сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. К. БАЛОЦЬКА, выкладчык Салігорскага горна-хімічнага тэхнікума. Беларуская мова і літаратура 5/2008

«Ёсць у паэта свой аблог цалінны...»

Вечарына, прысвечаная творчасці А. Куляшова

Эпіграф:
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне — ў новае спатканне,
Напеў жалейкі — ў труб гучанне,
Выток жыцця — ў жыцця працяг.
А. Куляшоў

Ход мерапрыемства

Гучыць песня «Алеся».
Уступнае слова настаўніка.
Н а с т а ў н і к. Хутка бягуць гады. Але, колькі б часу ні прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці людской Аркадзь Куляшоў — народны паэт Беларусі, якому і прысвечана сённяшняя вечарына. Мы паспрабуем яшчэ раз прайсці жыццёвымі сцежкамі паэта, пашырыць веды аб яго творчасці, аб культуры нашага беларускага народа. А каб было цікавей, правядзём вечарыну ў выглядзе конкурсу.
Сёння ў конкурсах будуць спаборнічаць дзве каманды. (Далей адбываецца знаёмства з капітанамі каманд і членамі журы. Кожная каманда абараняе сваю эмблему.) Першая каманда «Пралеска», паслухайце яе прадстаўленне.
Выступленне «Пралескі»
Пралеска — першая веснавая кветка. Хто не радуецца яе з’яўленню! Гэта ж яна апавяшчае, што прыйшла вясна:
Жылы дрэў напоўніліся сокам,
Ручаі імкнуцца да ракі,
Неба стала чыстым і высокім,
I пяюць вясёлыя шпакі.
На паляне ў светлым пералеску
Расцвілі, налітыя расой,
Сінія падснежныя пралескі
Пад аховай урачыстых хвой.

Н а с т а ў н і к. Другая каманда — «Дзьмухавец», яе прадстаўленне.
Выступленне «Дзьмухаўца»
Назва нашай каманды заключаецца ў загадцы. Адгадайце яе:
Ля дарогі шарык белы,
Вецер б'е, а шарык цэлы,
А як дзьмухнуць хлапчукі —
Пух ляціць ва ўсе бакі.
(Дзьмухавец.)

