сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ала МЯЧКОЎСКАЯ, выхавальнік ДУА «Яслі-сад № 11 г.Вілейкі». Пралеска 07/2012

«3 легендаў і казак былых пакаленняў...»

Літаратурна-мастацкая вандроўка для дзяцей старэйшай групы

Праграмны змест: прадоўжыць знаёмства дзяцей з творчасцю і жыццём беларускага пісьменніка Максіма Танка; фарміраваць пазнавальную і маўленчую актыўнасць; развіваць уменне слухаць тлумачэнні педагога, будаваць сказы на беларускай мове; выхоўваць цікавасць да твораў нацыянальных пісьменнікаў, далучаць да мастацкай спадчыны беларускага народа.
Матэрыял: вялікая самаробная кніга; партрэт Максіма Танка; яго творы «Жук і слімак», «Галінка і верабей», «Ехаў казачнік Бай»; разрэзаныя малюнкі да твораў «Жук і слімак», «Галінка і верабей».
Заняткі адбываюцца ў музычнай зале.

Ход правядзення

Гучыць беларуская музыка. Дзеці і выхавальнік апрануты ў беларускія народныя строі. Выхавальнік чытае ўрывак з верша Максіма Танка «Родная мова».
3 легендаў і казак былых пакаленняў,
3 калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
3 сузор’я і сонечных цёплых праменняў,
3 грымучага ззяння бурлівых крыніц,
3 птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Выхавальнік (В.). Наша родная мова — ласкавая, напеўная, мова нашых народных пісьменнікаў. Якіх пісьменнікаў вы ведаеце? (Дзеці называюць.) Мы, беларусы, павінны ганарыцца сваімі славутымі продкамі. Яны любілі свой край і ўслаўлялі яго ў мастацкіх творах.
Дзеці чытаюць вершы пра Радзіму.
В.
Матуліну мову не забывайце!
Дружна жывіце, край свой любіце.
Не таму любіце, што за ўсё мілейшы,
А таму любіце, што за ўсё даражэйшы.
Дзеці, а ці любіце вы вандраваць? (Адказы дзяцей.) Тады я вас запрашаю ў вандроўку, але не ў звычайную. Каб даведацца, куды мы рушым, патрэбна адгадаць загадку.
Не куст, а з лісточкамі,
Не рубашка, а сшыта,
Не чалавек, а расказвае. (Кніга.)
Ці адгадалі маю загадку? Так, гэта кніга. I сёння да нас на свята завітала незвычайная кніга. (Выносіць вялікую кнігу.) А вандроўка наша будзе мастацка-літаратурная. I кніга кліча вас наперад!

Жыццё кожнага чалавека непарыўна звязана з кнігай. Яшчэ немаўлятамі вы слухалі казкі, якія чыталі вам бацькі, а ўменне чытаць становіцца галоўным спосабам пазнання свету. Нішто не можа замяніць кнігу. Яна дапамагае вучыцца, пашыраць кругагляд. I гэта яе чароўная сіла. Нездарма ў нашай краіне сёлетні год абвешчаны Годам кнігі. Вандроўка пачынаецца! Садзімся ў цягнічок і паехалі!

Гульня «Цягнік».

