сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ірэна Уладзіміраўна МОНІНА — мастак народнай творчасці, выкладчык спецдысцыплінаў гімназіі № 23 г. Мінска.

Каляда

Сцэнар зімовага народнага свята

У земляробстве год коціцца нібы кола, паўтараючы поры года у адпаведнасці з цыклам сонцастаяння. 3 24 снежня да 6 студзеня "сонца паварочвае на лета" - дзень прыбывае аж да сакавіцкага раўнадзенства. Кола, календы (ад лац. Саlendае) - назва першага дня кожнага месяца на лацінскай мове. Адсюль назва гэтага святочнага часу, на які прыпадае і свята Нараджэння Хрыста.
Беларусь увабрала ўсё каштоўнае з гэтых традыцый, і таму школа павінна ўшаноўваць калядны цыкл. Усе жанры творчасці маюць тут магчымасць выявіцца сваімі найлепшымі здабыткамі. Батлейка.(народны тэатр-лялек), народная драма, гульні і забавы, маскарад і спевы, танцы і касцюмы, дэкаратыўнае, мастацтва і скульптура з цеста і снегу, а таксама магічныя рытуалы — усё гэта арганічна спалучаецца на Каляды. Далучым да гэтага народнае кухарства і настрой забавы і ўрачыстасці забяспечаны.
Падрыхтоўка да Калядаў пачынаецца за месяц. У планах школьных студый усіх жанраў творчасці павінна быць адзначана адзіная мэта - арганізацыя каляднага свята. Таму трэба сабраць адпаведныя ўпрыгожанні для залы, дзе будзе адбывацца калядны вечар ці ранішнік.
Набор звычайны: посцілкі і ручнікі, надзежнікі-сурвэткі накрываць хлеб і іншыя прадукты. На рытуальны стол пад абрус кладуць сена, сцяну завешваюць прыгожай тканай посцілкай і ручнікамі. Спатрэбяцца адзенне ручной работы (ці дэталі да яго), а таксама маскі-вобразы традыцыйных для Беларусі свойскіх і дзікіх жывёл, чыстай і нячыстай сілы.
Калядная зорка - абавязковы атрыбут свята. Гэта васьміканцовая выява зоркі каля 60 см у дыяметры (пажадана, каб на ёй былі замацаваны сродкі асвятлення). Раней для гэтага выкарыстоўвалі свечкі, у 30-я гг. мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі моладзь пускала ў ход і электрычныя ліхтарыкі. Тут фантазія не абмежавана, але зорка павінна быць аформлена па-мастацку.
Каза - абавязковы калядны персанаж, бо яна падчас дзеяння мае свае маналогі і мізансцэны.
Бусел — носьбіт чыстае сілы, з ім прыходзіць сталае цяпло, ён наклікае, паскарае прыход жаданых з’яваў, рэчаў і пары. У сутыкненні персанажаў на Каляды ёсць рытуальная мэта: прыспешыць дабро, цяплынь, багацце, ураджай.
Кабыла — радасны персанаж, сімвал дабрабыту і еднасці чалавека з прыродай, дзецям і дарослым памочніца і забава.
Мядзведзь - памочнік. Калі ён не ў бярлозе, то шукае цёплы кут, носіць мех з падарункамі, бо сілы ў яго багата.
Паміж звярамі і людзьмі, як ва ўсякай грама - дзе, прысутнічае Чорт. Яго не баіцца Цыган і Цыганка, без якіх, этнічная карціна сярэднявечнай Беларусі была б няпоўнай. Сярод бадзяжнага люду можа быць адстаўны Жаўнер. Важныя персанажы - Дзед і Баба. Яны гаспадары, для іх ладзіцца канцэрт, яны ж i плацяць ганарар артыстам — каўбасамі, пірагамі, рознымі прысмакамі. Пацешкі - гэта напамін пра першых прафесійных артыстаў у старажытнай Беларусі - блазнаў. Таму кожны рэжысёр можа імправізаваць, падбіраючы для ўдзельнікаў маналогі і дыялогі народнага тэатра, батлейкі, жарты, гульні, нават акрабатычныя эцюды.
Шчодрая дзяўчына, маладая, прыгожая, у кароне-вянку з рознакаляровымі стужкамі можа прысутнічаць на абрадах у шчодры вечар, калі спяваюць Шчадроўскія песні, што ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню і іх дзяцей. Звычайна дзяўчына носіць. калядную зорку, наводзіць на хату радасць і прыгажосць.
Увесь гурт складаецца прыкладна з дванаццаці чалавек, калі не лічыць гаспадароў, музыкаў і іх кампанію.
Дзённы паказ не абмяжоўвае ўзросту ўдзельнікаў. Але калі вечарэе і гурт робіць абход знаёмых, у ім застаюцца толькі старэйшыя, малых дзяцей не бяруць. Зімою вечар надыходзіць рана, таму перад канікуламі варта зрабіць спецыяльны расклад урокаў і наладзіць абход класаў з калядаваннем. Тут усё залежыць ад спецыфікі школы і яе ўмоваў. Можна наладзіць скарочаны варыянт абходу, запрашаючы на вялікае свята.

