сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА —настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навасельскай сярэдняй школы Барысаўскага р-на. Роднае слова Жнівень 2000г.

О, восеньскі узрост!...

Падрыхтоўка да свята

Святы звязваюць людзей з жыццём краіны, выхоўваюць у іх любоў да Радзімы, родных мясцінаў, прыносяць радасць, даюць магчымасць весела, культурна адпачыць, узбагачаюць яркімі, вобразнымі ўражаннямі.
Адзначэнне Дня пажылых людзей — форма культурнай работы, якая яшчэ не замацавалася ў практыцы. Між тым яна садзейнічае фармаванню ў маладога пакалення пачуцця абавязку, павагі і любові да сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, суседзяў, прыхільнасці да блізкіх.
Неабходна загадзя распрацаваць праграму і сцэнар правядзення свята. Праграма ў цэлым можа прадугледжваць:
— арганізацыю выставаў: ткацтва, сямейных захапленняў, фотаздымкаў, сямейных рэліквій, мастацкай і тэхнічнай творчасці і г. д.;
— правядзенне конкурсу на лепшы кулінарны выраб;
— правядзенне інтэлектуальнай гульні-спаборніцтва сямейных камандаў "Зорны час";
— міні-свята "Іграй, гармонік!";
— "Гасцёўня".
Супольна з работнікамі сельсавета можна за месяц-два старэйшым людзям разаслаць пісьмы, а яшчэ лепш накіраваць вучняў з акцыяй міласэрнасці — дапамогай — да адзінокіх і пажылых людзей, ветэранаў вайны, адначасова папрасіць расказаць пра сябе і адказаць на пастаўленыя пытанні:
1. Ці лічыце вы сябе шчаслівым чалавекам?
2. Вашы захапленні?
3. Якая мара ў вашым жыцці здзейснілася? А якая — не?
4. Колькі ў вас дзяцей? Хто яны па прафесіі?
5. Ваша любімая песня?
6. Ваша любімая страва?
Бацькам будзе вялікай радасцю, калі на свята прыйдуць іх дзеці, якіх таксама пажадана запрасіць загадзя. Змест запрашальных лістоў можа быць прыблізна такі: Шаноўны(-ая) (імя, імя па бацьку)
Запрашаем Вас на свята "О, восеньскі ўзрост!..", прысвечанае Дню" пажылых людзей. Вашы бацькі будуць рады бачыць Вас і чуць ад Вас цёплыя словы ўдзячнасці.
Ім прыемна будзе атрымаць невялікі падарунак з Вашых рук і пачуць песню або верш.
Прыязджайце (падаць час, дзень і месца правядзення свята).

Сцэнарый свята

Гучыць музыка, гэта можа быць адна з песняў пра бацькоўскі дом.

Вядучы. О, восеньскі ўзрост, ён па-свойму прывабны...
Вядучая. 3 гадамі да чалавека прыходзіць мудрасць. Ён пачынае разумець сэнс свайго зямнога прызначэння.
Вядучы. Шмат хто задумваўся над пытаннем: што ж патрэбна чалавеку?
Вядучая. На думку паэта Сяргея Грахоўскага,
Чалавеку патрэбна не слава,
А людская ўвага і ласка,
I сардэчнае цёплае слова,
I вясёлая добрая казка...

Вядучы. Дарагія нашы землякі! Вас, паважаных людзей, багатых на жыццёвую мудрасць і вопыт, мы сабралі сёння на гэтым свяце, каб выказаць сваю павагу.
Вядучая. Наша свята мы пачнём з добрай казкі Уладзіміра Караткевіча "Нямоглы бацька". Яна пра стары, даўно забыты звычай — пазбаўляцца нямоглых бацькоў. Паслухайце і паглядзіце яе ў выкананні нашых самадзейных артыстаў.

