сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. С. МАЦУК, настаўніца гімназіі № 6 г. Маладзечна. Пачатковае навучанне 7/2013

Акцыя «Спяём гімн разам»

Зала аформлена ў беларускім стылі. Абавязкова наяўнасць герба і сцяга. Вядучыя апрануты ў нацыянальнае адзенне. На фоне беларускай музыкі гучаць словы вядучага.
Вядучы. Добры дзень, паважаныя сябры! Вас вітаюць члены аб’яднання «Маладзічок» на акцыі «Спя- ём гімн разам». Мы сабраліся ва ўтульнай, прыгожай зале, каб пагаварыць пра нашу родную краіну, імя якой Беларусь, пра тое, што павінен ведаць кожны, нават самы маленькі грамадзянін нашай Радзімы.
Вучань. Мая Беларусь! —
Прыдняпроўе, Палессе,
Край сініх азёр і рэк,
Айчына Купалавай песні,
Што ў сэрцы запала навек.
П. Прыходзька.

Вучань. Неба чыстае і глыбокае I бярозавы ціхі гай —
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край.
Славай слаўная ты быліннаю,
Залатою сваёй красой,
Майскай песняю салаўінаю
I вясёлкамі над ракой.
Неба чыстае і глыбокае
I бярозавы ціхі гай —
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая, родны край.
У. Карызна.

Вучань. Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая
Радзіма Названа светла:
Беларусь!
Ю. Свірка.

Дэманструецца відэафільм пра Беларусь.
Вядучы. Паслухайце гісторыю.
Нарадзіліся ў маці тры сыны. Кажа яна першаму: «Цябе, сынок, буду прасіць, каб насіў маю карону. Я спляла яе з жытняга калосся, канюшыны, ільну, якімі квітнее наша зямля». А затым дае сыну чырвоную зорачку. «Беражы яе, — гаворыць , маці, — і глядзі, каб ніколі-ніколі не патухала гэта зорка, бо з ёю ў сэрцы змагаўся наш народ за вольнае жыццё, за сонечнае неба».
«Ты, сынок, — кажа маці другому, — насі адзенне, па якім усе будуць пазнаваць нашу багатую і мужную зямлю». I апранула сына ў чырвона- зялёна-белую вопратку.
«А ты, сынку, птах мой галасісты, будзеш спяваць маю самую любімую, дарагую песню», —
папрасіла маці трэцяга сына і падарыла яму ноты і словы песні.,
Задумалася маці: а якія ж імёны даць сваім сынам? А потым звярнулася яшчэ раз да сваіх дзяцей: «Ты, сынок першы, будзеш вядомы ў нашай Дзяржаве пад іменем Герб; ты, сынок другі, будзеш называцца Сцягам, а ты, сынок трэці, — Гімнам». Так і жывуць у маці тры сыны: Герб, Сцяг, Гімн.

Вядучы. А хто іх маці, як яе называюць?
Вядучы. Зараз мы паглядзім відэафільм пра першага сына маці-краіны — герб Рэспублікі Беларусь.
Вучань.
Над ім каронай залатой
Зіхціць даспелае калоссе
Дняпроўскіх, Нёманскіх далін.
У ім зраднілася, злілося
Жыццё людзей у герб адзін.
Дзяржаўны герб, як сонца, свеціць
На сцягу, у сэрцы, над зямлёй.
I Беларусь у белым свеце
Нязгаснай славіцца красой.

Вядучы. А вось ён — наш сцяг, другі сын маці- краіны, таксама галоўны сімвал нашай Радзімы.
Дэманструецца відэафільм пра беларускі сцяг.
Вядучы. А зараз, сябры, мы праверым, наколькі добра вы запомнілі звесткі аб сімвалах нашай дзяржавы. Калі вы згодны з выказваннямі, падымайце чырвона-зялёна-белыя стужкі, калі не — стужкі не падымайце.
Ці згодны вы, што:
✓ зямны шар на нашым гербе азначае, што Рэспубліка Беларусь — адна з дзяржаў свету?
✓ Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак — вядомыя расійскія касманаўты?
✓ Пяціканцовая зорка на гербе — знак бяспекі, мужнасці і высокіх памкненняў?
✓ Вянок у нашым гербе сімвалізуе працу і багацце?
✓ Выява герба Рэспублікі Беларусь маецца на ўсіх дзяржаўных дакументах і пячатках?
✓ Кожную другую нядзелю верасня ў нашай краіне святкуецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?
✓ Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь пастаянна ўзняты над будынкамі, дзе размяшчаюцца органы дзяржаўнай улады.
Вядучы. Што сімвалізуе кожны колер на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь?
Чырвоны колер — колер дабра і міру.
Зялёны колер — знак Сонца, перамогі і шчаслівага жыцця.
Белы колер — колер свабоды, духоўнай чысціні і мудрасці.
Вядучы. Кожную раніцу ў 6 гадзін па радыё і тэлебачанні гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Гэта ўрачыстая мелодыя заўсёды выконваецца падчас вялікіх свят ці значных падзей. Аўтар музыкі — вядомы беларускі кампазітар Несцер Сакалоўскі, словы напісаў беларускі паэт Міхась Клімковіч. Пазней паэт Уладзімір Карызна ў ранейшы тэкст унёс некаторыя дапаўненні. Новы тэкст Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь зацверджаны ў 2002 г.
Выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь вучнямі.
Вядучы. Ва ўсіх народаў і ва ўсе часы існавала абавязковае правіла — паважаць і шанаваць сімволіку сваёй дзяржавы, беражліва ставіцца да яе. Менавіта такія адносіны да дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь — грамадзянскі абавязак кожнага з нас. Дзеці, любіце сваю Бацькаўшчыну! Паважайце яе сімволіку!
Выходзяць вучні у беларускім адзенні.
Вучань.
Белы ручнік мой, белы абрус,
Сам я няцёмны душою.
Хто ў белым свеце я?
Я — беларус, —
Будзьце знаёмы са мною.
В. Жуковіч.

