сцэнарыі святаў на беларускай мове

Пралеска Чэрвень 2016г.

У пошуках папараць-кветкі

Фальклорнае свята для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні пра народнае свята Купалле; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў на аснове актыўнага ўдзелу ў святах і сумеснай творчай дзейнасці з дарослымі.
Матэрыял і абсталяванне: выявы Сонца, Вады, Зямлі, Полымя з кардону, муляж папараці вялікага памеру, «папараць-кветка», кветка, чапец, люстэрка, 2 вядры з вадой (5 л), 2 конаўкі (0,5 л), вялікі таз, свісток, дуга вышынёй 30 см у выглядзе вогнішча, 7 рознакаляровых парасонаў, 6 ручнікоў, 20 кольцаў з чырвонымі і аранжавымі стужкамі, 20 абрэзкаў тканіны чырвонага колеру (50x50 см), вяночкі — па колькасці дзяўчынак, касцюмы Куцалінкі, Сонца, Кікімары, Вадзяніка, Русалкі, Агнявіка, русалачак, праменьчыкаў, агеньчыкаў, аўдыязапісы: беларускай народнай музыкі, журчання вады, песень: «Ноч купальская» і «Тайна-таямніца» (сл. Н. Салодкай, муз. I. Капланава, у выкананні I. Дарафеевай), «Беларуская танцавальная» (сл. і муз. Э. Багуслаўскай), «Летні дожджык» (сл. і муз. Я. Жабко), беларускіх народных песень: «А на Купалу сонца рана іграла», «Рэчанька», «Лявоніха», песні-танца «Купалінка» (сл. і муз. народныя, у апрац. В. Сярых), «Поры года. Лета» (муз. А. Вівальдзі).
Дзеючыя асобы: Купалінка, Русалка, Сонца, Кікімара, Вадзянік, Агнявік — дарослыя, русалачкі, праменьчыкі, агеньчыкі — дзеці.
Папярэдняя работа: развучванне заклічак, вершаў, песень, танцаў.
Месца правядзення: тэрыторыя ўстановы дашкольнай адукацыі.

Ход мерапрыемства

Усе ўдзельнікі збіраюцца на пляцоўцы ўстановы дашкольнай адукацыі. Іх вітае Купалінка. Гучыць песня “Ноч купальская» (сл. Н. Салодкай, муз. I. Капланава, у выкананні I. Дарафеевай).

Купалінка.
Аксамітны купальскі вечар
Рукі ціха кладзе на плечы:
Запрашае кветку шукаць,
Таямніцу-красу здабываць.
Запрашаем гасцей гуляць
I купальскія песні спяваць!
Хай навокал святло лунае,
А нядоля, як цень, знікае!
Т. Краско
Усе разам.
Як будзе сонейка іграць —
Мы пойдзем Купалу спяваць.

Беларуская народная заклічка

Удзельнікі крочаць па тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі. Наперадзе ідуць дзеці з выявамі Сонца, Вады, Зямлі, Полымя. Усе спяваюць:
Ішла Купала сялом, сялом,
Закрыўшы вочы пяром, пяром.
На Івана Купалу
Свяціла ночы агнём, агнём,
Пляла вяночкі шаўком, шаўком,
Слыла Купалка цяплом, дабром,
Славу Купаллю пяём.

Вяртаюцца на пляцоўку, у цэнтры якой ужо стаіць муляж папараці вялікага памеру. Гучыць песня «Тайна-таямніца» (сл. Н. Салодкай, муз. I. Капланава, у выкананні I. Дарафеевай). Дзеці і дарослыя размяркоўваюцца па пляцоўцы.

Купалінка.
Дзе ж ты, Русалачка, летняя кветка?
Вазьмі ты дзяўчыначак-малалетак,
Спяваць, танцаваць навучы,
Падкажы таямніцы-ключы,
Толькі потым дзяўчат аддасі!
I папараць-кветку нам прынясі.

Гучыць фрагмент беларускай народнай песні «Рэчанька». Выходзяць русалачкі і Русалка з папараць-кветкай.

1-я русалачка.
Мы — русалкі-чараўніцы,
Жывём у вадзе,
Мы выходзім у поле,
Калі жыта цвіце.
2-я русалачка.
Мы сёння на свяце
Будзем гуляць,
Песні пець,
Людзей чараваць.