Перад заслонай з’яўляецца Дзед у беларускім нацыянальным касцюме.
Дзед. Быў калісьці ў людзей на зямлі такі паганы звычай — не карміць старых бацькоў. Дзікія былі людзі. Дзікія-найдзікія. Аж цяпер сорамна ўспамінаць пра іх, такія дзікія. Як убачаць, што маці або бацька больш ахвотна на сонейку грэецца, чым косіць ці жне, дык адразу завозяць іх на калёсах або на санях у глухі лес, пакідаюць трохі ежы і ідуць дахаты. А калі тыя хлеб з’ядуць, то або памруць з голаду, або застынуць, або дзікая зверына іх разарве.
Дык вось, жыў сярод тых людзей у адной вёсцы малады чалавек. А імя было яму Пятро.

Рассоўваецца заслона. На лаўцы сядзіць стары чалавек і пляце лапці. Малады мужчына, седзячы на калодзе, робіць граблі. Гэта Пятро і яго бацька. Міма праходзіць іх сусед Гнат.

Гнат. Глядзі, бацька твой ужо вось-вось пачне кароткаю касою ў місцы касіць. Рыхтуйся.
Пятро (нібы не зразумеў). Да чаго?
Гнат. Ваўкоў гадаваць.
Пятро (махнуў рукой). Ат, гаворыш абы-што...
Гнат. Чаго марудзіш, Пятро? Гані ў лес ваўчыны недаедак.
Пятро. Ты чаго гудзіш, як свіння? Чаго так пільна хочаш? Крыві чужой?

Падышло яшчэ некалькі суседзяў.
Максім. Ты гэта, таго, Пятро... Ты, значыцца... гэна.
Ганна. Згінуў твой стары грыб. А калі згінуў, трэба яго рваць з коранем (выходзяць).
Пятро паглядзеў на бацьку, адвярнуўся, выцер рукавамі вочы.

Бацька(паглядзеў на яго ўважліва, зняў з палка торбу). Кладзі лусту хлеба. Ды меней, меней.
Пятро. Дык нашто тады ўвогуле?
Бацька. Падумаю яшчэ нейкую ноч. Але ж з пустым жыватом думаць сумна... Сала не кладзі. У хаце прыдасца. Малому... Так, Пятро, так. Закон такі. Ідзі запрагай каня.

Заслона.

Дзед. Завёз бацьку Пятро, паабяцаўшы назаўтра ноччу забраць назад. I не на кані, а на сваім карку прынёс бацьку ў хату, адгарадзіў частку каморы і зрабіў там пралазы на гару ды ў падпамосце. Адтуль — на панадворак. I так бацька стаў жыць. Глухой ноччу — у хаце, удзень — у падполлі і на гары. Як ваўкі жылі, ад усіх хаваючыся. Але жылі. У той год пала на людзей нібыта нейкая кара. Ураджай быў на каціную долю, ледзь зіму перажыць!

Рассоўваецца заслона. Перад гледачамі наступная карціна: дуб, пад дубам і каля яго людзі.

Максім. Усё. Цяпер дзяцей заб’ю, а пасля і сам. Ані зерня пасеяць...
Пятро. Не трэба забіваць. Здыміце салому са стрэх. Ад застрэхі — капяжа і да сярэдзіны пакрыцця.
Гнат (здзекліва скрывіўся). I што?
Пятро. Абмалаціце. I падмяціце дошкі, што знізу падстрэшка, і падзяліцеся сакрэтам з суседзямі.
Гнат (гнеўна). Чаго-о? Ды мы іх...
Пятро. Падзяліцеся. Іначай кепска будзе.
Максім. Чаму не да канца стрэхі загадаў агаліць?
Пятро. А вось каб вымерзлі ўсходы — тады б аж да казлоў усе кроквы і латы агалілі, але знайшлі б што другі раз кінуць.
Ганна. I праўда, крылі ж страху, беручы неабмалочаныя снапы.
Гнат. Вой, не на дабро такі розум. Быць бядзе.
Выходзіць Дзед.

Дзед. I як накаркаў. З’явіўся ў тым краі Велікан. Пабудаваў сабе замак. Ваявалі з ім, стрэлы да замка кідалі. Велікан стральцоў злавіў і з’еў.
Пятро. Нічога мы з ім, Веліканам, не зробім сілаю.
Гнат. А нашто сілаю? Я яму падарункі нашу. Хвалю.
Пятро. Ён цябе пазней за ўсіх з’есць... Не, людзі, не хваліць яго трэба, а сабраць дзяцей, асабліва сірот тых, з’едзеных, і хай кожны дзень пад тую асіну яны ходзяць ды плачуць, ды моляць.
Гнат (здзекліва). А што з таго?
Пятро. Нічога. Толькі сіроцкая сляза мацнейшая за ўсё.
Дзед. I праўда, падступіла ўначы дзікая хмара, пачалі з яе лупіць бліскавіцы, заварочаўся каменнай крушняй пярун, наляцеў ураган. Храснула, ляснула аб зямлю дрэва, а каменныя брылы пахавалі пад сабой Велікана.
Гнат (трасучы кулакамі). Не сваім гэта ён розумам. Гэта ён у чорнай сілы розум пазычыў!
Максім (да Пятра). Праўда, ты просты розумам, як мы.
Пятро. Так, не сваім. Бацькавым.
Ганна. Дык ты ж яго ў путчу звёз!
Пятро. А ноччу назад прывёз.
Гнат. Не верце. Конь і калёсы ў двары былі.
Пятро. А я на спіне прывёз. Як ён мяне малога.
Гнат (залямантаваў). Глядзеў я — косці ў будане.
Пятро. Аленевыя косці (пайшоў і прывёў бацьку). Жылі сілай, а розумам не карысталіся, забівалі яго. Жылі сённяшняй карысцю. Знішчалі "ўчора" і таму не мелі права на "заўтра".
Гнат (раздражнёна). Гнаць іх у лес! Закон пераступілі! Што ён такое дзецям сказаў, што дрэва з Веліканам ляснулася?
Бацька. Забыў ты, што "сіроцкія слёзы дарма не мінаюць, пападуць на белы камень — камень прабіваюць".
Максім. Вось што. Правільна зрабіў Пятро, пераступіўшы такі Закон. Болей таго не будзе. Шануйце дабрыню. Хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую, насіце на руках бацькоў... Кланяйцеся гэтым двум да долу, людзі!

Усе кланяюцца, апрача Гната.

Максім (да Гната). Ну, а ты?
Гнат. Я свайго, як час прыйдзе, завязу такі ў пушчу.
Максім. А мы не дамо. Наш ён цяпер, а не твой. А калі ўжо гнаць, дык гэта цябе. Ідзі, вый там на ветах, воўк.
Усе. Хай ідзе!
Гнат выходзіць.

Пятро. На той выпадак, калі з’явіцца сярод вас хоць адзін на дзесяць тысяч такі вось Гнат. I вось калі ступіць яму на хрыбет бязлітасны Велікан — вось тады толькі хай бацька адплоціць яму дабрынёю за зло. Добрай мудрасцю за злосную дурасць. А мы пакуль памаўчым.

Вядучая. Вось такая казка пра бацькоў і дзяцей. Сёння, дарагія нашы землякі, на свята прыехалі вашы дзеці. Ім слова...
Сын (распавядае пра сям’ю, у якой вырас, пра маці, пра шчаслівыя і горкія хвіліны, чытае верш Н. Гілевіча "Маці"):
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: "Са святам!"
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.
Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
І хілюся да сэрца...
А трэба б упасці
Перад ёю — нядужай, сівой —
На калені...

Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...
Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі у вечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля кожная радасці
Светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...
А цяпер ёй —
Адно б на сынка наглядзецца...
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...

Вядучы. Сваім кранальным выступленнем сын, удзячны сын, нібы выклікае ўсіх сыноў і дачок падзяліцца ўспамінамі дзяцінства.

Наладжваецца конкурс на лепшы ўспамін.

Вядучая.
Мы ўсе цяпер прыйшлі да думкі,
што дома лепш бываць часцей.
Хай едуць дзеці нашы, унукі,
каб сэрцам сталі мы чысцей.

