сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. В, ЗЕЛЯНКО. Пачатковая школа 5. 2010

Ефрасіння Полацкая — апякунка і асветніца зямлі беларускай

Сцэнарый інтэлектуальнай гульні у IV класе

Сёлета адзначаецца 100-годдзе перанясення ў Полацк машчэй найсвяцейшай Ефрасінні Полацкай з Кіева-Пячорскай лаўры, куды яны былі перавезены з Іерусаліма прыблізна ў 1187 г. Прапануем увазе нашых чытачоў сцэнарый інтэлектуальнай гульні, прысвечанай жыццю і дзейнасці слыннай беларускай асветніцы.

Мэта: замацаваць веды пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай.
Задачы: фарміраваць у малодшых школьнікаў уяўленне аб прызначэнні чалавека і правілах маральных паводзін на аснове жыцця і дзейнасці Ефрасінні Полацкай; пашыраць і паглыбляць веды па гісторыі і культуры роднага краю; развіваць пазнавальны інтарэс вучняў; выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм і любоў да Радзімы; садзейнічаць фарміраванню адказнасці за захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў беларускага народа.
Абсталяванне: фотаздымкі выявы Ефрасінні Полацкай і помнікаў ёй у Мінску і Полацку, будынкаў Спаса- Ефрасіннеўскага манастыра, крыжа Ефрасінні Полацкай (гл. каляровую ўкладку часопіса “Пачатковая школа" № 3/2007); выява герба Полацка; карткі з заданнямі; руска-беларускія і беларуска-рускія слоўнікі; прызы, граматы і медалі для ўзнагароджвання.
Папярэдняя работа: афармляецца тэматычная выстава; вучні загадзя чытаюць літаратуру па тэме гульні; на дошцы вычэрчваецца табліца, у якую пасля кожнага этапу спаборніцтваў запісваецца колькасць набраных кожным вучнем балаў.

Ход мерапрыемства

Настаўнік вітае вучняў, абвяшчае пачатак інтэлектуальнай гульні і жадае дзецям поспеху і перамогі.

Конкурс “Крыжаванка”

Настаўнік выдае кожнаму ўдзельніку гульні аркуш з заданнем: знайсці па апісаннях і закрэсліць словы ў крыжаванцы (яны запісаны па гарызанталі злева направа і справа налева і па вертыкалі). 3 літар, якія застануцца не закрэсленымі, скласці кодавае слова (Ефрасіння). Гульцу, які першым справіцца з заданнем, налічваецца 4 балы, другому вучню — 3 балы, наступнаму — 2 балы. Астатнія ўдзельнікі конкурсу, якія таксама правільна назавуць кодавае слова, атрымліваюць па 1 бале.

Рукапісная кніга, у якую штогод уносіліся звесткі аб гістарычных падзеях, — 7 літар. (Летапіс)
Людзі, ад якіх мы вядзём сваё паходжанне, — 6 літар. (Продкі)
Хрысціянскі сімвал, знак — 4 літары. (Крыж)
Галоўная царква ў горадзе — 5 літар. (Сабор)
Майстар, які вырабляе ўпрыгажэнні з каштоўных металаў і камянёў, — 6 літар. (Ювелір)
Навука, якая вывучае мінулае, — 8 літар. (Гісторыя) Дачка князя — 8 літар. (Князёўна)
Навучальная ўстанова — 5 літар. (Школа)
Самы старажытны беларускі горад — 6 літар. (Полацк)

Крыжаванка пра Ефрасінню Полацкую

Конкурс “Тэсціраванне”

Настаўнік раздае вучням карткі з тэставымі заданнямі і табліцай для вызначэння ключавога слова. Дзеці павінны адказаць на пытанні тэста, запісаць у адпаведным слупку табліцы ключавое слова і здаць карткі настаўніку, падпісаўшы іх. За правільнае выкананне задання гульцу налічваецца 1 бал; вучню, які першым правільна выканаў заданне, налічваецца дадатковы бал. Дадатковы бал налічваецца і вучню, які зможа растлумачыць, якое дачыненне зашыфраванае слова мае да асобы Ефрасінні Полацкай.

Другая крыжаванка пра Ефрасінню Полацкую

1. Большую частку жыцця Ефрасіння Полацкая правяла ў манастыры. Вызнач правільнае тлумачэнне гэтага паняцця.
I. Месца пражывання манахаў альбо манашак.
II. Галоўная царква ў горадзе.
III. Месца жыхарства старажытных людзей.
IV. Установа, дзе назапашваюцца, захоўваюцца і выстаўляюцца для агляду гістарычныя рэчы (экспанаты).
V. Княжацкі палац.
2. Вызнач па апісанні, пра якую святыню беларускага народа ідзе размова.
Яго аснова зроблена з кіпарысавага дрэва. Да драўлянай асновы былі прымацаваны залатыя пласціны з намаляванымі вобразамі святых і каштоўныя камяні. У спецыяльных гнёздах знаходзіліся хрысціянскія каштоўнасці.
I. Шчыт Яраслава Мудрага.
II. Друкарскі станок Францыска Скарыны.
III. Меч Усяслава Чарадзея.
IV. Крыж Ефрасінні Полацкай.
V. Пячатка Льва Сапегі.
3. Як правільна называюцца жыхары горада, у якім прайшло жыццё Ефрасінні Полацкай?
I. Палаткі.
II. Полаўцы.
III. Палеткі.
IV. Паплечнікі.
V. Палачане.
4. Як сёння часта называюць Спаса-Праабражэнскі храм у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры ў Полацку?
I. Сынковіцкая царква-крэпасць.
II. Спаса-Ефрасіннеўская царква.
III. Сафійскі сабор.
IV. Каложская царква.
V. Чырвоны касцёл.
5. У якім годзе знік крыж Ефрасінні Полацкай?
I. 1941 г.
II. 1194 г.
III. 1419 г.
IV. 1149 г.
V. 1914 г.
6. Якога слова не хапае ў сказе?
У кожнага народа ёсць святыні, якімі мацней за жыццё даражылі мудрыя...
I. людзі;
II. палачане;
III. дзяды;
IV. князі;
V. продкі.
Ключавое слова: Палата (назва ракі, на беразе якой стаіць Спаса-Ефрасіннеўская царква, пабудаваная па жаданні Ефрасінні Полацкай).

Конкурс “Віктарына”

Настаўнік зачытвае сказ, вучні павінны на асобных аркушах запісаць яго нумар і пазначыць пры дапамозе слоў “так" або “не”, ці згодны яны з гэтым сцвярджэннем. Пасля віктарыны вучні выконваюць самаправерку: настаўнік агучвае правільныя адказы, дзеці выстаўляюць сабе па 1 бале за кожнае слушнае меркаванне. Вучні, якія могуць патлумачыць адмоўныя адказы на заданні віктарыны, атрымоўваюць дадатковы бал.

1. Ефрасіння Полацкая нарадзілася ў княжацкай сям’і. (Так)
2. Да пострыгу ў манашкі Ефрасіння Полацкая насіла імя Прадслава. (Так)
3. Князёўна Прадслава, якая пасля пострыгу ў манашкі атрымала імя Ефрасіння, была дачкой Усяслава Чарадзея. (Не, Прадслава была ўнучкай Усяслава Чарадзея)
4. Калі Прадслава даведалася, што бацькі жадаюць аддаць яе ў школу, яна пайшла ў манастыр. (Не, Прадслава пайшла ў манастыр, калі даведалася, што бацькі маюць намер выдаць яе замуж)
5. У Полацкім Сафійскім саборы Ефрасіння Полацкая займалася перапісваннем кніг, а атрыманыя за іх грошы раздавала бедным. (Так)
6. Паблізу Полацка Ефрасіння заснавала жаночы і мужчынскі манастыры. (Так)
7. Пры манастыры Ефрасіння Полацкая адкрыла школу, дзе дзяцей вучылі чытанню, пісьму, лічэнню і розным рамёствам. (Так)
8. Ефрасіння Полацкая вучыла людзей паважаць адзін аднаго, заклікала спыніць крывавыя войны. (Так)
9. Слава аб дабрадзейнасці Ефрасінні разышлася далёка за межы Полацка. (Так)
10. Ефрасінню Полацкую нярэдка называюць “князёўнай з трыма імёнамі”, (Не, Ефрасінню Полацкую называюць князёўнай-манашкай. Князёўна з трыма імёнамі — Рагнеда)
11. Каменная Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку была пабудавана за 30 месяцаў. (Не, будаўніцтва Спаскага храма доўжылася 30 тыдняў)
12. Вучоныя лічаць, што на адной з фрэсак у Спаса- Ефрасіннеўскай царкве адлюстравана выява Ефрасінні Полацкай. (Так)
13. Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны па загадзе Ефрасінні Полацкай. (Не, храм быў узведзены пры Усяславе Чарадзею)
14. Майстра, які па заказе Ефрасінні Полацкай у 1161 годзе зрабіў кіпарысавы крыж, аздоблены золатам і каштоўнымі камянямі, звалі Мікалай Пятровіч Кузьміч, (Не, каштоўны крыж вырабіў ювелір Лазар Богша)
15. Паданне сведчыць, што крыж Ефрасінні Полацкай вяртаў здароўе хворым, а знясіленым — надзею на лепшае жыццё. (Так)
16. Ефрасіння Полацкая стала першай жанчынай сярод усходніх славян, якую царква абвясціла святой. (Так)
17. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж Ефрасінні Полацкай знік, і дагэтуль невядома, дзе ён знаходзіцца. (Так)
18. Сучасны брэсцкі майстар Лазар Богша ў 1997 годзе аднавіў вобраз крыжа Ефрасінні Полацкай. (Не, вобраз крыжа Ефрасінні Полацкай аднавіў ювелір Мікалай Пятровіч Кузьміч)
19. Сёння копія крыжа Ефрасінні Полацкай захоўваецца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. (Не, рэліквія захоўваецца ў Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку)
20. Пошукі сапраўднага крыжа Ефрасінні Полацкай працягваюцца і сёння. (Так)

Конкурс “Асветніца зямлі беларускай”

Настаўнік раздае вучням карткі з запісанымі на іх словамі, якія вучні павінны перакласці з рускай на беларускую мову і з беларускай на рускую, а затым у кожным слупку табліцы пранумараваць словы ў алфавітным парадку. Пасля выканання задання праводзіцца самаправерка: за кожнае дакладна перакладзенае слова гульцу налічваецца 2 балы, за няправільны пераклад ад агульнай колькасці набраных вучнем балаў адымаецца 1 бал; калі вучань карыстаўся перакладнымі слоўнікамі, за пераклад кожнага слова яму налічваецца 1 бал. Гулец, які першым правільна перакладзе і пранумаруе ўсе словы, атрымлівае 2 дадатковыя балы.

Картка-заданне пра Ефрасінню Полацкую

Напрыканцы мерапрыемства настаўнік запісвае ў табліцы на дошцы набраную кожным удзельнікам спаборніцтваў агульную колькасць балаў і вызначае пераможцаў, якім уручаюцца медалі з выявамі герба Полацка і пазначэннем занятага месца. Граматамі і прызамі ўзнагароджваюцца ўсе ўдзельнікі гульні.

Літаратура

Буткевич, В. В. Великие люди Беларуси // Мое Отечество. Республика Беларусь : факультатив. занятия в 1-м кл. / В. В. Буткевич, Н. Г. Ваннна, О. В. Толкачева. — Минск : Пачатковая школа, 2009. — С. 38—39.
Буткевич, В. В. Ефросинья Полоцкая н Франциск Скорина — просветители земли белорусской // Мое Отечество. Мы — граждане Республики Беларусь : факультатнв. занятия в 4-м кл. / В. В. Буткевич, Н. Г. Ванина, О. В. Толкачева. — Минск : Пачатковая школа, 2009. — С. 17-19.
Ефрасіння Полацкая // Беларусь : энцыклапед даведнік. — Мінск : БелЭН, 1995. — С. 304.
Латышава, Н. Асветніца і нябесная заступніца Беларусі / Н. Латышава // Пачатковая школа. — 2007. — № 3. — С. 26—28.
Майхровіч, А. С. Ефрасіння Полацкая / А. С. Майхровіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыклапед. даведнік. — Мінск : БелЭн, 1995. — С. 13—20.
Ракуць, В. У. Ефрасіння Полацкая // Мая Радзіма — Беларусь : праверачныя, практычныя і творчыя заданні : 4-ты кл. / В. У. Ракуць, С. В. Паноў. — Мінск : Пачатковая школа, 2009. — С. 41—44.
Тарасаў, С. В. Мая Радзіма — Беларусь : падруч. для 4-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / С. В. Тарасаў, С. В. Паноў, I. А. Гімпель і інш. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2007. — 159 с.
Ягоўдзік, У, Крыж-святыня / У. Ягоўдзік // Мая Айч на : хрэст. /уклад. В. У. Буткевіч, Н. Г. Ваніна, А. У. Талкачова. — Мінск : Пачатковая школа, 2005. — С. 41—42.

Яшчэ на гэту тэму:

Пуцяводная зорка беларусаў     Спеў аб Еўфрасінні