Сцэнар каляднага абраду

Ва ўмовах школы выбіраецца месца для калядоўшчыкаў і гледачоў. Гледачы адгароджаны ад пляцоўкі прасламі плоту, на слупах якога вісяць гаршчкі. Месца дзеяння - выгарадка хаты — залежыць ад магчымасцяў афармлення. Трэба пазначыць печ з прыпекам, сцяну з ручнікамі і посцілкай, ражон з каўбасамі. Па цэнтры - стол, пакрыты сенам, а зверху - абрусам. На ім — прысмакі, саган з куццёй, збанок або гляк з квасам, сіта або міса з блінцамі і інш.
На покуці — Дзед і Баба. Гучаць запісы калядных спеваў у выкананні фальклорных калектываў (калі такіх запісаў няма, можна іграць за сцэнай "Саўка ды Грышка ладзілі дуду, каб павесяліцца, сустрэць Каляду").
У хату завальваюцца Пацешкі і Музыкі з бубнам, дудкамі і іншымі народнымі музычнымі інструментамі.

1. Гой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі!
Надышлі Калядкі!
Напяклі аладкі.

2. Мы надралі таркаю
Дранікі духм’яныя.
Хочаш - еш са скваркаю,
Хочаш - са смятанаю.
3. Вось вам, калі ласка,
3 жэрдачкі каўбаска!
Вось кавалак пірага,
Каб не брала вас туга

4. Гой, ладачкі-ладкі!
І мядок салодкі
Да лясной гарбаткі
Наліем у сподкі
І запахне рутай,
Верасам, чаборам,
Каб зімою лютай
Нам не знацца з горам.

5. Бярыце з талеркі,
Лізунцы, цукеркі!
Цешце сябе, цешце,
Галубкі-галубкі.
Ешце уволю, ешце,
Ды не псуйце зубкі.

6. Бохан — поўняй яснаю,
Яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё з уласнае
Нашай гаспадаркі.

7. Калі вам прысмакі
Прыйдуцца да смаку,
Прынясіце людзям
Шчырую падзяку.

8. Гой, ладачкі-ладкі,
Пляскаем у ладкі.
Гой, ладачкі-ладкі,
Святкуем Калядкі!!!
Гэй, добрыя людзі!
Паглядзіце, што будзе —
Дзед з бабай гуляюць,
Да сябе запрашаюць!
На забаву спяшайцеся,
Ды не вельмі щтурхайцеся!
Гэй добрыя людзі,
Паглядзіце,што, будзе!

Баба.
А мае ж вы людцы,
Якое дзеду гулянне?
Нам самы сон
Ад вячэры да снядання,
Дзед.
Што ты, Баба,
Ці ж даўно мы былі маладыя?
І гулялі, і кахаліся,
I крадком цалаваліся!
Ці ты ўжо забылася,
Ці баішся, каб за мяне дзеўкі не пабіліся?
Баба (сарамліва махае на яго рукамі, смяецца).
Ой, кавалер, галава, як гляк, лыса
Глядзі, каб не пабілася аб яе міса!
Пацешка.
Скажы, Баба, што тут над абрусам,
Не то Дзедава прычоска, не то сена?
Баба.
А вось я хачу ад вас, госцейкі, пачуць,
Нашто на Каляды пад абрус сена кладуць?
Пацешка.
А ну адгадайце! Хто правільна адкажа,
Таму баба салам губы памажа.
Гучаць розныя версіі, нехта адказвае правільна.
Баба.
Праўда, праўда, такі калядны звычай:
Чым даўжэйшая трава, тым лепшы ўраджай будзе.
Пацешка (да Дзеда).
Дзеду, Дзеду, скажаш ці не,
Што за скарбы ў цябе ў чыгуне?
Дзед ставіць саган на стол.
Дзед.
У гэтым сатане Калядная Куцця,
А з ёю цэлы год
Заможнага жыцця,
Баба.
- Ціха, Дайде паслухаць,
Хто так хораша спявае?