I. Конкурс капітанаў на лепшага знаўцу біяграфіі паэта (па пытаннях, якія аформлены ў выглядзе карткі).
Пытанні да конкурсу капітанаў
1. Калі, дзе і ў якой сям’і нарадзіўся А. Куляшоў? (6 лютага 1914 г. у в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў.)
2. Дзе вучыўся А. Куляшоў? (У Мсціслаўскім педтэхнікуме, 1928—1930; на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, 1931—1933.)
3. Колькі гадоў было паэту, калі з’явіўся ў друку першы яго верш? У якой газеце ён надрукаваны і як называўся? (Паэту было 12 гадоў; 1926 г. «Ты, мой брат», клімавіцкая акруговая газета «Наш працаўнік», пад псеўданімам Аркадзь Дуда.)
4. Творчая дружба з якімі таленавітымі паэтамі станоўча ўплывала на далейшае развіццё яго паэтычных здольнасцей? (Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам.)
5. Калі выйшаў з друку першы зборнік паэта? Як ён называўся? (У 1930 г., зборнік «Росквіт зямлі».)
6. Якія паэмы А. Куляшова вы ведаеце? («Аманал», «Гарбун» («Антон Шандабыла»), «Баранаў Васіль», «У зялёнай дуброве», «Хлопцы апошняй вайны», «Сцяг брыгады», «Дом № 24», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Толькі ўперад», «Далёка да акіяна», «Цунамі», «Варшаўскі шлях», «Хамуціус».)
II. Конкурс «Пытанні камандам».
1. Якая нізка вершаў А. Куляшова па сваёй настраёвасці пераклікаецца з вядомым ляўкоўскім цыклам Янкі Купалы? (Паэтычны цыкл «Юнацкі свет».)
2. Да якіх мастацкіх фільмаў пісаў сцэнарыі А. Куляшоў? («Першыя выпрабаванні», «Чырвонае лісце», «Запомні гэты дзень».)
3. У 1928 годзе, калі А. Куляшову было 14 гадоў, у часопісе «Полымя» з’явіўся яго верш — першы варыянт песні «Алеся», якую вы чулі ў пачатку вечара. Як называўся гэты верш? Хто выканаў песню? («Бывай», кампазітар Ігар Лучанок, выканаў ансамбль «Песняры».)
4. А. Куляшоў вядомы і як перакладчык. Назавіце перакладзеныя ім на беларускую мову творы. («Цыганы», «Яўгеній Анегін» А. Пушкіна, «Энеіда» I. Катлярэўскага, «Мцыры» Міхаіла Лермантава, «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела і інш.)
Нумар мастацкай самадзейнасці.
III. Конкурс на лепшага чытальніка твораў А. Куляшова (ад кожнай каманды па адным чытальніку).
Нумар мастацкай самадзейнасці.
IV. Конкурс на лепшае веданне творчасці А. Куляшова (члены каманды могуць раіцца).
Прадстаўнікам каманд прапануецца выцягнуць карткі, на якіх напісаны ўрыўкі з твораў Куляшова. Патрэбна вызначыць, з якіх Твораў яны ўзяты.
1. Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварыў у бамбасховішча...
(«Я хаце абавязаны прапіскаю...»)
2. Я ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
(«Мая Бесядзь».)
3. Не, не гэтак прыйду я ў дом,
3 новай каскай прыйду, са штыком.
Не нікчэмным, слабым жабраком,
А як бацька прыйду я ў дом,
Сонца ў дом
Прынясу на штыку.
(Паэма «Сцяг брыгады»)
4. Вось і ўсё.
Перад бацькам Мінаем
Станьце, ўсе бацькі, на калені!
(«Балада аб чатырох заложніках».)
5. Беларусь мая родная,
як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
увесь і чабор твой і верас!..
(«Над брацкай магілай».)
6. Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны.
(Паэма «Сцяг брыгады».)
7. Вось чаму сёння,
у мірны наш дзень, пасля боя,
Рад я за песню,
што выстаяла ў барацьбе,
Але найбольш, мой патомак,
я рад за другое —
Рад, што жыццё
здабылі мы сабе і табе.
(«Размова з патомкам».)
8. Хачу неспакойнаю хмарай грымець,
Маланкамі ўвесь апавіты...
........................
Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём
I не прыставаць у знямозе,
Вялікай любові дажджом
I агнём
Зямлю цалаваць па дарозе.
(«Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...».)
Нумар мастацкай самадзейнасці.
V. Конкурс на веданне фразеалагізмаў, кемлівасць, артыстычнасць.
Н а с т а ў н і к. Паэзія А. Куляшова цесна звязана з вуснай народнай творчасцю. У яго творах часта можна сустрэць фразеалагізмы. Напрыклад:
Стаў я іншым, суровым,
Стаў новым ад ног да пілоткі,
Чалавекам вайсковым, —
Былой не пазнаеш паходкі.

Вучні знаходзяць фразеалагізм «з галавы да ног», аўтарскі — «стаў новым ад ног да пілоткі».
Умовы: па чарзе кожны прадстаўнік каманды выцягвае невялікую картку з запісаным фразеалагізмам. Трэба перадаць пры дапамозе жэстаў і мімікі змест фразеалагізма. Пры гэтым можна карыстацца прадметамі на стале, падрыхтаванымі загадзя.
Набор фразеалагізмаў для картак
Кішэнь трэсці, закасаўшы рукавы, падпілаваць рогі, з нагі на нагу, з кута ў кут, намыліць галаву (шыю), абводзіць вакол пальца, вадзіць за нос, язык прыкусіць, звязаць рукі, брацца за жывот, надзьмуўся як мыш на крупы, заглядваць у бутэльку.
VI. Конкурс перакладаў.
Н а с т а ў н і к. Мы ведаем, што А. Куляшоў быў выдатным перакладчыкам. Прапаную зрабіць пераклад выдзеленых радкоў Лермантава. (Лепшым прызнаецца той варыянт, які найбольш блізкі куляшоўскаму.)
Михаил Лермонтов
— Скажи-ка, дядя, ведь не даром
Москва, спалённая пожаром,
Французу отдана?
Ведь были ж схватки боевые,
Да, говорят, ещё какие!
Недаром помнит вся Россия
Про день Бородина!

