сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. Б. ЯФІМАВА, кандыдат філалагічных навук. Пачатковая школа Лістапад 2000 г.

Снег ідзе, снег ідзе - радасны, махнаты!..

Сцэнарый навагодняга ранішніка

Дзеючыя асобы: вядучы, дзеці-чытальнікі, хлопчыкі і дзяўчынкі, удзельнікі танцавальнай і харавой груп, Дзед Мароз, Снягурка.

1-ы чытальнік.
Зіма, зімачка, зіма,
Нешта снегу ўсё няма. (Разводзіць рукамі.)

2-і чытальнік.
Дай нам снегу чыстага,
Чыстага, іскрыстага.

Усе разам.
Дай, зімачка, зіма! (Усе злёгку кланяюцца.)

(Гучыць мелодыя вальса, лёгкім крокам, плаўна ўзмахваючы рукамі, з’яўляюцца сняжынкі-дзяўчынкі ў белых кароценькіх сукеначках, абсыпаных блёсткамі ці абшытых светлым "дожджыкам". Яны танцуюць танец сняжынак, кружацца, потым ідуць парамі, па адной разыходзяцца ў розныя бакі, утвараюць два невялікія кругі, прысядаюць, зноў плаўна кружацца.)

Вядучы (пры з’яўленні сняжынак).
Сняжыначкі - пушыначкі
Ляцелі матылькамі,
Над хмызамі над шызымі
Дыміліся дымкамі.
(Пасля невялікай паўзы ў той час, калі сняжынкі закружыліся.)
Закружыліся
Сняжынкі
Нізка-нізка
Над зямлёй.
Ціха лётаюць
Пушынкі
Незлічонай
Чарадой,
Быццам тыя
Матылёчкі.
Весяляцца
Нездарма —
Адамкнула
Ўсе замочкі
Ў небе ім
Сама зіма!
Сняжынкі (танцуюць і спяваюць).
Мы вясёлыя сняжынкі,
I сябруем мы з зімой.
Мы сняжынкі-балерынкі,
Мы танцуем танец свой.
Ах, як хочацца нам болей
Пакружыцца над зямлёй!
Апускаемся паволі
I гамонім між сабой.
1 -я сняжынка. Я саджуся на галінку!
2-я сняжынка. Я — на плот!
3-я сняжынка. А я — на дах!
4-я сняжынка. Апушчуся на сцяжынку.
Усе разам. Мы закружым па палях. (Танцуюць, спяваюць.)
Мы вясёлыя пушынкі,
Мы танцуем угары.
Мы сняжынкі-балерынкі,
Танец наш — для вас, сябры.
(Кланяюцца і пакідаюць сцэну. Выходзяць хлопчык I дзяўчынка.)
Хлопчык.
Вось і сняжынкі
Да нас прыляцелі —
Усё пабялела ў бары, на лугу...
Дзяўчынка.
Усхапіўшыся ўранку
3 цёплай пасцелі,
Хутка адзеўшыся, ў сад я бягу.
Ветрык халодны
За нос мой хапае,
Голасна галкі крычаць на сасне...
Хлопчык.
Чуеш? Дзень добры,
Зіма дарагая!
Дзяўчынка.
Восень ужо надакучыла мне!
Закружыліся сняжынкі,
Ну, нібыта матылькі (як бы ловіць іх рукамі).
Хлопчык.
Надзя — шустрая дзяўчынка —
Ловіць іх у дзве рукі.
А ў самой сняжок
На вейках,
На плячах,
На каўняры —
Нібы гэта не Надзейка,
А Снягурка на двары.
Дзяўчынка (да тых, хто сядзіць у зале). 3 неба ўпаў, усю зямлю, як абрусам, заслаў. Што гэта?
(Гучыць музыка. "Снег ідзе, снег ідзе — радасны, махнаты!.." — з гэтымі словамі выбягаюць хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны нібы лепяць снежкі, кідаюць са смехам адзін у аднаго і, гуляючы, выбягаюць за кулісы.)

