сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. С. ЛЯЛЁКІНА, выхавальнік, ГПД гімназіі г. Пружаны. Пачатковае навучанне 2013 №1

Эх, бульба-бульбачка

Ранішнік

Гаспадыня. Добры дзень, шаноўныя госці. Вось ужо 15 гадоў гасцінна адчыняе дзверы клуб беларускага фальклору «Крынічка» для тых, хто хоча ведаць беларускую мову, хто хоча дакрануцца да таямніц гісторыі і культуры беларускага народа.
Беларуская краіна,
Перазвоны азёраў, бароў,
Над палеткамі бульбы і жыта
Песня велічных курганоў.
Гэта наша зямля дарагая,
Гэта нашы лугі і палі,
Над якімі спрадвеку гукае
Бусел — сімвал бяссмерця зямлі.
Гаспадыня. А ці ведаеце вы, дзеткі, чым славіцца Беларусь?
Гаспадыня. Малайчыны, у нас больш, чым у якой іншай краіне, вырошчваюць бульбу. Яна — наш другі хлеб. Запрасілі мы яе на наша свята разам з сябрамі, але нешта яны спазняюцца. Трошкі пачакаем і адгадаем загадку.
Было жоўтым — вырасла зялёным,
Сонца пацалавала — зноў жоўтым стапа. (Каласок.)

Заходзіць каласок.
Каласок.
Добры дзень, шаноўны люд!
Каласок жытнёвы тут, як тут!
Бачу народу багата!
Пэўна, тут нейкае свята!
А ўбор мой зрэбны, не новы,
А хлеб мой просты — жытнёвы.
Ды без хлеба ж і хата не хата,
I свята не свята, і поле не поле,
I доля не доля!
Атрымаў запрашэнне на свята, дзякуй вам!
Гаспадыня. Каласочак-дружочак, а Бульбачку па дарозе не бачыў?
Каласок. Бачыў, бачыў! Разам ішлі, размаўлялі пра надвор’е. А потым я агледзеўся, некуды знікла мая Бульбачка. Вось прыйшоў адзін.
Гаспадыня. Ну што ж, будзем чакаць.
Каласок. Дзеці, я хачу ў вас запытацца, як вы ставіцеся да хлеба? Акрайчыкамі ў футбол не гуляеце? Лустачак не выкідаеце?
Гаспадыня. Што ты, што ты, Каласок, нашы дзеці самыя лепшыя ў свеце.
Вучні.
Спрадвеку чалавеку хлеб
Адной з найпершых быў патрэб,
Народ назваў, відаць, таму
Хлеб галавою ўсяму.
Пахне хлебная скарынка
Цёплым ветрыкам, хваінкай,
Летнім дожджыкам грыбным,
Лугам, полем аржаным,
I асенняй пазалотай,
Ды натхнёнаю работай.
Каласок. Дзякуй вам, дзетачкі, за добрае слова.

Уваходзяць Бульбачка і цётка Наста.
Бульба і цётка Наста (разам). Добры дзень!
Гаспадыня. Добры дзень, суседачка. Дзе ж ты нашу Бульбачку знайшла?
Цётка Наста. На свята да вас ішла, а тут Бульбачка бяжыць. Вось разам і прыйшлі.
Бульба. Вялікі дзякуй за запрашэнне на свята. Але я трошачкі затрымалася, мяне гэты злодзей — жук Каларадскі не пускаў да вас.
Гаспадыня. Даражэнькая наша Бульбачка, супакойся. У нашай «Крынічцы» цябе ніхто не пакрыўдзіць. А свята ў нас сёння ў твой гонар. Паглядзі, якая прыгожая і вялікая бульба вырасла сёлета.
Бульба (спявае).
Я бульба, бульба, бульбачка,
Я смачная такая.
I дранку з мяне любіце,
I дранікі ў смятане.
Тра-ля-ля, тра-ля-ля
I дранікі ў смятане. (2 разы.)
Я з віду не цудоўная, а шэрая такая,
Я трошачкі каравая, на смак — зусім другая.
Тра-ля-ля, тра-ля-ля,
На смак зусім другая. (2 разы.)
Прыбягае Жук.

