сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навасельскай сярэдняй школы Барысаўскага р-на. Роднае слова Красавік 2001 г.

Званок апошні кліча ў далягляд

Сцэнар свята

Шчымлівае пачуццё смутку, расстання з дзяцінствам, роднай школай, настаўнікамі, таварышамі не пакідае выпускнікоў не толькі ў дзень апошняга школьнага званка, але і ў наступныя гады. Як зрабіць, каб апошні званок быў добра арганізаваны, запомніўся выпускнікам? Яго поспех нямала залежыць ад намаганняў саміх выпускнікоў, іх бацькоў, педагогаў, вучняў іншых класаў, адміністрацыі калгаса ці прадпрыемства, якія з'яўляюцца шэфамі школы.
За месяц-два да свята вучні I — IV класаў пачынаюць рабіць у гуртках падарункі для выпускнікоў. Дзесяцікласнікі загадзя рыхтуюць спецыяльны выпуск насценгазеты з фотаздымкамі выпускнікоў, пажаданнямі, сяброўскімі шаржамі. Усё гэта да 25 траўня трымаецца ў сакрэце ад адзінаццацікласнікаў.
На свята апошняга званка можна запрасіць выпускнікоў школы папярэдніх гадоў, якія распавядуць пра тое, як склаўся іх лес, кім яны сталі.
Жаданымі гасцямі і ўдзельнікамі ўрачыстасці, вядома, будуць кіраўнікі прадпрыемства ці калгаса, якія скажуць свае цёплыя словы, добрыя парады і пажаданні на будучыню. Магчыма, узнагародзяць выхаванцаў, якія асабліва вызначыліся ў час сельскагаспадарчых работ восенню ці на летніх канікулах. Першакласнікі таксама ўручаюць сваім старэйшым сябрам падарункі. Выпускнікі могуць падрыхтаваць на памяць школе і настаўнікам фотаальбом "Мы з вамі — год за годам!", прачытаць і падараваць свае вершы, прысвечаныя школе і настаўнікам, або спецыяльныя медалі з памятнымі надпісамі: "За чуласць і спагадлівасць", "За самаахвярнасць і дабрыню", "За бескарыслівасць і сціпласць", "За эрудыцыю і шчырасць".
Добра, калі вясной кожны адзінаццацікласнік пасадзіць дрэва ў прышкольным садзе, у парку. Яшчэ лепш, калі ў школе існуе традыцыя перадачы наказу нашчадкам, які змяшчаецца ў капсулу і закладваецца ў сцяну школы. А выпускнікі ў сваю чаргу з цікавасцю знаёмяцца з пасланнем, адрасаваным ім адзінаццаць год таму.


На пачатку ўрачыстасці гучыць мелодыя I. Дунаеўскага "Школьны вальс". На сцэну выходзяць Паўлінка і Адольф Быкоўскі.

Паўлінка. А ў нашай хаце свята.
Адольф. Паўліначка, дазволь цябе паправіць — не ў хаце, а ў школе.
Паўлінка. Сапраўды, у нашай школе. Але для многіх вучняў школа стала родным домам, другой хатай, дзе "шмат гадоў пройдзена" і шмат чаго пражыта і перажыта.
Адольф. I вельмі цяжка расставацца з усім, што стала асабліва дарагім.
Паўлінка. А расставацца даводзіцца, расставацца са школай, з настаўнікамі і сябрамі.
Адольф. I час гэты надыходзіць! Сёння для нашых дарагіх выпускнікоў прагучыць апошні званок.
Паўлінка. Увага! Аркестр — музыку! У залу запрашаюцца выпускнікі.
Пад музыку вальса "Школьныя гады" Дз. Кабалеўскага ў залу ўваходзяць выпускнікі. Усе сустракаюць іх апладысментамі.

Вядучая.
Так хацелася б спазніцца
На званок — даўно не першы.
Выпускнік і выпускніца!
Вам сягоння — песні, вершы.

Кожны тут вітаць вас рады
У святочны дзень вясёлы,
Слова з цёплаю парадай
Скажа перш дырэктар школы!

Дырэктар школы зачытвае загад аб допуску да экзаменаў вучняў IX і XI класаў, уручае граматы выпускнікам, якія вызначыліся ў спартыўных спаборніцтвах, праявілі сябе ў сцэнічным мастацтве, пісалі вершы або мелі поспех у іншых відах творчасці.