1-ы чытальнік.
Снег ідзе! Снег ідзе!
Радасны, махнаты!
Апранаюся хутчэй,
Выбягаю з хаты.
Стаў у гурбу —
О-го-го! —
Гэтак праваліўся,
Нават хаты не відно,
Ды не разгубіўся...
Снег далонямі лаўлю,
Цёпла мне і ўтульна.
I пра хованку сваю
Не крычу пакуль я.
Выйшла мама: - Дзе Алег?
Не відаць наўкола!..
— Тут я, мама, мяне снег
Заваліў па голаў!
2-і чытальнік.
Зноў зіма, зноў зіма
I кругом —
Сумёты.
Ды няма, ды няма
У вачах самоты.
3-і чытальнік.
Карагод завірух
Дзень і ноч лятае.
Белы снег,
Быццам пух,
Далі замятае.
4-ы чытальнік.
А дзяцей на двары
Клічуць забаўлянкі:
Дзед Мароз падарыў
I канькі,
I санкі!
5-ы чытальнік.
А сняжок, а лядок
Вабяць, як ніколі.
А лыжня,
А каток —
Загартоўка волі.
6-ы чытальнік.
Белы снег —
Белы птах —
На плячо садзіцца
Iў вачах,і ў вачах
Радасна іскрыцца.
7-ы чытальнік.
Дык гайда на лыжы,
Санкі і канькі!
8-ы" чытальнік.
Ш-ш-шась, ш-шух!
Ш-ш-шых, ш-шах!
Лыжы зранку на нагах.
Пад вясёлы,
Звонкі смех
У сыпучы лезуць снег.
Не пужаюцца яны
Белай снежнай цаліны,
I таму зімой заўсёды
Лыжы мы бяром
Ў паходы!
9-ы чытальнік.
Надзяваю я канькі
I да рэчкі — нацянькі.
Там празрысты звонкі лёд,
Там вясёлы карагод.
Я размахваю рукамі,
Я пабліскваю канькамі,
Быццам вецер,
Разганюся,
Закручуся,
Развярнуся.
Лёд іскрысты звоніць —
Хто мяне дагоніць?
10-ы чытальнік.
Як віхор, імчацца санкі,
Раптам рэзкі рух убок —
3 санак вылецеў Іванка,
Пакаціўся, як клубок.
Эх, вясёлае катанне!
I рагоча дзетвара.
I да вечара ад рання
Пацяшае двор гара.
11-ы чытальнік.
Дзеці шумлівыя,
Санкі імклівыя.
Горка крутая,
Ветрык лятае:
Санкі дагоніць —
Твар пачырвоніць,
Дзеці, як макі,
Ў куртачках яркіх.
12-ы чытальнік.
Злева і справа —
Санак саставы,
А паравоз —
Працавіты Мароз.
13-ы чытальнік.
I дзе ён, той Дзядуля Мароз?
Дзеці. Вось бы яго пабачыць!..
13-ы чытальнік. Разам у снежкі пагулялі б!.. Ён бы нам са свайго вялізнага меха падарункаў даў!..
Дзеці. Ого! Падарункі!.. Добра было б!
13-ы чытальнік. Ці ж пазнаеце Дзядулю Мароза?
Дзеці. Пазнаем!
1 -ы чытальнік. Ходзіць сабе па нашай зямлі Мароз і здалёк свеціць сваім чырвоным носам. Таму і называюць яго Мароз — Чырвоны нос. Ходзіць сабе па палях, лясах, па вёсках і гарадах і ўсюды па-свойму забаўляецца...
2-і чытальнік. Ідзе праз поле, як дзьмухне — снег пылам падымаецца.
3-і чытальнік. Ідзе праз лес, як пачне дубцом па дрэвах біць, дрэвы трашчаць, калыхаюцца...
4-ы чытальнік. Чуеце?.. Здаецца, не-дзе зусім блізка галінка трэснула. Мусіць, Дзед Мароз сюды ідзе... Ціха!
(Усе прыслухоўваюцца.)
5-ы чытальнік. Не! Гэта, відаць, вецер галінку абламаў...
6-ы чытальнік. А дзе ж гэта Дзед Мароз? (Уздыхае, садзіцца на пень.)
7-ы чытальнік.
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Можа, ў лесе ты замёрз?
Што да нас ты не прыходзіш?
Ці валёнкі не знаходзіш?
8-ы чытальнік.
Ці вавёрка спрытнай лапай
У цябе схапіла шапку? (Смяецца.)
9-ы чытальнік.
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Можа, снег цябе занёс?
Ці кажух свой не знаходзіш?
Ці вакольным шляхам бродзіш?
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Пакажы нам хоць бы нос!
Усе разам (рупарам прыкладаючы да вуснаў рукі). Дзядуля Мароз, ты чуеш нас?
1-ы чытальнік. Ні гуку ў адказ... Відаць, Дзядуля Мароз недзе далёка!.. Давайце разам гукнем.
Усе разам. Дзядуля Мароз! Ад-гук-ні-ся!!! Мы хочам пабачыць цябе! Адгукніся!
Дзед Мароз (здалёк). Чую вас. Хто вы?
Усе разам. Мы са школы №...
Дзед Мароз. Рады буду вас убачыць. Чакайце мяне на вашым навагоднім свяце.
Усе разам. Ды яно ўжо пачынаецца!..
Дзед Мароз. Пачынайце ранішнік, тым часам і мы прыбудзем!
(Гучыць музыка.)
Вядучы.
Пасінеў на рэчцы лёд,
Неба у ясных зорках.
Зноў прыйшоў к нам
Новы год.
Усе разам. 3 песнямі і ёлкай!
(Дзеці водзяць карагод вакол ёлкі, спяваюць песню. Потым становяцца з аднаго і другога бакоў ёлкі.)

