сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля ШАВЯЛЕНКА, загадчык, Анжэла БЕРЛІНА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, яслі-сад № 6 г.Светлагорска Гомельскай вобласці. Пралеска 01/2018

Стрэчанне

Фізкультурная забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні дзяцей пра народнае свята Стрэчанне; удасканальваць уменне пераносіць назапашаны рухальны вопыт у рухальную і гульнявую дзейнасць; развіваць фізічныя якасці (спрытнасць, хуткасць, агульную вынослівасць); выхоўваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй.
Матэрыял і абсталяванне: макет беларускай печы, ручнікі, гліняныя гарлачыкі, беларускія нацыянальныя касцюмы Ганны і Лявона, касцюмы: Лета, Зімы, Пужайлы, Пужаніцы, вяснянак, «карусель» (абруч з рознакаляровымі стужкамі), шапачка-маска бусла, штучныя кветкі, 2 «снежныя камякі» (паваротныя стойкі), 2 сілуэты снегавіка, 2 шайбы, 2 клюшкі, 2 варот, кошык са «снежкамі» на колькасці дзяцей, кошык з пачастункамі, 2 кашы з «камякамі снегу» сярэдняй велічыні па колькасці дзяцей, 2 стойкі з «ледзяшамі», аўдыязапісы: мелодыі беларускага народнага танца «Весялуха», беларускай народнай песні «Жавароначкі, прыляціце», беларускай народнай музыкі, трывожнай мелодыі, завірухі.
Дзеючыя асобы: Лявон, Ганна, Лета, Зіма, Пужайла, Пужаніца — дарослыя, вяснянкі — дзяўчынкі.

Ход мерапрыемства

У зале размешчаны макет беларускай печы з ручнікамі і глінянымі гарлачыкамі. Дзяцей сустракаюць Лявон і Ганна.
Лявон. Добры дзень, дарагія госці! Рады вітаць вас! Я — гаспадар Лявон.
Ганна. А я — гаспадыня Ганна.
Лявон. Свята сёння ў нас вялікае — Стрэчанне. Па народным меркаванні ў гэты дзень зіма сустракаецца з летам.
А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне.
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы.
Лета пайшло скачучы, скачучы.

Ганна. На Стрэчанне гаспадыні пяклі з цеста птушак. Іх раскладвалі ў хлявах, каб свойскія жывёлы не хварэлі, у хаце, на вокнах, каб засцерагчыся ад няшчасця, хваробы. Пайду і я рыхтавацца да свята. (Выходзіць.)
Гучыць мелодыя беларускага народнага танца «Весялуха». Уваходзіць Лета.
Лета.
Прывітанне, добрыя людзі!
Прывітанне, любыя дзеці!

Я — Лецейка! Чакаюць мяне ўсе на свеце.
Мае даражэнькія, да вас мяне птушачка на крылах прынесла, а якая — адгадайце:
Ногі цыбатыя,
Доўгая дзюба,
Жабіна згуба. (Бусел.)
А. Клышка

Так, бусел. Давайце ўсе разам паклічам яго.
(Дзеці становяцца ў круг і выбіраюць «бусла» з дапамогай лічылкі: «Буслік, буслік, прылятай, з намі крышку пагуляй».)

Гульня «Буслік»

Дзеці ідуць па крузе, у цэнтры якога — «бусел», і вядуць з ім дыялог:
Дзеці. Бусел, Бусел, дзе ты жыў?
Бусел. Я жыў далёка — за гарамі, за лясамі.
Дзеці. Як жа ты там, Буслік, жыў?
Бусел. Лятаў, родны край успамінаў.
Дзеці. Буслік, Буслік, што ты робіш?
Бусел. Мяшочкі шыю.
Дзеці. Навошта табе мяшочкі?
Бусел. Вас лавіць.
«Бусел» ловіць дзяцей, каго дагнаў — той спыняецца і стаіць на адной назе.
Лета.
Добрыя вы, дзеці,
Лепшыя на свеце.
Спрытныя, ладныя,
Да ўсяго здатныя!

Зараз прапаную пракаціцца на каруселі!

Гульня «Карусель»

Лета знаходзіцца ўнутры абруча, да якога прымацаваны рознакаляровыя стужкі, і трымае яго на ўзроўні плячэй. Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці, стоячы вакол Лета, бяруць стужкі ў рукі і пачынаюць рухацца па крузе.
Лявон.
Чым ты багата, Лецейка?
Чым багата, красненька?
Чым будзеш нас частаваць?
Чым будзеш нас мілаваць?

Лета.
Лета — гэта кветачкі,
Лета — гэта ягады.
Лета — гэта сонейка цэлы дзень.
Лета — гэта птушак спеў. Гэта зеляніна дрэў.
Лета — гэта сонейка цэлы дзень.
Я. Жабко (апрац.)

Беларуская народная гульня « Прэла-гарэла»

Да пачатку забавы ў розных месцах залы хаваюць штучныя кветкі. Лета з дзецьмі становіцца ў круг і гаворыць:
Прэла-гарэла, за мора ляцела,
А як прыляцела — дзе-нідзе села.
Хто першы знойдзе, той сабе возьме.