Гучыць песня "Там на полі ёлка".

Ноты песні Там у полі ёлка
Там на полі ёлка
Руспусціла зёлка.
А хто піе, хто гуляе? 2 р.
- Рыгарова жонка!

Няхай яна піе
І няхай гуляе,
А хто яе, маладзенькай, 2р
Дамок даглядае?

- Даглядае бацька,
Даглядае маці,
Які ў яе, маладзенькай 2р
Парадак у хаце!

Там на полі ёлка
Руспусціла зёлка.
А хто піе, хто гуляе?
Рыгарова жонка!

Хату запаўняе гурт калядоўшчыкаў з песняй "Добры, вечар добрым людзям".
Добры вечар добрым людзям!
А ў гэтым даму сам пан гаспадар.
Добры вечар добрым людзям!
Сам пан-гаспадар да й на покуці.
Добры вечар добрым людзям!
А каля яго жонка малада.
Добры вечар добрым людзям!
А каля яе дзетачкі малы.

Паказваюць на Пацешкаў, якія прыкідваюцца дзецьмі.

Баба.
Ой, як хораша спяваеце!
Мусіць, ад бога талент маеце!
Пацешка.
Дазволілі адну -
Дазвольце другую:
Ваш дом звесяліці,
Нам вясёлымі быці.
Госці (наперабой):
Ваша хата -
3 гліны,
3 саломы — падваліны
Як гэту развалім,
Дык нову паставім.
Пацешка.
Мы не варагі,
Бярэм хлеб і пірагі.
Госці.
Каўбасу да запасу,
Гуся за ногі
І барана за рогі.
Каза (грукае ў плот і спявае або прыгаворвае).
Гэй, маміна мама,
Адчыняй мне браму!
Гэй, дзед-барада!
Прыйшла Каляда!
Прыйшла Каляда!

Гучыць музыка, усе скачуць і спяваюць шчадроўку "За сяньмі, сяньмі там за новымі".
За сяньмі, сяньмі там за новымі. — 2 р.
Шчодры вечар, Добры вечар.
Стаіць святліца, нова зрублена. - 2 р.
Шчодры вечар, Добры вечар.
У той святліцы Чатыры акны. - 2 р.
Шчодры вечар, Добры вечар.
У першым акне ясна сонейка. — 2р.
- Шчодры вечар, Добры вечар.
У другім акне -ясны месячык. -2 р.
Шчодры вечар, Добры вечар.
У трэцім акне - дробны зоранькі. - 2 р.
Шчодры вечар, Добры вечар
У чацвёртым акне цёмна хмаранька. 2 р.
Шчодры вечар, Добры вечар.
Ясна сонейка то жонка яго,
Ясны месячык - то сам гаспадар,
Дробны зорачкі - то дзеткі яго,
Цёмна хмаранька — то жыта яго.
А з карэнечка - караністае,
А з саломінкі - ды сцяблістае.
Шчодры вечар, Добры вечар.
А дай жа Божа пану гаспадару
Ой, жыці, быці, піва варыці,
Піва варыці, сына жаніці,
Квас гатаваці, дочкі замуж даваді.

Шчодрая дзяўчына. Добры вечар, шчодры вечар. А ці дома сам пан гаспадар?
1 -ы калядоўшчык. Ой, нам казалі, што няма дома.
Гаспадар. Дома, дома, праходзьце калі ласка! Добраму госцю заўсёды рады.
Мядзведзь. Ой, ты, пан харошы, Рыхтуй талера і грошы.
Баба. А вы, хлопчыкі, не зявайце. Сабе дзевак выбірайце!
Усе. Гэй, Каляда!
Павадыр.Казу вядзём, людзям радасць нясём!
Усе. Гэй, Каляда! Добры вечар, шчодры вечар!
1-ы калядоўшчык. Го-го-го, Каза, го-го, шэрая, Дзе рогі дзела?
Каза. На соль праела. Соль, дарагая, мера скупая.
Павадыр.
Не дыбай, Каза,
Крывыя ногі,
Не станавіся
Папярок дарогі.
То будзе пан ехаць, казу прыб’е,
А повар зрадзіць
Раду худую, раду худую -
Козачку зжыць, у супе зварыць.
А са скуры - халявы пашыць.