1-ы чытальнік.
Ззяе ярка, як вясёлка,
Прыгажуня наша — ёлка:
На галінках цацак шмат,
Хопіць нам
На цэлы сад...
2-і чытальнік.
У нашай ёлкі-ёлачкі
Абновы ўсе з іголачкі:
Зялёныя галінкі,
I дожджык, а не іней
На іх, галінках гэтых,
Блішчыць, як цёплым летам.
3-і чытальнік.
Аздоблена па-царску:
Шары шкляныя, цацкі,
I лямпачак каралі
На ёлачцы заззялі.
За вокнамі — завея,
А нас лясная фея
Сабрала ў карагод.
Усе разам. Вітаем Новы год!
(Выконваецца танец "Полька" ці "Лявоніха". Да вядучага падыходзяць самыя маленькія хлопчык і дзяўчынка.)

Дзяўчынка і хлопчык. А чаму дасюль не едзе з падарункамі Дзед Мароз?
Вядучы.
Не хвалюйцеся! У час
Будзе Дзед Мароз у нас.
I не жартам, не на смех
Прывязе гасцінцаў мех!
Чую, ён ужо ідзе —
У чырвоным кажусе,
Дзед Мароз ружавашчокі
За плячамі мех нясе.
Дзед высокі і вясёлы,
Снег блішчыць на барадзе,
I Снягурачка да школы
За руку яго вядзе...
(Заходзяць Дзед Мароз, Снягурка, дзеці у касцюмах мядзведзя, лісічкі, зайца. Школьнікі іх вітаюць.)

Дзед Мароз.
Іду я, сняжысты, ўсясільны,
Па сцежках-пуцінах пустых,
I ночкай і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
Палац мой — магутны, прыгожы —
Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзведзь у паслугах,
Мне служаць вавёрка і лось.
(Падыходзіць бліжэй, вітае дзяцей.)
Добры дзень!
Са святам, дзеці!
Вас вітае Дзед Мароз!
Доўга ездзіў я па свеце
I да вас гасцей прывёз.
(Снягурка, мядзведзь, лісічкі, зайцы таксама вітаюцца.)

