сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ганна САМАЙЛОВІЧ, музычны кіраўнік першай катэгорыі, яслі-сад в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пралеска 03/2017

Карагод веснавых нот

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Мэта: далучэнне дзяцей да нацыянальнай культуры праз беларускія народныя мелодыі, гульні і вершы.
Матэрыял і абсталяванне: елка, нотны стан на фланэлеграфе, ноткі, касцюмы Вясны-красны, Бабы Ягі, дзяўчынкі Весялінкі, Лісы, Мышкі, Мядзведзя, Ката-музыкі, хлопчыка-беларуса, птушак, аўдыязапісы: рытмічнай музыкі, спеваў птушак, беларускіх народных песень: «Саўка ды Грышка», «Зайграй жа, дударочку», па колькасці дзяцей: драўляныя лыжкі, трашчоткі, бубны.
Дзеючыя асобы: вядучы, Баба Яга, Вясна-красна — дарослыя, дзяўчынка Весялінка, Ліса, Мышка, Мядзведзь, Кот- музыка, хлопчык-беларус, птушкі — дзеці.
Папярэдняя работа: развучванне тэматычных вершаў, заклічак, песень, работа з нотным станам, знаёмства з прыкметамі вясны.

Ход мерапрыемства

Пад гукі беларускай народнай песні «Саўка ды Грышка» дзеці ўваходзяць у музычную залу і становяцца паўкругам.

1-е дзіця.
Добры дзень!
Мы сардэчна ўсіх вітаем
I на свята запрашаем.
2-е дзіця.
Будзем зараз святкаваць,
Вясну-красну заклікаць.
3-е дзіця.
Гэй, народ!
Вясна ля варот!
4-е дзіця.
Прачынайцеся, падымайцеся,
У святочнае адзенне апранайцеся.
5-е дзіця.
Будзем разам спяваці,
Вясну-красну чакаці!

Заклічка «Жавароначкі, прыляціце»
(сл. і муз. народныя)

Уваходзіць Баба Яга.

Вядучы (В.). Ой, хто гэта?
Баба Яга. Як хто? Гэта ж я — Вясна- красна. Сустракайце мяне, частуйце, падарункі дарыце.
В. Чамусьці ты на Вясну-красну не вельмі падобная. Дзеці, хто гэта?
Дзеці. Баба Яга.
В. Так, гэта зусім не Вясна-красна, а Баба Яга. Захацела пачастункаў, падарункаў! А ну прэч адсюль!
Баба Яга. Ах, вось як! Ніякай Вясны- красны вам не будзе! Няма падарункаў, няма пачастункаў — Вясны-красны не дачакаецеся!
Вядучы бярэ мятлу Бабы Ягі.
В. Няма Вясны — няма мятлы.

Гульня 3 мятлой

Дзеці стаяць у крузе, пад рытмічную музыку перадаюць мятлу адзін аднаму, а Баба Яга хоча яе ўхапіць.
Баба Яга. Пашкадуйце мяне, старую, аддайце мятлу. Я вам раскрыю сакрэт, што трэба зрабіць, каб да вас прыйшла Вясна- красна.
В. Цікава будзе паслухаць.
Баба Яга. Вясна да вас прыйдзе, калі пачуеце, як птушкі спяваюць. А птушак я зачаравала, песню ў іх украла. Вам трэба па сцяжынках прайсці, розныя заданні выканаць, ноткі сабраць, вясеннюю песеньку злажыць і птушкам прынесці. Яны яе заспяваюць — Вясна-красна да вас і прыйдзе.
В. А ну, Баба Яга, аддавай ноткі!
Баба Яга. Ну ты цікавая. Я ж кажу... Па сцяжынках прайсці, заданні розныя выканаць. Але адну нотку я сабе захавала, вельмі яна прыгожая. Яе на мятлу і памяняю. (Аддае вядучаму нотку, бярэ мятлу.) Астатнія ноткі вы ніколі не адшукаеце. Хі-хі-хі. Мне час развітвацца. (Пакідае залу.)
В. Ну што, дзеці, пойдзем шукаць ноткі?
Дзеці. Так.
В. Колькі ўсяго нот існуе?
Дзеці. Сем.
В. Колькі ў нас ужо ёсць?
Дзеці. Адна.
В. Колькі нам трэба здабыць яшчэ? (Шэсць.) Добра! Тады — у падарожжа! Пойдзем карагодам, каб не заблукаць.