Жаўнер паказвае халявы i пачынае спяваць песню пра Казу-Мацеху. Водзяць Казу, яна вырываецца.
Жаўнер.
Паслухайце, людцы!
Спяю на пацеху
Пра Калядкі, пра аладкі,
Пра Казу-Мацеху;

Пр ы п е ў:
Тру-лю, ту-лю, ту-лю- лю
Каза, Козанька, Каза!
Тру-лю, ту-лю, ту-лю-лю,
Коза - Коза - дзераза.

Козанька-Мацеха
Усім на папеху
Жыта меліць на аладкі,
Аладкі ў Калядкі.
П р ы п е ў.
Козанька-Мацеха
Усім на пацеху
Варыць піва, робіць квас,
На Калядкі просіць нас.
Пры п е ў.
Козанька-Мацеха
Усім на пацеху
Смажыць сала, каўбасу,
У Калядкі паднясу.
П р ы п е ў.


У канцы песні Кала падае на падлогу.

Павадыр.
Ой. Каза упала,
Здохла, прапала.
Гаспадар ідзе,
Каляду нясе.
І гаспадыня ідзе,
Каляду нясе.
4-ы калядоўшчык.
Трэба Казе дагаджаць,
Бо дзе Каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Мядзведзь.
Дзе прабягае, там вылягае.
Дзе Каза рагамі, там жыта стагамі.
1 -ы калядоўшчык.
Дзе Каза хвастом,
Там жыта кустом!
Павадыр.
Дзе Каза нагою, там жыта капою.
Шчодрая.
Ды ты, гаспадынька, не будзь такая,
Як тая была барабаніха.
Ідзі, гаспадынька, у клетачку
Ды зазірні у бачок,
Дзе стаіць мачок.
Залезь у баляску
Ды дастань каўбаску.
Павадыр.
Палажы Казе на рожанькі два пірожанькі.
Усе. А на хвасточак - сала кусочак.

Каза ўстае. кланяецца. Гаспадыня нясе прыпасы, а гаспадар кланяецца калядоўшчыкам, дзякуе за шчырыя пажаданні і запрашае іх паспытаць скаромную куццю.
Калядоўшчыкі бяруць з гаршка кашу, печаныя яблыкі.


Гаспадыня. Хоць наша хата і не вельмі багата, але ж тое-сёе ёсць, вось і мядок, і сырок, і каўбаса, і піражок, частуйцеся!
Кабыла (нізка кланяецца).
Гаспадынька-перапёлачка,
У цябе ж сырочку поўна полачка.
А мы цябе віншаваць будзем.
I з дзеткамі, і з сямейкамі,
I яшчэ з добрым здароўечкам!
Каляднічкаў зноў сустракала.
Падарункамі надзяляла.
Дзед.
Трэба, трэба Казе дагаджаць
Ды прысмакі розныя даваць.
А хто не хоча Каляду даваць,
Няхай ідзе у круг гуляць.
Будзем зараз танцы танцаваць!

Гучыць "Полъка-Махлярка". Дзед і Баба, Кала а Павадыром і ўсёй сваёй світай танцуюць. Два калядоўшчыкі садзяцца на край сцэны, абмахваюцца.

1-ы калядоўшчык. Калена першае - полька!
2-і калядоўшчык. Калена другое - прысядка!
1-ы калядоўшчык. Калена трэцяе - галоп!
Пацешкі-блазны.
- Што?
-- Сямёра на адным коле паехалі?
- Як цябе, такога разумнага, завуць?
- Завуць завуткай, а клічуць манюткай.
- А цябе?
- Завуць летам Філарэтам, а зімой - Кузьмой.
- Адкуль ты такі разумны?
- Адтуль, дзе ужо няма.
- І дзе ж ты быў?
- Дзе быў, адсюль і не ўбачыш.
- Калі?
- У тую восень гадоў праз восем.
- Ведаеш, што пра цябе гавораць?
- Гавораць, што ў Мінску — курэй дояць, а каровы на яйках сядзяць.
- А мне ўсё адно.
- Каб было ўсё адно, дык лазілі б усе у акно.
Цыганкі. А ну, хлопцы, досыць языкамі малоць, дзе вы там дзеліся?
2-я цыганка.
За печчу заблудзіліся
Ці ў лыжцы ўтапіліся.
3-я цыганка. Падыграйце нам на бразготках. А мы станчым.
Танцуюць "Цыганачку".
Усе.
Нешта ў горле трындычыць, трындычыць.
Трэба горла прамачыць, прамачыць.
Адзін з Пацешкаў.
Дык дайце квасу, няма ад смагі спасу.
Гаспадыня.
Пакаштуйце мой квасок, з мёдам кляновы сок.
Усіх частуе квасам.