Танец русалак

(пад бел. нар. песню «Рэчанька»)
Русалка дае Купалінцы папараць-кветку. Купалінка ўздымае яе над галавой і прымацоўвае на муляж папараці. Дзеці і дарослыя сядаюць на лаўкі, якія размешчаны на пляцоўцы.


Усе разам.
Сёння Купала, а заўтра Ян,
Сыйдзі, сонейка, зайграй нам.

Выходзяць Сонца і праменьчыкі.

Танец «Узыдзі, сонейка»

(пад бел. нар. песню «А на Купалу сонца рана іграла»)

Купалінка.
Сёння будуць музыкі іграць,
Сёння будуць дзеці гуляць.
Запрашаю вас, дзеці, на вясёлыя гульні.

Карагодная гульня «Купалінка»

(для дзяцей)

Дзеці ладзяць карагод. Падыходзіць Купалінка, пытаецца: «Чаму вы залатым замком замкнёны ды тканінаю завешаны?»
Дзеці адказваюць:
«Мы Купалінку чакаем,
Залаты замочак адамкнём,
Тканіну адвесім».

Дзеці пускаюць Купалінку ў сярэдзіну карагода і пытаюцца:
«Купалінка, Купалінка,
Ту-ту-ту!
Дзе ж твая дачка? ту-ту-ту!»

Прамаўляючы словы «ту-ту-Ту», яны прытупваюць нагамі і пляскаюць у далоні.

Купалінка адказвае:
«У полі кветачкі рве,
Кветачкі рве, вяночкі ўе!»

Дзеці ідуць карагодам і гавораць:
«А нашай(-аму) (імя дзяўчынкі ці хлопчыка)
Не хапіла вянца,
А ёй(яму) трэба чапца».

Купалінка надзявае названаму дзіцяці чапец, яны танцуюць разам у цэнтры круга. Гульня паўтараецца 2—3 разы.

Купалінка.
Пойдзем, пойдзем лугам,
Лугам зеляненькім.
А ў лузе кветачкі,
Карагоды водзяць дзетачкі.

Песня-танец «Купалінка»

(сл. і муз. народныя, у апрац. В. Сярых)

Купалінка.
Кажуць людзі: на Купалле,
У лясным куточку,
Кветка-папараць узыходзіць,
Цвіце ў гэту ночку.
А бароняць тую кветку
Злыя чараўніцы,
Чорт, Вадзянік, Баламуцень,
Кікімары ў спадніцах.
Адшукаць туды дарогу
Ў лесе немагчыма,
Але можна падзівіцца
Ўласнымі вачыма.
Т. Краско

Чуецца крык, шум, смех. На пляцоўку выбягае Кікімара з люстэркам.
Кікімара (любуючыся ў люстэрка).
Я — кікімара-сястрыца,
Прыгажуня, На кпіны майстрыца.
Ну, навошта вам кветка не надта шыкоўная?
Вазьміце ў мяне люстэрка чароўнае!
Дарэмна вам час марнаваць,
Лепш у гульні са Мной пагуляць.

Карагодная гульня «Кікімара»

Дзеці ладзяць карагод, у сярэдзіне якога стаіць Купалінка з «папараць-кветкай» у руках, прыгаворваюць:
«Купалінка, Купалінка,
Купалінка наша,
Дай нам золата багата».

Купалінка адказвае:
«Дам вам папараць-кветку,
Будзеце багаты, багаты
На ўвесь белы свет.»

Дае аднаму з удзельнікаў «папараць-кветку», потым гаворыць:
«Кікімара ідзе,
Папараць-кветку адбярэ».

Усе дзеці хаваюць рукі за спіну, Кікімара павінна адгадаць, у каго знаходзіцца кветка. Калі здагадаецца, той уцякае ад Кікімары і бяжыць да Купалінкі. Гульня паўтараецца 2—3 разы.
Апошнім разам Кікімара ашуквае дзяцей, выкрадае «папараць-кветку», уцякае і хаваецца.

Купалінка. Дзеці, як нам знайсці Кікімару і вярнуць «папараць-кветку»? Можа вы мне падкажаце?
Усе разам.
Хадзі да нас, Вадзянік,
Балот і рэчак чараўнік,
Прынясі вадзіцы,
Адшукай чараўніцу!

