сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга МАСЛО, музычны кіраўнік I кваліфікацыйнай катэгорыі. Пралеска Снежань 2009 г.

Каляда-калядзіца

Свята для дзяцей групы "Фантазёры"

Сцэна ўпрыгожана па-святочнаму.

Калядоўшчыкі.
1. Добры вечар! Шчодры вечар!
Добрым людзям на здароўе.
2. А мы песні вам прынеслі.
Добры вечар добрым людзям,
3. Хай жа вам нівы буйна калосяць.
Добры вечар добрым людзям.
4. Хай жа свеціць сонца ясна,
Каб жылося мірна, шчасна!
Дарослы.
Добры вечар, шчодры вечар!
Ходзім, ходзім грамадой,
Усіх віншуем з Калядой.
Дзеда з бабай, бацьку з маці,
Яшчэ малага дзіцяці.
Гаспадыня, не пужай,
Лепш каўбаскі смачнай дай!
Як дасі яшчэ аладкі,
Будзем добра пляскаць у ладкі.
Гаспадар. Адкуль вы, госці дарагія?
Калядоўшчыкі.
Па свеце хадзілі, усюды бывалі;
Дзівы-дзіўныя сустракалі.
Як ішлі па ільду, ды злавілі Каляду.
Дазвольце запытацца,
Ці будзе Каляда ў гэтай хаце?
Гаспадыня.
Перш чым вам калядаваць,
Прыйдзецца папрацаваць.
Трошкі нас павесяліць,
Каб гасцінцы зарабіць.
А хто гэта з вамі прыйшоў (на Казу)?

Павадыр. А ну-ка, Козанька, пакажыся, людзям добрым пакланіся.

Песня «Козанька».

Калядоўшчыкі.
Го-го,Каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе ж ты хадзіла?
Дзе брадзіла?
Каза. Хадзіла ж я па лясах, па палях.
Калядоўшчыкі. Чаму ж цябе там ваўкі не з’елі?
Каза.
Не баюся я ні ў лесе ваўкоў,
Ні ў полі стральцоў.
Толькі баюся старога дзеда.
Калядоўшчык. Дзед, лаві Казу!

Гаспадар даганяе Казу, тая ўцякае і падае на падлогу.

Калядоўшчыкі.
1. Каза упала, ссохла, прапала.
Бачна, даўно ўжо не ела,
Што так аслабела.
2. Нашай Козачцы многа не трэба:
Два боханы хлеба
I бочка жыта, каб Каза была сыта.
3. А яшчэ аладкі, каб былі бакі гладкі.
Яшчэ таго мала — дайце кусок сала.
4. Чацвёрты пірог, каб Казу сцярог,
А хто такі харошы, хай насыпе грошай.

Гаспадары кладуць каля Казы сала, пірог, аладкі. Каза ўстае, скача, калядоўшчыкі дзякуюць за пачастункі, прапануюць пагуляць з казой.

Гульня «КАЗА».

Дзеці спяваюць:
Як пайшла наша Каза ды па ельнічку,
Як пайшла наша Каза ды па ельнічку..
Каза скача каля дзяцей, затым падбягае да любога дзіцяці і гаворыць: «Выбіраю я цябе!»

Дзіця. «Ме-ме».

Выбранае дзіця становіцца за Казой, і гульня пачынаецца спачатку.