Жук. Гам, гам, гам! Вось ты дзе! Але я цябе і тут знайшоў!
Бульба. Ой, ой, ой! (Плача.) Што мне рабіць?
Гаспадыня. Пачакайце, не бяжыце, не бяжыце. Скажыце, што здарылася? Адпачніце, раскажыце.
Бульба. Адчапіся ты ад мяне. Летам не даваў спакою і зноў прыляцеў. I марозу на цябе няма!
Гаспадыня. Дзеці! Вы напэўна здагадаліся, што гэта Каларадскі жук, які вельмі любіць бульбачку.
Жук.
Жу-жу-жу, жу-жу-жу.
Я на бульбачцы сяджу,
Не жу-жу, калі сяджу,
Ўсё на бульбачку гляджу.
А ў паветры закружуся,
То ўжо во як нажужуся.
Цётка Наста. Я раскажу вам дзетачкі, што здарылася сёлета на школьным агародзе. Вясною дзеці пасадзілі бульбу. Яна добра ўзышла. Яны яе палолі, акучвалі, палівалі. Марылі, што восенню збяруць добры ўраджай. Але аднекуль прыляцеў жук і пачаў есці бульбяныя лісточкі і дабраўся да кветак. I калі б нашы дзеці не ўбачылі гэтага злодзея, то і не было б бульбачкі ў нашым агародзе. Я думаю, што яго трэба прагнаць, а то і ў наступным годзе не будзе ад яго спакою.
Жук (плача). Не праганяйце мяне. Прабачце, калі ласка. Даруй, Бульбачка, я больш да цябе не дакрануся. У вас тут весела, а мне аднаму сумна.
Цётка Наста. Можа, даруем Жуку? Бульбачка, як ты скажаш?
Бульба. Добра, на першы раз даруем.
Гаспадыня. Вось і добра. А цяпер будзем усе весяліцца. Не плач, Жук, дзеці ведаюць пра цябе верш. Паслухай.
Вучні.
Сеў жучок на сучок.
На скрыпачцы грае.
Павучок-скрыжачок
Скача, прыпявае.
Гэй, ты, тонкая нага,
Новенькія боты,
Добра пець, люба граць
Нам пасля работы.
Гаспадыня. А цяпер мы будзем правіць імяніны. Бульбачка, станавіся ў сярэдзіну круга.
Дзеці (спяваюць). Як на Бульбіны імяніны, ой спяклі мы каравай. Бульбяны каравай, каго хочаш выбірай.
Бульба. А я выбіраю ўсіх дзяцей!
Цётка Наста. Дарагая Бульбачка! Віншуем цябе са святам. Жадаем табе здароўя, будзь заўсёды такой прыгожай і смачнай.
Гаспадыня. А дзеці для цябе падрыхтавалі вясёлы танец «Лявоніха».
Бульба. Дзякуй вам, дзетачкі, за цудоўны танец.
Вучні.
Урадзіла бульба на калгасным полі,
Гэткай добрай бульбы не было ніколі.
Мы яе саджалі, у бурты складалі,
Сёстрам, мамкам, бабкам, мы дапамагалі.
3 бульбы добрай нашай фрыкадэлькі, каша,
Пірагі з грыбамі, з мясам, буракамі.
Бульбу вараць, бульбу смажаць,
Бульба наша — любата,
3 беларускай бульбы стравы — смаката.
Цётка Наста. Дзеці, а якія стравы з бульбы вы яшчэ ведаеце? (Дзеці называюць.) А ведаеце вы, дзеці, што існуе больш чым 500 страў з бульбы?
Жук. Ой, як весела тут у вас, слухаў бы ды слухаў.
Бульба. Бачыш, Жук, як дзеці спяваюць, танцуюць. Ты лепш бы за песнямі ганяўся, чым за мной. Сеў бы на мой лісточак ды спеў бы разочак. А то ўсё грызеш, грызеш, пакуль былкі не застануцца.
Жук. Бульбачка, ты мая даражэнькая, даю табе слова, больш цябе не буду чапаць. Я цяпер табе буду пець серэнады, і мы будзем сябрамі.
Бульба. Паглядзім, паглядзім.
Жук. Вось паслухай.

Гучыць беларуская народная песня «Сеў камарык на дубочак».
Цётка Наста. Ведаеце, дзеці, калі я была такая як вы, мы на кожнае свята ладзілі гульні. Давайце і зараз з вамі пагуляем у гульню «Печаная бульба».
Гаспадыня. Паважаныя госці, нашы дзеці падрыхтавалі да свята цікавы верш «Зернетка і Бульбінка».
Аўтар.
Бульбінка і зернетка, цвёрдзенькае гэткае.
Між сабой спрачаліся, вельмі выхваляліся.
Зернетка.
Зернетка я хлебнае,
Людзям я патрэбнае.
А ты, бульба, пры бядзе
Спачываеш у ядзе,
Як надыдзе галадуха.
Бульба.
Не хачу цябе я слухаць.
Я — частунак, як заўсёды
I заўжды, у любы час года
На вяселлях я, на святах,
У застоллі ва ўсіх хатах.
Зернетка.
Зернетка я — хлеб надзённы,
Харч нязменны і штодзённы.
Каб не мелі людзі хлеба,
Памутнела б сонца, неба,
Бо без хлеба, хоць ты трэсні,
Не спяваліся б і песні.
Аўтар.
Чалавек іх спрэчку слухаў
I матаў сабе на вуха.
Чалавек.
Кажаш, Зернетка, ты праўду.
3 Бульбінкай вам зычу ладу,
Вам няма чаго спрачацца,
Выхваляцца, хвалявацца,
Вы патрэбныя ўсім людзям.
Бульба.
Дзякуй, жыць у згодзе будзем.
Зернетка.
Дзякуй, добры чалавечак,
Не пачуеш нашых спрэчак!
Аўтар.
3 бульбы ў нас галушкі вараць
Нашу бульбу ўсе хваляць.
Не мінайце нашай хаты,
Прыязджайце вы да нас.
Пачастуем нашай бульбай,
Пачастуем госці вас.

Гучыць песня «Эх бульба-бульбачка».
Бульба.
Трэба нам ужо ў дарогу,
Дзякуй, дзеці, за падмогу.
Каласок. Толькі нас не забывайце!
Жук. Дружна жывіце!
Каласок. Хутка расціце!
Бульба. Край свой любіце!
Жук. Не таму любіце, што за ўсё цяплейшы ды прыгажэйшы.
Каласок. А таму любіце, што за ўсё мілейшы і даражэйшы.
Гаспадыня. Хутка бяжыць час, і нам трэба развітвацца з вамі. Каму спадабалася свята, падарыце сваю прыгожую усмешку нашым гасцям. А калі вам, шаноўныя госці, спадабалася ў нас, падарыце вы нам свае апладысменты.
Дзеці. Бывайце здаровы, жывіце багата!

Яшчэ на гэту тэму:

Гаспадыня стала — бульба     “Мой край, мой рай бульбяна-жытны!”