сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н.М. ПОКУСАВА, настаўніца Бабіцкай СШ Чачэрскага раёна. Пачатковая школа Сакавік 2002 г.

Вялікдзень — найвялікшы дзень

Сцэнарый ранішніка

Дзеючыя асобы: Вядучы, гаспадыня Васіліна, гаспадар Антось, госці - валачобнікі дзеці ў народных касцюмах.

Вядучы. Сёння мы пазнаёмімся з вясновымі народнымі святамі і больш падрабязна пагаворым пра Вялікдзень.
1-ы вучань. Вясной адзначаецца вялікае народнае свята Дабравешчанне. Лічыцца, што ў гэты дзень Дзева Марыя атрымала вестку аб тым, што ў яе народзіцца Сын Божы. Старыя людзі кажуць, што Дабравешчанне — надзвычай важны дзень, калі "птушка гнязда не ўе, дзеўка касы не пляце”.
2-і вучань. За тыдзень да Вялікадня святкуецца Вербная нядзеля. Па традыцыі ў гэты дзень асвячалі ў царкве галінкі вярбы і імі ўсхвалялі родных.
Вядучы. А зараз запрашаем на Вялікдзень!

(На сцэне стаіць стол, засланы прыгожым абрусам. Уваходзяць Васіліна і Антось.)
Антось. Вось і дачакаліся Вялікага дня. А колькі прысмакаў ты падрыхтавала да яго, Васіліна!
Васіліна (ставіць на стол талерку з чырвонымі яйкамі, толькі што спечаны хлеб).
Зараз, Антось, будзем гасцей сустракаць і частавацца, а пакуль хадзі, я цябе вярбой паўсхваляю.
(Лёгенька стукае Антося па плячах і прыгаворвае.)

Вярба б’е, не я б’ю.
За тыдзень — Вялікдзень.
Вярбовым дубцом,
Ды самым канцом.
Уставай рана быдла гнаць,
Не забудзься лусты ўзяць.

Антось. А зараз я цябе паўсхваляю.
Не я б’ю, вярба б’е
На той дзень — Вялікдзень.
Будзь здарова, як вада,
I багата, як зямля.

Васіліна. Ці не чуеш, Антось? Хтось да нас завітаў.
(Ідуць валачобнікі з песняй "Валачобныя — людзі добрыя", разам з імі — астатнія госці.)

Валачобнікі.
Валачобныя — людзі добрыя,
Хрыстос ўваскрэс, Сын Божы!
Валачыліся, намачыліся,
Зайшлі да бабкі — падсушыліся.
А была ў бабкі курачка-рабка,
Нанесла яечак поўны запечак.
А тая бабка — ўсім па яечку,
Адной сіраце ды не дасталася.
Пайшла тая сірата за новыя варата.
..... Вярніся, сірата, дам табе парася,
Дам табе парася і пару яец.
Ды пару яец, каўбасы канец.
Вясна – красна на ўвесь свет.
Хрыстос уваскрэс!

Васіліна. Уваісціну ўваскрэс! Заходзьце госцейкі у хату

1-ы валачобнік.
Траўка брацца пачала,
У імшаніку пчала
Прачнулася і гудзе:
- Хутка ўжо - Вялікі дзень!
А людзі між сабою
Пацяшаюцца вярбою:
Ніхто нікога, не міне.
Ні цябе, ні мяне.

2-і валачобнік. І мяне, і цябе
Кожны дубцом сцебане
- Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень Вялікдзень!
І ты родны народ,
Будзь здароў на ўвесь год!

Антось. Вось вам за добрыя словы пачастунак. (Раздае па яйку.) А можа, хто загадкі загадае цікавыя ды пацешыць нас?
1-шы вучань.
Што гэта за вочы:
Адно свеціць удзень
А другое – ўночы
(Сонца, месяц.)

2-і вучань.
Рук многа, а нага адна.
Вясной адзяваецца, восенню раздзяваецца.
(Дрэва.)

3-і вучань.
Жаркае, яркае
Па небе плыве.
На сябе глядзець не дае.
(Сонца.)

4-ы вучань.
Белае і круглае
Доўга ляжала.
Час прыйшоў — жывым
Нежывое стала.
(Яйка.)

5-ы вучань.
Два браты ў адну ваду глядзяць,
А ніколі не сыдуцца.
(Берагі.)

Васіліна.
Вясна-красна,
Адкуль прыйшла?
Адкуль прыйшла, што прынясла?
Малодачкам — па чаўночку,
А дзевачкам — па вяночку,
Пастушкам — па кіёчку,
Старым бабам — па галушачцы,
Малым дзеткам — па крамушачцы.

