сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена АЎДЗЕЕВА настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ№ 154 г. Мінска. Роднае слова 3/2003

“Калі б не тая ноч красавіка...”

Літаратурна-музычная кампазіцыя ў памяць ахвяраў чарнобыля

Вучань.
Чалавек нараджаецца жыць
і над лёсам яго хтосьці шчодры
запальвае зорку,
і ў вышынях тчэцца новай
мелодыі ніць
над салодка-мядовымі травамі
і над травамі з прысмакам горкім.
................................
Чалавек нараджаецца жыць
у разорах зярняты чакаюць свой міг
абуджэння,
недзе ў мокрай траве
птушаня закрычыць - загучыць
голас траў, ручаёў
і таго, што не мае наймення.
Віктар Ярац. Чалавек нараджаецца жыць...

Настаўніца. Радыяцыя паступае да нас з касмічных промняў, ад радыеактыўнай горнай пароды і з іншых прыродных крыніц. Яна няўлоўная для органаў пачуццяў. Захворванне наступае тады, калі радыеактыўныя рэчывы распадаюцца і часцінкі распаду пранікаюць у клеткі, выклікаючы ў іх будове змены.

Горад Чарнобыль быў заснаваны за сем стагоддзяў да таго, як Марыя Складоўская-Кюры адкрыла хімічныя элементы палоній і радый і ўвяла ва ўжытак тэрмін “радыеактыўнасць”, што зрабіла сапраўдны пераварот у навуцы. У гонар вучоных М. Складоўскай-Кюры і П. Кюры была названая адзінка вымярэння радыенуклідаў - кюры...

На працягу 800 гадоў жыхары горада і яго ваколіц працавалі на зямлі, вырошчвалі жыта, гадавалі жывёлу. Напалеон і Гітлер спрабавалі захапіць тутэйшыя землі, але пацярпелі паразу. Пераадольваючы голад, варожую навалу, нашэсці хвароб і халодныя зімы, чарнобыльцы трымаліся сваёй зямлі.

Вучаніца.
Калі б не тая ноч красавіка,
Што горыччу дыхнула неспазнанай,
Як і раней, цякла б між траў рака,
Як і раней, суніцы спелі б на палянах.
Як і дагэтуль, радасць птушанём
Здзіўлёна кроплі ў дзень лавіла б летні
Нябёс лагодных, што вадою гром
Астуджваюць над лугам перагрэтым.
Шукаў бы зноў грыбнік баравіка,
I рыбака б удача не мінала,
Калі б не тая ноч красавіка,
Якой і ў страшным сне зямля не знала.
Віктар Ярац. Балада Палесся.
Цяпер Чарнобыль пусты, пакінуты, пазбаўлены чалавечага цяпла, акружаны маўклівым лесам. Ён - з ліку 179 вёсак і гарадоў, эвакуяваных пасля адной з самых жахлівых падзей у гісторыі чалавецтва - атамнай катастрофы на ЧАЭС.

Гучыць сумная мелодыя.

Настаўніца. Падзеі, якія прывялі да аварыі, пачаліся раніцай 25 красавіка 1986 года. Згодна з навуковай праграмай, планавалася спыніць чацвёрты блок і правесці эксперымент. Хацелі вызначыць, колькі часу турбіны генератара змогуць па інерцыі вырабляць электраэнергію і прыводзіць у дзеянне вадзяныя насосы для ахалоджвання рэактара.
Вучань.
Буслы... Луг...
Ландышы... Дуброва...
Аж выцінае салавей.
У рай патрапіла ты, слова,
Ці ў незваротны нейкі век?
Ды чую: так было спрадвеку...
А вось прыйшлі мы да мяжы:
“Ці будзе так?” над чалавекам
Пытанне роскаю дрыжыць...
Яўген Хвалей. У маі пасля Чарнобыля.

Настаўніца. 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС выбухнуў. Выбухаў было два з інтэрвалам у тры секунды. Стрыжань рэактара разарваўся на часткі, а тысячатонная накрыўка ўзляцела ўгору і прабіла дах. Смяротная хмара радыеактыўных рэчываў паднялася ў паветра.
Вучаніца.
Мой хворы край, у чым твая віна,
якіх багоў ты ўвёў у гнеў суровы?
маўчыць твая (на стронцыі) трава.
Маўчаць твае азёрныя дубровы.
Маўчаць твае сасновыя бары,
што радасцю віталі і дарылі
духмяныя і шчодрыя дары
і спеў галін густых
зялёнакрылы.
Маўчаць твае бярозы і снягі -
яны ні кроплі ў тым не вінаваты,
што воблакі - атрутныя мяхі -
рассыпалі атрутныя зярняты.
Віктар Ярац. Мой хворы край...
На Чарнобыльскай АЭС у час аварыі знаходзілася 176 чалавек, але найбольш пацярпелі пажарнікі.