Вядучы (гасцям).
Шчыра вас усіх вітаем ды на свята запрашаем!
Будуць песні, жарты, смех...
Дзед Мароз.
Добра! Дзе паставіць мех?
(Здымае з плячэй вялікі мех, ставіць яго ля ёлкі.)
Я не проста дзед стары,
Што складае вершы,
Я вясёлай дзетвары
Сябра самы лепшы.

Мой паўшубак на пуху.
Што мне снег, марозы!
Я нашу ў сваім мяху —
(паказвае рукой)
Цуды і дзівосы.

Па радзімай старане
Валачуся з клункам.
Той, хто верш раскажа мне,
Будзе з падарункам.
Снягурка.
Падарункі атрымае,
Хто танцуе і спявае,
Хто на памяць верш раскажа
Або фокусы пакажа!..
Дзед Мароз. Вось умова якая!..
Вядучы. Ну што ж, хто хоча, каб Дзядуля Мароз свой мех развязаў і падарункі раздаў — старайцеся!

(Гучыць музыка. Дзеці спяваюць і танцуюць. Потым дзяўчынка і хлопчык дэкламуюць верш Н. Галіноўскай "Сеў на саначкі Мароз".)

Дзяўчынка.
Сеў на саначкі Мароз,
Пазірае: "Хто б падвёз?" —
Доўга, доўга ён сядзеў —
Нос у Дзеда пасінеў.
Хлопчык.
Змерзлі рукі, змерзлі ногі,
Стаў прасіць ён дапамогі.
3 елкі крыкнула вавёрка:
Дзяўчынка.
— Ці ж не бачыш? Побач горка.
Толькі саначкі ўсцягні —
Паляціш, як на кані!
Хлопчык.
Уздыхае Дзед Мароз:
— Я ж да саначак прымёрз!
Рассмяшыў стары вавёрку.
Дзяўчынка.
— Зараз я гукну сяброўку.
Завязём цябе у цяпліцу.
Хлопчык.
— У цяпліцу?..
I не думай клапаціцца!
Дзяўчынка.
Усхапіўся Дзед Мароз,
Шпарка саначкі павёз.
Дзед Мароз. Гэта ж такая прыгода сталася са мной. Ды я нешта не памятаю, каб калі да саначак прымярзаў (смяецца). Але вельмі цікава! Дзякуй за верш. Хто з вас яшчэ што ўмее?
1 -ы чытальнік. "Пайшоў коўзацца каток". Так назваў свой верш Станіслаў Шушкевіч.
Пайшоў коўзацца каток
На рачулку, на лядок...
Як ішоў ён, на хаду
Праваліўся у ваду.

Замачыў ён чаравічкі,
I касцюм, і рукавічкі.
Нетрывалы быў лядок,
Непаслушны быў каток.

А яму ж казала маці,
Каб мышэй лавіў у хаце,
Каб маленькіх калыхаў
I на цёплай печы спаў...
Дзед Мароз. Дзякуй! Бач, які слаўны каток!..

(Выходзяць чацвёра дзяцей. Яны расказваюць верш Ніны Мацяш "Натуршчыца".)

2-і чытальнік.
У двары вясёлы гам:
Снегавуху лепяць там.
Пятрок, Змітрок і Таня
Снег у камы катаюць.
3-і чытальнік.
Збірае голле Генік:
Майструе бабе венік.
Кудлаты Юльчын Буля
Нясе ў зубах каструлю.
4-ы чытальнік.
— А ты чаго тут, Ганька,
Са швабрай каля ганка?
У крыўдзе на сяброў сваіх?
5-ы чытальнік.
— А я натуршчыцаю ў іх!
(Гучыць мелодыя песні "Ёлка-вясёлка" на словы М. Чарняўскага, музыку А. Ізотава, дзеці спяваюць яе, узяўшыся за рукі, разам з імі спяваюць Дзед Мароз, Снягурка і іншыя госці.)
Завітала ў госці ёлка —
3 намі Новы год спаткаць.
Ззяе ёлка, як вясёлка,
Рада пець і танцаваць.