Пацешка. О, гэта квас, дык квас, валіць з ног ураз!
Дзед. А ты думаў! Я як глыну квасу, дык воз дроў прынясу.
Баба. Гэй, музыкі, грайце, а вы, Пацешкі, усіх у карагод запрашайце!
Музыкі граюць падэспань. Усе становяцца парамі па крузе і танчаць. Раптам, усіх штурхаючы, з’яўляецца Чорт. Музыка сціхае. Чорт увесь час падскоквае і штосьці прыгаворвае.

Мядзведзь.
Дарагія госцейкі!
Жадаем вам у клеці - карабамі.
А ў печы - пірагамі.
Каб здаровенькі былі,
Многа год жылі.
Чорт.
Каб нічога не было,
Каб і жыта не расло,
Каб людзей не частавалі,
Каб і гумны пуставалі.
Чорта гоняць, б’юць, штурхаюць, але ён з’яўляецца з іншага боку.
Павадыр.
Каб былі поўныя кублы яец,
А ў вашых хлявах - шмат свіней і авец!
Чорт.
Каб вашы куры не нясліся ды квахталі,
А свінні не вяліся, ды здыхалі!
На гэты раз Чорту завязваюць рот, каб ён змоўк.
Жаўнер.
Жадаю мірнага нёба,
Духмянага хлеба,
Крынічнай вады
Без гэтай брыды...
Тузае Чорта, а той вырываецца.
Чорт. Каб толькі па барадзе цякло, а ў рот - не папала.
Каза рагамі рашуча адштурхоўвае дакучлівага Чорта. Той злятае са сцэны. Каза ўсім кланяецца.
Гаспадар. Дзе вы гэтую Казу ўзялі?
Павадыр. На кірмашы ў аднога старога купіў.
Гаспадыня. А дзе ж сам так вывучыўся?
Павадыр.
Па ўсім свеце ходзячы,
Торбу хлеба носячы,
Між людзьмі бываючы,
Дзіва дзіўнае відаючы,
Розныя кнігі чытаючы,
У верх нагамі трымаючы.
Але што за разумная ў мяне Каза!
Пакажы, Козанька, як скупы есць?
А як плача? А як скача? А як хаваецца?
Каза паказвае —усе смяюцца, пляскаюць у ладкі.

Кабыла.
Ідзём мы ад Старога года насустрач Новаму, аж да лета цёплага.
Ідзём ды з сабою Казу-Дзеразу ды Кабылу вядзём - шчасце, радасць нясём!
Усе.
Да каго Каза прыходзіць,
У таго добра на полі родзіць.
Спяваюць песню "Святыя калядкі".
Святыя калядкі
Да нас прыйшлі,
Зорка з Бэтлегэму
Запаліла агні.

П р ы п е ў:
Святыя калядкі,
Бліны ды а ладкі,
Куцця на стале,
Каляда на дварэ.

У вялікай куцці
Падсохлі вярхі,
Вячэрай здымай
І курам аддавай.

П р ы п е ў (усе разам).

На першую лыжку
Мароз запрашай.
Табе ён спрыяе
Багаты ўраджай.

П р ы п е ў (усе разам).

Багатай куццёй
Шчодры вечар спявай,
За добрыя песні .
Ласункі збірай.

П р ы п е ў (усе разам).

Багатай куццёй ,
Ты свой лес запытай, –
Каляднае шчасце
Свае забірай.

П р ы п е ў (усе разам).

Святыя Калядкі
Да нас прыйшлі
Зорка з Бэтлегэму
Запаліла агні.

П р ы п’е ў (усе разам).

На пляцоўку выходзяць усе ўдзельнікі свята і развітваюцца.

Баба-гаспадыня.
Шаноўныя Панове — шчасця і здароўя!
Вам жыць-пажываць ды дабра нажываць.
Каб былі здаровыя, як дубы скарбовыя.
Дзед-гаспадар
Каб з дарогі не збіліся,
Каб цэлы век весяліліся,
Каб доўгія гады жылі,
Каб здаровыя былі.
Каза.
Дзякуй вам, людцы добрыя,
За сустрэчу прыветную!
Каб жылося вам і вялося,
Каб елася і пілося,
Каб хацелася і маглося,
Каб пілося і елася
І спяваць хацелася!


Яшчэ на гэту тэму:

Каляды      Калядныя акорды