сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ЯНКОЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дзяржынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 2. Роднае слова 2012/3

Наш боль - чарнобыль...

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Мэты: вучыць успрымаць мастацкае слова; праз літаратуру асэнсоўваць гістарычныя падзеі; выхоўваць спагадлівасць, неабыякавасць да гістарычнага мінулага.
Абсталяванне: відэасюжэты дачарнобыльскіх краявідаў; плакаты, прысвечаныя трагедыі; выстава малюнкаў першакласнікаў “Мой свет”; прайгравальнік.
Эпіграф:
. . .Мінулае лепшым ужо не стане.
Яго не змяніць. Ды заўтрае - зменна...
Д. Бічэль.
Настаўнік. Нашы заняткі не зусім звычайныя. Свята сёння не атрымаецца. Не будзе звыклага лінгвістычна-мастацкага аналізу вершаў. Таму што творы, якія мы сёння пачуем, аналізаваць немагчыма. Гэта крык душы беларусаў.

Удумайцеся ў словы Дануты Бічэль. Ці ёсць “заўтра” ў тых людзей, што жывуць у небяспечных раёнах? Ці можна яго змяніць? Няўжо зноў кожны чацвёрты? Наша літаратурная кампазіцыя - гэта рэквіем ахвярам Чарнобыля, нашай спакутаванай зямлі.

Хлопец з дзяўчынай выконваюць пад гітару песню “Мой родны кут”, на экране змяняюцца краявіды Беларусі.
Песня заканчваецца, але мелодыя яе працягвае гучаць, і на яе фоне тыя ж вучні пачынаюць дыялог.


Дзяўчына.
Ад чаго ты самотны, бусел,
у гняздзе над знямелай вёскай?
Хлопец.
Я сумую па Белай Русі,
дачарнобыльскай, чыстаросай.
Дзяўчына.
Ад чаго пачарнеў ты, бусел,
у палескім бары атрутным?
Хлопец.
Ад жалобы па Белай Русі,
зганьбаванай і шматпакутнай.
Дзяўчына.
Ад чаго пасівеў ты, бусел,
і чаму не ляціш у вырай?
Хлопец.
Лепш памерці на Белай Русі,
чым чужыну назваць Айчынай.
Настаўнік.
Каб соль не страціла
Уласцівую ёй солкасць,
А песня - гукаў,
Трапяткіх і кволых,
Вясёлка - колераў,
Каханне - шчырасці,
А чалавек душы сваёй,
Вялікай, несмяротнай -
На свеце існуе
Мастацтва.
С. Дзяргай.
Сапраўднае ўсведамленне Чарнобыльскай трагедыі прыйшло пазней...

Янка Сіпакоў адным з першых у беларускай літаратуры забіў у набат, будзячы сумленне і гонар народа. Прапануем вашай увазе ўрыўкі з яго паэмы “Одзіум”.

Музычная застаўка (11 вучняў выходзяць на сярэдзіну класа).

