сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля МАЛАХАВА, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 4 г. Шклова Пралеска 12/1997

Падрункі Дзеда Мароза

Сюрпрызныя моманты навагодняга ранішніка

Пасля інсцэніроўкі навагодняй казкі ў зале гасне святло (свеціцца толькі ёлка), 3 розных бакоў пад музыку
ўваходзяць Баба Яга і Чорт. Абыходзяць вакол ёлкі і сустракаюцца.
Баба Яга, убачыўшы Чорта, чхае.

Чорт. Будзь здарова!
Чаго, вядзьмарка,
Мне насустрач
Ідзеш так шпарка?
Баба Яга. Да цябе я, Чорт, іду,
Ды дарогі не знайду.
Чорт (быццам не пачуўшы апошніх слоў).
Сёння дзіўнае надвор’е:
(Аглядаецца вакол.)
Буры, сцюжы не чуваць.
Ў небе месяц.
Ціха ў лесе.
Елкі снегам зіхацяць.
Баба Яга. Дзіва што: лясны народ
Сустракае Новы год!
Свята сёння і ў людзей:
Падарункі у дзяцей.
Чорт. Вось бяда!
У пузе пуста,
Нельга ў госці цябе зваць.
На стале адна капуста —
Няма чым пачаставаць.
Баба Яга (садзіцца каля ёлкі, дастае з кішэні калоду карт, раскідае іх і пачынае спяваць).
Паварожым мы на картах,
Што нам лёс з табой нясе.
Слухай ты мяне, старую,
Памагу тваёй бядзе.
Ай-на-нэ, ай-на-нэ,
Памагу тваёй бядзе.
Чорт (пачынае прытанцоўваць).
Сёння свята.
Дзед Мароз
Да дзяцей у сад ідзе
Падарункаў мае многа,
У мяшку ён іх нясе.
Ай-на-нэ, ай-на-нэ,
У мяшку ён іх нясе.
Ваба Яга і Чорт (спяваюць і прытанцоўваюць разам).
Ў лесе мы яго сустрэнем,
Падарункі адбяром,
I схаваемся за дрэвы,
Хай шукае нас кругом.
Ай-на-нэ, ай-на-нэ,
Хай шукае нас кругом.

Чорт і Баба Яга выбягаюць з залы. Загараецца святло.

Вядучы (В.). Што ж гэта яны робяць? Дзеці, давайце хутчэй паклічам Дзеда Мароза, пакуль яго не сустрэлі ў лесе Баба Яга і Чорт?
Пасля прыходу Дзеда Мароза дзеці чытаюць вершы, спяваюць, водзяць карагоды вакол ёлкі, гуляюць у розныя гульні і г.д.
В. Дзед Мароз! А падарункі нашым дзецям ты прынёс?
Дзед Мароз. На жаль, не. Мне вельмі сорамна, але прызнаюся вам, дзеці, што я іх, пэўна, згубіў па дарозе. Раптам пацямнела ў лесе, месяц на небе знік, усё закружылася навокал... А калі ачуняў—ні мяшка, ні падарункаў.
В. Ну, я так і ведала... Гэта Баба Яга і Чорт зачаравалі цябе. У іх падарункі.
Дзед Мароз. Ах, шкоднікі! Але не бяды! Я зараз стукну маёй чарадзейнай палачкай, і мы ўсе апынёмся ў лесе. Знойдзем Бабу Ягу і Чорта і забяром у іх падарункі. Згодны?
Дзед Мароз стукае чарадзейнай палачкай. У зале гасне святло.
З'яўляюцца Баба Яга і Чорт з мяшком падарункаў. Садзяцца каля ёлкі, пачынаюць сварыцца і дзяліць падарункі. 3-за ёлкі выходзяць Дзед Мароз, Снягурка, дзеці.

Дзед Мароз. Ах вы, шкоднікі! Я зараз вас замарожу, калі па-добраму не аддасце падарункі дзецям.
Баба Яга і Чорт (разам). Аддадзім, аддадзім! Прабачце нас! Мы больш так не будзем. Але ж мы таксама хочам атрымаць падарункі, яны такія смачныя і прыгожыя.
Дзед Мароз. Згодзен! Дам вам падарункі, але напачатку паскачыце для нас.
Баба Яга і Чорт скачуць, а потым дапамагаюць Дзеду Марозу раздаваць падарункі дзецям.


Яшчэ на гэту тэму:

У "Чамучак" Новы год     Навагодняе прадстаўленне