1-я вучаніца.
А ўжо недалечка краснае яечка,
Зялёны явар кудравы!
2-я вучаніца.
Чырвонае кока ўжо недалёка,
Каліна-маліна — ягадзіца!
1-я вучаніца.
Цыбульку лупіце, яечкі хварбіце,
Зялёны явар кудравы!
2-я вучаніца.
Яечкі хварбіце, дзеткам дзяліце,
Каліна-маліна — ягадзіца!

1-ы валачобнік. А ці чулі вы гісторыю пра казла?
(Ідзе гаворка паміж дзецьмі, якія сядзяць па абодвух краях сцэны.)

1-ы вучань. Ішоў казёл мастом.
Усе. Ду-ду-ду! (Пасля кожнага радка.)
2-і вучань. Ківаючы хвастом.
1-ы вучань. А куды ідзеш, казёл?
2-і вучань. Касу іду купляць.
1 -ы вучань. Нашто табе каса?
2-і вучань. Буду сена касіць.
1 -ы вучань. Нашто табе сена?
2-і вучань. Каровачак карміць.
1-ы вучань. Нашто табе каровы?
2-і вучань. Буду малачко даіць.
1 -ы вучань. Нашто табе малачко?
2-і вучань. Малых дзетак карміць!

Антось. Давайце, хлопчыкі і дзяўчынкі, разам пагуляем. Палічымся і распачнём гульню "Грушка".
(Дзеці лічацца, праводзіцца гульня.)

Антось (лічыць).
Раз, два, тры, чатыры!
Кошку грамаце вучылі.
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.

Васіліна. Прытамілася я крышку гуляючы.
2-і валачобнік. А давайце я вам, цётка Васіліна, верш пра сённяшняе свята раскажу.
(Валачобнік чытае верш А. Вольскага "Вялікдзень"(падручнік "Буслянка", 2кл.)

Антось. Дзяўчаты, праспявайце мне якую песню, каб прыўзняць настрой.
(Дзяўчынкі спяваюць беларускую народную песню "Чаму ж мне не пець" і прытанцоўваюць.)

1 -ы валачобнік. Паважаныя гаспадары! Мы вам спявалі, вершы расказвалі. А цяпер рашыце вы нашу задачу!
Васіліна. Кажыце, а мы з Антосем памяркуем.
1-ы валачобнік. Ну, слухайце! Аднаму мужыку трэба было перавезці праз раку казу, ваўка і капусту. Але ў лодку можа сесці толькі мужык і ўзяць з сабой штосьці адно. Калі ён возьме ваўка, каза з’есць капусту, калі возьме капусту, то воўк з’есць казу, а калі возьме казу, то што будзе на другім беразе?
Антось. Задача не з лёгкіх. Можа, хто з гасцей дапаможа яе рашыць?
(Калі гледачы не даюць адказ, то задачу рашае Васіліна.)
Васіліна. Здаецца, я магу дапамагчы гэтаму мужыку з яго гаспадаркай. Няхай плыве і возьме з сабой спярша казу. Потым вернецца за капустай. Калі ж прывязе капусту, няхай казу забярэ і вязе назад. Казу высадзіць, ваўка забярэ і нарэшце, калі воўк і капуста будуць на тым беразе, прывязе казу.
2-і валачобнік. Ну, Васіліна, цябе можна браць з сабой у дарогу! Ты ўсё правільна растлумачыла.

1-ы валачобнік. Дзякуй вам, гаспадары, за гасціннасць, добра мы з вамі павесяліліся.
2-і валачобнік.
Дай табе Божа, добры гаспадару,
Сыноў гадаваці й дамы будаваці.
Твае добрыя дзеткі як у полі кветкі,
А твая чэлядка весела і гладка.
Твой конь пасля працы, як жораб, скача.
Вядуцца хай цяляткі, авечкі і ягняткі,
Кароўкі, качкі, парасяты,
Куры і кураняты.
Твая ніва хай будзе ўрадліва:
Чаго ні пасееш — усяго займееш!

(На развітанне Васіліна і Антось частуюць гасцей цукеркамі, яйкамі і пірагом.)

Васіліна. Дзякуй усім, хто завітаў на наша свята! Але ж час прыйшоў развітвацца.
Антось і Васіліна. Хрыстос уваскрэс!



Яшчэ на гэту тэму:

"Кацілася яечка ды з узгорачка"     Вялікдзень