сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ГУЛЬ, выхавальнік ДУА «Яслі-сад № 7 г.Вілейкі» Пралеска 07/2012

Цудоўныя казкі Максіма Танка

Канспект комплексных заняткаў для дзяцей старэйшай групы

Праграмны змест: пазнаёміць дзяцей з творчасцю М, Танка; фарміраваць пазнавальную і маўленчую актыўнасць, развіваць уменне слухаць і адказваць на пытанні; фарміраваць навык працы з мастацкай кнігай; стымуляваць дзіцячую ініцыятыву, праяўленне індывідуальнай манеры малявання, жаданне паказаць у малюнку асабістыя адносіны да навакольнага асяроддзя, перадаць у ім свой настрой; выхоўваць павагу да беларускіх пісьменнікаў і цікавасць да іх твораў.
Абсталяванне: выстава кніг, партрэт паэта М. Танка, тэатр на далоні, матэрыялы для малявання.

Ход заняткаў

Выхавальнік (В.). Добры дзень, дзеці! Усміхніцеся мне, а я ўсміхнуся вам, бо ад усмешкі дзень становіцца святлейшы. Сёння ў нас незвычайныя заняткі. У нас у гасцях дзіцячая кніга.
Давайце з вамі разгледзім кнігі на нашай выставе, але спачатку
ўспомнім правілы карыстання імі. Якія правілы вы ведаеце?
Адказы дзяцей:
Кнігі трэба браць чыстымі рукамі.
Кнігі нельга рваць, камячыць старонкі і загінаць вугалкі на іх.
Нельга маляваць на кнігах.
В. Але ёсць яшчэ адно залатое правіла, якое неабходна запомніць: «кнігі любяць цішыню». Таму нельга моцна размаўляць, шумець і свавольнічаць, неабходна быць уважлівымі, калі вам чытаюць творы, Усе запомнілі гэта правіла? Як мы павінны паводзіць сябе? (Адказы дзяцей.)
На нашай выставе шмат розных кніг, але сёння мы з вамі пазнаёмімся з кнігамі выдатнага беларускага пісьменніка, народнага паэта Беларусі, перакладчыка Максіма Танка.
Паглядзіце на яго партрэт. (Паказ партрэта.) Максім Танк нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пісаць вершы ён пачаў рана ў дзяцінстве, а першыя вершы для дзяцей напісаў ужо сталым чалавекам. Акрамя таго, Максім Танк выступаў як перакладчык на беларускую мову твораў Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага і многіх іншых паэтаў.
Шырокае прызнанне атрымалі яго зборнікі для дзяцей «Галінка і верабей», «Ехаў казачнік Бай», «Быліны пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» і іншыя.
Зараз я вам прачытаю казку «Ехаў казачнік Бай», а вы ўважліва паслухайце і крышку мне дапамагайце.
Выхавальнік чытае казку, дзеці дапаўняюць, даюць згоду на яе працяг.
Ехаў казачнік Бай
— Ехаў казачнік Бай
Цераз сёлы і гай.
Баіць ці не?
— Бай!
— Ён пытаўся ў мяне,
Што даць дзецям у сне?
Баіць ці не?
— Бай!
— А найлепшую з іх —
Дам для самых малых.
Баіць ці не?
— Бай!
— Я прасіў: дзецям дай
Казку-песеньку, Бай!
Баіць ці не?
— Бай!
— Казку, — кажа, — я дам,
Толькі выберу сам.
Баіць ці не?
— Бай!
— Тым, хто любіць мяне
I хто першы засне.
Баіць ці не?
— Бай!
Прапануецца дзецям адказаць на пытанні:
— Пра што гэта казка?
— Хто такі Бай?
— Як вы думаеце, што бачылі дзеці ў сне?
— Што вы бачыце ў сне?
В. А зараз паслухайце загадкі і паспрабуйце іх адгадаць:
Чоран, ды не воран,
рагаты, ды не бык,
шэсць ног без капыт,
ляціць — вые,
сядзе — зямлю рые.
(Жук)
Хто на сабе хату носіць?
(Слімак.)

Малайцы, правільна адгадалі. А Максім Танк напісаў казку, якая так і называецца — «Жук і слімак».
Выхавальнік чытае казку, з дапамогай «Тэатра на далоні» ілюструе яе.

Жук і слімак

Вядучы.
Пагодным летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся жук аднойчы
3 рагатым слімаком.
Жук.
— Здарова! — жук вітае. —
Куды, браток, ідзеш?
I з ракавіны хатку і
Нашто з сабой нясеш?
Вядучы.
Абцёр слімак пот з твару.
Гаворыць так жуку:
Слімак.
Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку,
То сцюжа, то марозы,
То навальніца, дождж,
То часам у дарозе
Захопіць змрок і ноч.
Шукай тады начлегу
Пад нейкім пад кустом...
Вядучы.
Гавораць яны гэтак
I раптам чуюць — гром.
Ударыў дождж краплісты.
I жук пабег шукаць
У засені цяністай
Шырокага лістка.
Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе,
I мокры, ледзь жывы ён
Да слімака ідзе.
Жук.
Пусці, браток, пагрэцца,
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.
Вядучы.
У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
I нават дождж краплісты
Не зможа іх дастаць.
Але мінулі хмары,
I сонца ўстала зноў,
Жук хату слімакову
Пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды
I не на ўме жуку,
Што абяцаў паднесці
Ён хату слімаку.
Дзецям прапануецца адказаць на пытанні:
— Навошта слімаку хатка, якую ён носіць на сабе?
— Што здарылася са слімаком і жуком на лузе?
— Ці выканаў сваё абяцанне жук?
— Як вы адносіцеся да ўчынкаў слімака і жука?
В. Вось якая цудоўная казка! Максім Танк быў добрым чалавекам, любіў свой народ, любіў дзяцей. Паэт хацеў, каб яго маленькія сябры раслі працавітымі, паслухмянымі.
Дзеці, а калі мы паглядзім на кнігі на нашай выставе, то мы ўбачым, што ўсе яны з малюнкамі. Давайце і мы з вамі паспрабуем зрабіць малюнкі да казкі Максіма Танка «Жук і слімак».
Дзеці малююць малюнкі да казкі, потым іх разглядаюць.
В. Сёння мы пазнаёміліся з некаторымі творамі Максіма Танка. Калі вы навучыцеся самі чытаць, то будзеце знаёміцца з новымі кнігамі, цікавымі творамі, сярод якіх абавязкова сустрэнуцца і творы народнага паэта Максіма Танка. Упэўнена, што яны вам вельмі спадабаюцца.


Яшчэ на гэту тэму:

«Мне за ўсе даражэй небазвод Нарачанскі...»