Гучыць аўдыязапіс журчання вады. Выходзіць Вадзянік.

Вадзянік.
Я —Вадзянік,
Балот і рэчак чараўнік,
Сажалак гаспадар,
Калодзежаў уладар.
Купалінка. Вадзянік, дапамажы нам, калі ласка, знайсці Кікімару і вярнуць «папараць-кветку».

Вадзянік згаджаецца дапамагчы.

Танец «Рознакаляровыя парасоны»

(пад песню «Летні дожджык» на сл. і муз. Я. Жабко)

Гульня «Перанясі ваду»

Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Кожная мае вядро з вадой і конаўку. Паміж камандамі стаіць вялікі таз. Гульцы па свістку па чарзе за вызначаны час пераносяць конаўкай ваду з вёдзер у таз. Перамагае тая каманда, у вядры якой застанецца менш вады.

Вадзянік скача каля таза, «чаруе». З’яўляецца кветка, але не такая, якую ўкрала Кікімара.

Купалінка.
Вадзянік, сорам табе!
Падманшчык ты, а не чараўнік!
Усе разам.
Пачнём мы касцёр раскладаць,
Агнявіка заклікаць.

Прыбягаюць агеньчыкі і Агнявік.

Танец агню

(пад мелодыю «Поры года. Лета» на муз. А. Вівальдзі)
Агнявік.
Ідзі прэч, Вадзянік,
Кепскі ты чараўнік!
Толькі агонь усё ачышчае,
Толькі агонь радасць людзям вяртае.
Пачнём мы касцёр раскладаць,
Папараць-кветку шукаць.

Вадзянік хаваецца.
Усе разам.
Пачнём мы касцёр раскладаць,
Папараць-кветку шукаць.
Агнявік.
Запаліце ярчэй агні:
Знікае тое, на што злуёмся.
Хай лунаюць прыгожыя дні!
Да Сусвету мы дакранёмся!

Усе ўдзельнікі становяцца ў карагод. Імітацыя вогнішча. Гучыць песня «Ноч купальская» (сл. Н. Салодкай, муз. I. Капланава, у выкананні I. Дарафеевай).

Агнявік.
Кікімара, сцеражыся,
Папараць-кветка, з’явіся!

Вяртаецца напалоханая Агнявіком і вогнішчам Кікімара, аддае Купалінцы «папараць-кветку». Удзельнікі ладзяць карагод.

Карагод «Папараць-кветка»

(пад песню «Беларуская танцавальная» на сл. і муз. Э. Багуслаўскай)

Кікімара і Вадзянік.
Калі ласка, выбачайце!
Мы спрадвеку ашуканцы,
Папараць-кветку баронім,
Усіх ад яе гонім.
Заўсёды народу багата
Збірае купальскае свята,
Дазвольце і нам пагуляць,
Купалле святкаваць.

Кікімара і Вадзянік гуляюць з дзецьмі.

Гульня «Вяночак»

(з дзяўчынкамі)

Дзяўчынкі становяцца ў карагод. У сярэдзіне яго раскладваюцца вяночкі па колькасці на адзін менш, чым удзельніц. Гучыць беларуская народная песня «Лявоніха», гульцы бягуць кругам, музыка выключаецца — у гэты момант дзяўчынкі павінны хутка схапіць па вяночку. Каму не хапіла, выходзіць з гульні. Гульня працягваецца, пакуль не застанецца адзін вяночак і дзве ўдзельніцы.

Гульня «Вогнішча»

(для хлопчыкаў)

Хлопчыкі становяцца ў калону, на адлегласці ў 5 м ад іх ставяць дугу вышынёй 30 см. у выглядзе вогнішча. Хлопчыкі па чарзе скачуць цераз яе і вяртаюцца ў канец калоны.

Дык давайце ж «Каліну» спяваць!
Нам не сорам, што слёз не стрымаем,
Пазайздросцім: якое Купалле ў нас!
Ах, якую мы спадчыну маем!..

Усе ладзяць карагод і спяваюць беларускую народную песню «Каліна».

ЛІТАРАТУРА:
1. Дубініна, Д.М. Родныя вобразы ў паэтычным слове: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі: у 2 ч. Ч. 1, 2 / Д.М. Дубініна. — Мазыр: Белы Вецер, 2008.

Яшчэ на гэту тэму:

"На Купалу ночка мала"