Чытальнік.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахі.

Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што ў хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.

Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страціў святое штосьці.
Р. Барадулін.

Вядучая. Сапраўды, як добра вяртацца дахаты з далёкіх вандровак, з іншых краін ці гарадоў. Бо няма нічога лепшага за родную бацькоўскую хату. Для вас гучыць песня пра бацькоўскі дом.

Выконваецца песня.

Вядучы. А зараз уявім, што мы сапраўды сабраліся пад дахам роднай бацькоўскай хаты. Вечар. Вяжацца слова за словам гаворка. Чуюцца прыказкі і прымаўкі, загадваюцца загадкі.

Праводзіцца гульня "Зорны час" сямейных камандаў.
Пасля гульні вядучая запрашае на сцэну лепшых майстрых вёскі.


Чытальнік.
Жанчыны вёсак беларускіх, вам
Я кланяюся уклонам самым нізкім —
За кожную іскрынку хараства,
Што ззяе ў слове, ад калыскі блізкім.

Пачуеш вас, не зманеных маной, —
I весялей глядзіш у твар эпохі.
Дык пасядзіце ж, любыя, са мной,
Пагаманіце, пагукайце трохі.
Н. Гілевіч.

Вядучая вядзе гутарку з улікам тых адказаў, што былі атрыманыя ў пісьмах або ў час папярэдняй сустрэчы з жанчынамі, распавядае пра іх жыццё, іх захапленні, нагадвае цікавыя эпізоды з мінулага.

Вядучы. Вам, мілыя зорачкі нашага краю, гучыць як падарунак песня М. Шыдлоўскага "Колькі ў небе зор".

Вядучая.
Калі не жадаеце знацца ў жыцці
3 назойлівай скрухай-журбою —
Куды б ні прыйшлося паехаць, пайсці, —
Песню бярыце з сабою!
Вядучы.
Калі вы далоні злучылі навек,
Каб крочыць дарогай адною, —
На шчасце, на згоду, як дар-запавет, —
Песню бярыце з сабою!
Чытальнік.
Пра дзядоў пісалі многа,
А пра нашага — нічога.
Быццам ён таго не варты,
Быццам горшы ён з дзядоў.
А старому — хіба жарты! —
Сёння роўна сто гадоў!
У старога сёння свята,
I гасцей не месціць хата.
Колькі ўсіх імён ды ўзростаў —
Разабрацца тут не проста!
Толькі праўнукаў, напэўна,
Пяцьдзесят без аднаго.
Дзед сядзіць на куце чынна
Ды ўсміхаецца вачыма.
Ну і дзед! Ну, малайчына!
Пачалося ж ад яго!
Вось, падаўшы дзеду рукі,
Называюць сябе ўнукі.
Што за дзіва, што дагэтуль
Незнаёмыя былі?
Хіба можна ім з Іркуцку
Быць гасцямі часта ў Слуцку?
Рассяліўся род шчаслівы
На ўсю шостую зямлі!
За сталом стары падняўся,
I прыціхла ўміг радня ўся: —
Паміраць ваш дзед збіраўся
Сорак год таму назад.
Мушу я цяпер прызнацца,
Што хацеў бы пратрымацца
I яшчэ гадкоў дзесятак
Ці другі, на добры лад...
Н. Гілевіч.

Называюцца лепшыя спевакі і гарманісты вёскі. Праводзіцца конкурс — міні-свята "Іграй, гармонік!". Нядрэнна зрабіць канцэрт па заяўках: у час апытання стала вядома, якія песні любяць госці.
Калі ў вёсцы ёсць старажыл, то нельга і яго пакінуць без увагі:
Усіх гасцей пасля выступлення артыстаў запрашаюць у "Гасцёўню", дзе падрыхтаваныя сталы з любімымі стравамі запрошаных. Гучыць музыка, зноў — добрыя словы, тут дзеці (а таксама старшыня калгаса ці спонсары, калі ёсць такая магчымасць) могуць уручыць падарункі бацькам.