..........................
— Да, были люди в наше время,
Могучее, лихое племя:
Богатыри — не вы.
Плохая им досталась доля:
Немногие вернулись с поля.
Когда б на то не божья воля,
Не отдали б Москвы!


Пераклад Аркадзя Куляшова
Скажы мне, дзядзька, хоць шугала
Агнём Масква, ды каштавала
Французам страт яна.
Былі ж хвіліны баявыя,
Ды, кажуць, не абы-якія!
I помніць нездарма Расія
Пра дзень Барадзіна.
.........................
Так, знаў людзей я ў дні былыя,
Асілкі не абы-якія,
Не гэткія, як вы!
Цяжкая выпала ім доля:
3 іх мала хто вярнуўся з поля.
Каб не святых нябёсаў воля,
Не аддалі б Масквы!
Нумар мастацкай самадзейнасці.
VII. Конкурс «Хто больш складзе слоў?».
Дадзена слова «патомак» з верша «Размова з патомкам».
Прыкладныя адказы: там, том, капа, мот, так, кот, пот, так, капа, капота, капот, маток, пакт, паток, кампот, Тома, Ака, Кама.

Заключнае слова настаўніка.
Н а с т а ў н і к. Аркадзь Куляшоў — адзін з самых таленавітых песняроў Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры. Калі вы ўважліва слухалі яго творы, можаце адзначыць іх высокую паэтычную культуру, філасафічнасць, сувязь з традыцыямі класічнай літаратуры і з фальклорам. Ён не мог задаволіцца, як каня лясная, кропляй дажджу з лістка. Ён упарта працаваў «пад кпіны аматараў лёгкае славы, капаў рэчышча ўласнай ракі». I жыў паводле прынцыпу: «Лепш цяжка жыць, // Чым быць бадзёрым трупам».
Жыццё i творчасць Aркадзя Kуляшова
Крыжаванка

Жыццё i творчасць Aркадзя Kуляшова. Крыжаванка

Па вертыкалі:
1. Вёска. дзе нарадзіўся А. Куляшоў.
Па гарызанталі:
1. Горад, у якім вучыўся паэт пасля школы.
2. Кінастудыя, дзе А. Куляшоў працаваў галоўным рэдактарам.
3. Назва паэмы (1932 г.)
4. Паэма, галоўнымі героямі якой з’яўляюцца ён і яна, мужчына і жанчына.
5. Навучальная ўстанова, дзе вучыўся А. Куляшоў пасля школы.
6. Якую пасаду займаў А. Куляшоў, калі працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва»?
7. Працягніце назву зборніка: «На сотай ...».
8. Верш (1961 г.), у якім выяўляецца сум, філасофская развага, яго загаловак называе адзін з даўніх жанраў паэтычнай творчасці.
9. Герой паэмы «Сцяг брыгады», які стаў здраднікам.
10. Якая паэма М. Лермантава зрабіла вялікі ўплыў на А. Куляшова?
Адказы
Па вертыкалі: 1. Саматэвічы.
Па гарызанталі: 1. Мсціслаў. 2. Беларусь-фільм. 3. «Аманал». 4. «Цунамі». 5. Тэхнікум. 6. Рэдактар. 7. Вярсце. 8. Элегія. 9. Ворчык. 10. «Мцыры».

Яшчэ на гэту тэму:

Ад Бесядзі да акіяна