Пасля гэтых слоў усе разбягаюцца па зале і шукаюць кветкі. Хто знойдзе больш за ўсіх — той пераможца.
Лета. Малайцы! Якія вы спрытныя.
Гучыць завіруха, Лета пакідае залу, з’яўляецца Зіма.
Зіма. Гэта хто тут гаспадарыць? Хто Лета ўслаўляе? Я Зіма-спадарыня, як скажу, так і будзе.
Лявон. Ты, Зіма, не злуйся, праходзіць твой час.
Зіма. Не бываць гэтаму. Я яшчэ моцная, не аддам свае правы, не саступлю сваё месца!

Гульня «Зімачка»

Дзеці ідуць па крузе, трымаючыся за рукі, і гавораць словы:
Весела, весела, весела зімою.
Зімачка, зімачка, скачам мы з табою.
Пагуляй ты з намі —
Дагані ўсіх дзяцей,
Дагані хутчэй!

Дзеці ідуць у сярэдзіну круга, дзе стаіць кошык са «снежкамі», бяруць па аднаму, адыходзяць назад і гуляюць з Зімой у «снежкі».
Зіма. Запрашаю ўсіх дзяцей на зімовыя спаборніцтвы!

Эстафета «Сарві лядзяш»

Дзеці падзяляюцца на 2 каманды і строяцца ў калоны. На некаторай адлегласці ад іх размешчаны стойкі з «ледзяшамі». Першыя гульцы бягуць да стойкі, зрываюць «лядзяш», вяртаюцца да каманды і перадаюць эстафету. Перамагае каманда, гульцы якой першымі сарвалі ўсе «ледзяшы».
Зіма. Зараз давайце пагуляем у хакей.

Эстафета «Закінь шайбу»

Зіма. А на санках вы любіце катацца? (Так!)

Эстафета «На санках»

Першыя гульцы абягаюць «снежны камяк» (паваротную стойку) і вяртаюцца да каманды. Другія ўдзельнікі, трымаючы першых за талію, разам зноў абягаюць «снежны камяк» і вяртаюцца, потым да іх далучаюцца трэція гульцы, і г.д. Перамагае каманда, у якой усе ўдзельнікі першымі пракаціліся на «санках».

Эстафета «Лепім снегавіка»

Каманды строяцца ў калоны. На некаторай адлегласці ад іх размешчаны сілуэт снегавіка. На лініі старту побач з кожнай камандай стаіць кош з «камякамі снегу» сярэдняй велічыні. Першыя гульцы з заціснутым паміж нагамі «камяком снегу», скачучы, дабіраюцца да сілуэта і прымацоўваюць да яго «камяк». Каманда, якая «злепіць» снегавіка першай, лічыцца пераможцам.
У залу ўваходзяць дзяўчынкі-вяснянкі.

Карагод «Жавароначкі, прыляціце»

(сл. і муз. народныя)
Гучыць трывожная мелодыя. З’яўляюцца Пужайла і Пужаніца, пужаюць і казычуць усіх.
Пужайла. Го-го-го... мароз!
Пужаніца. Го-го-го... завіруха!
Пужайла.
Пойдзем мы ў згодзе ўдваіх скакаці.
Людзям перашкодзім Лета ўслаўляці.

Пужайла і Пужаніца танцуюць, беручы ў палон вяснянак, і пад гучанне беларускай народнай музыкі водзяць з імі карагод.
Заходзіць Лета.

Лета. Ой, здарова была, халодная Зімачка!
Зіма.
Чаму цябе, Лецейка, шануюць,
А на мяне, Зімачку, злуюцца?

Лета.
Бо ты, Зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла,
А я, Лецейка, да вясёлае,
Лугі, горы замачыла,
Лугі, горы ўзвесяліла.

Адыдзі, Зіма! Пусці мяне на зямлю!
Зіма лютуе, бегае па зале.
Зіма. Я яшчэ моцная, як замарожу!
Лявон. Не хвалюйся так, даражэнькая. Зіма Лета сустракае, замарозіць чырвонае хоча, а сама, ліхадзейка, ад свайго зла толькі растае.
Зіма. Я з Летам сілай буду мерацца. Хто пераможа, таму і правіць!

Гульня «Асілкі»

Дзеці падзяляюцца на каманды Зімы і Лета і становяцца парамі з удзельнікамі другой каманды ў абручы. Па сігналу гульцы імкнуцца выштурхнуць адзін аднаго па-за межы абруча. (Каманда Лета павінна перамагчы каманду Зімы.)
Зіма.
Галаву вядзе да сну
(Моц акоў маіх аслабла).
Лета-лецейка вітаю
I трон яму свой саступаю.
Я ж ад’язджаю на спакой
У паўночны край любімы свой. (Уцякае.)

Лявон. Вось і перамагло Лета Зіму, значыць, хутка цяпло прыйдзе!
У залу ўваходзіць Ганна з кошыкам, у якім пачастункі.
Ганна. Я таксама да Стрэчання падрыхтавалася і для вас, дзеткі і госцейкі, напякла пачастункаў. (Перадае кошык выхавальніку.)
Лета. Пайду я сіл набірацца! Хутка мой час прыйдзе. Да сустрэчы!
Лявон. Да сустрэчы, Лецейка! Мы будзем цябе чакаць.
Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці пакідаюць залу.

ЛІТАРАТУРА:

1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Дубініна, Д.М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна. — Мінск: Новое знание, 2016.