Шчадроўкі.
1. Калядзін, калядзін, я ў бацькі адзін.
Караценькі кажушок, дайце мне піражок,
А наверх каўбасу, а то хату разнясу.
2. Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую.
Дайце каўбасу, дамоў панясу.
Дайце другую, хоць даўгую,
Дайце трэццю, хоць авечу.
3. Шчадрыначка шчадравала,
Што ты, баба, гатавала,
Што варыла, што пякла -
Давай зразу да вакна.
Калядоўшчыкі.
Пані гаспадыня, ці будзе Каляда?
Гаспадыня.
Будзе, будзе Каляда,
Мне гасцінцаў не шкада.
Вось калядныя бліны салодкія.
Каўбасы, яечкі, пышныя перапечкі.
Калі ласка, за стол сядайце.
Мядзведзь. А мне?
Гаспадыня. I табе гасцінца захацелася? Спачатку паслужы, што ўмееш, пакажы.
Павадыр.
А зараз Мішку я вяду,
Ён вельмі любіць Каляду
Як пачуе ён мядок,
Усе лапы ідуць у скок.
А ну-ка, Мішка, пакажы, як харчаваўся ты зімой. (Смокча лапу.) Які ты дужы? (Паказвае, які дужы.) Як бабы цеста месяць? Як дзяўчаты ля люстэрка ўпрыгожваюцца?
Павадыр. Ці заслужыў Мядзведзь гасцінцаў?
Усе. Заслужыў!
Павадыр. Тады дайце на мядок.

Гаспадар дае грошы. Мішка кланяецца і садзіцца. Заходзіць цыганка і варожыць.

Цыганка.
Я цыганка маладая,
Я цыганка непрастая,
Умею варажыць.
Пакажы-ка, дзеўка, ручку,
Пакладзі-ка грошай кучку.
Усю праўдачку скажу, усю ісціну.
Ляжаш ты спаць на мяккую канапу
I прысніцца табе агурок,
I прысніцца табе бочка,
I народзіцца ў цябе сынок,
А потым дочка.

Гаспадыня. А я таксама варажыць умею. У народзе існуе звычай: накрываць стол сенам, а зверху — абрусам. Хто выцягне доўгую саломіну, таму пашчасціць, а хто маленькую — у таго ўвесь год будзе добрым. (Цыганка і дзеці выцягваюць саломінкі, гаспадыня варожыць.)
Цыганка. А ў мяне ёсць падушачка. Я ўсюды з ёй хаджу, людзям шчасце прынашу. (Прапануе пагуляць.)

Гульня «ПАДУШАЧКА».


Дзеці становяцца ў круг, вядучая з падушачкай ходзіць каля дзяцей і спявае.
Падушачка, падушачка,
Мая пухавая,
Маладушка, маладушка,
Мая маладая.
Каго люблю, каго люблю,
Таго пацалую.
Падушачку, падушачку
Таму падару я.
Вядучая выбірае дзіця, кладзе каля яго на падлогу падушачку. Дзіця і вядучая становяцца на падушачку каленямі і абдымаюцца. Затым дзіця становіцца вядучым, гульня пачынаецца спачатку.

Гаспадар. А зараз запрашаем усіх паглядзець, як іграюць нашы вясковыя музыкі.
Гэй, музыкі, дружна грайце,
Праганяйце з хаты сон
I ляноту праганяйце;
Дзілі-дон, дзілі-дон!
Ансамбль лыжачнікаў выконвае беларускія народныя мелодыі.

Гаспадар. А зараз усіх запрашаю на вясёлую «Трасуху».

Танец «Трасуха».

Гаспадыня. Добра ігралі, танчылі, а заспявайце зараз нам, калі ласка, вясёлую калядоўную песню.

Песня «Каляда-Калядзіца».

Цыганка (да гаспадароў).
За то, што спявалі:
Механошу — капу грошай,
Падхватнікам — чарку квасу,
Пачынальніку — чырвоны злоты,
Ад кошачкі — сыру трошачкі,
Ад свінкі — трохі саланінкі.
Гаспадары (выносяць мех).
Вось вам мех адзін на ўсіх,
Ешце, спажывайце
Ды дабра нажывайце!
Калядоўшчыкі. Шчасце гэтаму дому!
Каб нажалі 100 коп жыта,
Каб сям’я была сыта,
Каб скаціна вадзілася,
Каб пшаніца радзілася!
Жадаем вам здароўя, шчасця,
Каб не было нянасця,
Каб ваша хата была заўсёды багата!
Усе танчаць, весяляцца пад гукі беларускай музыкі.


Яшчэ на гэту тэму:

Калядная казка     Каляда