Гучыць музыка. Выходзяць 4 вучні са свечкамі.

1-ы вучань. Лейтэнант Віктар Правік - самы малады з пажарнікаў, Яму было ўсяго 24 гады. Вельмі добры, мяккі чалавек, захапляўся фатаграфіяй, пісаў вершы і маляваў. Загінуў у першыя гадзіны аварыі.
2-і вучань. Лейтэнант Віктар Кібянок - таксама пажарнік. Любіў спяваць і танцаваць, быў улюбёнцам публікі на ўсіх канцэртах пажарнай часці. Загінуў у час пажару.
3-і вучань. Старшы сяржант Іван Ціцянок разам з усімі сваімі таварышамі па працы прадухіляў пажар. Іван сумленна выконваў сваю справу - ратаваў атамную станцыю, ратаваў Прыпяць, Чарнобыль, ратаваў усіх нас. Загінуў...
4-ы вучань. Сяржант Уладзімір Цішура быў першы, хто кінуўся на барацьбу са стыхіяй, хто, не губляючы ні хвіліны, абараняў нашыя жыцці. Загінуў пры пажары.
Вучаніца.
Чалавек нараджаецца жыць
і з даверам сцяжынкі бягуць
да шляхоў разгуканых,
а на вейках язміну расінка
дрыжыць азяблай планетай,
зацвітаюць чарніцы і зёлкі
на духмяна-зялёных палянах.
Віктар Ярац. Чалавек нараджаецца жыць...

Гучыць песня “Доўгая пакута” (словы Леаніда Дранько-Майсюка, музыка Ядвігі Паплаўскай)*.

Вучаніца.
Ты вяскуй, Беларусь,
Ты вяскуй -
Край дубровы, бусловы,
Шпачыны...
Толькі б кожны
У тваім каласку
Прызнаваў за табою
Айчыну.
Ты дазволь, Беларусь,
Ты дазволь:
Хай стагоддзяў
Зайграюць арганы,
Каб нашчадкам
Не чуўся наш боль,
Што сціскае за горла
Арканна...
.....................
Ты распрам, Беларусь,
Ты распрам,
За гады
Прыгарбелыя плечы...
Дай званы
Ты сваім званарам
I пакліч нас
На веча, на веча,
На веча...
Віктар Стрыжак. Беларусі.

Настаўніца. Чарнобыльская катастрофа і сёння не перастае апякаць нашы сэрцы, яна вярэдзіць нашу памяць успамінамі пра нечуваную бяду, што раптоўна абрынулася на славянскія землі і на ўсю планету.

___________
* Ноты і тэкст песні “Доўгая пакута” можна знайсці на с, 200 у часопісе “Роднае слова” (1997. № 10). - Заўвага рэд.

Літаратура

Воспитание с любовью. Минск, 1999, С. 25 - 35.
Прайсці праз зону: Проза. Паэзія. Публіцыстыка. Мінск, 1996.
След чорнага ветру. Мінск, 1991,

Дапаўненне

Алесь КАМАРОЎСКІ
ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ КАЛЫХАНКА

- Мама, мама,
Там, у зоне,
Засталася лялька Галя...
- Спаць, дачушка,
Трэба сёння...
Ёсць жа лялька ў нас
Другая...

- Мама,
Ёй адной там
Страшна,
Яна просіцца,
Сумуе...
- Спі, дачушка...
Лялька наша
Хату сёння
Там вартуе...

- Ну а заўтра?
Заўтра, мама?
Яна прыйдзе к нам
На святы?

- Не, дачушка,
Бо таксама
Не пакіне нашай хаты...
Маме ў вочы
Горкай солі
Сыпнуў
Успамін аб зоне...
Без любімай лялькі
Сёння
Не заснуць
Маленькай Соні...


Яшчэ на гэту тэму:

“Імя той зоркі — палын...”     Наш боль - чарнобыль...