сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА— настаўніцабеларускаймовыілітаратуры СШ № 212г. Мінска. Роднае слова 9.2007

Спачатку было слова

Праграма-анонс да тыдня беларускай культуры і пісьменства

Не толькі праца яднае людзей, але і свята — не менш збірае яно аднадумцаў. I таму у школе заўсёды хочацца правесці такое мерапрыемства або цэлы шэраг іх, каб дапамаглі яны кожнаму школьніку навучыцца слухаць і чуць у сабе голас рэха — голас уласнай душы.
У школе праводзяцца Дні, Тыдні, Дэкады мовы і літаратуры, культуры — гэта працяг той размовы, што пачынаецца першага верасня. Яны не толькі афарбоўваюць заняткі у свежыя колеры, але і напаўняюць духоўнасцю і школьнікаў, і педагогаў, і увесь навучальна-выхаваўчы працэс, ажыўляюць яго. I размова пра Беларусь, гутаркі пра культуру беларусаў, пошукі і знаходкі фальклорных брыльянтаў, непасрэдны ўдзел у святах — гэта своеасаблівае далучэнне нашай юнай змены да жыцця і спраў сваіх папярэднікаў, далучэнне да духоўных скарбаў.

Наладжванне такіх мерапрыемстваў — крок у заўтрашні дзень. Я хачу падзяліцца маім (даволі сціплым) вопытам у наладжванні Дзён беларускай куль­туры і пісьменства.
Больш эфектыўна і запамінальна пройдуць урачыстасці, калі пачаць падрыхтоўку загадзя.
Сфармаваўшы спецыяльны штаб (ШПДБК — штаб падрыхтоўкі Дзён беларускай культуры), можна скласці план работы, размеркаваць абавязкі. Некаторыя дэталі свята лепш трымаць у сакрэце: дзеці, знаходзячыся у арэоле таямнічасці і загадкавасці, працуюць з натхненнем, выяўляюць большую ініцыятыву ў школе, каб здзівіць, парадаваць, зрабіць прыемнае іншым.
Мы ў школе арганізоўвалі Скарынаўскія чытанні, гутарку-віктарыну "Мой край, мае карані", конкур­сы чытальнікаў, урок-падарожжа "Шляхамі Скарыны", вечарыну "Дзень добры ў хату, госцейкі нашы!", выставу народнай творчасці (на якую запрашаліся вясковыя умельцы), сустрэчы з паэтамі, народныя гульні, наладжваўся кірмаш, з вучнямі V — VI класаў на аснове беларускіх народных казак правялі КВЗ у гасцях у казкі" (вучні рыхтуюць дома інснэнізацыі казак, прыдумваюць назвы камандам, шыюць касцюмы, а ў час конкурсаў шчыра "праходзяць праз агонь, ваду і медныя трубы"). У гульні "Шчаслівы выпадак" удзельнічаюць вучні V — XI класаў (адгадаўшы загадку, школьнік з залы мае права ўвайсці ў сваю "сям'ю" і пасля браць удзел у конкурсе знаўцаў беларускай літаратуры).
Тыдзень беларускай культуры і пісьменства можна пачаць праграмай-анонсам, прыкладны варыянт якой прапануецца ніжэй.

Зала прыбрана вышыванымі ручнікамі і палявымі кветкамі, на сцэне — партрэт Францішка Скарыны, пад партрэтам — плакат "Абы братия моя Русь лю­ди посполитые чтучи могли ясней разумети". Абапал плаката размешчаны гравюры першадрукара. Фонам гучыць песня "Красуй, Беларусь!" (верш Л. Пранчака, муз. В. Раінчыка; Роднае слова, 2002, № 5). Калі му­зыка сціхае, на сцэну ў беларускіх строях выходзяць вядучыя.

