сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. Герасімовіч, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў Бібліятэка прапануе 5. 2006

Незабыўны Максім Багдановіч

Літаратурная вечарына, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння

Афармленне сцэны.

Партрэт Максіма Багдановіча, упрыгожаны рушнікамі. Букеты кветак, свечкі. Дзяўчаты ў нацыянальных строях выходзяць па адной на сцэну і паступова запальваюць усе свечкі.

1-шы чытальнік.
Пакутай спадкаемнаю
Запальваю сьвячу.
Малітву патаемную
Ў прыцемках шапчу.
Ёсьць сіла ўратавальная
Ў мігценьні слоў жывых.
I сьвеціцца астральная
Сьляза сьвятая ў іх.
Маркотны дзень адтуліцца,
Сумненьняў цень міне.
I верыцца, і суміцца,
I лёгка, лёгка мне.

Верш М.Ю.Лермантава ў перакладзе Зніча. Гучыць песня на верш М.Багдановіча «Пагоня».

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Успомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці - Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Вядучы.
Прагучалі прарочыя словы бессмяротнага і вечна маладога Максіма Багдановіча, якія ён на пачатку XX ст. прысвяціў нацыянальнай святыні - старажытнаму гербу Пагоня.
Асабліва значна яны гучаць сёння, калі мы святкуем 115-гадовы юбілей слаўнага песняра беларускага народа.
Дарагія сябры, дазвольце мне святочны вечар-успамін, прысвечаны 115-гадоваму юбілею Максім Багда­новіча, лічыць адкрытым.

2-гі чытальнік.
«Максім Багдановіч...
Кароткі быў яго жыццёвы век. Ён вымяраецца дваццаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа - закончыў. I можа, таму, што прадчуваў блізкую развязку, спяшаўся, працаваў не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творы.
Давядзецца яму пераадольваць і такую спадчынную хваробу, як туберкулёз. Хвароба, якая на нейкі час прытухала, але ніколі не пакідала яго і давала адчуваць сябе.
Якую ж трэба было мець тытанічную сілу волі і мужнасць, каб, будучы хворым, адважыцца на літаратурны подзвіг, бо тое, што ён рабіў, інакш і не назавеш.

3-ці чытальнік.
Упарта і няспынна высякаў ён са сваіх слабых грудзей гарачы агонь пачуццяў. «Не трэба ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця. Душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх», - з гонарам за свой народ пісаў М.Багдановіч.
Сёння мы ўжо не баімся даваць яму найвышэйшую адзнаку, не баімся ставіць яго імя побач з імёнамі выдатных еўрапейскіх пісьменнікаў. Створанае ім выпрабавана часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, яшчэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь свет.
Прырода надзяліла М.Багдановіча шматгранным талентам, дазволіла паспяхова праявіцца як паэту і празаіку, перакладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было ўзорам высокага служэння роднай літаратуры, роднаму народу».
А.Бачыла «Дарогамі М.Багдановіча». Песня «Зорка Максіма» у выкананні Эдуарда Акуліна.

2-гі чытальнік.
Максім Багдановіч падаў свой паэтычны голас у нялёгкі час. Калі беларускі народ быў так моцна і бязлітасна прыгнечаны, што, здавалася, ужо немагчыма абудзіць яго душу і ўратаваць мову...
Ён жа пачуў і зразумеў, што ўратаваць душу народа ад згубы пад сілу толькі слову, толькі песні...

4-ты чытальнік пад акампанемент чытае ўрывак з «Апокрыфа».
«...Пад песні кладуць чалавека ў калыску і са спевамі ж апушчаюць у магілу яго.
Шматдзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское.
Але калі зварухнецца душа чалавека, - толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.
Так вучыў Хрыстос. Але Петра, пачуўшы словы яго, сказаў: Вучыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?.
У адпаведнасці яму сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы: Мала дадзена ім - няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?
I, абярнуўшы аблічча свае да музыкі, паспытаў: калі пяюць песні ў вас?
Музыка адказаў: пяюць на Каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках.
Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ў ва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць.
I мовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе. Жывая яшчэ душа ў народзе гэтым.
I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды.
Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх. Амін».
Вядучы.
Багдановіч - надзвычай тонкі лірык. Яго паэзія багатая шчырымі і хвалюючымі пачуццямі. Пра што б ні пісаў Максім: пра лес Радзімы і народа, пра родную прыроду, пра каханне, - творы яго гучаць свежа, хвалююча, надзвычай прыгожа. Паслухайце іх.
Гучыць романс «Зорка Венера» (музыка С.Рак-Міхайлоўскага).
М.Багдановіч. Верш «Краю мой Родны! Як выкляты богам...»
Песня «Маладыя гады» (музыка Ю.Багатырова, А.Саўчанкі)

Літмантаж

1.
Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі
Каля агнішча лёг і сціхнуў у паўсне.
Агонь усё слабеў... у рэшце знік паволі...
I ураз зрабілася весела неяк мне!
Хай, шэры попел, ты агнішча ўсё сабою
Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць, -
Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,
Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць...
Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,
Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,
Хаваючы сабой агонь гарачы веры,
-Хай не відаць яго... а ўсё ж ткі ён не згас!
2.
Даўно ўжо целам я хварэю,
I хвор душой, -
I толькі на цябе надзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды.
Калі ж у ім умру-загіну, -
Не жалюсь я!
Не будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там, пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой.
3.
Свяча бліскучая зіяе,
Каб расступілася імгла;
У яе агні - краса жывая,
Яна прыгожа і святла.
Ублізі матыль дрыжыць ад болю,
Прываблены з імглы агнём.
Ён рынуўся туды без волі
I смерць сваю спаткаў у ём.
Свяча гарыць...
3 яе ліецца
За кропляй кропля, як раса,
А матылёк ужо не б'ецца:
Табе ахвяра ён, краса!
4.
Мы гаворым удвух пры агні ў цішыне.
Рупна фарбай пісанку малюеш ты мне.
Як маркотны твае маладыя гады!
Ты не знаеш сама, сколькі мела нуды.
Што яна парабіла, ліхая, з табой,
Што зрабіла з душою тваёй маладой.
Бач, які ў пісанкі пануры калёр,
-I пануры калёр, і няяркі вузор.
Ці то мнішка старая зрабіла яе?
Пашкадуй ты гады маладыя свае.
Маладое жыццё праляціць, прабяжыць,
-Не забудзься вясёлых калёраў зажыць.
5.
Кінь вечны плач свой аб старонцы!
Няўжо жа цёмнай ноччу ты
Не бачыш, што глядзіцца сонца
Ў люстэрка - месяц залаты?
Не згасла сонца! Сонца гляне,
Усіх падыме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане, -
I «ачуняе старана»!
Я пад яе зімовай маскай -
Пад снегам - бачу твар вясны,
I вее верш мой дзіўнай казкай,
I ясны ён, як зорак сны.

Вядучы.
На гэтай аптымістычнай ноце мы закончым вечар-успамін, прысвечаны дню нараджэння М.Багдановіча. Гучалі вершы М.Багдановіча, урывак з яго «Апокрыфа», урыўкі з кнігі Алеся Бачылы «Дарогамі Максіма Багдановіча».
Дзякуем за ўвагу!


Яшчэ на гэту тэму:

«...Вечна юны, як наша зямля»     Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі