сцэнарыі святаў на беларускай мове

Марына ГЕРУК, загадчык бібліятэкі Парэцкай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна. Станіслава ПУНЖАЛЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Парэцкай санаторнай школы-інтэрната. Роднае слова 2017/10

Адзіная мая

Выхаваўчая гадзіна

Мэты: стварыць умовы для выхавання пачуцця любові, павагі і пашаны да маці; садзейнічаць сямейнаму выхаванню.
Абсталяванне: выказванні пра маці (“Без маці няма ні паэта, ні героя” М. Горкі; “Дзеці свету, беражыце маці!” Р. Гамзатаў; “Мы будзем вечна ўслаўляць тую жанчыну, чыё імя Маці.. ” М. Джаліль; “Сэрца маці - невычэрпная крыніца цудаў” П. Беранжэ; “Людзі! Браты мае! Беражыце сваіх маці!” С. Астравой), выстава кніг, малюнкі, сачыненні вучняў.
Эпіграф:
Пакуль жывуць нашы мамы, да таго часу мы будзем адчуваць сябе маладымі.
Таму, ой, як трэба шанаваць нашых мацярок.
Не гора і слёзы прыносіць ім, а толькі радасць і кветкі!
С. Грахоўскі.

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА

Настаўнік. «О, як прыгожа гэта слова “мама”! Усё на зямлі ад мацярынскіх рук!» М. Горкі пісаў: “Без сонца не цвітуць кветкі, без кахання няма шчасця, без жанчыны няма кахання, без маці няма ні паэта, ні героя. Увесь гонар свету - ад маці!”
“Мама, маці, матуля!” - словы гэтыя гучаць музыкай жыцця, самаахвярнасці, пяшчоты. Нараджэннем сваім мы абавязаны ёй, Маці. Яна радавалася нашым першым крокам, першай усмешцы. Пацалунак маці, словы яе суцяшэння гаілі боль лепш за любыя лекі. А матчына калыханка - гэта пранікнёная сімфонія любові, прасякнутая сонцам! 3 яе, бы з чыстай крынічкі, пачынаецца ўсё найлепшае ў чалавеку, у ёй - выток святога пачуцця адданасці Радзіме, якую мы называем дарагім і светлым імем - Маці!
Чытальнік.
У зярнятку каласок,
У калысцы спіць сынок.
Буду я яму спяваць,
А вятрыска калыхаць.
Будзе мой сынок расці
Для вялікай радасці.
Перад ім увесь прастор,
Ад зямлі да самых зор.
А-а-а-а-а...
Лю-лі, лю-лі, лю-лі...
Настаўнік. Мама, мамачка, матуля... наймілагучнейшыя, найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш святым, чым імя маці? Для любога з нас, дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага, маці - самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.
Чытальнік.
Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее За дзяцей хвалявацца і перажываць. Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць. Так, як маці, ніхто цябе не разумее, Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе. Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе, Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе.
Я. Крупенька. “Мама”.
Настаўнік. Нашы матулі гатовы на самыя неверагодныя ахвяры дзеля шчасця сваіх дзяцей. Маці не проста любіць сваё дзіця, слабое і дужае, спакойнае і крыклівае, яна разумее яго ў шчасці і ў горы, у смутку і ў радасці, калі жыццё жорстка абыходзіцца з ім.
Ад бацькі дзіця набывае прозвішча, імя, талент, а ад маці бярэ ўсё неабходнае для жыцця. Маці не толькі корміць дзіця малаком, яна корміць яго любоўю, і замены матчынай любві яшчэ ніхто не прыдумаў. У праменях гэтай любві выхоўваюцца добрыя імкненні, чыстыя і высакародныя пачуцці.
У нашай краіне адзначаецца Дзень Маці. Ён супадае з вялікім праваслаўным святам Пакровы. Пакровы - пакроў Божай Маці, якая нас сваім пакрывалам захіляе ад бяды.
Для любога з нас Маці - самы родны, дарагі чалавек на свеце, які даў нам самае каштоўнае - жыццё.
• Зачытваюцца ўрыўкі з сачыненняў “Мая матуля”.
Настаўнік. Маці-працаўніца, маці-заступніца. У цяжкія хвіліны сагравае прамянямі сваёй любові, свеціць, калі цёмна, грэе, калі холадна, аддае апошні кавалак, калі голадна, закрывае, калі спасцігае смяротная небяспека.