Вучань.
Блакіт нябёс, і белы бусел,
I кветкі ў полі, як абрус...
Мой край завецца Беларуссю,.
А сам я — хлопчык-беларус.
С. Сокалаў-Воюш.

Вучань.
Твар румяненькі,
Белая хустачка.
Я ўжо ведаю,
Я — беларусачка!
I хачу
Так, як тата і мама,
Родны край свой любіць
Я таксама!
А. Бадак.

Вучань.
Белы ручнік мой, белы абрус.
Вышыла мама кашулю.
Не прамяняю сваю Беларусь —
Не выбіраю матулю.
В. Жуковіч.

Вучань.
Мір, Радзіма, мама —
Усяму аснова.
Мір, Радзіма, мама —
Нам святыя словы.
Замяніць і страціць нельга, немагчыма
Першыя паняцці: мама, мір, Радзіма.
В. Жуковіч.

Вучань.
Мір і шчасце нам з табою
Даў не з казкі чараўнік.
Родны край наш —
Мужны воін
I сумленны працаўнік.
Л. Пранчак.

Вядучы. Беларусь мая... Колькі цяжкіх выпрабаванняў выпала на тваю долю. Але твой мужны народ змагаўся, перамагаў. Цячэ рака часу. Мінула ўжо больш за 70 гадоў з таго страшнага дня, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Зараслі шрамы акопаў, зніклі папялішчы спаленых гарадоў, выраслі новыя пакаленні. Але ў памяці чалавецтва 22 чэрвеня 1941 г. застанецца не проста як ракавая дата, але і як рубеж, пачатак адліку доўгіх 1418 дзён і начэй вайны.
Вучань.
Гэта — працягласць апошняй вайны,
Якая яшчэ прарываецца ў сны,
У нашыя сны,
А не нашых дзяцей.
Для іх яна казкай здаецца часцей.
Больш тысячы дзён Не згінаўся народ.
А хто пералічыць удоў і сірот?
Столькі вяла да Берліна дарога,
Столькі чакала жывых Перамога...
Ю. Свірка.

Вядучы. Больш за 70 гадоў назад на Беларусі адгрымелі апошнія залпы, але мы заўсёды павінны помніць тых, хто прынёс нам перамогу.
Выконваецца песня «Прадедушка» (муз. А. Ярмолава, сл. М. Загота.).
Вучань.
Пакланіцеся нізка-нізка
Тым, хто зведаў агонь і дым,
Строгім помнікам і абеліскам,
Слаўным зорачкам баявым.
Ля салдацкіх магіл памаўчыце...
Кожны з мужных салдат збярог
Цішыню, і сонца ў блакіце,
I сцяжынку на школьны парог...

Вядучы. Зямля наша, Беларусь-пакутніца, жудаснае, страшэннае выпрабаванне выпала на тваю долю, калі 26 красавіка 1986 г. выбухнуў атамны рэактар на Чарнобыльскай атамнай станцыі, здарылася ядзерная катастрофа. Гэта нябачная, маўклівая, неаб’яўленая вайна працягваецца і зараз у выглядзе радыяцыйнага выпрамянення.
Вучань.
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
У. Дубоўка.

Вучань.
Пакуль сонца не згасне,
Пакуль свецяцца зоры.
Беларусь не загіне!
Беларусь будзе жыць!
П. Панчанка.

Вядучы. Народ беларускі старанна працуе, упрыгожвае сваю Радзіму, беражэ яе цудоўную прыроду. Бо мы, беларусы, памятаем сваё мінулае, шануем сучаснае і будзем ствараць будучае. Ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша дзяржава. I кожны сам павінен задаць сабе пытанне: што асабіста я магу зрабіць для Радзімы? I тады чалавек з гонарам зможа сказаць: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!»
Дэманструецца відэафільм пра Беларусь. Гучыць верш П. Броўкі «Дарагая Беларусь».
Выходзяць вучні у беларускім адзенні.
Вучань.
О Беларусь, мая калыска,
Жыццё маё, прытулак мой!
3 гарачаю любоўю нізка
Схіляюся перад табой.
Зямны паклон табе, Радзіма,
Тваім палям, тваім лясам,
Тваім заводам з белым дымам,
Тваім гасцінцам і шляхам!
П. Панчанка.


Яшчэ на гэту тэму:

Дарагая мая беларусь     Зямля бацькоў - зямля святая