Адольф. Віншуем выпускнікоў з такімі цудоўнымі ўзнагародамі: і я не супраць іх атрымаць, бо ўсё ж вучыўся быў на "пяць" я на занятках спеваў.
Паўлінка. Як ты спяваеш, мы ўсе добра ведаем. А пакуль што песню на свята вырашылі падараваць выпускнікам вучні X класа.

Дзесяцікласнікі выконваюць куплет па матывах песні "Каханне" (верш Я. Коласа, музыка I. Лучанка).

Дзесяцікласнікі.
Скажыце нам, вучні,
Ці любіце ўсіх?
— Любім, — вы сказалі.
Аж радуе слых!
Вучні, нашы вучні,
Няма вас мудрэй.
Мы ў свеце не знаем
Кахання шчырэй!

Вядучая.
Ну як, скажыце, не любіць,
Вітаючы і дзень, і раніцу,
Ніколі сэрцам не забыць,
Як маму, першую настаўніцу.

Аб'яўляецца імя першай настаўніцы выпускнікоў, якая разам з успамінамі і добрымі парадамі на будучыню ўручае вучням іх сшыткі, малюнкі і вырабы, захаваныя з I класа.

Адольф.
Чэснае слова, і я праслязіўся,
Так выступленне за сэрца кранула...
Паўлінка.
Ты не адзін на хвіліну забыўся,
Бачыш, і я слязінку змахнула.
Вядучая.
Ведама, дзень і журботны, і шчасны,
Слова дадзім мы настаўніцы класнай.
Класны кіраўнік.
Здавалася б, такі чаканы дзень,
Але чамусьці незвычайна сумны.
Сышоў на твары ледзь улоўны пень,
I ў зморшчынках на лобе — столькі думак.

Успомняцца ў адно імгненне тут
I першы клас, і першае каханне,
I двойка першая — для кожнага прысуд,
Якому роўнага не знойдзеш пакарання.

Надзіва, ўсе настаўнікі, бацькі
Убачацца ў мілейшым самым свеце.
Захочацца вярнуць усе званкі
На гэтай самай дарагой планеце.

Але, на жаль, не раскруціць назад,
Як глобус класны, школьную планету,
Званок апошні кліча ў далягляд,
Дзе таямніцаў безліч і сакрэтаў.

Дзе больш сур'ёзны і суровы час
За кожным сочыць самастойным крокам,
Настаўнікам прымазаўшыся ў вас
3 бясконцым непрадуманым урокам.

Жыццёвы час — магутны патрыярх —
Не школьны, на здзіўленне, не марудны.
Пакліча вас у свой імклівы шлях,
Сплануе ў радасцях асобныя секунды.

Няхай звініць, заходзіцца званок,
I весяліцца з вамі, і паплача,
Зрабіўшы на лінейцы свой віток,
Ён пажадае вам ва ўсім удачы.

Ён традыцыйна зычыць вам дабра,
Здароўя, поспехаў, сям'і і шчасця.
Нагадвае, што ў школе як сябрам
I сэрцы, як і дзверы, будуць насцеж.
В. Буланда. Апошні званок.

Класны кіраўнік, падпісаўшы кожнаму вучню кнігі або спецыяльныя віншавальныя паштоўкі, можа падарыць і гэты верш на памяць.

Вядучая.
Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак.
Яны — твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі.
Адольф.
Для іх заўсёды ты — дзіця,
Яны суцешаць і ўратуюць
I на сувой твайго жыцця
Свайго жыцця не пашкадуюць.
Паўлінка.
I там, за далеччу гадоў,
Дзе ім не быць з табою разам,
Святая іхняя любоў
Асвеціць шлях твой цяжкім часам.
Вядучая.
I трэба, мабыць, гэтак жыць,
Шануючы сваю Айчыну,
Каб мог і сын твой паўтарыць
Свайму у будучыні сыну:
"Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак,
Яны — твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі..."
А. Грачанікаў. Калі жывуць яшчэ бацькі.