• Гутарка па пытаннях.
У чым праяўляецца ваша любоў да маці? А як вас любіць мама? У чым заключаецца яе любоў?
Настаўнік. Любоў маці да дзяцей абсалютна бескарыслівая. Забываюць, а часам здраджваюць сябры, асуджаюць таварышы па службе і суседзі, і толькі маці заўсёды з намі. Яна заўсёды гатова дапамагчы, суцешыць, падтрымаць, яна прымае сваё дзіця такім, якое яно ёсць. Самаахвяраванне, самазабыццё - менавіта гэтыя словы дакладней за ўсё характарызуюць матчыну любоў. А ці заўсёды мы разумеем гэта? Паслухайце, калі ласка, прытчу пра сыноўскую любоў і адкажыце на пытанне: “Чаму мудрэц сказаў, што быў тут толькі адзін сын?”
• Чытанне / інсцэніроўка прыпавесці “Тры сыны”.
Тры жанчыны бралі ваду ў калодзежы.
Да іх падышлі сыны. Адзін пацалаваў маці і пабег, весела напяваючы, далей. Другі сын запытаў: “Ты не стамілася?” I пабег даганяць таварыша. Трэці моўчкі ўзяў вёдры ў маці і панёс іх дадому.
Усё гэта бачыў міжволі самы мудры чалавек у сяле.
- Скажы, мудрэц, - запыталі маці, калі параўняліся з ім, - чый сын найлепшы?
- О, жанчыны, тут быў толькі адзін сын, - адказаў стары.
Настаўнік. Што лягчэй - сказаць пра любоў ці зрабіць добрую справу для мамы?
• Праца з прыпавесцю “Прагная маці”.
Калі хлопчык быў маленькі, людзі гаварылі:
- У гэтага дзіцяці прагная маці: яна ніколі не дасць яму нават цукеркі, не падзяліўшы яе напалову.
Калі вырас хлопчык, людзі гаварылі:
- У гэтага хлопца шчаслівая маці: ён ніколі не з’есць кавалка, не падзяліўшыся з ёю напалову.
• Інсцэніроўка казкі “Сем дачок” В. Сухамлінскага.
Было ў маці сем дачок. Аднойчы паехала маці да сына, які жыў далёка. Вярнулася дадому толькі праз тыдзень. Калі маці ўвайшла ў хату, дочкі адна за адной пачалі гаварыць, як яны сумавалі па маці.
- Я сумавала па табе, як матылёк па сонечным лузе, - сказала першая дачка.
- Я чакала цябе, як сухая зямля чакае кроплю вады, - прамовіла другая.
- Я плакала па табе, як маленькае птушаня плача па птушачцы, - сказала трэцяя.
- Мне цяжка было без цябе, як пчале без кветкі, - шчабятала чацвёртая.
- Ты снілася мне, як ружы сніцца кропля расы, - мовіла пятая.
- Я выглядвала цябе^ як вішнёвы сад выглядвае салаўя, - сказала шостая.
А сёмая дачка нічога не сказала. Яна зняла з мамы чаравікі і прынесла ёй вады ў тазе - памыць ногі.
Настаўнік. Якая з сямі дачок па-сапраўднаму любіць маці? (Адказы вучняў.)
Любоў да маці і пяшчотны клопат пра яе, пра бацьку, пра бабулю,.дзядулю, пра сясцёр і братоў - гэта першая школа пераадолення эгаізму.
Жанчына-маці. Яна ўслаўлена ў творах мастацкай літаратуры, жывапісе, скульптуры... Якія творы пра матулю вы чыталі? (Паэма “Голас сэрца” Я. Броўкі, верш “Мама” С. Грахоўскага, п’еса “Вечар”А. Дудурава, апавяданні “На Каляды к сыну” 3. Бядулі, “Дзяльба кабанчыка” В. Карамазава і інш.)
• Выразнае чытанне ўрыўкаў з мастацкіх твораў (на выбар настаўніка).
• Зварот да выставы.
Жанчына-маці ўшанавана ў жывапісе – “Маці” А. Дайнекі, “Маці партызана”, “Яна ўсё сына чакае” С. Герасімава, “Калыханка”М. Савіцкага; у скульптуры - манументальная скульптура “Маці-патрыётка” і інш.
• Праца з выказваннямі.
• Праца з эпіграфам.
• Зварот да гасцей.
Ці проста быць маці? Ці проста быць бабуляй?
• Заключнае слова настаўніка.

Настаўнік. Дарагія сябры! Вы шмат добрых слоў сказалі пра сваіх матуляў. Ніколі не адступайце ад гэтых слоў, заўсёды помніце пра адзінага і дарагога ў вашым жыцці чалавека - маму.
•Рэфлексія.

Яшчэ на гэту тэму:

"Я хачу, каб жыла ты заўсёды!"     «Перад табою, мама, я нізка галаву схіляю»