Ідуць, на сярэдзіну выходзіць дзяўчынка Весялінка, дзеці спыняюцца.

В. Ты хто?
Дзяўчынка Весялінка.
Я, дзяўчынка Весялінка,
Люблю песенькі спяваць,
3 дзецьмі таньчыць і скакаць.
Вы мне песеньку заспявайце, а я вам нотку падарую, якую ў лесе знайшла.
В. Добра!
Дзеці спяваюць песеньку «Прыходзь, вясна» (сл. А. Дзеружынскага, муз. С. Галкінай), дзяўчынка дае ім нотку.Дзеці рухаюцца далей, сядаюць на свае месцы, выходзіць Ліса.

Ліса (ідзе і спявае).
Я — Ліса, я — Ліса,
Усяму свету краса.
Па дарожцы пайшла,
Гэту нотку знайшла.
Са мною пагуляйце
I нотку забірайце.

Гульня «А мы проса сеялі»

Дзеці, узяўшыся за рукі, стаяць дзвюма шарэнгамі, тварамі адзін да аднаго. У адной шарэнзе хлопчыкі, у другой — дзяўчынкі.
Хлопчыкі шарэнгай падыходзяць да дзяўчынак і спяваюць:
— А мы проса сеялі, сеялі!
(Ідуць на сваё месца.)
Дзяўчынкі паўтараюць гэтыя ж рухі і спяваюць.
— А мы проса вытапчам, вытапчам!
— Ды чым жа вам вытаптаць, вытаптаць?
(Ідуць і спяваюць хлопчыкі.)
— А мы коней выпусцім, выпусцім!
(Ідуць і спяваюць дзяўчынкі.)
— А мы коней пераймём, пераймём!
(Ідуць і спяваюць хлопчыкі.)
— Ды чым жа вам пераняць, пераняць?
(Ідуць і спяваюць дзяўчынкі.)
— А шаўковым повадам, повадам!
(Ідуць хлопчыкі)
— А мы коней выкупім, выкупім!
(Ідуць дзяўчынкі.)
— Ды чым жа вам выкупіць, выкупіць?
(Ідуць хлопчыкі)
— А мы дадзім 100 рублёў, 100 рублёў!
(Ідуць дзяўчынкі.)
— Нам не трэба й тысячы, тысячы!
(Ідуць хлопчыкі.)
— А мы дадзім дзеўчыну, дзеўчыну!
(Ідуць дзяўчынкі. Усе вяртаюцца назад. Адна дзяўчынка застаецца.)
— Вось гэта трэба нам, трэба нам!
(Хлопчыкі падыходзяць да дзяўчынкі і становяцца кругам вакол яе.Дзяўчынка танцуе, хлопчыкі пляскаюць у далоні)

Пасля гульні дзеці рухаюцца карагодам, за іх чапляецца Мышка, і яны спыняюцца.
В. Мышка, мышка, дзе была?
Мышка. Была ў пана караля.
В. Што рабіла?
Мышка. Лыжкі мыла.
В. А што далі?
Мышка. Кусок сала.
В. Дзе паклала?
Мышка. Пад лаўкаю.
В. Чым накрыла?
Мышка. Халяўкаю.
В. Дзе падзела?
Мышка. Кошка з’ела.
В. (паказвае на нотку). А гэта што ў цябе?
Мышка. Не ведаю. Можа, вам патрэбна?
В. Дык гэта ж наша нотка, дзякуй .табе, Мышка.
Дзеці рухаюцца карагодам.
В. Дзеці, глядзіце, хто гэта?
Пад елкай спіць Мядзведзь.
В. Мядзведзь, уставай, хутка вясна.
Мядзведзь. Хто мне спаць не дае?
В.
Мішка, Мішка, уставай,
3 намі весела спявай,
Нотку шукаць дапамагай.