Слова даецца бацькам. Вядома, будзе лепш, калі загадзя дамовіцца, хто з бацькоў захоча сказаць слова ўдзячнасці настаўнікам і пажаданні дзецям.
Школьны хор выконвае песню "Трэба дома бываць часцей" (верш Р. Барадуліна, музыка I. Лучанка).
Адзінаццацікласнікі падносяць бацькам падарункі, зробленыя сваімі рукамі пад кіраўніцтвам настаўнікаў працы або па сваёй ініцыятыве.


Адольф.
Кожны з нас для выпускнога класа
Мае слова добрае сказаць.
Паўлінка.
Выступае старшыня калгаса,
Мы яго гатовы прывітаць!

Старшыня калгаса, жадаючы вучням добрага шляху, найлепшых поспехаў і шанцаў у будучых прафесіях, запрашае звязаць свой лес з роднай зямлёй, а таксама не забываецца на тое, каб адзначыць самых працавітых выпускнікоў каштоўнымі падарункамі.

Адольф. Так радасна, што заспяваць мне хочацца.
Паўлінка. Няхай тады зноў песенька паўторыцца.
Дзесяцікласнікі паўтараюць куплет з песні "Скажыце нам, вучні, ці любіце ўсіх".

Вядучая. I вось скажыце, ці любіце ўсіх? Вам слова, выпускнікі!

1 -ы вучань.
Вось ён прыйшоў, апошні школьны дзень,
Май — чараўнік, вы паглядзіце самі,
Расквеціў ён усмешкі у людзей
I па-сяброўску размаўляе з намі.
1-я вучаніца.
Пад дажджом ці ў час зною,
Ды ў намечаны срок
Кожнай новай вясною
Зноў апошні званок.
Ён — як быццам экзамен,
У дзяцінства зварот,
Сёння мерае з намі
Кожны дзень, кожны год.
2-і вучань.
Колькі ў ім абяцанняў,
Гэты звон — крыху стогн,
Гэта сум развітання,
А надзеяў — мільён!
Пад дажджом ці ў час зною,
Ды ў намечаны срок
Кожнай новай вясною
Зноў апошні званок.
2-я вучаніца.
Адзінаццаць год гучаць званкамі,
Незаўважныя, здавалася б, нікім
3 той пары, як прывялі нас мамы.
А сягоння мы — выпускнікі.
3-і вучань.
Школа нас вяла дарогай ведаў,
Сталі мы дарослымі не ўраз,
I заўсёды з намі ці то следам
Школьны наш настаўнік з класа ў клас.

Вядучая. Савет выпускнікоў 2001 года пастанаўляе: "За цяжкую працу і клопат пра дзяцей уручыць настаўнікам памятныя падарункі".
Вучні падрыхтавалі ў падарунак настаўнікам медалі: "За цярплівасць", "За маральную падтрымку", "За аптымізм", "За дабрыню".

3-я вучаніца. Прысвячаецца дырэктару школы.
Пачуццяў нерастрачаны кубак
I сапраўдны подых вясны,
I адданасць, і шчырасць, і любасць
Адрасуем дырэктару мы!
4-ы вучань. Прысвячаецца першай настаўніцы.
Вы нас пазналі? Паглядзіце...
Стаяць тут вашы першаклашкі!
Людміла, Волі, Ваня, Дзіма,
Андрэй, Сяргей, Наташка.
4-я вучаніца.
Мы Вас заўсёды ўспамінаем
Такою роднай і знаёмай.
Было, як з мамай, добра з Вамі,
А ў школе мы былі, як дома.
5-ы вучань. Прысвячаецца настаўніку матэматыкі.
Вылічай жа, вылічай,
Я малю ад сэрца Бога!
Матэматыку здаваць,
А настаўнік дужа строгі.
Бачыць ён яшчэ здалёк,
Што рашаю я дарэмна.
Ці скажу я тэарэму?
Зжальцеся і памажыце,
Будзьце ж сёння дабрадушны,
Я ж інструкцый не парушыў,
Памажыце, падкажыце!
5-я вучаніца. Прысвячаецца настаўніку гісторыі.
Гісторыі слаўнай вялікія даты
Мы ў памяці будзем заўсёды трымаць:
Пра штурмы і войны, герояў-салдатаў
Спытайце, хоць зараз адкажам на "пяць"!
6 -ы вучань. Прысвячаецца настаўніку хіміі.
3 намі з'елі соляў розных пуд,
I праблем вы мелі не адзіны груд.
А калі рэакцый не было падчас,
Па кнізе і на пальцах навучалі нас!
6-я вучаніца. Прысвячаецца моваведам.
Можам на англійскай сказы мы складаць,
А на беларускай песні распяваць,
Нам на рускай лёгка таксама размаўляць,
Мы сягоння рады "дзякуй" вам сказаць!
1 - ы вучань. Прысвячаецца настаўніку геаграфіі.
Сёння нам адкрыты ўсе
Краіны, кантыненты,
Толькі едзь і вывучай
Мясцовыя фрагменты.
Калі буду ў Афрыцы —
Усё магчыма ў нас —
Успомню геаграфію
I, вядома, Вас.

