беларускай казкі "Сябар пазнаецца ў бядзе".)
Гаспадыня. Ой, а што гэта за музыка недзе гучыць? Ды якая вясёлая!
Гаспадар.
Раздаецца стук і звон —
Гэта грае наш Лявон.
Ён да нас сюды ідзе,
I музыку нам вядзе.

Уваходзяць хлапчукі ў беларускіх касцюмах з музычнымі інструментамі. Селі важна і зайгралі... Потым самыя маленькія ўдзельнікі вячорак заспявалі беларускую песню "Сядзіць камар на Дубочку". За імі і дарослыя...
Гаспадар. Ну і парадавалі мяне. Аж сваю маладосць успомніў. А мы тады яшчэ любілі і частушкі спяваць. Ну і шмат я іх ведаў!
Гаспадыня. I я памятаю, як мы спявалі частушкі.
Спявае некалькі частушак.
Лявоніха. Хлопчыкі і дзяўчынкі, напэўна, таксама ведаюць частушкі?..
Гаспадыня. А я вось што прапаную. Няхай кожны з тых, хто зараз тут прысутнічае, успомніць сваю частушку.
Праводзіцца конкурс на выкананне частушак.
Лявоніха. Мы ўжо і спявалі, і танцавалі... Ці думае гаспадыня частаваць нас?
Гаспадыня. Запытайцеся ў гаспадара.
Лявоніха.
Выйдзі, выйдзі, пане гаспадару,
Выйдзі, выйдзі ды на ганачак,
Вынесь, вынесь нам падарачак!
Пан Адольф.
Тысячу злотых — нам на боты.
Дзве саракоўкі — нам на падкоўкі.
Паўлінка.
Мы боцікі стапталі,
Пакуль гаспадара дапыталі.
Лявоніха.
Ды й вазьмі, гаспадар, драбінку,
Лезь па саланінку,
Каўбаску крутую,
А наверх — другую.
Гаспадар. Каўбасы не маю, а вось бліноў гаспадыня пастаралася.
Везлі бліны, аладкі,
У маляваным вазочку,
На вараным канёчку,
Частуйцеся, калі ласка!

Усіх частуюць блінамі.
Лявоніха. Раней на вячорках людзі не толькі спявалі, а і расказвалі розныя небыліцы. Мо і вы ведаеце якія-небудзь?
Паўлінка.
Я ведаю, дазвольце расказаць!
Пякла баба калачы .
У халодненькай пячы.
I якраз ляцеў камар,
I калачыкі пакраў.
Цераз вулачку ўцякаў —
Камізэлечку парваў.
Гаспадар. Зараз я.
Дазвольце, браце, небыліцу казаці,
Небыліцу, бліцу, небываліцу.
Чаго не было, таго не будзе.
На павеці куры сена косяць,
I грабуць, і стагі кладуць.
I ўсё гэта, браце, небыліца.
Бліца, небываліца.
Чаго не было, таго і не будзе.
Пан Адольф.
Дазвольце, людзі, небыліцу казаць,
Небыліцу, бліцу, небываліцу.
Чаго не было, таго і не будзе.
На печцы аўца гняздзечка звіла,
Яечкі знясла —
Тупаносыя, крываносыя.
А ўсё гэта, людзі, небыліца.
Чаго не было, таго і не будзе.
Паўлінка.
Ох ты, дзядзька Майсею,
Ды ці бачыў чудасею —
Выла ў дзядзькі свіння,
Ды на ліпе гняздо звіла.
Гаспадар.
Была ў дзядзькі свіння,
Ды на ліпе гняздо звіла?
Паўлінка.
Ды на ліпе гняздо звіла,
Парасятак навяла.-
Ой ты, дзядзька Майсею,
Ды ці бачыў чудасею —
Была ў дзядзькі кабыла,
Яна люльку курыла.
Гаспадар.
Была ў дзядзькі кабыла,
Яна люльку курыла?
Паўлінка.
Яна люльку курыла,
На вячоркі хадзіла.

Лявоніха. Вось колькі небыліц мы ведаем! Ой, як жа ж цікава сёння тут у вас было! Я сваю маладосць успомніла і з вамі аж сама памаладзела! Але ж пара і дахаты збірацца — час ужо позні. Дзе ж гэта мая кабылка? Каханенькая, родненькая. скачы хутчэй, паедзем дадому!
З'яўляецца ўжо знаёмы "конь", нецярпліва пастуквае капытамі.
Лявоніха. Можа, каго падвезці?
Госці. I нам ужо пара. Мы з табою, Лявоніха.
Усе развітваюцца з гаспадарамі, "садзяцца" ў вазок, ад' язджаюць і спяваюць песню "Бывайце здаровы, жывіце багата".
Гаспадыня. Вось і падышлі да канца нашы вячоркі. Калі вам у нас спадабалася — вельмі рады.
Гаспадар. А на развітанне запрашаем вас на кірмаш.
Гаспадыня. Да пабачэння! Заходзьце да нас! Заўжды рады!


Яшчэ на гэту тэму:

Дзіцячыя вячоркі     Едзем на вячоркі