Цягнічок прыгожы, новы
Нас пытае: «Усе гатовы? Тады паехалі!»
Чух-чух-чух! У-у-у!
Чух-чух-чух! У-у-у!
В. У дапамогу нам прыйдзе песня. (Гучыць народная песня «А ў месяцы верасні» ў выкананні ансамбля «Песняры».) Якая вясёлая песня!
Цягнічок за возам воз
нас на станцыю прывёз.
А вось і першы прыпынак. Давайце адгорнем першую старонку. Што я бачу! Зніклі ўсе ілюстрацыі. Як нам даведацца пра назвы твораў, калі мы не ўмеем чытаць? Паглядзіце, усе малюнкі ляжаць на стале разрэзаныя. Кніга просіць дапамогі — вярнуць ілюстрацыі на свае месцы.
Дзеці лічылкай дзеляцца на дзве каманды і становяцца ля сталоў, дзе ляжаць разрэзаныя малюнкі да твораў М. Танка «Жук і слімак», «Галінка і верабей».
Дыдактычныя гульні «Хто хутчэй збярэ малюнак», «Адгадай, які твор».
Выхавальнік чытае ўрыўкі з твораў, і дзеці з дапамогай ілюстрацый адгадваюць назву.
В. Садзімся ў цягнічок і паехалі! Наступны прыпынак на другой старонцы кнігі.
Цягнічок прыгожы новы
Нас пытае: «Усе гатовы? Тады паехалі!»
Чух-чух-чух! У-у-у!
Чух-чух-чух! У-у-у!
Цягнічок за возам воз
Нас на станцыю прывёз.
Прыехалі! Але кніга не хоча перагортваць старонку, пакуль дзеці не раскажуць верш ці прымаўку пра хлеб. (Дзеці выказваюцца.)
Выхавальнік адгортвае старонку і чытае верш «Хлеб» М. Танка. Дзеці па ілюстрацыі адгадваюць назву.
В. Садзімся ў цягнічок і паехалі!
Цягнічок прыгожы новы
Нас пытае: «Усе гатовы? Тады паехалі!»
Чух-чух-чух! У-у-у!
Чух-чух-чух! У-у-у!
Цягнічок за возам воз
Нас на станцыю прывёз.
Наступны прыпынак — «Калыханка».
В. Кніга не адгортвае старонку. Давайце праспяваем ёй калыханку. (Дзеці спяваюць і перадаюць рухамі змест.)
А-а-а, а-а-а, люлі, а-а-а, а-а-а, люлі,
Спі, сыночак міленькі,
Галубочак сівенькі,
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць.
Нашто, вецер, ты гудзеш,
Спаць Міхаську не даеш?
Спі, сыночку міленькі,
Ой, да люлі-люленькі.
Кніга перагортвае старонку. Выхавальнік чытае «Ехаў казачнік Бай». Дзеці дапаўняюць яго адказамі па змесце.
В. Які настрой выклікаў у вас гэты твор? (Адказы дзяцей.)
Але спаць мы не будзем, бо прыехалі на апошні прыпынак. Паглядзіце, якая прыгожая стала кніга! (Дэманструе кнігу, упрыгожаную яркай стужкай.) Увесь шлях у нас быў накіраваны на сустрэчу з вельмі цікавым пісьменнікам, з творамі якога мы сустрэліся ў час вандроўкі. Кніга хоча пазнаёміць вас з беларускім пісьменнікам Максімам Танкам. Так аўтар падпісваўся пад сваімі творамі. А сапраўднае яго імя Яўген Іванавіч Скурко (паказвае партрэт).

Сёння мы адзначаем яго дзень нараджэння, яго юбілей. 100 гадоў таму ён нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна, а доўгі час працаваў у нас на нашай Вілейшчыне.

Усе гэтыя творы ён напісаў для вас. Давайце яшчэ раз успомнім творы, з якімі пазнаёміліся на нашых прыпынках у час вандроўкі. Хто аўтар гэтых твораў? Што вам стала вядома пра гэтага пісьменніка? (Адказы дзяцей.)
А зараз у гонар юбіляра мы выканаем вясёлую беларускую полечку «Трасуха». (Дзеці выконваюць танец.)
Вандроўка наша закончылася, і патрэбна вяртацца дадому. Такую цікавую кнігу мы возьмем з сабой у групу і будзем чакаць наступныя вандроўкі. Сядайце ў цягнічок! Добрага нам шляху!
Зноў імчыць цягнік вясёлы,
Стукаюць па рэйках колы.
Чух-чух-чух! У-у-у!
Чух-чух-чух! У-у-у!
Цягнічок за возам воз
Нас дадому ўсіх прывёз!
Пад музыку заканчваецца вандроўка.