1-я вучаніца. Прысвячаецца настаўнікам працы.
Будзем мы вучонымі,
Будзем інжынерамі,
Будзем авалодваць
Прыгожымі манерамі.
Калі з малпы чалавека
Праца здолела зрабіць:
Будаваць, вучыць і шыць
Будзем, каб найлепей жыць!
В. Буланда.

2-і вучань.
Людзі, людзі з сэрцам Данка,
Вам за ўсё душа баліць,
Клопат вечарам і ранкам —
Як дарогу асвятліць,
Каб па той дарозе дзеці,
Не кульгаючы, ішлі,
Каб яны ў імклівым свеце
Шчасце вернае знайшлі.
В. Жуковіч. Людзі з сэрцам Данка.

Настаўнікам уручаюцца маленькія падарункі, на якіх вышыты словы "Сэрца Данка".

Вядучая. Для дарагіх настаўнікаў у падарунак! Словы Г. Палонскага, музыка К. Малчанава. "Жураўліная песня".

Паўлінка.
Не церпіцца маленькім першаклашкам
Вітаць Сяргеяў, Ваню і Наташку,
Чатыры Волі, Дзіму, Іну, Люду
Ды і Андрэя, пэўна, не забудуць.
1-ы першакласнік.
Вы былі маленькімі калісьці,
Гэткімі ж малымі, як і мы,
Пэўна, ад дзіцячае калыскі
3 мамамі за ручку вы прыйшлі?
1-я першакласніца.
А цяпер вялікія вы сталі,
Як жа вы, скажыце, падраслі?
Вы, відаць, на уроках многа спалі!
А урокі слухалі калі?
2-і першакласнік.
Абяцаем чэсна, акуратна
Кожны дзень у школе роднай быць.
Як і вы, вучыцца на "выдатна",
I настаўнікаў не крыўдзіць, а любіць!
2-я першакласніца.
Сёння вы закончылі вучобу,
Вам экзамены прыйшла здаваць пара!
Здайце на "выдатна" ці на "добра"!
Вам ад нас — ні пуху ні пяра!

Вучні I класа падбягаюць да выпускнікоў са сваімі падарункамі — птушкамі, зробленымі з саломкі.

Вядучая.
На апошні ваш урок
Празвініць якраз званок.
Вам жадае кожны з нас:
У добры шлях!
I ў добры час!

Першакласнікі бяруць за рукі выпускнікоў і вядуць іх у школу пад залівісты голас званка, які трымае лепшая вучаніца I класа, утульна прымасціўшыся на плячы старшакласніка.



Выпускніца

Верш Уладзіміра Мазго

Музыка Алега Елісеенкава

Наша парта ля акна.
Наша школьная вясна.
Равесніца.
Зоркі ззяюць у вачах,
I не страшыць першы страх,
Гарэзніца.
А юнацкае жыццё —
Адкрыццё за адкрыццём
Няспыннае.
I адчуў раптоўна я:
Ты — абранніца мая Адзіная.
П р ы п е ў:

Выпускніца, выпускніца
Мне ўсё сніцца, мне ўсё сніцца
У сукенцы выпускной
Сонечнай вясной.


Не палохаюць тамы,
Во сягоння сталі мы
Дарослымі.
Нават ветразі надзей
Нам здаюцца кожны дзень
Узнёслымі.
Ходзіць кругам галава:
Ты мяне пацалаваў,
А можа я?..
Толькі вернецца у снах
Наша школьная вясна
Апошняя.
П р ы п е ў:



Яшчэ на гэту тэму:

Бывай, пачатковая школа!     Бывай, дзіцячы сад, бы-вай!