Зухаваты, барадаты
Сыпле жарты Дзед Мароз.
Са Снягуркаю на свята
Падарункі ён прынёс.

Вочы весняцца ў Снягуркі,
Добра ўсім каля яе:
Нам Снягурка падарункі,
Як усмешкі, раздае.

Што за дзіва — наша ёлка!
Што за свята — Новы год!
Ззяе ёлка, як вясёлка,
Водзіць з намі карагод.
Дзед Мароз. Малайцы! Добра спяваеце, скачаце, вершы слаўна дэкламуеце. А як наконт загадак? Мы са Снягуркай прыпаслі для вас некалькі загадак. Пачынай, Снягурка!
Снягурка.
У якой пярыне
Зайчык не прастыне?
Ля якой падушкі
Ён пагрэе вушкі?
Дзеці. Са снегу і падушка, і пярына. Зайчык у снезе спіць.
Дзед Мароз. Адгадалі! А вось гэту загадку адгадаеце?
Ён па лесе скок ды скок,
Косіць вокам з боку ў бок.
У дупле вавёрка — шчоўк!
А яму здаецца — воўк.
Дзеці. Гэта зайчык!
Дзед Мароз. Малайцы!
Дзеці. А можна, Дзядуля Мароз, вам загадку загадаць?
Дзед Мароз. Як ты думаеш, Снягурка, можна?
Снягурка. Канешне, Дзядуля Мароз!
Дзед Мароз. Ну што ж, слухаем.
Хлопчык.
Хатку татка
У дом прывёз,
У той хатцы
Дзед Мароз.
Ён там спіць
I ў сне
Буркоча,
Паказацца мне
Не хоча.
(Дзед Мароз пры гэтых словах аж галаву ад здзіўлення выцягвае.)
Дзед Мароз. Гэта каб мяне, усясільнага Дзеда Мароза, ды ў нейкую скрыню пасадзілі?! Не, не, не! Пойдзем, Снягурка, хутчэй адсюль!
Снягурка і дзеці. Гэта зусім не пра вас, Дзядуля Мароз!..
Хлопчык. Гэта зусім нават не пра Дзеда Мароза, а проста пра холад. Спякота на дварэ, а ў той хатцы заўсёды холад, мароз...
Дзед Мароз. Ну, тады іншая справа. Як ты думаеш, Снягурка, што гэта за хатка? (Нахіляецца да Снягуркі.)
Дзед Мароз (паслухаўшы Снягурку, гучна смяецца). Дык гэта халадзільнік?! Такога я яшчэ не чуў! Ды мне ж халадзільнік без патрэбы... Але цікавая загадка... Малайцы! Добра ў вас!
Снягурка. Весела, цікава ў вас, ды чакаюць нас у іншых школах.
Дзед Мароз. Так, так! Час развітвацца.
3 Новым годам! 3 Новым годам!
Са святочным карагодам!
3 гульнямі зімовымі,
Забавамі новымі!
Снягурка.
Прынясе хай Новы год
Песень новых і прыгод!
Дзед Мароз.
Усім вам добрае здароўе
Хай прыносіць Новы год!
А цяпер і мех з падарункамі можна развязаць.

(Гучыць музыка. Дзеці атрымліваюць падарункі.)


У сцэнарыі выкарыстаны творы В. Жуковіча, 3. Бядулі, А. Дзеружынскага, Н. Галіноўскай, С. Шушкевіча, I. Шуцько, М. Пазнякова, У. Мазго, М. Чарняўскага, Д. Бічэль-Загнетавай, Л. Мароза, 3. Верас, I. Гурбана, М. Маляўкі, С. Грахоўскага, Я. Купалы, Л. Пранчака, У. Мацвеенкі.



Яшчэ на гэту тэму:

Новы год     Мы жадаем шчасця вам!