Настаўнік.
Ойча наш, калі ты ёсць на нябёсах!
Два браты і сястра з нетутэйшымі імёнамі -
Катаклізм, Апакаліпсіс і Катастрофа -
нецярпліва, прагна ўглядаюцца
ў тутэйшую зямлю
і ласкава гладзяць па раскудлачаных валасах
сваю нашчадніцу, спадкаемніцу, якая,
ці чуеце, мае такое ўжо тутэйшае імя:
Бяда.
Чорнае слова, як чорнае сонца, бязлітасна
ўскацілася на беларускі небасхіл.
Чорная боль - Чарнобыль.
Чорны боль - Чорнаболь.
Усё, з чым дружыў чалавек і што дружыла з чалавекам, пасварыў Чарнобыль.
1-ы вучань.
“Усё лета я хаваўся ад радыяцыі”, - хваліцца
хлопчык з той страшнай зоны, бо пакуль
яшчэ не ведае, што ад радыяцыі
схавацца нельга.
“Доктар сказаў, што ў мяне дужа многа
радыяцыі”, -
сумуе дзяўчынка з той жа самай зоны,
бо ўжо ведае:
тое, што з ёй, за ёй назаўсёды -
радыяцыя не прастуда,
яна не выводзіцца.
2-і вучань.
Атамнікі пасварылі чалавека з усёю прыродаю.
3 жывою і мёртваю пасварылі.
I нават жывую прыроду зрабілі мёртваю.
Чыстае зрабілі брудным.
Была, ці чуеце, вёска, а стала зона адсялення.
Было поле, а стала зона адчужэння.
Быў лес, а стала зона пастаяннага
радыяцыйнага кантролю.
Была пчала - пацешная такая,
А стала атамнаю бомбаю.
3-і вучань.
Усё зараз можа быць рэактарам: і копка сена,
далёкая ад зоны, - рэактар; і дрэва, якое
жыве тут спрадвеку, - таксама рэактар.
I чалавек абпраменены - рэактар.
Колькі здаровых людзей ён можа зрабіць
хворымі, жывых - мёртвымі.
Жывая зямля прымае хворых
на радыяцыю людзей
і сама становіцца мёртваю.
Каму зажадалася забіць здаровую зямлю,
пасеяць на ёй мёртвае?!
4-ы вучань.
Хатынь сабрала пад сваё неба чатыры сотні
знішчаных вайною вёсак.
А колькі мёртвых, хоць і ацалелых вёсак,
забярэ без вайны, праглыне Чарнобыль?
2670 вёсак і 27 гарадоў знаходзіцца сёння
на забруджанай зямлі...
Мы ўсюды і ва ўсім спяшаліся быць першымі:
першымі жадалі прыбегчы ў камунізм,
першымі выракліся роднай мовы...
А сёння мы першыя яшчэ і па радыяцыі.
5-ы вучань.
Там нельга жыць і апрацоўваць зямлю.
Там жывуць і апрацоўваюць зямлю.
Жыць нельга, а жывём.
Есці нельга, а ядзім.
Маўчаць нельга, а маўчым.
Горш таго - гаворым:
“Мы справімся сваімі сіламі”,
“Нам не патрэбна ніякай дапамогі”.
Не мы ж самі ўчынілі на сваёй зямлі
гэтую бяду - нам падарылі яе ліхадзеі.
6-ы вучань.
Беларусаў не трэба вучыць спагадзе:
яны самі ведаюць, што значыць
спачуванне і міласэрнасць.
Дзякуй табе, мой родны народ, за дабрыню,
за міласэрнасць і спачуванне дзякуй!
За высакароднасць дзякуй.
Дзякуй за спагаду да чужой бяды.
Але нехта мог бы і падказаць табе:
“Памажы і сваім нівам і птушкам,
рэкам і дрэвам,
хатам і людзям”.
Дзецям сваім памажы!!!
7-ы вучань.
На цэлы народ ты паставіў крыж,
зненавідны наш “мірны” атам...
Дзе сёння тыя салдаты, якія голымі рукамі
Збіралі ў пагнутыя вёдры
радыеактыўны графіт?
Дзе тыя героі, якія ў самае пекла, у самы
радыеактыўны шал спяшаліся як найвышэй
і найхутчэй узнесці над звар’яцелым рэактарам
наш родны сцяг?
Як адчуваюць сябе тыя сяляне,
якія ўсе гэтыя
трывожныя гады аруць радыёактыўную зямлю?
8-ы вучань.
Не заўважаюць прайдзісветы разгубленасці
народа, не чуюць яго роспачы.
Што ім да таго, як нараўлянскія
ці брагінскія маці
кормяць сваіх дзяцей?
Даюць дзеткам хлеб, а самі дрыжаць ад страху,
даюць малачко, а ў саміх слёзы на вачах,
даюць яблык, а ў саміх сціскаецца сэрца:
колькі ж бэраў ці кюры з’есць малое
з тым хлебам, малачком ці яблычкам?
9-ы вучань.
Разлучыў мірны атам дзяцей са спрадвечнымі
сябрамі - ім не дазваляюць сустракацца
з лугам, лесам, рэчкаю.
Але што ж гэта за дзяцінства без лугу,
без лесу, без рэчкі?!
Мы радаваліся хмаркам, а ім трэба іх баяцца.
Нам было радасна бегаць па траве, а ім яе
трэба баяцца.
Мы елі яблыкі, а ім іх нельга.
10-ы вучань.
Мінулае забівае будучыню, нараджаючы калек
у жывой і нежывой прыродзе.
Мутацыя..
Яна спараджае гігантызм у жывёл і дрэў.
Мутацыя - дзіця радыяцыі.
I хоць усё гэта - нібы з нейкіх кашмарных
сноў, не трэба ўсміхацца і махаць рукамі.
А яны ўсе гэта хочуць схаваць.
I баяцца слоў. Але яшчэ баяцца маўчання.
11-ы вучань.
Нахабна спраўляюць свой жуд,
раскашуюцца на тутэйшай зямлі
два браты і сястра
з нетутэйшымі імёнамі - Катаклізм,
Апакаліпсіс і Катастрофа, -
а за імі аж скуголіць ад задавальнення
іхняя мутнавокая спадкаемка з
быццам бы тутэйшым імем - Бяда...
Настаўнік.
I ўсё ж падай, семя, на маю
зняможаную зямлю!
I прарастай.
I спялі такую патрэбную нам зараз надзею.
Бо, калі ёсць бяда, трэба, каб была і надзея.
Хай сабе да яе яшчэ так далёка.
Аж 24 000 год - такі перыяд
паўраспаду радыеактыўнага плутонію.
Людзі жывуць коратка, а радыенукліды доўга.
Але ж мы цярплівыя.
Будзем чакаць!
3 веку ў век.
Амін.

Гучыць запіс царкоўнага хору.
Настаўнік. “Даруйце, але Беларусь сапраўды на краі бездані! - пісаў Алесь Адамовіч у лісце да Міхаіла Гарбачова 1 чэрвеня 1986 г. - Патрэбна неадкладная дапамога народу, які сам заўсёды ахвяраваў у цяжкія для краіны гады. Беларусы рэдка плачуцца...”

Але прыйшоў час - і мы плачам, хаваючы родных і блізкіх, гледзячы, як пакутуюць дзеці. Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Мікола Мятліцкі, Харытон Гурыновіч, Сяргей Законнікаў, Валянціна Аколава - вось невялікая частка тых прадстаўнікоў нацыянальнай паэзіі, хто аднымі з першых адгукнуліся на трагедыю.

Зараз паслухаем вершы некаторых з іх.
Вучні выразна чытаюць вершы.
“Крыжы на вокнах”. П. Макаль.
“Пакінутая вёска”. X. Гурыновіч.
“Бежанцы”. В. Макарэвіч.
“Матыль”. X. Гурыновіч.
“Чарнобыльская калыханка”. А. Камароўскі.
Настаўнік (каля выставы малюнкаў першакласнікаў).
А дзеці малююць... Вось якім бачаць яны сваё заўтра. Дзеці не вераць, што сонца, паветра, вада - іх спрадвечныя сябры - могуць стаць забойцамі. Калі ёсць бяда, трэба, каб была і надзея. Што ж, хай яна жыве і ў нашых сэрцах!

Вучань чытае верш “Што было на Беларусі” У. Паўлава.

Яшчэ на гэту тэму:

“Ад чаго пасівеў ты, бусел?..”     “Пакуль вятры Чарнобыль раздзімаюць”