Вядучы. Добры дзень, славяне!
Вядучая. Добры дзень, беларусы!
Вядучы. У гісторыі развіцця чалавецтва, сусветнай цывілізацыі вельмі вялікая роля належыць славянству і яго культуры.
Вядучая. Шматлікая сям'я славянскіх народаў займае неабсяжныя прасторы. Гэтыя народы - старажытныя па паходжанні, гісторыя пісьменнасці іх налічвае больш за паўтары тысячы гадоў.
Вядучы. Мы не можам пералічыць усіх тых вялікіх, хто сваёй творчасцю, сваёй самаахвярнай дзейнасцю так прыкметна падвысіў неба над галавой чалавецтва.
Вядучая. Сапраўды, каб узгадаць многіх, патрэбна шмат часу. Дні для такой высакароднай мэты мы яшчэ знойдзем. А на­ша праграма-анонс пазнаёміць вас з адным іменем, якое належыць нашаму славутаму земляку. А пакуль што ў выкананні школьнага хору прагучыць песня "Радзіма мая дарагая" (верш Алеся Бачылы, муз. Уладзіміра Алоўнікава).
Вядучы. 3 гэтай і іншымі песнямі школьны хор выступіць на заключным канцэрце, які так і будзе называцца - "Радзіма мая дарагая".
Вядучая. Шмат пісьменнікаў, кампазітараў і мастакоў, навуковых дзеячаў і простых працаўнікоў неаднаразова прызнаваліся ў любові да Айчыны.
Вядучы. А значыць - да сваёй хаты, бацькі й маці, бярозкі і клёна, у што з калыскі ўлюбёны.
Вядучая. Як дарэчы ты ўспомніў пра калыску. У маіх руках кніга "Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга" Анатоля Клышкі. Я спынілася якраз на сорак чацвёртай старонцы, дзе распавядаецца пра нараджэнне дзіцяці...
Вядучы. Цікава, пра якое дзіця ідзе гаворка на старонках гэтай кнігі?
Вядучая. Калі вельмі цікава, то давай дамо слова нашым самадзейным артыстам, якія ўдумліва ўчыталіся ў гэты тэкст і інсцэнізавалі яго.

З'яўляецца бабка-павітуха з "дзіцем" на руках.

Бабка-павітуха (калышучы дзіця, спявае).
А дай, Божа, гэтаму дзіцяці
Усякую долю ўзяці:
I хлебавую, і салявую,
Трэцюю - здаравейкую...
Лука. Дай, Божа!
Бабка-павітуха (прыгаворвае над малым).
А спі доўга,
Расці скора.
Бацьку-маці
На пацеху,
Чужым людзям -
На паслугу...
Лука. Жонка, прынясі хлеба і сярэбраную манету, каб аддзячыць бабцы-павітусе за яе клопаты і словы добрыя.
Бабка-павітуха. Я яму кавалачак паперы прыклала да пяткі: хай будзе вельмі вучоным малайцом, хай ён будзе ў бацьку - купцом!
Лука. Як мёдам, словам па сэрцы памазала.
Жонка (уваходзіць). А я мёду-ліповіку прынесла.
Лука. Пачастуемся, бо прычына важная і ўрачыстая.
Бабка-павітуха. Хай будзе Францыск у бацьку - купцом!
Вядучы. А ці стаў Францыск Скарына купцом, вы даведаецеся з кнігі...
Вядучая (перабівае яго). Не спяшайся назваць кнігу. Хто быў уважлівы, той запомніў аўтара і назву яго папулярнага твора.
Вядучы. Правільна, нельга паўтарацца. А дапытлівых чакаюць пытанні віктарыны, якая будзе змешчана ў нашай школьнай газеце. Першых трох пераможцаў чакаюць прызы.
Вядучая. I гэта яшчэ не ўсё. Спадзяёмся, што вы былі неабыякавыя да ўрыўка з кнігі і не супраць самі выступіць на сцэне. Калі ласка, рыхтуйце на конкурс
сваю інсцэнізацыю з названай кнігі не больш як на 5 хвілінаў. А конкурс на найлепшую пастаноўку адбудзецца... (называе дзень і час).
Вядучы. Я - маг, я - чараўнік, я родам - з Адраджэння!
Вядучая. Неяк ты загадкава загаварыў...
Вядучы (робіць магічныя рухі рукамі ў паветры). Не перашкаджай. Мне здаецца, што ў нашай зале лунае дух Скарыны. Я выклікаю, я прашу да нас хоць бы на хвілю завітаць сапраўднага сына нашай Радзімы. Мне неабходна дапамога.
Вядучая. То просіш табе не перашкаджаць, то - дапамогі.
Вядучы. Так, прашу, каб усе паўтаралі за мной: просім найлепшага сына Айчыны ў госці да нас -Францішка Скарыну!

Вядучая і усе у зале паўтараюць.

Скарына (ідзе праз залу, гэта вучань старэйшага класа або настаўнік, апрануты ў мантыю XVIст.).
Я родам - з Адраджэння, ды цяпер
Усім часам, прастору я належу:
Прадонню - прахам,
А душой - бязмежжу,
Іншабыццю разумна-чуйных сфер.

Я родам - з Адраджэння... і таму ж
Мяне ўзрушаюць зноў яго прыкметы!
Зямному свету - ці стае Асветы,
Унутранай асвечанасці душ?

Спачатку было Слова... Як калыска,
Дзе дрэмле нараджэнне новых сфер,
Прыстанішча, дзе я жыву цяпер,
Ад вас удалечы - і гэтак блізка!

Спазнаў я Слова як цялесны дух.
Ён з нас жывы струменіць,
Неўміручы!
Пачаў я сеяць гэты дар магучы:
Не азірайся, узяўшыся за плуг!

Я множыў Слова, адліваў у шрыфце,
Па полі белым сыпаў, як з сяўні.
Патрэбна ж людзям столькі дабрыні,
Святла,
Прачыстай праўды з глыбіні
I мудрасці - без іх хто мы, скажыце?
Мікола Арочка.

Вядучы. Сапраўды, хто мы без роднага слова, без песні, без казкі, што мама распавядае зімовымі ці летнімі вечарамі?
Вядучая. Прыемна, што праз стагоддзі пра род­ную культуру і пісьменства прымушаюць нас задумацца пасля Францішка Скарыны Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і вялікі шэраг сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны.
Скарына. Мне дужа хочацца ведаць, што сказалі пра мову і родны край, пра наш народ паспаліты гэтыя вялікія мужы Беларусі.
Вядучы. Незвычайна хораша пра родную мову не раз выказваўся мудры і слаўны паэт Пімен Панчанка. Паслухайце.
Чытальнік.
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая у казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская,
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!

Вядучая. Якое цудоўнае прызнанне ў любові да роднай мовы!
Вядучы. Мы таксама жадаем далучыцца са сваімі прызнаннямі. У нашай школе ёсць свае паэты і добрыя чытальнікі. Увага! Абвяшчаецца конкурс чытальнікаў і паэтаў "Ад прадзедаў спакон вякоў...".
Вядучая. Несумненны ўплыў на вучняў робяць патрыятычныя выказванні Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна і яркія скарынаўскія радкі:".. .птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць".
Вядучы. Усе, хто піша свае творы, бярыце ўдзел у конкурсе!*
Вядучая. Уважліва прачытаўшы нашу аб'яву, вы ўбачыце, што таленавітым мастакам нашай школы таксама будзе магчымасць выявіць сябе. Прыносьце малюнкі, эскізы, карціны на тэму "Радзіма мая дарагая".

Фонам гучыць мелодыя песні "Радзіма мая дара­гая" (верш А. Бачылы, муз. У. Алоўнікава).

Скарына. Як шкада, што ўсё гэта пройдзе міма мяне (уздыхае). Гэта ж мае любімыя захапленні...
Вядучы. Не хвалюйцеся, калі ласка. Мы вас паклічам у журы. Бо каму, як не вам, быць галоўным суддзёй, каб вылучыць найлепшых паэтаў, чытальнікаў, мастакоў**.
Скарына. Як я ўдзячны вам, маладыя людзі, і вашым педагогам, якія вучаць вас дабру і з маладых гадоў выхоўваюць патрыятычныя пачуцці.
Вядучы. Так, з пачатковых класаў мы задумваемся, у каго вучыцца лепшаму, на каго ў жыцці арыентавацца. Калі пра нешта разважаем, марым, заўсёды цікавімся: пра што марыў вялікі Скарына?
Вядучая.
Марыў калісьці славуты Скарына,
"Ціснучы" кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Ніл Гілевіч.

Вядучы. Нашы вучні таксама мараць пагаварыць пра мудрасць вякоў. Навуковая канферэнцыя "Беларускія асветнікі" адбудзецца... (называе дату і час канферэнцыі).
Скарына. Беларускі народ заўсёды знаходзіў час як на навуку, так і на працу, а пасля - на песні і забавы.
Вядучая. I гэта таксама прадугледжана нашай праграмай. Перш чым абвясціць дзень забаваў і гульняў, давайце паслухаем песню Алеся Ставера і Лявона Барткевіча "Беларусачка".

Гучыць згаданая песня.

Вядучы. Дык вось, канцэртная праграма адбу­дзецца... (называе дату). У гэты вечар вас чакаюць забавы і гульні нашых продкаў. Будзе арганізавана гасцёўня "Просім у хату, госцейкі нашы!".
Вядучая. Толькі не забывайцеся, што вам будзе цікава тады, калі вы самі возьмеце непасрэдны ўдзел у мерапрыемствах Дзён беларускай культуры і пісьменства.
Вядучы. Вучыце вершы і песні, пішыце свае, развучвайце беларускія танцы, гульні, прыказкі і прымаўкі, казкі і легенды...
Вядучая. Словы вітання і падзякі - усё, чым багатая наша спадчына. Далучыўшыся да сваёй культуры, вы самі станеце чысцейшымі, лепшымі і высакароднымі.
Скарына.
Спявайце, юныя паэты!
Спяліце ў бурах пачуцця
Неўтаймаваны боль планеты,
Непераможны крык жыцця.
Вядучы.
Магчыма, вам якраз і здзейсніць
Дзядоў вялікіх запавет:
Узняцца так на крыллях песні,
Каб чуў і бачыў белы свет!
Вядучая.
Назло прарокам самазваным,
Што глуха каркаць пачалі,
Спявайце спевам нечуваным
На мове любай вам зямлі!
Скарына.
Спявайце, помнячы нязменна:
Пакуль паэты будуць пець -
(усе разам)
Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў - не анямець!
Ніл Гілевіч.

У прапанаваную праграму-анонс не ўвайшлі некаторыя дэталі Дзён беларускай культуры і пісьменства. Нагадваю, што гэта - прыкладны варыянт. Кожны настаўнік, калектыў працуе, вядома, згодна са сваімі традыцыямі, што склаліся на працягу пэўнага часу: магчыма, школа мае даўняе сяброўства з паэтамі краіны, якія часта бываюць найлепшымі гасцямі выхаванцаў. Нядрэнна, калі ёсць магчымасць, наладзіць экскурсію ў які-небудзь славуты куток Беларусі. А прадпрыемствы, якія апякуюць школу, дапамогуць і ў арганізацыі экскурсій, і ў наладжваннях кірмашу, гасцёўні, матэрыяльна падтрымаюць таленавітых вучняў. Усё, што робіцца ад шчырага сэрца, не праходзіць бясследна.

* Калі ў класе ёсць вучні, якія пішуць вершы, можна прапанаваць ім прачытаць свае творы.
** У школе можна стварыць арганізацыю "Скарынічы", названую ў гонар Францішка Скарыны, куды могуць прымацца найлепшыя сярод вучняў паэты, чы­тальнікі, мастакі.


Яшчэ на гэту тэму:

«Мяне беларусь збеларушвае, чаруючы моваю шчыраю...»     Пяшчотная матуліна мова