сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. А. ЗАХАРЧУК, аспірантка БДПУ.

Дажынкі

Сцэнарый ранішніка

Гэты ранішнік рыхтуе адзін клас. На свята запрашаюцца вучні іншых класаў і дарослыя. Зала ўпрыгожана каласкамі рознай збажыны, кветкамі, кляновымі і дубовымі галінкамі. Гучыць беларуская народная мелодыя (напрыклад, "Бульба"). У залу, дзе ўжо сядзяць госці, убягаюць удзельнікі прадстаўлення ў нацыянальных касцюмах, з рознымі музычнымі шумавымі інструментамі. У часткі дзяўчынак у руках каласкі і сярпы.

1-я дзяўчынка (вядучая). Вітаем дарагіх гасцей і дзякуем за тое, што яны прыйшлі на наша свята дажынак!

Гаспадары шумавымі, інструментамі вітаюць гасцей і рассаджваюцца сярод іх. На сцэне застаюцца толькі "жнейкі" —удзельніцы першага нумара праграмы.

2-я дзяўчынка (да вядучай).
Маці, маці,
Пара жыта жаці!
Каласок нахіліўся.
1 -я дзяўчынка.
Пачынайце!

Дзяўчынкі выконваюць песню-танец "Жніво" (муз. М. Анцава, сл. А. Савёнак). Адпаведна тэксту імітуюць дзеянні жнеек — "жнуць", "вяжуць снапочкі", "ставяць у бабкі".


Ноты песні Расло жыта
Расло жыта, расло ў полі,
Прыйшлі жнейкі жыта жаць.
Усе разам, усе разам,
Прыйшлі жнейкі жыта жаць.
Узялі з сабой сярпочкі,
Сталі жыта падразаць.
Усе разам, усе разам,
Сталі жыта падразаць.

У снапочкі павязалі,
Трэба ў бабкі пастаўляць.
Усе разам, усе разам,
Трэба ў бабкі пастаўляць.
Сонца свеціць добра ў полі,
Будзем песенкі спяваць,
Усе разам, усе разам,
Будзем песенкі спяваць.

Хутка працу мы канчаем,
Пойдзем ўсе адпачываць.
Усе разам, усе разам
Пойдзем ўсе адпачываць.

1-я дзяўчынка. Жнеечкі! Ці пакінулі вы жыта на "казу"?
Усе. Пакінулі!
1 -я дзяўчынка. Дык давайце яе ўбіраць. Вось вам стужкі —чырвоныя, белыя, блакітныя, сінія...

"Жнейкі" ўпрыгожваюць "казу" — некалькі сцяблінак жыта, звязаных каласкамі ўверх, гучыць народная мелодыя.

2-я дзяўчынка. Цябе пакідаем, каб жыта радзіла.
3-я дзяўчынка. А косы сплятаем, каб густа ўзышло.
4-я дзяўчынка. Вадой паліваем, каб росным было.
5-я дзяўчынка. Паполем акола, каб чыстым расло.
1-я дзяўчынка (выносячы сноп).
Дажыначкі, дажыначкі,
Мы канчаем жаці.
Дазволь, пане-гаспадару,
Сноп табе аддаці.

На сцэну выходзіць хлопчык, які іграе ролю гаспадара.

Хлопчык.
Каціўся вяночак па полю,
Прасіў жнеечак дадому.
Дадому, жнеечкі, дадому,
Ўжо нагуляліся па полю.

1-я дзяўчынка. Вось прынеслі табе збожжа. Пячы каравай ды частуй нас.
Хлопчык. Сноп пастаўлю на покуць, а зерне на стол, Пакуль каравай спячэцца, паспявайце ды патанцуйце яшчэ. Гэй, музыкі, весялей!

На сцэну выбягаюць хлопчыкі, далучаюцца да "жнеек". Разам выконваюць беларускую народную песню "Зайграй жа мне, дударочку".


Ноты песні Дударочку
Зайграй жа мне, дударочку,
А я патанцую,
Курка яйка мне знясе —
Табе падарую.
Тум, тум, тумта, тумта,
Табе падарую.

Зайграй жа мне, дударочку,
Як сам разумееш,
Зайграй, сівы галубочку,
Тое, што умееш.
Тум, тум, тумта, тумта,
Тое, што умееш...

Як іграюць без дуды,
Ходзяць ножкі не туды,
А як дуду пачуюць,
Самі ножкі танцуюць.
Тум, тум, тумта, тумта,
Самі ножкі танцуюць.

Хлопчык. А цяпер адгадайце загадку: "Не шкадуюць мяне, мнуць, у печ гарачую кладуць. А як вымуць, дык нажом мяне рэжуць за сталом".
Усе. Каравай!
1-я дзяўчынка. Ну што, гатовы твой каравай?
Хлопчык. Якія вы нецярплівыя! Крыху паспявайце яшчэ, хай каравай у печы дойдзе.

На сцэну выходзіць новая група дзяўчынак і выконвае песню-танец "Пасеялі дзеўкі лён". Астатнія дзяўчынкі і хлопчыкі могуць сесці ў зале.


Ноты песні Пасеялі дзеўкі лён
Пасеялі дзеўкі лён,
Ай-люлі, дзеўкі лён.
Белы ручкі калолі,
Ай-люлі, калолі.
Ды ў снапочкі вязалі,
Ай-люлі, вязалі.
Белы кужаль напралі,
Ай-люлі, напралі.

Хлопчык. Ну, цяпер крышку пагуляем, і будзе наш каравай гатовы.

Пачынаецца гульня "Лянок". Дзеці, узяўшыся за рукі, утвараюць круг. Пасярод круга —вядучы (гаспадар ці 1-я дзяўчынка), вакол яго намаляваны "гнёзды” (кружкі), якіх павінна быць на 2 —3 менш, чым удзельнікаў гульні. Вядучы ходзіць па крузе і робіць розныя рухі —прысядае, падскоквае. Астатнія павінны паўтараць іх, не разнімаючы рук. Нечакана вядучы камандуе: "Садзі лянок!" Усе кідаюцца да "гнёздаў", імкнучыся заняць іх. Той, хто не паспеў заняць "гняздо", выбывае з гульні. Яго "саджаюць" да канца гульні ў адзін з кружкоў. Затым гульня паўтараецца. Перамагае той, хто зойме апошняе свабоднае "гняздо".

Хлопчык. Гэй, каравайнічкі, нясіце каравайчыкі!

Уваходзяць дзяўчынкі, несучы на ручніках пірагі. Яны па чарзе прыгаворваюць:
— Пайшло на каравайчыкі сем бочак мукі.
— Пайшло на каравайчыкі сем пудоў цукру.
— Пайшло на каравайчыкі сем кубельцаў мёду.

Хлопчыкі ўвозяць квас на прыгожым вазку.

Хлопчык. Частуйцеся, госцікі, хлебам і квасам!



Яшчэ на гэту тэму:

У нас дажынкі     Наша ніўка залатая