Карагод «Прыйшла вясна»
(сл. і муз. Я. Жабко)

Мядзведзь. Дзякуй вам! А вось і нотка, якую вы шукаеце. (Дастае нотку з-пад елкі.) Да пабачэння!
Дзеці рухаюцца карагодам далей, з’яўляецца Кот-музыка, трымае нотку.
Кот-музыка.
Гэй, народ! Збірайцеся ў карагод!
Са мною пагуляйце і нотку забірайце.

Гульня «Кот-музыка»

Дзеці становяцца кругам, Кот-музыка — у цэнтры. Дзеці кажуць:
Кот-музыка з намі грае,
Ён саліста выбірае!
Кот-музыка ў гэты час заплюшчвае вочы, паварочваецца вакол сябе. Пасля заканчэння слоў Кот з заплюшчанымі вачыма паказвае на аднаго з гульцоў у крузе. Той, на каго ён паказаў, спявае:
Коця, Коценька, Каток!
Коця, шэранькі лабок
Дзеці (спяваюць):
Мы хочам, каб ты адказаў,
Хто цябе зараз пазваў!
Кот-музыка называе імя саліста і, калі яно вызначана правільна, яны мяняюцца месцамі. Гульня працягваецца. Калі саліст вызначаны няправільна, гульня працягваецца з тым жа Катом-музыкам.
В. Дзякуй, Кот-музыка, за нотку.
Дзеці карагодам рухаюцца далей. Сустракаюць хлопчыка ў беларускім нацыянальным адзенні.
В. Ты хто?
Хлопчык-беларус.
Я — беларус. Я ганаруся
Сваёй гісторыяй, людзьмі,
I тым, што тут я нарадзіўся,
Што прадзеды мае жылі...
А. Баравы

В. Можа, ты, хлопчык-беларус, ведаеш, дзе наша нотка?
Хлопчык-беларус. Ведаю, вось яна. (Паказвае.)
В. Мы цябе павесялім, а ты нам дай нотку.
Хлопчык-беларус. Добра!

Ігра на музычных інструментах
(пад мелодыю бел. нар. песні «Зайграй жа, дударочку»)

В. Вось і ўсе ноткі. Зараз мы складзём песеньку.

Выстаўляюць ноткі на фланелеграф. Гучыць аўдыязапіс спеваў птушак, уваходзіць Вясна-красна з птушкамі.
Вясна-красна. Хто мяне гукае? Хто ў госці запрашае?
В. Мы цябе чакаем, мы ў госці запрашаем. Птушкі, ляціце, усім раскажыце, што прыйшла Вясна-красна!

Танец птушак
(мелодыя па выбары Музычнага кіраўніка)

Вясна-красна.
Сонейка, свяці ярчэй,
Каб усім было цяплей!

Песня -«Веснавое сонейка»
(сл. і муз. Я. Жабко)

В. Вясна-красна, што ты нам прынесла?
Вясна-красна.
Маладым дзяўчынкам — па вяночку,
Маладым хлопцам — па канёчку,
Птушкам — пачастунак,
Малым дзеткам - падарунак
Мне пара ў дарогу збірацца, лясы будзіць, дрэвы ды травы зеляніць. Да пабачэння!
Вясна-красна пакідае залу.

В.
Мы весяліліся ды песні пелі,
Вясну-красну сустрэлі.

Дзеці пад гукі беларускай народнай песні «Саўка ды Грышка» пакідаюць музычную залу.

Літаратура:

1. Дубініна, Д.М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. — Мазыр: Белы Вецер, 2014.
2. Жабко, Я.Г. Усе поры года я вельмі чакаю: дапам. для педагогаў і муз. кіраўнікоў дашкольных устаноў / Я.Г. Жабко. — Мінск: Выд. У.М. Скакун, 1999.